У руху да ўдасканалення

- 9:47Планёрка ў рэгіёне

Сёння наша суботняя планёрка праходзіць разам з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Мазырскага райвыканкама Гомельскай вобласці. Любоў Сцяпанаўна КЛЕПЧУКОВА падзялілася адукацыйнымі і выхаваўчымі здабыткамі свайго рэгіёна, а таксама акрэсліла некаторыя напрамкі развіцця на будучыню.

— Любоў Сцяпанаўна, за плячамі першае вучэбнае паўгоддзе. Якім яно стала для сістэмы адукацыі вашага рэгіёна?

— У нас было насычанае першае паўгоддзе. Навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 15 Мазыра выхаванец Цэнтра юных пажарных Вячаслаў Акуленка стаў сярэбраным прызёрам 15-й Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па інфарматыцы (педагог дадатковай адукацыі Аляксей Валянцінавіч Баруноў). На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды заваявана 39 дыпломаў, што на 5 больш, чым у мінулым годзе. 55 навучэнцаў сталі дыпламантамі абласных конкурсаў, канферэнцый па вучэбных прадметах і 47 — выхаваўчых мерапрыемстваў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.

— Штогод у навучальныя ўстановы прыходзяць маладыя спецыялісты. Як вы ацэньваеце педагагічныя здольнасці і веды па прадмеце маладых настаўнікаў, якія прыступілі да работы ў вашым раёне?

— Сёння можна гаварыць аб дастатковым забеспячэнні ўстаноў раёна кваліфікаванымі педагагічнымі кадрамі. Штогод аддзелам прымаюцца меры па замацаванні маладых спецыялістаў: гарантаваныя дзяржаўныя выплаты, матэрыяльная падтрымка і стымуляванне згодна з калектыўным дагаворам і раённым пагадненнем, аказваецца дыферэнцыраваная метадычная дапамога. Замацаванне пасля адпрацоўкі двух абавязковых гадоў складае 75%. Сярод праблем, з якімі сутыкаюцца маладыя спецыялісты, хочацца адзначыць недастатковыя веды нарматыўнай дакументацыі (канцэпцыя прадмета, нормы 10-бальнай ацэнкі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў), па аналізе ўрока (характарыстыка класа, вызначэнне значнасці тэмы, якая вывучаецца, аргументацыя выбару форм і метадаў работы, мэтапакладанне, матывацыя). Не хапае ведаў па ўліку ўзроставых асаблівасцей вучняў і, адпаведна, выбару відаў работы, форм арганізацыі ўзаемадзеяння; па ўліку тэмпераменту навучэнцаў. Не ўмеюць супастаўляць прамежкавы вынік навучання з мэтай і задачамі ўрока, не заўсёды аб’ектыўна ацэньваюць працу вучняў у адпаведнасці з крытэрыямі 10-бальнай ацэнкі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў.

— Тут хочацца спытаць пра ролю раённага вучэбна-метадычнага цэнтра ў павышэнні метадычнай дасведчанасці педагогаў. Наколькі ў вашым раёне запатрабавана такая структура?

— Асновай сістэмы работы Мазырскага раённага вучэбна-метадычнага цэнтра з’яўляюцца функцыянальныя кампаненты: дыягностыка-аналітычны, інфармацыйны, арганізацыйна-метадычны, вучэбна-метадычны, псіхолага-педагагічны і кансультатыўны. Такая сістэмная дзейнасць дазваляе ў значнай ступені павысіць эфектыўнасць працэсу суправаджэння педагагічных работнікаў, аказвае ўсебаковае садзейнічанне педагогу ў пабудове і рэалізацыі яго індывідуальнага маршруту. У міжкурсавы перыяд павышэнне кваліфікацыі педагогаў ажыццяўляецца праз метадычную сетку раёна, якая ўключае ў сябе 53 раённыя метадычныя фарміраванні (метадычныя аб’яднанні, рэсурсныя цэнтры, кансультацыйныя пункты, школы перадавога вопыту, школы інавацыйных тэхналогій, школы ўдасканалення педагагічнага майстэрства, клуб “Крылатае юнацтва” (для маладых спецыялістаў).

У раёне 12 настаўнікаў-метадыстаў. З гэтага навучальнага года адкрыта школа ўдасканалення прафесійнага майстэрства педагогаў “Ад майстэрства — да поспеху” (для падрыхтоўкі настаўнікаў-прадметнікаў да здачы кваліфікацыйнага экзамену на кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”). У раённы банк даных перспектыўнага рэзерву ўключаны 56 настаўнікаў. Фарміраванню адзіных падыходаў у рэалізацыі прыярытэтных напрамкаў сістэмы адукацыі спрыяе інавацыйная і эксперыментальная дзейнасць. Сістэмны падыход і перспектыўнае бачанне ў арганізацыі гэтай работы ёсць і ў нашым раёне. У гэтым навучальным годзе, згодна з загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, 23 установы адукацыі ўключаны ў эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць.

— Якую ролю адводзіце педагагічнай прэсе ў плане прафесійнага росту настаўнікаў?

— Для работнікаў галіны адукацыі важнай з’яўляецца рубрыка ў “Настаўніцкай газеце”, якая раскрывае пытанні нарматыўна-прававога, заканадаўчага, адміністрацыйнага парадку, Працоўнага кодэкса. Аб мерапрыемствах, якія праходзяць на ўзроўні вобласці і рэспублікі, інфармацыя ў газеце падаецца актуальна і своечасова. Карысна тое, што вопыт трансліруецца па рэгіёнах, што дае магчымасць прааналізаваць і параўнаць сваю дзейнасць з работай педагогаў рэспублікі. Матэрыялы даступныя для любой катэгорыі педагагічнай грамадскасці — ад маладых спецыялістаў да кіраўнікоў устаноў адукацыі. На нашу думку, у газеце неабходна стварыць рубрыку практыка-арыентаванага характару для маладых спецыялістаў, якая будзе навігатарам у іх педагагічнай дзейнасці, і рубрыку ў дапамогу класным кіраўнікам.

— Асобна спынімся на арганізацыі профільнага навучання. Ці ёсць у вас педклассы, агракласы? Як арганізавана дапрофільная падрыхтоўка школьнікаў?

— У 2018/2019 навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна займаюцца на павышаным узроўні 402 вучні 10-х класаў (54,3%), у 11-х класах — 395 вучняў (53,0%). У раёне арганізавана работа факультатыўнага курса педагагічнай накіраванасці “Уводзіны ў педагагічную прафесію” (на базе сярэдняй школы № 1 Мазыра). У гэтым годзе будзе ўжо трэці выпуск навучэнцаў. Сярэдняя школа № 1 Мазыра атрымала сертыфікат аб прысваенні статусу школы-лабараторыі ў рамках эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. На раённым узроўні штогод праводзіцца конкурс для вучняў “Хачу быць педагогам”.

У 7 сельскіх установах агульнай сярэдняй адукацыі па I мадэлі рэалізацыі праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) арганізаваны адукацыйны працэс па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне” па спецыяльнасцях “Малодшая сястра міласэрнасці”, “Садоўнік”, “Выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ”, “Памочнік выхавальніка”.

З верасня 2014 года пры сярэдняй школе № 7 Мазыра вучэбна-вытворчыя майстэрні з’яўляюцца структурным падраздзяленнем, дзе навучэнцы 10—11 класаў з 16 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна атрымліваюць прафесіі вадзіцеля механічных транспартных сродкаў катэгорыі С, дызайнера адзення, швачкі, цырульніка, візажыста, кухара (II мадэль). На базе Мазырскіх дзяржаўных прафесійнага ліцэя будаўнікоў, політэхнічнага каледжа, Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі арганізаваны адукацыйны працэс па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне” (III мадэль). Па запытах вучняў 10, 11 класаў, у раёне арганізаваны міжшкольныя факультатыўныя заняткі па падрыхтоўцы да ЦТ на базе гімназіі імя Янкі Купалы (па 11 вучэбных прадметах). Прафесійнай падрыхтоўкай ахоплена 89% вучняў 10-х класаў.

— Акрэсліце кірункі дзейнасці вашага аддзела на 2019 год.

— Адным з найважнейшых напрамкаў работы ў 2019 годзе стане нарошчванне патэнцыялу для развіцця фізічнай культуры і здароўя. Сетка фізкультурна-масавых і спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў павінна спрыяць фарміраванню ўстойлівай матывацыі да здаровага ладу жыцця сярод падлеткаў і моладзі. Працягнецца работа па прывядзенні ў адпаведнасць з патрабаваннямі санітарных службаў у парадак сталовых і харчаблокаў праз выкананне рамонтных работ гаспадарчым спосабам. Важным застаецца для сістэмы адукацыі Мазырскага раёна ўмацаванне выхаваўчага патэнцыялу ва ўстановах, стварэнне новых музейных пакояў і музеяў.

Сёння асоба кіраўнікоў устаноў адукацыі мяняецца. Гэта павінен быць чалавек, які разумее сучасную моладзь, эканоміку, статус настаўніка, каштоўнасць нематэрыяльных актываў у сучасным свеце, сітуацыю на рынку працы рэгіёна, патэнцыял сістэмы адукацыі за кошт росту адукацыйных паслуг, сацыяльныя працэсы ўнутры краіны і за мяжой, пытанні захавання здароўя навучэнцаў. Гэта патрабуе абнаўлення сістэмы работы аддзела адукацыі з рэзервам кадраў на кіруючыя пасады, перагляд падыходаў да ацэнкі дзейнасці намеснікаў дырэктараў праз аналіз эфектыўнасці кіраўнічых функцый і распрацоўцы новых падыходаў у метадычнай рабоце з выкарыстаннем IT-тэхналогій.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.