У Сочы — за перамогай

- 9:40Якасць адукацыі

На гэтых днях зборная беларускіх студэнцкіх атрадаў паехала на Міжнародны будаўнічы чэмпіянат, які пройдзе ў Сочы і аб’яднае больш за 700 спецыялістаў прадпрыемстваў сферы прамысловага будаўніцтва.

Нашу краіну на чэмпіянаце прадставяць студэнты з 6 УВА: Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, Полацкага дзяржаўнага і Беларуска-Расійскага ўніверсітэтаў.

Міжнародныя будаўнічыя спаборніцтвы будуць складацца з пяці намінацый — камандных (“Мантаж тэхналагічных трубаправодаў”, “Ахова працы”, “Агульнабудаўнічыя работы”) і індывідуальных (“Неразбуральныя метады кантролю”, “Электразваршчык ручной зваркі”). Што тычыцца пераможцаў, то іх будуць вызначаць як у пяці асобных намінацыях, так і ў мультыкаманднай “Лепшая пляцоўка па ўзвядзенні”, якая акумулюе вынікі кожнай намінацыі.

З нагоды ўдзелу беларускіх студэнтаў у будаўнічым чэмпіянаце напярадэдні іх ад’езду ў Сочы ў Рэспубліканскім доме моладзі адбылася сустрэча байцоў зборнай з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі і БРСМ.

Са словамі падтрымкі да студэнтаў звярнуўся намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.

“Перадаю вам самыя лепшыя пажаданні ад імя міністра адукацыі Ігара Васільевіча Карпенкі, — звярнуўся да каманды намеснік міністра. — Прыемна, што тут, побач са мной, сядзяць тыя, хто ўжо даўно знахо­дзіцца ў цеснай сувязі са студатрадаўскім рухам. Мы з хваляваннем адпраўляем сваіх студэнтаў у Сочы і верым, што Міжнародны будаўнічы чэмпіянат, які праводзіць суседняя краіна і які з’яўляецца сур’ёзнай пляцоўкай, дасць вам новы карысны вопыт і падорыць не толькі перамогу, але і веру ў свае сілы. Я ўпэўнены ў кожным з вас, хто зараз сядзіць насупраць мяне. Бо ў нас право­дзіўся вельмі сур’ёзны адбор. Тыя трэнінгі, што праводзілі з вамі на базе прафесійных тэхнічных устаноў, дазволяць вам зрабіць 5 з 5, стаць аднымі з лепшых. Мне б хацелася, каб наш сцяг многа разоў падымаўся ў Сочы і каб вы ганарыліся, што прадставілі сваю краіну на такім сур’ёзным міжнародным фестывалі.

Дарэчы, міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка з’яўляецца ініцыятарам шматлікіх праектаў студатрадаўскага руху, ён падтрымлівае яго, бо сам з’яўляўся і байцом студатрада, і яго камандзірам.

Жадаю вам ад сябе і ад імя міністра адукацыі поспехаў, новых кампетэнцый, новых партнёрскіх сувязей. Жадаю, каб вы дастойна прадставілі не толькі сваю краіну, але і сябе, сваю сям’ю на гэтым чэмпіянаце”.

Беларуская каманда, што паехала ў Сочы, створана Рэспубліканскім штабам студэнцкіх атрадаў (РШСА) на конкурснай аснове. Улічваліся спецыяльнасці намінацый чэмпіянату і спецыяльнасці маладых людзей, па якіх яны праходзяць навучанне ў сваіх УВА. Безумоўна, вялікая ўвага ўдзялялася вопыту работы і ўдзелу ў студатрадаўскім руху. Як вынік — у зборную беларускую каманду ўвайшлі лепшыя і перспектыўныя байцы будаўнічых студэнцкіх атрадаў. Як адзначылі ў БРСМ, прафесійная падрыхтоўка для студэнтаў была арганізавана ў лабараторыі зваркі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, у цэхах філіяла “Наваполацкжалезабетон”, а таксама ў Мінскім прафесійна-тэхнічным каледжы будаўнікоў. Асобны пункт — удзел у трэнінгах па камандаўтварэнні і асобасным росце. Іх прайшлі ўсе без выключэння байцы зборнай краіны.

Што тычыцца праграмы міжнароднага чэмпіянату, то падчас яго будуць арганізаваны і праведзены пленарныя пасяджэнні, круглыя сталы, панэльныя дыскусіі. Яны будуць накіраваны на павышэнне прадукцыйнасці працы ў сферы прамысловага будаўніцтва.

Напрыклад, падчас правядзення круглага стала “Распаўсюджанне станоўчага вопыту прыцягнення студэнцкіх атрадаў на буйныя прамысловыя аб’екты ў Расіі і за мяжой” эксперты ў галіне студатрадаўскага руху прааналізуюць вынікі супрацоўніцтва паміж БРСМ і РСА. Наша каманда прэзентуе працоўныя праекты РШСА, падзеліцца з расійскімі калегамі вопытам прыцягнення замежных удзельнікаў у беларускія студэнцкія атрады, раскажа пра механізм узаемадзеяння з работадаўцамі. Таксама запланаваны прапрацоўка ўмоў і падпісанне пагадненняў па ўдзеле беларускіх студэнцкіх атрадаў у расійскіх працоўных праектах. Для ўдзельнікаў чэмпіянату падрыхтавана цікавая і насычаная адукацыйная праграма.

Дарэчы, на працягу некалькіх дзён перад ад’ездам у Сочы зборная каманда беларускіх студэнцкіх атрадаў знаходзілася ў Мінску. За гэты час яны сустрэліся з ветэранамі студатрадаўскага руху. Таксама перад ад’ездам у Расію наша каманда прэзентавала форму і эмблему сваёй зборнай. А падчас сустрэчы з намеснікам міністра адукацыі камандзе быў перададзены Дзяржаўны сцяг.

Аляксандра ВЕТРАВА.