У Варапаеўскай сярэдняй школе актыўна развіваюць дзейнасць аграрных класаў

- 9:00Главная, Образование, Школа управления

Варапаеўская сярэдняя школа Пастаўскага раёна даўно вядома як адметная сельская ўстанова, здольная штогод рыхтаваць пераможцаў прадметных алімпіяд. Але сёння ў гутарцы з яе дырэктарам Віктарам Жуком спынімся на яшчэ адным паспяховым напрамку, які тут актыўна развіваюць, — арганізацыі і дзейнасці аграрных класаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Віктар Мікалаевіч, па­чаць усё ж хочацца з вас, бо ўсе поспехі і няўдачы школы — адказнасць дырэктара. Вы кіраўнік са стажам. Наколькі за гады кіравання змяніўся ваш стыль як адміністратара?

— Дырэктарам гэтай школы я стаў у 2000 годзе. Да гэтага 10 гадоў працаваў настаўнікам, быў намеснікам. Цяжка сказаць, што лепш для кіраўніка: прыйсці ў новую ўстанову адукацыі, дзе цябе ніхто не ведае, або ўзначаліць тую школу, дзе ты да гэтага быў педагогам. І ў тым, і ў другім выпадку ёсць свае перавагі і недахопы. Для мяне перавагай было тое, што я добра ведаў калектыў школы, яго моцныя і слабыя бакі, меў вопыт кіраўніцкай дзейнасці як намеснік дырэктара па пачатковай школе, ведаў навучэнцаў, іх бацькоў, а таксама, што немалаважна, кіраўнікоў базавых прадпрыемстваў. Аднак эфектыўна кіраваць школай аднаму немагчыма. Патрэбна каманда аднадумцаў, у якую ўвайшлі мае намеснікі па вучэбнай і выхаваўчай рабоце. Гэта Таццяна Іосіфаўна Віршута і Яніна Іосіфаўна Раманава. Паступова ў нас склалася свая сістэма работы. Я ж як кіраўнік стаў больш мудрым, разважлівым.

— Раскажыце, калі ласка, пра свой тыповы працоўны дзень і назавіце якасці дырэктара, неабходныя для вырашэння актуальных рабочых пытанняў?

— Дзень на дзень не прыхо­дзіцца, таму зарокся скла­даць планы. Можна прыйсці на работу, і на цябе зваляцца такія пытанні, пра якія зусім не думаў. Ра­зам з тым свой працоўны дзень пачынаю з абходу так званых гарачых кропак, у прыватнасці кацельні. Хоць яна і належыць ЖКГ, але маніторынг выканання графіку тэмпературы неабходны, бо нельга дапускаць таго, каб дзеці і настаўнікі мерзлі. Другая гарачая кропка — харчаблок, які пачынае праца­ваць з самай раніцы. Каб паспець усіх пакарміць і прыбраць, неабходна ўсё кухоннае абсталяванне трымаць у рабочым стане і арганізацыйныя пытанні выра­шаць свое­часова. Трэцяя важная справа — гутарка з вадзіцелямі школьных аўтобусаў. Падвоз дзяцей — адказная справа, якая патрабуе асаблівай увагі, таму трэба трымаць на кант­ролі тэхнічны стан аўтобусаў, бяспеку на дарогах, асабліва ў зімовы перыяд (і, калі ёсць патрэба, звяртацца ў дарожныя службы). Затым абавязкова праводжу рабочую сустрэчу з намеснікамі дырэктара, дзе вызначаем прыярытэтныя задачы на дзень, абмяркоўваем, хто за якія пытанні адказны. Дастаткова шмат часу даводзіцца тра­ціць на разбор пісем з электроннай пошты, падрыхтоўку справаздач. Натуральна, у кола маіх абавязкаў уваходзіць наведванне ўрокаў і школьных мерапрыемстваў. Акрамя таго, з’яўляюся дэпутатам сельскага і раённага Саветаў, уваходжу ў склад назіральнай камісіі па праверцы бяспекі ўмоў пражывання ў жылых дамах і кватэрах.

Галоўнай якасцю дырэктара лічу справядлівасць. Інакш ні цябе, ні твае прапановы не бу­дуць падтрымліваць калегі, дзеці і бацькі. Справядлівым неабходна быць ва ўсім: у звычайных зносінах з людзьмі, пры размеркаванні педагагічнай нагрузкі сярод калег, іх матэрыяльным стымуляванні (усім павінны быць зразумелыя памеры заробкаў і прычыны, якія на іх уплываюць). Ні ў якім выпадку нельга абражаць чалавека як асобу. Я магу зрабіць заўвагу або нават пасварыцца (толькі тэт-а-тэт), але абражаць — ніколі. Усе мы памыляемся, у жыцці здараецца ўсякае, таму кіраўніку важна ведаць сваіх работнікаў з усіх бакоў (чаму радуецца, што яго засмучае, якая абстаноўка дома), каб пры неабходнасці аказаць дапамогу.

— А якія дакументы заўсёды трымаеце пад рукой?

— Кодэкс аб адукацыі, Палажэнне аб агульнай сярэдняй адукацыі, абавязкова Дэкрэт Прэзідэнта “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, бо, на жаль, у нас ёсць сем’і, дзе дзеці прызнаны асобамі, якія знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспечных умовах, ёсць дзеці, якія ста­яць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Мы праводзім індывідуальную растлумачальную работу з імі, кантралюем наведванне ўрокаў, факультатываў, гурткоў, спартыўных секцый. Акрамя таго, у Варапаеве ёсць дзіцячая школа мастацтваў, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах пры Доме культуры. Каб дапамагчы дзіцяці, працуем у цесным кантакце з усімі ўстановамі і органамі. І я заўсёды на сувязі, нават у непрацоўны час, бо здараецца, што ўзнікаюць неадкладныя пытанні, якія патрабуюць хуткага вырашэння.

Сёння ў Варапаеўскай сярэдняй школе Пастаўскага раёна вучацца 235 дзяцей, працуюць 28 педагогаў. Не першы год навучальная ўстанова з’яўляецца адным з лідараў у раёне па ўдзеле дзяцей у алімпіядным руху. У гэтым навучальным годзе па выніках другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах Варапаеўская школа з’яўляецца чацвёртай у раёне (у скарбонцы — 23 дыпломы), а па колькасці ўдзельнікаў і пераможцаў — першай.

— Не магу не спытаць пра арганізацыю работы з высокаматываванымі дзецьмі, бо па сутнасці яна стала асновай для развіцця профільнага навучання.

Раней у нас былі разавыя, эпізадычныя поспехі навучэнцаў школы ў прадметных алімпіядах, конкурсах і спаборніцтвах. Аднак мы разумелі, што можна дасяг­нуць большага, таму расставілі прыярытэты. Па-першае, заняліся матывацыяй настаўнікаў да павышэння свайго прафесійнага ўзроўню. Тут галоўным рэсурсам з’яўляецца арганізацыя эфектыўнай метадычнай работы ў школе, якую мы перабудавалі, вызначыўшы, што яе змест павінен быць накіраваны на стварэнне ўмоў для змянення статусу настаўніка — пераводу яго з пазіцыі ўрокадаўцы ў пазіцыю педагога-менеджара, педагога-даследчыка.

У наш час шмат магчымасцей для павышэння прафесійнага майстэрства настаўніка: арганізоўваюцца семінары, фестывалі, майстар-класы, трэнінгі, вэбінары. Аднак большасць гэтых мерапрыемстваў праводзяцца на гаспадарча-разліковай аснове, таму, каб нашы педагогі сталі больш актыўнымі іх удзельнікамі, прыйшлося шукаць шляхі кампенсавання настаўнікам зат­рачаных сродкаў у поўным аб’ёме. Цяпер боль­шасць педагогаў рэгулярна адсочва­юць тэматыку абласных, рэспубліканскіх мерапрыемстваў і звяртаюцца з просьбай накіраваць іх для ўдзелу ў іх. За апошнія тры гады нашы настаўнікі наведалі 43 вучэбныя семінары абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Другой важнай умовай павышэння выніковасці ў рабоце з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі з’яўляюцца матэ­рыяльна-тэхнічнае забеспячэнне працэсу навучання і выхавання, выкарыстанне новых сучасных тэхналогій, у тым ліку інфармацыйных. Сёння ў нас два камп’ютарныя класы з шырокапалосным доступам у інтэрнэт, інтэрактыўная дошка, тры мультымедыйныя праектары, сучасныя кабінеты хіміі і біялогіі. Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама тройчы заахвочвала нашу школу за выніковы ўдзел у абласным і заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды грашовымі сертыфікатамі на агульную суму ў 8000 рублёў. На гэтыя сродкі набыты пяць сучасных тэлевізараў, два ноўтбукі, музычная апаратура. Нашы настаўнікі ма­юць магчымасць выкарыстоў­ваць інфармацыйныя тэхналогіі для арганізацыі адукацыйнага пра­цэсу, правядзення пазавучэбных мерапрыемстваў, індывідуальных заняткаў са здольнымі і высокаматываванымі школьнікамі. Навучэнцы нашай школы — актыўныя ўдзельнікі дыстанцыйных алімпіяд і інтэлектуальных конкурсаў, бліцтурніраў.

Трэцяя ўмова паспяховасці работы ўстановы адукацыі — маральная падтрымка і матэрыяльнае стымуляванне як настаўнікаў, так і навучэнцаў. Кожны павінен бачыць, што яго праца, дасягненні годна ацэньваюцца і заах­вочваюцца. Вялікую падтрымку аказваюць аддзел па адукацыі Пастаўскага райвыканкама, кіраўніцтва Пастаўскага раёна. Пераможцам абласнога, заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды, іх бацькам, педагогам уручаюцца грашовыя прэміі і падзячныя лісты. Лепшыя педагогі ўзнагароджваюцца граматамі Пастаўскага райвыканкама, аддзела па адукацыі, раённага Савета дэпутатаў, заносяцца на раённую Дошку гонару. Навучэнцам уручаюцца граматы, дыпломы, на сайце школы размяшчаюцца віншаванні.

— А цяпер давайце падрабязна спынімся на арганізацыі і функцыянаванні агракласаў, бо многія маладыя дырэктары не ведаюць, з чаго пачынаць.

Ёсць два варыянты стварэння класаў такой накіраванасці. Умоўна кажучы, адзін — “зверху”, другі — “знізу”. У нас быў варыянт “зверху”, бо наш першы 10 аграрны клас быў адкрыты на падставе пастановы сумеснага пасяджэння калегій Міністэрства адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь “Аб стварэнні класаў, у якіх ажыццяўляецца вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні і правядзенне факультатыўных заняткаў, змест якіх звязаны з аграрнай дзейнасцю” ад 20 снежня 2017 года. Тады ішла гаворка пра тое, каб такі клас быў арганізаваны ў кожным раёне краіны.

Нашай школе было прапанавана арганізаваць такі клас, бо ў нас на той момант было нала­джана цеснае супрацоўніцтва з БДАТУ. Яно развівалася з 2007 года, калі рэктарам гэтай навучальнай установы быў выпускнік нашай школы М.У.Казаравец. Паводле дагавора з універсітэтам, у школе быў адкрыты ліцэйскі клас з вывучэннем на павышаным узроўні матэматыкі і фізікі. Пасля ліцэйскія класы адмянілі, але наша супрацоўніцтва працягваецца да гэтага дня. Па дамоўленасці з БДАТУ на базе нашай школы праводзім тры этапы РТ не толькі для сваіх, але і для ўсіх выпускнікоў Пастаўскага раё­на. А з 2018/2019 навучальнага года, калі ў нас з’явіўся аграрны клас, наша ўзаемадзеянне набыло новае гучанне.

Вернемся да алгарытму арганізацыі аграрнага класа, што суправаджаецца вялікай падрыхтоўчай работай. Право­дзіліся баць­коўскія сходы, анкетаванне навучэнцаў і бацькоў, індывідуальныя гутаркі. Пасля былі напісаны заявы аб прыёме ў аграрны клас, і наш заснавальнік — Пастаўскі раённы выканаўчы камітэт — прыняў рашэнне аб адкрыцці такога класа. Акрамя БДАТУ, мы падпісалі дагаворы з усімі сельскагаспадарчымі ўніверсітэтамі краіны. Цяпер універсітэцкія калегі ў любы момант гатовы падтрымаць нашых педагогаў парадай, дапамагчы з матэрыялам ці нават запрасіць у госці, каб правесці для вучняў агракласа заняткі і экскурсіі па сваіх навучальных установах.

Паспяховасць развіцця аграрнага профілю ў навучальнай установе напрамую залежыць ад педагогаў, якія вядуць факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Варапаеўскім школьнікам пашчасціла: з імі працуе настаўнік біялогіі і геаграфіі настаўнік-метадыст Аляксандр Анатольевіч Гарны. Педагог кіруе раённым метадычным аб’яднаннем настаўнікаў геаграфіі, вядзе міжшкольны факультатыў, з’яўляецца членам рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў геаграфіі. У 2019 годзе ён першым у раёне атрымаў кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Яго навучэнцы неаднаразова станавіліся пераможцамі ўсіх этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, конкурсу работ даследчага характару. Толькі ў гэтым годзе 10 з 10 яго вучняў сталі пераможцамі алімпіяды раённага этапу.

Калі гаварыць пра работу Аляксандра Анатольевіча ў класах аграрнай накіраванасці, то менавіта дзякуючы яго педагагічным здольнасцям дзеці выбіраюць пры паступленні прафесіі сельскагаспадарчага профілю, бо разумеюць перспектыўнасць аграрнай адукацыі.

Дарэчы, наладжванне супрацоўніцтва з мясцовымі гаспадаркамі стала наступным крокам у нашай дзейнасці па арганізацыі агракласаў. Хачу падзяка­ваць нашаму раённаму ўпраўленню па сельскай гаспадарцы, якое актыўна дапамагае з правядзеннем тэматычных экскурсій. У нас склаліся цесныя зносіны з ААТ “Навасёлкі-Лучай” — адной з лепшых гаспадарак вобласці. Дзеці, акрамя засваення тэорыі, павінны ведаць і разумець, што сабой уяўляе сучаснае сельскагаспадарчае прадпрыемства. Мы з навучэнцамі часта там бываем, таму ведаем, як працуе малочна-таварная робатаферма, як уладкаваны сучасны мехдвор, дыспетчарская, адкуль ідзе кіраванне трактарамі. Рыбгас “Навінкі” — яшчэ адно прад­прыемства, дзе нас з ахвотай прымаюць і право­дзяць экскурсіі. Такое супрацоўніцтва, канечне, разбурае стэрэатыпы пра работу ў гэтай галіне, дабаўляе матывацыі асвойваць сельскагаспадарчыя прафесіі і прыносіць вынікі: выпускнікі нашай школы вучацца і ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, і ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, і ў БДАТУ. Ёсць адпаведныя планы на паступленне і ў будучых выпускнікоў аграрных класаў.

Разам з тым хацелася б, каб аграрным класам удзялялася больш увагі з боку іншых прадпрыемстваў, звязаных з вытворчасцю і перапрацоўкай сельгас­прадукцыі, каб выпускнікі мелі ўяўленне аб умовах працы і аплаты, перспектывах кар’ернага рос­ту, атрымання жылля і г.д.

Калі ўсе пералічаныя ўмовы для стварэння агракласа выкананы, пачынаецца непасрэднае навучанне. Вучні гэтага класа вывучаюць два прадметы на павышаным узроўні, а таксама наведваюць абавязковыя факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Спецыяльна для факультатыўных заняткаў быў падрыхтаваны аднайменны электронны вучэбна-метадычны комплекс, дзе ёсць не толькі канспекты для кожных заняткаў, але і гатовыя прэзентацыі і вучэбныя відэа.

У профільныя класы аграрнай накіраванасці залічваюцца асобы, якія маюць адзнакі па профільных вучэбных прадметах не ніжэйшыя за 6 балаў і сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі не ніжэйшы за 5 балаў, што з’яўляецца больш прывабным у параўнанні з патрабаваннямі да залічэння ў іншыя профільныя класы.

Сёння ў нас праграму аграрных класаў засвойваюць як дзесяцікласнікі, так і навучэнцы 11 класа.

— Дзякуй за змястоўную размову!

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара