У віхры творчасці

- 10:40Гомельшчына

Больш як 80-гадовая гісторыя, 2 тысячы захопленых творчасцю дзяцей, шмат кірункаў — ад малявання і танцаў да робататэхнікі і інтэлектуальных гульняў, педагогі-легенды, навучэнцы-зоркі, брэндавыя мерапрыемствы… Гомельскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі на 3 гадзіны раскруціў для нас калейдаскоп асноўных кірункаў сваёй дзейнасці.

Легенды і іх паслядоўнікі

Асабіста для мяне гэта новы, непрывычны віток жыцця палаца, бо некаторыя з легендарных педагогаў сёння ўжо адышлі ад працы, уступіўшы свае месцы сваім жа выпускнікам. Мінулы раз я была тут, калі з пэндзлем каля мальберта стаяў вядомы жывапісец і заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, які выхаваў некалькі пакаленняў мастакоў, Валянцін Пятровіч Пакаташкін, калі масты паміж школьнікамі, студэнтамі і асаблівымі маладымі людзьмі наводзіла старшыня клуба ЮНЕСКА “Дружба” ветэран працы Людміла Кулік і інш.

Людміла Рыгораўна зусім нядаўна пайшла на заслужаны адпачынак. Яна шмат гадоў працягвала традыцыі сваёй папярэдніцы Маі Цыбіравай, якая наладжвала міжнародныя сувязі паміж беларусамі і дзецьмі свету яшчэ ў 70-х гадах. Людміла Рыгораўна працягнула гэтую справу ў клубе ЮНЕСКА “Дружба”. Цяпер яна перадала кіраванне ім сваёй выпускніцы Алене Аўсеенка. Гэты клуб арыентаваны на ўключэнне ў соцыум моладзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Напрыклад, іх праект “Гульнятэка” збірае разам юнакоў і дзяўчат Гомеля, каб пагуляць у “настолкі” і прыемна правесці час.

Працягваючы экскурсію, ды­рэктар палаца Святлана Віктараўна Якіменка скіроўвае нас да юных мастакоў: “Сёння народная студыя выяўленчага мастацтва афіцыйна атрымала імя яе кіраўніка — Валянціна Пакаташкіна. У канцы мінулага года Валянцін Пятровіч ва ўзросце 79 гадоў пайшоў на заслужаны адпачынак, пакінуўшы месца кіраўніка сваёй пераемніцы і выпускніцы Алене Алегаўне Ганюк. Дарэчы, сёння літаральна ўсе выкладчыкі, якія працуюць у студыі, — яго выпускнікі”.

У студыі займаецца каля 230 навучэнцаў ад 5 да 20 гадоў. Іх заняткі накіраваны на сур’ёзную мастацкую падрыхтоўку. Навучэнцы вывучаюць не толькі малюнак, жывапіс, кампазіцыю і г.д., але і творчасць беларускіх і замежных мастакоў. Алена Алегаўна пастаралася не толькі працягнуць кірункі свайго педагога, але і прапанавала развіццё новых. Так, асабліва актыўна яна пачала развіваць анімацыю. На рахунку студыйцаў 5 мультфільмаў, створаных у розных тэхніках: і пластылінавыя, і маляваныя, і ў тэхніцы гратаж. Разам з навучэнцамі аб’яднання па інтарэсах “Хобі-арт” і яго кіраўніком Надзеяй Георгіеўнай Барсуковай яны стварылі мультфільм з бяросты (абедзве гэтыя работы сталі пераможцамі ў намінацыі па анімацыі “Чароўныя карцінкі” на сёлетнім Рэспубліканскім конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка”).

Леанід Валянцінавіч Клімовіч, кіраўнік першага ў краіне клуба інтэлектуальных гульняў “Белая рысь”, — яшчэ адна зорка палаца. Ён сустрэў нас каля стала з гульнявым барабанам, чорнай скрыняй і мудрагелістымі пытаннямі. Заснавальнік руху “Што? Дзе? Калі?” у Беларусі, ініцыятар і стваральнік усіх брэндавых мерапрыемстваў — турніраў і спаборніцтваў “Кубак Палесся” і “Сезон надзей”, “Гульні добрай волі” і “Фавора”, чэмпіянату Еўропы і інш., аўтар і вядучы папулярнай тэлевіктарыны “Эрудыт-пяцёрка”, у 2018 годзе Леанід Валянцінавіч быў удастоены чарговай дзяржаўнай узнагароды — медаля за працоўныя заслугі. Цікава, што кіраўнікамі клуба “Белая рысь”, акрамя яго, працуюць яшчэ 2 педагогі — яго жонка і дачка. Так сямейнае хобі перарасло ў справу ўсяго жыцця. Сямейнай дынастыяй яны рыхтуюць адначасова некалькі каманд.

Не менш папулярны ў палацы прадметна-тэхнічны кірунак, які ўзначальвае педагог Святлана Барысаўна Скакун. За сваю распрацоўку — праграму і метадычны дапаможнік да яе, накіраваны на навучанне дзяцей ствараць інтэрнэт-дадаткі, яна атрымала грант.

Абласны палац творчасці дзяцей і моладзі адным з першых у краіне рэалізаваў свой праект па вывучэнні дысцыплін на павышаным узроўні. Яшчэ ў далёкім 2014 годзе першымі былі створаны праграмы з павышаным узроўнем вывучэння адукацыйных галін “Выяўленчае мастацтва” (распрацоўшчык В.П.Пакаташкін), “Інтэлектуальная творчасць” (Л.В.Клімовіч) і “Прадметна-тэхнічны кірунак” (С.Б.Скакун). Сёння такіх праграм у палацы зацверджана ўжо 10. Яны сталі галоўным дасягненнем метадычнага аддзела палаца.

Прафесійная падтрымка

Надзея Іванаўна Бокунь, загадчыца інфармацыйна-метадычнага аддзела, разам з калегамі курыруе не толькі работу 79 педагогаў палаца, але і дзейнасць 32 раённых цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у якіх працуюць 1263 педагогі. Відавочна, робяць яны гэта паспяхова, бо па выніках метадычных конкурсаў у гомельскага палаца  2-е месца ў краіне за мінулы навучальны год.

Для метадыстаў і педагогаў рэгіёна аддзел заснаваў часопіс “Ад ідэі — да выніку” і з 2017 года паспяхова выдаў ужо 20 яго нумароў. Часопіс стаў грунтоўнай метадычнай падтрымкай для калег рэгіёна. Паспелі ацаніць педагогі і экспрэс-карты як праваднікі лепшага выхаваўчага вопыту па рэгіёне, якія нядаўна выдалі спецыялісты аддзела.

Самы “малады” ў палацы — аддзел па прафарыентацыі навучэнцаў, створаны ў 2014 годзе па ініцыятыве і падтрымцы галоўнага ўпраўлення адукацыі і рэгіянальнага цэнтра тэсціравання, але ў яго ўжо ёсць свае дасягненні. Згодна з маніторынгам прафесійнага самавызначэння навучэнцаў, за 4 гады 166 навучэнцаў палаца паступілі далей вучыцца па профілі свайго аб’яднання па інтарэсах. Гэта больш за 2/3 усіх выпускнікоў. Галоўная задача аддзела — інфармацыйная і метадычная падтрымка ўстаноў дадатковай адукацыі ў кірунку прафарыентацыі, каардынаванне іх дзейнасці ў кірунку прафарыентацыі.

Па словах кіраўніка аддзела Галіны Уладзіміраўны Маёравай, у Гомельскай вобласці створана ­адзінае інфармацыйнае адукацыйнае асяроддзе. На сайце рэгіянальнага цэнтра тэсціравання створаны Гомельскі абласны прафарыентацыйны партал. Напаўненнем некалькіх яго рубрык займаецца аддзел Галіны Уладзіміраўны. Гэта “Універсітэцкія суботы”, “Прафесійныя суботы”, “Прафарыентацыйныя экскурсіі”, “Прафесіі нашых бацькоў”. Інтэрнэт-карыстальнікі партала з іх дапамогай могуць вызначыцца з прафесіяй, з установай, дзе можна гэтую прафесію атры­маць, даведацца пра пералік уступных экзаменаў і даты правядзення дзён адкрытых дзвярэй.

Па “Ступенях”

У палацы вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю маладзёжных ініцыятыў. Кіраўнік клуба “Лідар” і намеснік дырэктара палаца Таццяна Аляксандраўна Беладзедава гаворыць: “Наш клуб быў створаны 11 гадоў назад і стаў асновай абласнога савета старшакласнікаў. За гэты час было ініцыіравана шмат праектаў. Сярод іх — ролік на YouTube  “Адкрый сваю старонку ў жыцці”, праект “Шкала сямейных адносін”, “Калядная феерыя”, “Let’s go ў армію”. Мы правялі сацыяльны эксперымент “Не варта спрабаваць, каб ведаць” і высветлілі гатоўнасць дарослых “дапамагчы” падлеткам і купіць для іх цыгарэты ці алкаголь. У межах праекта “Голас маладых” хлопчыкі і дзяўчынкі стваралі матывацыйныя календары. Цяпер нашы выхаванцы распрацоўваюць серыю трэнінгаў па лідарстве, камандаўтварэнні, медыяцыі, грамадзянскасці і патрыятызме і інш.”.

У 2018 годзе тут быў створаны Цэнтр маладзёжных ініцыятыў “Ступені” (аналагічныя цэнтры адкрыліся і працуюць ва ўсіх абласных установах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі пры падтрымцы дзіцячага фонду ЮНІСЕФ), які стаў любімым месцам маладзёжных сустрэч. Дар’я Хрушчова, удзельніца клуба “Лідар”, пра ініцыятывы гомельскай моладзі ў мінулым го­дзе расказвала на Міжнародным форуме ААН у Жэневе, у тым ліку пра праект “Інклюзія без ілюзій”, у межах якога акцёрамі становяцца дзеці з аўтызмам.

Жыццё творцаў

Вельмі актыўна вядзецца работа ў аддзеле дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці, дзе работай з бяростай, лазой, саломкай, з іншымі прыроднымі матэрыяламі, ткацтвам захоплены каля 400 дзяцей. Займаюцца яны не толькі маштабнай выставачнай работай, але і вядуць некаторыя даследаванні. Так, апошнія тры гады юныя творцы вывучалі архітэктуру роднага краю. Пачалося ўсё з тэматычнага профільнага лагера ў палацы, у межах якога яны наведвалі розныя архітэктурныя помнікі Гомельшчыны, наносілі іх на віртуальную экспрэс-карту, а потым у розных тэхніках іх паўтаралі: ляпілі, малявалі і г.д. У мінулым годзе гэтая ідэя вылілася ў абласны конкурс “Малая радзіма — крыніца ведаў і натхнення”, у межах якога ствараліся арыгінальна аздобленыя кнігі, з якіх можна было даведацца пра архітэктурныя асаблівасці асобных гарадоў Гомельшчыны ў тэхніках выцінанкі, аплікацыі скурай і інш.

Навучэнцы палаца сталі ўдзель­нікамі некалькіх міжнародных праектаў. Сярод іх — праект “Жывая сувязь пакаленняў”, які быў рэалізаваны ў межах гуманітарнай праграмы “Месца сустрэчы — дыялог”. Падлеткі супрацоўнічалі з вязнямі нацысцкіх канцлагераў і людзьмі ваеннага пакалення, слухалі ўспаміны пра ваеннае ліхалецце і дапамагалі ім разбірацца ў свеце тэхналогій, вучылі карыстацца інтэрнэтам і выконваць там неабходныя ім аперацыі. А яшчэ яны арганізавалі гурток па інтуітыўным жывапісе для вязняў канцлагераў: бабулі намалявалі карціны для сваіх персанальных выстаў.

Яшчэ ў адным маладзёжным міжнародным мастацкім праекце пад назвай “Я хачу атрымаць поўную карціну…” у 2019—2020 гадах прымаюць удзел падлеткі з Беларусі, Германіі і Украіны. Партнёрамі праекта выступілі Дакументацыйны цэнтр парахавой фабрыкі Лібенау (Германія), МГА “Узаемаразуменне” (Беларусь) і школа мастацтваў горада Шосткі (Украіна). У межах праекта падлеткі з трох краін знаёмяцца з гісторыяй Другой сусветнай вайны, пераасэнсоўваюць яе падзеі і, як вынік, свае думкі і эмоцыі прадстаўля­юць у сумесных мастацкіх работах. Праект праводзіцца ў межах праграмы “Еўрапейцы — за мір” пры падтрымцы фонду “Памяць, адказ­насць і будучыня” (Германія).

Актыўна ўключаюцца ў свет творчасці танцавальныя і эстрадныя студыі палаца. Вельмі папулярны кірунак “Інжынерная школа”. Каб двух невялікіх кабінетаў для заняткаў робататэхнікай, праграмаваннем хапіла для ўсіх жадаючых (а такіх каля 400 чалавек), заняткі тут вядуцца 7 дзён у тыдзень. Актыўна развіваюцца віртуальныя праекты, квесты і г.д.

Канечне, дадатковая адукацыя заўсёды будзе актуальнай. Тут няма дамашніх заданняў, тут не ста­вяць адзнакі. Тут вучаць фантазіра­ваць, танцаваць, спяваць, маляваць, ляпіць, канструяваць… Нават калі хлопчыкі і дзяўчынкі не працяг­нуць свае заняткі на прафесійным узроўні, тое, чаму яны навучыліся тут, ніколі не забудзецца.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.