Убачыць здольнасці кожнага дзіцяці

- 15:36Спецыяльная адукацыя

У нашым ЦКРНіР вучацца дзеці розных катэгорый, склад захворванняў настолькі разнародны, дыяпазон асаблівасцей настолькі вялікі, што падабраць метады навучання бывае вельмі складана. Хачу падзяліцца сваім вопытам работы з двума навучэнцамі, якія маюць падобныя дыягназы, але валодаюць абсалютна рознымі камунікатыўнымі магчымасцямі. У Кірыла дванаццаці гадоў — ДЦП з геміпарэзам, у Арцёма адзінаццаці гадоў — ДЦП з тэтрапарэзам.

Фота да матэрыялу: Убачыць здольнасці кожнага дзіцяці.Калі расказаць пра дзяцей простай мовай, без складаных медыцынскіх тэрмінаў, то варта адзначыць, што Кірыл можа толькі ляжаць, сядзець з вялікай цяжкасцю, толькі з дапамогай спецыялізаванай мэблі. Маўленне ў яго адсутнічае, гаворыць толькі асобныя гукі. Затое даступны эмоцыі: радасць (смяецца, усміхаецца), смутак (вымаўляе доўгія, “сумныя” гукі), крыўда (можа заплакаць). У самым пачатку работы з такімі дзецьмі ў спецыяліста ўзнікаюць цяжкасці з-за памылковага меркавання пра тое, што дзіця нічога не ўмее. У працэсе навучання ўзнікае разуменне таго, што, як мяркуецца, хоча дзіця, угадваецца агульны настрой вучня. Сваю работу з дзецьмі будую, зыходзячы са здольнасцей, якія ў іх захаваны.

Па кемлівых вачах Кірыла можна вызначыць, што ён разумее на элементарным узроўні, што яму гавораць. Але з-за свайго захворвання і наяўнасці паталагічных рэфлексаў адвольныя рухі, такія як ківок ці матанне галавой, яму недаступны. Спачатку прапаноўвала Кірылу заданні: ставіла цацкі і пыталася: “Дзе мішка, дзе мячык?” Дзіця вачамі знаходзіла прадмет. Такім чынам, дзіця вывучыла асноўныя колеры, геаметрычныя фігуры, стала адрозніваць прадметы адзення і посуду. Але, нягледзячы на поспехі, гэты від камунікацыі складана назваць паўнавартаснымі зносінамі, таму што дзіця толькі адказвала на зварот, падмацаваны рэальнымі прадметамі і выявамі. Хацелася дасягнуць большага.

Фота да матэрыялу: Убачыць здольнасці кожнага дзіцяці.Наступны крок — навучанне адказваць на пытанні, непадмацаваныя прадметамі ці карцінкамі. Выглядала гэта наступным чынам: я задавала пытанне, на якое можна адказаць коратка: толькі “так” ці “не”. Візуальным падмацаваннем служылі “сонейка” і “хмарка”. Калі Кірыл лічыў, што адказ “так”, ён павінен быў паглядзець на “сонейка”, калі ж адказ не, то на “хмарку”. Такім чынам, стала магчыма зразумець элементарныя патрэбы дзіцяці. Калі яно вымаўляла сумныя, ныючыя гукі, шляхам выключэння (паказваючы на “хмарку” і “сонейка” і пералічваючы часткі цела, якія могуць балець) можа было даведацца, што выклікае ў яго дыскамфорт. Так я даведалася пра яго любімыя казкі, перавагі ў ежы, пра яго заняткі дома.

Такія міні-дыялогі адкрылі Кірыла для нас нанава і, канечне, чарговы раз прымусілі шкадаваць, што такое цікавае дзіця, з пэўным запасам ведаў, не можа ні выказаць, ні падзяліцца імі ні з дарослымі, ні з дзецьмі.

Супрацьлегласць Кірылу — гаварун Арцём. Гэты вучань можа сядзець, утрымліваць прадметы і праводзіць нескладаныя маніпуляцыі. І галоўнае яго адрозненне ад іншых дзяцей — любіць разважаць і рабіць высновы. Але, на жаль, з-за асаблівасцей захворвання дзіцяці складана засяродзіць погляд на дробных аб’ектах. Яго стыхія — маўленчыя выказванні, але і тут не ўсё гладка: тэмп гаворкі запаволены, удых неглыбокі, маўленчы выдых знясільваецца, з-за гэтага парушаецца рытмічная структура выказвання. Таму чалавеку, які ўпершыню чуе Арцёма, вельмі складана яго зразумець. Калі ж адаптуешся да маўлення хлопчыка, раскрываецца яго незвычайнае бачанне свету.

Вось некалькі прыкладаў выказванняў: “СВАБОДА — гэта калі можна рабіць тое, што хочаш, нават самае неразумнае”, “НОЧ — гэта калі сонца адпачывае, усе адпачываюць”, “РАЗВІЦЦЁ — калі становішся разумнейшым”, “ДАБРЫНЯ — калі чалавек шчодры”, “ЗЛОСЦЬ — калі ў табе негатыў”, “ДЗЯЦІНСТВА — калі ты можаш гуляць, не працаваць”, “МАТЫЛЁК — кузурка, якая лятае”, “МУЗЕЙ — калі ты можаш паглядзець тое, што было да нас”, “АДПАЧЫНАК — калі ты расслаблены і гатовы ўпасці ў сон”.

Кожнае дзіця непаўторнае і ўнікальнае. Каб прачыніць дзверцы ў яго ўнутраны свет, неабходна падабраць патрэбны ключык. І тады ў кожным дзіцяці мы ўбачым магчымасці і здольнасці.

Яўгенія ЕРАФЕЕНКА,
настаўнік-дэфектолаг Добрушскага РЦКРНіР.