Украіна: праграма “Здольная школа”: якія праекты атрымаюць фінансаванне

- 12:06Паралелі

Міністэрствам адукацыі і навукі прадастаўлены тлумачэнні адносна школьных праектаў, на якія могуць быць скіраваны сродкі субвенцыі “Здольная школа для лепшых вынікаў”. Адпаведны ліст падпісаны міністрам Ганнай Навасад.

У ведамстве адзначаюць, што адпаведная ўрадавая праграма заклікана дапамагчы органам мясцовага самакіравання палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу і прасторава-прадметнае асяроддзе апорных навучальных устаноў і школ з колькасцю вучняў, большай за 350 чалавек.

Грошы будуць размяркоўвацца пароўну паміж абласнымі бюджэтамі і бюджэтам Кіева.

Сродкі субвенцыі будуць накіраваны на рэалізацыю праектаў, звязаных з завяршэннем будаўніцтва новых будынкаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі; рэканструкцыяй і капітальным рамонтам школ; фарміраваннем новай адукацыйнай прасторы ва ўстановах сярэдняй адукацыі.

Удзел у праграме змогуць прыняць апорныя школы, агульная колькасць вучняў у якіх складае не менш за 200 чалавек (без уліку філіялаў), іншыя школы — не менш за 350 вучняў. У выпадках, калі праект прадугле­джвае будаўніцтва новай школы або новага будынка для існуючай школы, праектная магутнасць новага будынка павінна складаць не менш як 350 вучняў.

Таксама павінны быць выкананы ўмовы сумеснага фінансавання праекта з мясцовага бюджэту. Усе праекты, якія будуць прымаць удзел у размеркаванні субвенцыі “Здольная школа для лепшых вынікаў”, павінны быць завершаны да 31 снежня 2020 года.

Агульны аб’ём субвенцыі гэтага года на рэалізацыю праграмы складае 3,5 млрд грн. (1 долар ЗША = 24,5 грн).

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.