Умацоўваючы імідж

- 11:18Планёрка ў рэгіёне

Сёння госць нашай суботняй планёркі — начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Клецкага райвыканкама Анатоль Мікалаевіч Клімовіч. Пра тое, чым жыве сістэма адукацыі раёна, над вырашэннем якіх задач у новым навучальным годзе пачалі працаваць педагагічныя калектывы, наша размова з яе кіраўніком.

— Анатоль Мікалаевіч, з якім настроем педагогі Клеччыны ўступілі ў новы навучальны год? Якія задачы вызначаны для сістэмы адукацыі рэгіёна ў якасці прыярытэтных?
— Пачатак новага навучальнага года — своеасаблівая вяха ў жыцці кожнага педагога. У кагосьці гэта першы навучальны год, а ў мяне — 33-ці. Можна параўнаць, пераасэнсаваць, прааналізаваць, ацаніць. Кожны новы навучальны год не падобны да мінулых: свае праблемы, новыя людзі, новыя задачы. Ацэньваючы 2014/2015 навучальны год, адчуваеш пэўныя пазітыўныя эмоцыі: удалося здзейсніць намечанае, але не ўсё. Ёсць да чаго імкнуцца ў новым годзе. Раён наш маленькі, усяго 36 устаноў адукацыі, у іх вучацца і выхоўваюцца 3795 чалавек. У сістэме адукацыі раёна працуюць 1417 работнікаў, з іх 525 педагогаў.
Калі аналізаваць выніковасць адукацыйнага працэсу, то нам ёсць чым ганарыцца. Па-першае, па выніках цэнтралізаванага тэсціравання 2015 года 14 выпускнікоў атрымалі ад 90 да 99 балаў, у топ-100 лепшых устаноў рэспублікі па выніках ЦТ па рускай і беларускай мовах увайшлі 4 установы адукацыі раёна: ліцэй і сярэдняя школа № 3 Клецка, Морацкі дзіцячы сад — сярэдняя школа, Сіняўская сярэдняя школа. Па-другое, навучальныя ўстановы атрымалі 10 дыпломаў навукова-практычных канферэнцый абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, 7 дыпломаў трэцяга этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па вучэбных прадметах, 114 дыпломаў за ўдзел і перамогу ў творчых конкурсах на ўзроўні вобласці і рэспублікі. Акрамя таго, 90% выпускнікоў паступілі ў ВНУ і ССНУ.
8 навучэнцаў раёна заахвочаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
У раёне працягваецца аптымізацыя сістэмы адукацыі. З 1 верасня закрыты Нагорнаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа, зменены від установы адукацыі — замест ліцэя пачала работу гімназія (набраны 5 клас). Сэканомленыя сродкі будуць накіраваны, як і летась, на павышэнне заработнай платы работнікам галіны.
Педагогі раёна з аптымізмам сустрэлі новы навучальны год. Асноўныя прыярытэтныя задачы — павышэнне якасці і выніковасці адукацыйнага працэсу, у тым ліку праз павелічэнне колькасці дыпломаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, развіццё новых форм дашкольнай адукацыі, рэалізацыя інавацыйных рэспубліканскіх праектаў умацаванне вучэбна-матэрыяльнай базы — былі вызначаны на жнівеньскай педагагічнай нарадзе.

— Ці папоўніліся сёлета педагагічныя калектывы маладымі спецыялістамі? Што ў раёне робіцца для таго, каб маладыя настаўнікі замацоўваліся на рабочых месцах і заставаліся працаваць у школе?
— У сістэму адукацыі раёна прыйшлі 20 маладых спецыялістаў. Замацавальнасць маладых кадраў складае 51,3%. У нас адпрацавана пэўная сістэма па стварэнні ўмоў для работы маладых педагогаў: павышэнне тарыфных акладаў на 10%, штомесячныя даплаты на працягу першых 2 гадоў работы ў памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду, устанаўленне надбавак у памеры 10—20% ставак з улікам аб’ёму і якасці выкананай работы, павышэнне тарыфнай стаўкі мінімум на 20% і прадастаўленне дадатковага адпачынку спецыялістам, якія працуюць па кантракце і накіраваны на работу па размеркаванні, дапамога ў найме жылля. Гэта і многае іншае дазваляе замацоўваць маладых настаўнікаў у раёне. Але мы не можам абысціся без педагогаў пенсійнага ўзросту. На жаль, не вырашана праблема з недахопам педагогаў замежнай мовы, дакладных навук, а таму дапамагаюць у правядзенні адукацыйнага працэсу настаўнікі з вялікім стажам работы.

— Як арганізавана ў навучальных установах профільнае навучанне? Ці былі пытанні з яго ўвядзеннем?
— Увядзенне профільнага навучання ў школах не выклікала асаблівых праблем. Пры правядзенні ў маі 2015 года з кіраўнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі субяседавання па вызначэнні перспектыўных напрамкаў у рабоце на новы навучальны год мы агаворвалі наяўнасць высокапрафесійных кадраў, здольных даць вынік, высокаматываваных да вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, ступень умацаванасці вучэбна-матэрыяльнай базы. З 17 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі профільнае навучанне на трэцяй ступені ўведзена ў 6 установах. У асноўным гэта фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, філалагічны і грамадазнаўчы напрамкі, у 2 установах адкрыты педагагічныя класы (сярэдняя школа № 3 Клецка, Заастравецкая сярэдняя школа).

— Анатоль Мікалаевіч, якія пытанні сёння найбольш турбуюць вас як кіраўніка?
— Найбольш актуальнымі для мяне з’яўляюцца, па-першае, забяспечанасць кадрамі і справядлівая ацэнка іх работы. У раёне створана і працуе сістэма маральнага і матэрыяльнага заахвочвання лепшых педагагічных работнікаў. Напрыклад, ёсць свая Дошка гонару, якая абнаўляецца кожныя паўгода (а гэта, адпаведна, і матэрыяльнае ўзнагароджанне педагогаў); распрацавана эфектыўная сістэма прэміравання за дасягненні ў адукацыйным працэсе (прэміі могуць дасягаць двух акладаў); уся эканомія грашовых сродкаў, якія з’явіліся ў выніку аптымізацыі ўстаноў, накіроўваецца на ўстанаўленне надбавак (да 50%) за работу па кантракце не толькі педагогам, але і абслуговаму персаналу ў залежнасці ад вынікаў работы. У мінулым годзе гэтая сума склала каля 1 млрд рублёў, сёлета — каля 500 млн рублёў. Гэтыя грошы застаюцца ў бюджэце аддзела на наступныя гады пры планаванні бюджэту. Па-другое, фінансаванне галіны. Наш раён датацыйны больш чым на 50%, таму пры фарміраванні бюджэту на наступны год у першую чаргу плануюцца абароненыя артыкулы (зарплата, камунальныя артыкулы і г.д.), на набыццё абсталявання, вучэбна-наглядных дапаможнікаў, правядзенне рамонтаў фактычна не застаецца сродкаў. На мой погляд, выйсце — у распрацоўцы пры абласных упраўленнях адукацыі мэтавых праграм, падмацаваных фінансаваннем (напрыклад, “Школьны аўтобус”, “Абсталяванне для сталовых”, “Вучэбны кабінет”, “Вучэбна-нагляднае абсталяваннне” і г.д.). У такім выпадку грошы да аддзелаў адукацыі дойдуць. Яшчэ адно пытанне — падбор і расстаноўка кадраў кіраўнікоў устаноў адукацыі. Мы добра разумеем, што ад таго, якія кадры будуць прызначаны кіраваць установамі, залежыць імідж сістэмы, адносіны грамадства да адукацыі, якасць адукацыйных паслуг, павага да прафесіі настаўніка. Я не маю нічога супраць рэпетытараў, але, думаю, іх з’яўленне азначае, што грамадства незадаволена якасцю адукацыйных паслуг, якія прадастаўляюцца школай. Значыць, падобная сітуацыя ўзнікла па віне перш за ўсё кіраўнікоў сістэмы адукацыі, якія не змаглі або не захацелі арганізаваць работу педагогаў так, каб задаволіць запыты бацькоў і дзяцей. Таму, падбіраючы кіраўнікоў, перш за ўсё звяртаем увагу на іх асабістую працавітасць, прафесіяналізм, аўтарытэтнасць у калектывах і ў соцыуме, патрабавальнасць і асабістую дысцыплінаванасць. І апошняе: важным з’яўляецца наладжванне і падтрымка цесных сувязей з рознымі службамі раёна, так ці інакш звязаных з адукацыяй. Як прыклад — цесная сумесная работа з РАУС, пракуратурай, камісіяй па справах непаўналетніх дазволіла знізіць колькасць злачынстваў сярод школьнікаў. Асобна хочацца сказаць аб добразычлівых адносінах раённага выканкама на чале з Г.М.Салаўём да адукацыі. За тры гады работы на пасадзе ў раёне няма ніводнай установы, якую б Генадзь Міхайлавіч не наведаў і не аказаў дапамогу. Усё гэта таксама з’яўляецца станоўчым стымулам для работнікаў галіны.

— Вялікі дзякуй за гутарку.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.