Упэўненае “так” сучасным гаджэтам!

- 12:52Якасць адукацыі

Для ўваходжання ў адкрытую інфармацыйную прастору кожнаму чалавеку неабходна якаснае авалоданне замежнай мовай, што садзейнічае сацыялізацыі ў сучасным полікультурным асяроддзі. Сённяшнія вучні — дзеці пакалення Z. Гэта дзеці, якія ўспрымаюць інтэрнэт як данасць, яны нарадзіліся падчас росквіту і актыўнага развіцця сацыяльных сетак і ўжо не ўяўляюць сваё жыццё без лічбавых тэхналогій. Навучанне дзяцей пакалення Z патрабуе ад педагогаў пры развіцці камунікатыўнай кампетэнцыі выкарыстання адпаведных метадаў і прыёмаў работы: апоры на інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, стварэння прасторы для асобаснага росту.

У інтэрактыўным рэжыме

Павысіць матывацыю школьнікаў да вывучэння англійскай мовы ў профільных класах настаўніцы сярэдняй школы № 4 Мінска Таццяне Бягун дазваляе выкарыстанне ІКТ. Яны робяць працэс навучання больш дынамічным, разнастайным і эфектыўным, а педагогу даюць магчымасць выкарыстоўвац­ь свой творчы патэнцыял.

— Актуальнасць выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій пры арганізацыі профільнага навучання абумоўлена па меншай меры трыма акалічнасцямі: па-першае, інфарматызацыяй сучаснага грамадства, па-другое, глабалізацыяй рынку працы, па-трэцяе, павышанымі патрабаваннямі да ўзроўню іншамоўнай адукацыі сучасных грамадзян, — адзначае Таццяна Сяргееўна.

Педагагічны калектыў школы распрацаваў электронны вучэбна-метадычны комплекс “Англійская мова” для навучэнцаў профільных класаў. Комплекс уключае ў сябе 35 тэм і прадугледжвае інтэрактыўнае навучанне двум аспектам мовы (лексіцы і граматыцы) і тром відам маўленчай дзейнасці (чытанню, пісьму, успрыманню і разуменню маўлення на слых). У адпаведнасці з задачамі навучання замежнай мове быў таксама распрацаваны комплекс моўных, умоўна-маўленчых і маўленчых практыкаванняў у межах праграмаванага навучання, пры якім пераход на больш высокую ступень прадугледжвае поўнае засваенне матэрыялу папярэдняй ступені. Усе заданні заснаваны на механізме зваротнай сувязі (як у рэжыме кансультацыі і ацэнкі настаўніка, так і ў рэжыме аўтаматычнага тэсціравання і ацэньвання з дапамогай тэставых заданняў з магчымасцю шматразовых спроб з мэтай удасканалення і аўтаматызацыі навыку). Пры такім навучанні школьнік не абмежаваны часавымі рамкамі пры выкананні заданняў. Гэта дае яму свабоду дзеянняў, знімае псіхалагічныя бар’еры, якія перашкаджаюць выкананню задання (страх не ўкласціся ў часавыя межы, фактар псіхалагічнай падрыхтаванасці-непадрыхтаванасці да выканання задання).

— Вучэбны электронны рэсурс выдатна зарэкамендаваў сябе як эфектыўны інструмент самастойнай работы, з дапамогай якога паспяхова праходзіць этап удасканалення моўных і маўленчых навыкаў, што стварае добрыя перадумовы для ўдасканалення іншамоўных маўленчых уменняў (чытання, пісьма і ўспрымання і разумення гаворкі на слых), — заўважае настаўніца. — Пры супастаўленні вынікаў двух аднолькавых перыя­даў — без выкарыстання вучэбнага электроннага рэсурсу і з яго выкарыстаннем — высветлілі, што вынікі асваення замежнай мовы навучэнцамі адной і той жа групы выраслі на бал, што, на наш погляд, сведчыць аб павышэнні іх матывацыі да вывучэння гэтай дысцыпліны, а адпаведна і ўзроўню іх моўных ведаў і фарміравання іншамоўнай кампетэнцыі.

Гейміфікуем навучанне

— Загортваем падручнікі, уключаем мабільныя тэлефоны! Такую фразу на ўроку можна пачуць нячаста, — гаворыць настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 54 Мінска Кацярына Ярмоленка. — Аб неабходнасці і мэтазгоднасці смартфона на вучэбных занятках гавораць ужо не першы год. Калі звярнуцца да асноўных задач урока замежнай мовы, то адказ відавочны. Сучасная камунікацыя прадугледжвае наяўнасць інтэрнэту. Да таго ж нямецкая мова, у адрозненне ад англійскай, мае недастатковую папулярнасць сярод навучэнцаў. Матываваць школьнікаў да вывучэння прадмета без прымусу зможа толькі тое, што сапраўды ўваходзіць у кола іх інтарэсаў. У такім кантэксце гаворым упэўненае “так” сучасным гаджэтам і іх магчымасцям. З дапамогай прымянення мабільнага тэлефона на ўроку магчыма гейміфікаваць навучанне.

Найбольш папулярнымі з’яўляюцца сэр­вісы Kahoot, Quizlet, Quiz, Mentimeter, Duolingo, Socrative і інш. Пры стандартным падыходзе да навучання дзеці сканцэнтраваны на тым, каб не дапусціць памылак; яны засяроджваюцца на адзнаках, а не на саміх ведах. У аснове мабільных і камп’ютарных гульняў ляжыць дасягненне поспеху гульцом, што дапамагае яму рухацца наперад. Адным з плюсоў з’яўляецца тое, што ў мінімальна сціснутыя тэрміны навучэнцы авалодваюць вучэбным матэрыялам. Дзякуючы мабільным гульнявым сэрвісам, дзеці могуць прайсці віктарыну, альтэрнатыўны тэст, прагаласаваць. Адказы на пытанні ў такой форме носяць спаборніцкі характар, што матывуе працавац­ь дакладна і хутка.

— Выкарыстанне мабільных тэлефонаў на ўроку замежнай мовы дае магчымасць свядома і самастойна карэкціраваць свае памылкі шляхам самаправеркі і ўзаема­праверкі. Працуючы ў парах, навучэнцы могуц­ь скласці дыялог па тэме і пагаварыц­ь з уключаным дыктафонам. Прайграны запіс дыялогу дазваляе пачуць сваё вымаўленне, расстаноўку інтанацыйных і фразавых націскаў, выявіць магчымыя памылкі і прааналізаваць гаворку ў цэлым, — тлумачыць Кацярына Міхайлаўна. — Сучаснае пакаленне захоплена карыстаецца сацыяльнымі сеткамі і сочыць за інтэрнэт-трэндамі. Гэты факт цалкам можна выкарыстоўваць для станоўчага выніку ў адукацыйнай галіне. Сацыяльная сетка Instagram мае магчымасць выкарыстання масак у Stories, сярод якіх ёсць віктарыны і апытальнікі на нямецкай мове. Навучэнцы рознага ўзросту з задавальненнем прымяраюць на сябе маскі з дапамогай фотакамеры, пры гэтым адказваюць на пастаўленыя пытанні за кароткі час. Так, напрыклад, можна актуалізаваць лексічныя веды па тэме, успомніць пра парадак слоў, склаўшы сказ на нямецкай мове. Такая дзейнасць арганізуецца на гульнявой размінцы. Камеру смартфона можна выкарыстоўваць таксама пры стварэнні праектаў. Так, навучэнцы старшых класаў робяць рэкламны відэапраект па выніках тэмы, якая вывучаецца. Дзякуючы камеры смартфона, выкарыстоўваецца таксама парны прыём “Раскажы карцінку — намалюй тэкст”. Адзін вучань з пары адкрывае ў тэлефоне падрыхтаванае фота, дэталёва апісвае ўсё, што на ім адлюстравана, на нямецкай мове. Другі навучэнец адлюстроўвае пачутае на лісце. Пасля адлюстравання тэксту вучню неабходна расказаць, што ён намаляваў. Аднакласнікі параўноўваюць малюнак і фота, выказваюць сваё меркаванне. Гэты прыём таксама прымяняецца пры рабоце на адлегласці. Некалькі навучэнцаў адпраўляюць у агульны чат/групу (Viber, Telegram і інш.) тэкставае апісанне выбранай фата­графіі або агучваюць яго ў агульным відэачаце (Zoom, Skype і інш.), а астатнія навучэнцы малююць напісанае.

Такі падыход дазваляе навучэнцам у ня­змушанай атмасферы праявіць свае творчыя здольнасці, патрэніраваць навык камунікацыі на замежнай мове, а таксама звязвае навучанне з рэальным жыццём.

Метадам пагружэння

Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 6 Гродна Таццяна Якусевіч таксама актыўна выкарыстоўвае магчымасці мабільных прылад школьнікаў для арганізацыі навучання на ўроку. У практыку работы педагога ўваходзяць розныя вэб-інструменты, якія дазваляюць па максімуме рэалізаваць патэнцыял гэтых прылад.

Адным з найбольш папулярных вэб-інструментаў, які да таго ж і пастаянна абнаўляецца, з’яўляецца Quizizz. Гэты маляўнічы сэрвіс з дынамічным музычным афармленнем зручны для выкарыстання на смартфонах, дазваляе рэгуляваць час на адказ, ствараць розныя варыянты лексічных гульняў і, як вынік, выводзіць турнірную табліцу дасягненняў кожнага вучня. Сэрвіс просты ў асваенні, можа выкарыстоўвацца для стварэння дамашняга задання ў фармаце гульні. Не менш важнай рысай вэб-інструмента з’яўляецца магчымасць правя­дзення як індывідуальнай, так і каманднай гульні дзякуючы функцыі Team mode. Пры наяўнасці праектара бягучы прагрэс гульні і, адпаведна, прагрэс кожнага ўдзельніка можна вывесці на экран, падаграваючы цікавасць да гульні. Пры адсутнасці праектара (і нават камп’ютара) гульню можна запусціць са смартфона настаўніка з захаваннем усіх функцый, уключаючы міні-дошку бягучых дасягненняў.

Як адзначае Т.І.Якусевіч, вынікам выкарыстання гейміфікацыі ў вучэбным працэсе з’яўляецца павышэнне пазнавальнай цікавасці навучэнцаў, развіццё іх творчага патэнцыялу, стварэнне асабістай вучэбнай прасторы і пабудова індывідуальных адукацыйных маршрутаў.

Фарміраванню навыкаў аўдзіравання і маўлення на замежнай мове, павышэнню матывацыі да вывучэння мовы ў многім спрыяе і выкарыстанне на занятках педагога падкастаў. Падкасты — гэта гукавыя файлы (часам сустракаюцца файлы з відэарадам) у стылі радыёперадач. Падкастам называецца або асобны аўдыяфайл, або рэгулярна абнаўляльная серыя такіх файлаў, якія публікуюцца на адным інтэрнэт-рэсурсе. Падкасты даступныя да праслухоўвання на любой прыладзе (камп’ютары, смартфоне або планшэце). Таксама большасць рэсурсаў даюць магчымасць для запампоўвання падкаста і праслухоўвання яго афлайн. Падкасты дазваляюць вучыць англійскую мову метадам пагружэння. Спецыялісты адзначаюць, што, калі слухаць падкасты на англійскай мове рэгулярна, можна хутка палепшыць свае навыкі аўдзіравання — успрымання замежнага маўлення на слых.

— Педагогу неабходна з усёй разнастайнасці аўдыяматэрыялаў, што прадастаўляюцца сэрвісамі падкастынгу, навучыцца правільна адбіраць матэрыялы або ствараць уласны якасны кантэнт для выкарыстання ў класе, — расказвае Таццяна Ігараўна. — Для падбору падкастаў для вывучэння англійскай мовы ў сетцы могуць выкарыстоўвацца розныя крыніцы: калі патрабуецца пэўны від падкастаў, то мэтазгодна звярнуцца да буйных навінавых каналаў, напрыклад, www.bbc.co.uk/podcasts; падкасты, створаныя настаўнікамі для навучання мове і маўленню, знаходзяцца на сайтах для педагогаў, напрыклад, на www.onestopenglish.com, а таксама ў адукацыйных секцыях буйных хостынгаў: www.podbean.com, www.englishcaster.com, Podcast Alley і інш. Вучэбныя падкасты накіраваны на вывучэнне фанетычнага, лексічнага або граматычнага ўзроўняў мовы ці на адзін з чатырох відаў дзейнасці, таму маюць структуру, падобную да структуры ўрока, адсюль іх каштоўнасць у рэалізацыі прадметных вынікаў. Стварэнне навучэнцамі ўласнага кантэнту дае магчымасць выказаць сваю пазіцыю, а аналіз падкастаў іншых навучэнцаў развівае камунікатыўную кампетэнцыю.

Практыка паказвае, што падкасты маюць вялікі культуралагічны, адукацыйны і развіццёвы патэнцыял, здольны стымулявац­ь пазнавальную актыўнасць і самавыяўленне вучняў, уносіць разнастайнасць у работу на ўроку.

Актыўная вусная практыка — у дэбатах

На думку настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 210 Мінска Таццяны Пятровай, для фарміравання ў школьнікаў камунікатыўнай кампетэнцыі неабходна актыўная вусная практыка. Важна даць навучэнцам магчымасць думаць, вырашац­ь праблемы, якія стымулююць працэс мыслення, разважаць над магчымымі шляхамі вырашэння гэтых праблем. Для ўспрымання навучэнцамі мовы як сродку міжкультурнага ўзаемадзеяння неабходна шукаць спосабы ўключэння іх у актыўны дыялог культур.

Педагог заўважыла, што не заўсёды добрыя тэарэтычныя веды дапамагаюць навучэнцам справіцца з вырашэннем праблемы, асабліва калі яна патрабуе пэўнага вопыту. Развіваць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, вучыць іх самастойна здабываць веды і прымяняць іх на практыцы ў нестандартнай сітуацыі, фарміраваць уласны погляд на тую ці іншую праблему, умець яго аргументаваць настаўніцы дапамагаюць дэбаты.

— Дэбаты — не толькі гульня, але і форма правядзення вучэбных заняткаў, якая забяспечвае атрыманне дадатковай адукацыі, у межах якой ажыццяўляецца фармалізаваны абмен інфармацыяй, якая адлюстроўвае палярныя пункты гледжання па адной і той жа праблеме, з мэтай паглыблення ці атрымання новых ведаў, развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі, — падкрэслівае Таццяна Міхайлаўна. — Дэбаты прывабліваюць сваёй навізной. Гэта і навізна формы арганізацыі дзейнасці (дэбаты-гульня, дэбаты — класная гадзіна, дэбаты — бацькоўскі сход, дэбаты — вучэбныя заняткі), і навізна формы падачы матэрыялу (“я магу выслухаць выступленні апанентаў, выказаць свой пункт гледжання і абгрунтаваць яго”), і навізна сітуацыі (спрэчка, абмежаваная рэгламентам, правіламі, рашэннем суддзі). Паспяховая рэалізацыя дэбатаў дапамагае навучэнцам авалодаць замежнай мовай і прымяняць яе ў сітуацыях жывых зносін.

Вопыт работы настаўніцы паказвае, што ўдзел у дэбатах адкрывае вялікія магчымасці для набыцця навучэнцамі новых кампетэнцый: развівае ў школьнікаў творчыя здольнасці і выпрацоўвае ў іх даследчыя навыкі (работа з літаратурай, стварэнне структуры работы), фарміруе аналітычнае і крытычнае мысленне ў працэсе творчага пошуку, развівае ўсведамленне сацыяльных роляў праз прайграванне паводзін людзей у рэальным жыцці. Акрамя таго, дэбаты стымулююц­ь між­асобасныя зносіны падлеткаў, бо навучанне адбываецца ў сумеснай дзейнасці, даюць ім магчымасць самарэалізавацца і сацыялізавацца, праверыць сваю прафесійную арыентацыю, гатоўнасць да будучай працоўнай дзейнасці, выхоўваюць мэтанакіраванасць і сістэмнасць.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.