Урокі, якія славяць настаўніка

- 12:39Сацыяльны ракурс

Як сказаў аднойчы вялікі педагог-гуманіст Шалва Аманашвілі, настаўнік славіцца сваімі ўрокамі. Урокамі, якія выхоўваюць асобу. Урокі — гэта іскрынкі Святла Настаўніка. На ўроках нараджаецца ўвесь народ, уся краіна, увесь сусвет, уся планета.

Вялікімі ўрокатворцамі можна назваць пераможцаў Сёмага конкурсу метадычных распрацовак педагагічных работнікаў “Адкрыты ўрок”, якія стварылі сапраўдныя шэдэўры настаўніцкага майстэрства. Ушанаванне іх адбывалася якраз напярэдадні Дня настаўніка ў сталічным атэлі “Crownе Plaza”. Дарэчы, гэтую па­дзею газета вяшчала ў прамым эфіры на нашым уласным інтэрнэт-тэлеканале, і яе маглі пабачыць у гэты час тыя, хто зайшоў на педагагічнай прэсы www.ng-press.by/tv. На сайце “Настаўніцкай газеты” ў найбліжэйшы час мы размесцім відэазапіс цырымоніі ўручэння ўзнагарод.

Першы конкурс “Адкрыты ўрок” наша газета правяла ў 2003 годзе, з таго часу было праведзена ўжо сем конкурсаў. Дзясяткі настаўнікаў-прадметнікаў сталі прызёрамі конкурсу, звыш сотні ўрокаў былі надрукаваны на старонках газеты. Сярод сёлетніх пераможцаў конкурсу — педагогі з вялікім стажам і тыя, хто толькі пачынае сваю працоўную дзейнасць, з буйных школ і маленькіх базавых, удзельнікі шматлікіх конкурсаў, такіх як “Настаўнік года”, метадычных распрацовак, і яшчэ пакуль нікім не адкрытыя імёны.

Галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў назваў конкурс “Адкрыты ўрок” святам педагагічнай творчасці і майстэрства. Сёння конкурс заняў годнае месца сярод рэспубліканскіх конкурсаў метадычных распрацовак педагагічных работнікаў. Вадзім Аляксандравіч падкрэсліў, што педагогі павінны актыўна дэманстраваць сваю творчасць, і параіў пераможцам вучыцца ўменню прадстаўляць сябе ў сваіх калег, членаў клуба “Крыштальны журавель”, якія да таго ж ужо не першы конкурс дапамагаюць нам ацэньваць работы педагогаў. В.А.Кнышаў па­дзякаваў работнікам АПА, БДУ і членам клуба “Крыштальны журавель”, якія выступалі ў якасці членаў журы Сёмага конкурсу “Адкрыты ўрок”.

У гэтым годзе на конкурс “Адкрыты ўрок” было даслана больш за 600 урокаў, да ўдзе­лу ў спаборніцтвах былі дапушчаны 546. Конкурс праводзіўся па чатырох намінацыях: ацэньваліся ўрокі па прадметах гуманітарнага, фізіка-матэматычнага, прыродазнаўчага цыкла і ўрок або факультатыўныя заняткі па замежнай мове. У выніку атрымалася 13 пераможцаў (адзін інтэграваны ўрок) за 12 урокаў — па 3 урокі ў кожнай намінацыі. Таксама двум настаўнікам былі ўручаны гран-пры.

Як заўважыў намеснік рэдактара “Настаўніцкай газеты” вядучы святочнага мерапрыемства Уладзімір Ула­дзіміравіч Фалалееў, якія б новыя назвы ўрок не атрымліваў, ён усё роўна застанецца самай галоўнай настаўніцкай справай. На старонках “Настаўніцкай газеты” мы часта пішам пра тое, якім павінен быць сучасны ўрок, якія метады і прыёмы выкарыстоўваюць настаўнікі ў сваёй дзейнасці, разважаем, які ўрок можна лічыць лепшым.

У кожнага настаўніка, безумоўна, сваё ўяўленне аб тым, з чаго складаецца паспяховы ўрок. Падчас уручэння ўзнагарод многія пераможцы конкурсу “Адкрыты ўрок” узгадвалі гісторыю стварэння сваіх урокаў-пераможцаў, расказвалі пра свае і вучнёўскія ўражанні ад іх правя­дзення. А колькі апладысментаў і добрых слоў яны атрымалі ў канцы гэтых урокаў! Педагогі прызналіся, што не пісалі іх спецыяльна да конкурсу, іх першымі натхняльнікамі былі вучні. Намаганні настаўнікаў былі накіраваны на тое, каб гэтыя ўрокі дзеці памяталі ўсё жыццё і лі­чылі карыснымі для сябе. Педагогі выказвалі ўдзяч­насць “Настаўніцкай газеце”, якая дае магчымасць прадэман­страваць сваё майстэрства, журы за высокую ацэнку работ і за сённяшняе свята.

Святочны настрой дапамагалі ствараць пераможцы конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца”, арганізатарам якога таксама з’яўляецца “Настаўніцкая газета”.

Усе ўрокі — пераможцы Сёмага конкурсу “Адкрыты ўрок” будуць надрукаваны на старонках нашай газеты, а паралельна з гэтым на сайце газеты будуць выкладвацца мультымедыйныя дадаткі да ўрокаў (прэзентацыі, відэа, аўдыя і інш.).

Уручаючы ўзнагароды пераможцам конкурсу, адна з членаў журы, пераможца конкурсу “Настаўнік года-2011”, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 Дзятлава Інеса Уладзіміраўна Зубрыліна заўважыла, што сапраўдную радасць і свята педагог адчувае тады, калі ўрок атрымліваецца нават большым за той, які задумаў, і пажадала, каб кожны ўрок для педагогаў быў пераможным для іх асабіста.

Як прызналася старшыня журы конкурсу “Адкрыты ўрок” начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА Ірына Віктараўна Багачова, працаваць на конкурсе вельмі адказна, цікава і хвалююча. З кожным годам урокі становяццца ўсё больш граматныя і цікавыя, таму выбіраць становіцца ўсё складаней. Конкурс “Адкрыты ўрок” стаў магутным штуршком для развіцця асаблівага педагагічнага жанру — напісання ўрокаў.

“Не сакрэт, што многія настаўнікі праводзяць добрыя ўрокі, але напісаць, прадставіць іх не могуць, — заўважыла І.В.Багачова. — Калі слухачы на курсах нядаўна спыталіся ў мяне, як пішуцца мэты ўрока, то я адзначыла: “Настаўніцкая газета” будзе друкаваць урокі пераможцаў конкурсу “Адкрыты ўрок”, спісвайце. Усе 38 урокаў, якія выйшлі ў фінал у гэтым годзе, годныя таго, каб іх друкавалі”.

І.В.Багачова прапанавала арганізаваць таварыства альбо клуб пераможцаў конкурсу “Адкрыты ўрок”, каб іх майстэрства і талент яшчэ больш служылі сістэме адукацыі нашай краіны, а таксама заклікала педагогаў часцей выступаць на старонках “Настаўніцкай газеты”, прадстаўляць пазітыўныя прыклады сваёй работы і выказваць сваё меркаванне па надзённых праблемах сучаснай школы.

У адным з наступных нумароў “Настаўніцкай газеты” мы падрабязна пагаворым пра вартасці і недахопы ўрокаў, якія былі прадстаўлены на конкурс, абмяркуем пытанні яго далейшага развіцця, а члены журы дадуць рэкамендацыі будучым удзельнікам ужо Восьмага конкурсу “Адкрыты ўрок”.

Сёння ўвесь дадатак “Партфоліа” прысвечаны пераможцам Сёмага конкурсу “Адкрыты ўрок”. Знаёмцеся з нашымі новымі героямі!

Надпрадметнае журы Сёмага конкурсу метадычных распрацовак педагагічных работнікаў Рэспублікі Беларусь “Адкрыты ўрок” у складзе Ірыны Віктараўны Багачовай (сустаршыня, Мінск), Уладзіміра Уладзіміравіча Фалалеева (сустаршыня, Мінск), Таццяны Віктараўны Батура (Мінск), Вольгі Аляксандраўны Блажко (Гомель), Венеры Міхайлаўны Варановіч (Мінск), Інесы Уладзіміраўны Зубрылінай (Дзятлава, Гродзенская вобласць), Марыны Уладзіміраўны Крыловіч (Мінск), Дзмітрыя Генадзьевіча Мацкевіча (Браслаў, Віцебская вобласць), Івана Віктаравіча Фёдарава (Мінск), прачытаўшы і прааналізаваўшы 38 (трыццаць восем) работ канкурсантаў, прадстаўленых на конкурс і адабраных прадметным журы ў якасці фіналістаў, вызначылі 12 урокаў-пераможцаў у 4 намінацыях:

Намінацыя “Лепшы ўрок па прадмеце гуманітарнага напрамку”

(беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура, гісторыя, грамадазнаўства ў 5—11 класах):

1. Урок у 6 класе на тэму “Пачатак выкарыстання металу на беларускіх землях” (дысцыпліна “Гісторыя Беларусі”) настаўніка Ленінскага вучэбна-педагагічнага комплексу “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці Сяргея Міхайлавіча Герасімовіча.

2. Інтэграваны ўрок у 11 класе на тэму “Рассказ М.Шолохова “Судьба человека” — воплощение трагической судьбы советского народа в годы Великой Отечественной войны” (дысцыпліны “Руская літаратура”, “Сусветная гісторыя”) настаўніц гімназіі № 5 Віцебска Марыны Аляксандраўны Тугарынавай і Ларысы Станіславаўны Хацкевіч.

3. Урок у 6 класе на тэму “Узнікненне ісламу і Арабскі Халіфат” (дысцыпліна “Сусветная гісторыя”) настаўніцы сярэдняй школы № 2 Асіповіч Магілёўскай вобласці Наталлі Мікалаеўны Шчарбачэні.

Уладальнік гран-пры — настаўнік Ленінскага вучэбна-педагагічнага комплексу “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці Сяргей Міхайлавіч Герасімовіч.

 

Намінацыя “Лепшы ўрок па прадмеце фізіка-матэматычнага напрамку”

(фізіка, матэматыка, інфарматыка ў 5—11 класах):

1. Урок у 11 класе на тэму “Фотаэфект. Эксперыментальныя законы знешняга фотаэфекту. Квантавая гіпотэза Планка. Тэорыя фотаэфекту” (дысцыпліна “Фізіка”) настаўніцы Брылёўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна Гомельскай вобласці Людмілы Мікалаеўны Новік.

2. Урок у 8 класе на тэму “Разлік супраціўлення правадніка. Удзельнае супраціўленне” (дысцыпліна “Фізіка”) настаўніцы сярэдняй школы № 24 Гомеля Надзеі Ула­дзіміраўны Процык.

3. Урок у 8 класе на тэму “Выпраменьванне. Эканомія цеплавой энергіі ў побыце” (дысцыпліна “Фізіка”) настаўніцы сярэдняй школы № 8 Жодзіна Мінскай вобласці Элы Мікалаеўны Якубоўскай.

У гэтай намінацыі журы вырашыла гран-пры не прысу­джаць.

 

Намінацыя “Лепшы ўрок па прадмеце прыродазнаўчага напрамку”

(прыродазнаўства, хімія, біялогія, геаграфія ў  5—11 класах):

1. Урок у 6 класе на тэму “Паверхневыя воды. Рака і яе часткі” (дысцыпліна “Геаграфія”) настаўніцы вучэбна-педагагічнага комплексу “Мальскі дзіцячы сад — базавая школа” Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці Алены Канстанцінаўны Касцюк.

2. Урок у 8 класе на тэму “Асяроддзе пражывання, знешняя будова земнаводных. Шкілет” (дысцыпліна “Біялогія”) настаўніцы сярэдняй школы № 6 Ліды Гродзенскай вобласці Таццяны Іванаўны Лагуноўскай.

3. Урок у 8 класе на тэму “Вада — універсальны растваральнік. Растворы” (дысцыпліна “Хімія”) настаўніцы гімназіі № 1 Ваўкавыска Гродзенскай вобласці Алены Мікалаеўны Лебядзевіч.

Уладальнік гран-пры — настаўніца вучэбна-педагагічнага комплексу “Мальскі дзіцячы сад — базавая школа” Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці Алена Канстанцінаўна а Касцюк.

 

Намінацыя “Лепшы ўрок ці факультатыўныя заняткі па замежнай мове”

(англійская мова, нямецкая мова, французская мова, іспанская мова):

1. Урок у 10 класе на тэму “Праблемы моладзі. Бацькі і дзеці” (дысцыпліна “Замежная мова (ісп.)”) настаўніцы гімназіі № 2 Ваўкавыска Гродзенскай вобласці Юліі Уладзіміраўны Касталомавай.

2. Урок у 9 класе на тэму “Стэрэатыпы аб шатландцах” (дысцыпліна “Замежная мова (англ.)”) настаўніка ліцэя Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Аляксандра Мар’янавіча Сарокі.

3. Урок у 7 класе на тэму “Здаровы лад жыцця” (дысцыпліна “Замежная мова (ням.)”) настаўніцы сярэдняй школы № 34 Мінска Вольгі Уладзіміраўны Сцебіхавай.

У гэтай намінацыі журы вырашыла гран-пры не прысу­джаць.