Увага — бяспецы дзяцей і занятасці падлеткаў

- 11:21Планёрка ў рэгіёне

Сістэма адукацыі Асіповіцкага раёна ўвесь час актыўна развіваецца. У рэгіёне цвёрда трымаюць руку на пульсе педагагічнага жыцця, што дапамагае быць у тонусе ўсім удзельнікам вучэбна-выхаваўчага працэсу. Пра адметнасці і дасягненні ў сваёй галіне расказвае начальнік аддзела па адукацыі Асіповіцкага райвыканкама Магілёўскай вобласці Наталля ШАЎЧЭНКА.

— Навучальны год насычаны падзеямі як для вучняў, так і для педагогаў. Што цікавага адбывалася ва ўстановах вашага раёна ў першай чвэрці?

 — Мы — актыўныя ўдзельнікі інавацыйнай дзейнасці. У 2019/2020 навучальным годзе шэсць устаноў адукацыі раёна з’яўляюцца рэспубліканскімі інавацыйнымі пляцоўкамі: сярэднія школы №№ 2, 3, 4 Асіповіч, гімназія Асіповіч, Асіповіцкі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, Дараганаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа. Цікавым вопытам работы ў гэтым напрамку лічым правядзенне раённага Дня інавацый, у рамках якога педагогі ўстаноў прадставілі сістэму работы па арганізацыі і ўкараненні інавацыйных праектаў; да­дзена панарама адкрытых урокаў, факультатыўных заняткаў; арганізаваны выставы па тэме інавацый. Прадстаўлены вопыт работы быў карысны ўсім кіраўнікам і педагогам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна не толькі ў якасці арыенціра, але і ў якасці індыкатара, які дазваляе ўбачыць узровень уласнага досведу, дапоўніць яго чымсьці новым.

Раён з’яўляецца пляцоўкай для правядзення абласных семінараў. Так, у кастрычніку 2019 года на базе ясляў-сада № 10 “Расінка” Асіповіч праведзена абласная панарама вопыту для кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі па тэме “Выкарыстанне вынікаў вопыту інавацыйнай дзейнасці ў практыцы работы ўстаноў дашкольнай адукацыі”. Парадавала першая чвэрць перамогамі ў розных спаборніцтвах. Навучэнцы Асіповіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі занялі 26 прызавых месцаў па выніках у­дзелу ў абласных спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні, скалалажанні, у Міжнародным творчым конкурсе “Творчасць без меж”, у міжнародным спаборніцтве па турыстычна-прыкладным мнагабор­стве, у турыстычным злёце навучэнцаў Саюзнай дзяржавы.

— Якую ролю адводзіце дзейнасці РВМК?

— Метадычная сетка раёна ўключае ў сябе 29 метадычных аб’яднанняў, 9 міжшкольных метадычных аб’яднанняў, 12 творчых груп, 5 майстар-класаў. Забяспе­чыць гнуткасць і аператыўнасць метадычнай работы, вызначыць тэндэнцыі развіцця метадычнай дзейнасці і яе прыярытэтныя напрамкі закліканы раённы метадычны савет, у склад якога ўваходзяць метадысты, кіраўнікі ўстаноў адукацыі. На пасяджэнні савета таксама запрашаюцца творчыя педагогі, кіраўнікі майстар-класаў, творчых груп.

Склад педагагічных кадраў раёна разнастайны па ўзросце, педагагічным вопыце, прафесіяналізме. У сувязі з гэтым у метадычнай рабоце выкарыстоўваецца шматузроўневы падыход. Умоўна педагогі па­дзелены на тры групы: станаўлення педагагічнага майстэрства; удасканалення педагагічнага майстэрства; высокага педагагічнага майстэр­ства. З улікам гэтага і сфарміравана метадычная прастора раёна. Пра выніковасць метадычнай работы гавораць наступныя дасягненні педагогаў раёна на міжнародным і рэспубліканскім узроўнях. Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Асіповіч Таццяна Амбрушкевіч стала лаўрэатам Міжнароднага конкурсу педагагічнага майстэрства для настаўнікаў, якія працуюць у білінгвальным і шматмоўным асяроддзі, у намінацыі “Тэорыя і практыка сучаснага ўрока для дзяцей-білінгваў. Урок XXI стагоддзя”.

Па выніках удзелу ў XVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі ў рамках Года малой радзімы дыпломам I ступені ўзнагароджаны настаўніца гісторыі Н.М.Шчарбачэня, настаўніца інфарматыкі С.В.Панчук сярэдняй школы № 2 Асіповіч, дыпломам III ступені ўзнагароджана настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 4 Асіповіч А.Г.Анціховіч. У рэспубліканскім праекце “Мы гаворым пра Пушкіна” ў намінацыі “Душа ў запаветнай ліры …” дыпломам II ступені ўзнагароджана настаўніца Ялізаўскай сярэдняй школы Л.М.Навакоўская; дыпломам III ступені — І.С.Більдзюк  з сярэдняй школы № 4 Асіповіч; у намінацыі “Пушкінград” лаўрэатам стала І.А.Шаблінская з сярэдняй школы № 4 Асіповіч.

Настаўніца пачатковых класаў гімназіі Асіповіч К.С.Булычова ўзнагароджана дыпломам II ступені па выніках удзелу ў Рэспубліканскім конкурсе метадычных распрацовак настаўнікаў пачатковых класаў “Творчасць маладых педагогаў” (у намінацыі “Працуем у беларускамоўнай школе”). Настаўніца матэматыкі Вязьеўскай сярэдняй школы А.В.Гаўруковіч узнагароджана дыпломам II ступені за метадычную распрацоўку ўрока матэматыкі для 5 класа па выніках удзелу ў рэспубліканскім завочным конкурсе метадычных распрацовак “Сучасны ўрок матэматыкі”.

— Пытанне па арганізацыі  профільнага навучання, арганізацыі  профільных класаў: ці ёсць у вас педкласы, агракласы? Як арганізуеце дапрофільную падрыхтоўку школьнікаў у новым навучальным годзе?

— У гэтым навучальным годзе профільнае навучанне арганізавана ў 17 установах для 332 вучняў 10—11 класаў (агульная колькасць вучняў 10—11 класаў — 503). У рамках профільнага навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуюць класы прафесійнай накіраванасці для арыентацыі вучняў на атрыманне педагагічных і сельскагаспадарчых спецыяльнасцей. Адкрыты два профільныя класы (Каменіцкі дзіцячы сад —сярэдняя школа, Дараганаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа) і тры профільныя групы (Пратасевіцкая сярэдняя школа, Татаркаўская сярэдняя школа, Жорнаўская сярэдняя школа імя М.П.Каралёва) з вывучэннем асобных прадметаў на павышаным узроўні і абавязковых факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”.

У пяці ўстановах функцыяну­юць профільныя групы педагагічнай накіраванасці з вывучэннем абавязковых факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”: гімназія Асіповіч, сярэднія школы №№ 1, 3, 4, Свіслацкая сярэдняя школа Асіповіцкага раёна. Акрамя таго, у 2019/2020 навучальным го­дзе арганізавана вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні для навучэнцаў 5—9 класаў у 8 установах адукацыі (715 навучэнцаў). 129 навучэнцаў 9-х класаў наведваюць факультатыўныя заняткі “Мая прафесійная будучыня”, “Асновы выбару прафесіі”. 

— Што больш за ўсё хвалюе начальніка аддзела адукацыі сёння?

— Па-першае, стварэнне бяспечных умоў для навучання і выхавання, фарміраванне бяспечных і адказных паводзін навучэнцаў, што ўключае ў сябе ўкараненне здароўезберагальных тэхналогій, удасканаленне сістэмы арганізацыі харчавання, узмацненне патрабаванняў да прапускнога рэжыму. Рэалізацыі гэтай мэты спрыяла адкрыццё ў кастрычніку 2018 года раённага адукацыйнага цэнтра па бяспецы, на базе якога пры ўзаемадзеянні ўсіх зацікаўленых службаў забяспечана навучанне школьнікаў асновам бяспекі жыццядзейнасці. За мінулы навучальны год цэнтр бяспекі наведалі 3354 навучэнцы. Па-другое, удасканаленне сістэмы занятасці непаўналетніх у вольны ад вучобы час шляхам павелічэння колькасці аб’яднанняў па інтарэсах па кірунку “Робататэхніка”, пашырэнне пераліку адукацыйных праграм дадатковай адукацыі тэхнічнага профілю за кошт такіх кірункаў, як IT-тэхналогіі, радыёканструяванне, а таксама стварэнне ў раёне міжшкольнага цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.