Увасабленне працаздольнасці, творчасці і ініцыятывы

- 12:22Якасць адукацыі

Калі трэба азнаёміцца больш дакладна з новым напрамкам, які рэалізоўваецца ў сістэме прафесійнай адукацыі, запазычыць вопыт у арганізацыі вучэбнага працэсу і вытворчай практыкі, даведацца, як працуе міжшкольны факультатыў, над чым сканцэнтравалі ўвагу юныя даследчыкі, якія рэцэпты закладзены ў вырабе навучэнскага хлеба і сыру, як вырасціць кававае дрэва на падаконніку, то без вагання накіроўвайцеся ў Слуцкі дзяржаўны каледж: там вам дадуць адказ на любое пытанне і падзеляцца сваімі здабыткамі. Інавацыйны падыход у кожным кірунку — гэта залог паспяховай прадукцыйнай дзейнасці каледжа, гэта той механізм, без якога немагчыма расці, рухацца наперад, а значыць, быць, як сёння кажуць, у трэндзе. Гістарычны шлях гэтай установы вымяраецца ўжо 70 гадамі. Пачынаючы са слуцкай школы сыраробаў, установа вырасла ў шматфункцыянальны, шматпрофільны каледж, дзе рыхтуюць кадры для перапрацоўчай прамысловасці і грамадскага харчавання. Няма ніводнага калектыву профільных прадпрыемстваў і арганізацый у краіне, дзе б не працавалі выпускнікі каледжа. А гэта тысячы і тысячы рабочых і спецыялістаў.

Ды і ўзнагарод у каледжа — не злічыць. Першыя, лепшыя, непаўторныя… Гэтыя эпітэты сталі яскравым увасабленнем працаздольнасці, творчасці і ініцыятывы калектыву, які ўзначальвае патомны педагог і кіраўнік Барыс Браніслававіч БЛАХІН.

На гэты раз мы звярнуліся ў каледж з нагоды арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў 10—11 класаў, якая пачалася ў гэтым навучальным годзе.

Пытанне камплектавання ўстановы матываванымі падлеткамі, фарміравання навучэнскага складу з ліку тых, хто ўсвядомлена выбраў прафесіі перапрацоўчай прамысловасці і грамадскага харчавання, заўсёды было першарадным для кіраўніцтва каледжа. Мала скіраваць на гэта калектыў установы, трэба яшчэ стварыць адпаведныя ўмовы, каб навучэнцам было камфортна і цікава вучыцца. Вучэбныя заняткі арганізаваны па схеме “вучэбны кабінет — вучэбная лабараторыя — вытворчасць”.

Базай вытворчага навучання па спецыяльнасцях тэхналогій хлебапякарнай і малочнай вытворчасці, кухарскай і гандлёвай справы і замацавання навыкаў ва ўмовах рэальнай вытворчасці з’яўляюцца перапрацоўчыя прадпрыемствы Слуцка, арганізацыі грамадскага харчавання і гандлёвай справы.

— Мы імкнёмся рыхтаваць спецыяліста-практыка, які мог бы паспяхова працаваць у калектыве, быў адаптаваны на вытворчасці, мог самастойна прымаць рашэнні, звязаныя з выкананнем вытворчых задач, — адзначае дырэктар каледжа Барыс Браніслававіч Блахін. — Практыкаскіраванасць — галоўны кірунак дзейнасці ўстановы, і, улічваючы яе значнасць, нам удаецца практычна для ўсіх навучэнцаў арганізаваць вытворчую практыку ў арганізацыях — заказчыках кадраў на рабочых месцах з далейшым працаўладкаваннем.

Калі з гэтага навучальнага года, па ўказанні Міністэрства адукацыі, ва ўстановах прафесійнай адукацыі пачалася прафесійная падрыхтоўка школьнікаў 10—11 класаў, Б.Б.Блахін успрыняў гэты крок як дакладны, прадукцыйны напрамак у прафесійным вызначэнні школьнікаў.

— Практычны складнік такой падрыхтоўкі стане асноватворным у прафесійным выбары нашых падлеткаў, — адзначае Барыс Браніслававіч. — Чым раней мы будзем далучаць нашу моладзь да прафесійнай дзейнасці, тым больш якаснай будзе іх прафесійная падрыхтоўка ва ўстанове, тым больш кваліфікаваным выпускнік каледжа прыйдзе працаваць на вытворчасць.

Высока ацэньваючы значнасць прафарыентацыйнай работы сярод моладзі, у каледжы яшчэ 3 гады назад адкрылі міжшкольны факультатыў па дапрафесійным навучанні для вучняў 8—9 класаў агульнаадукацыйных устаноў, дзейнасць якога можна назваць уводзінамі ў прафесію.

Школьнікі знаёмяцца з прафесіямі аператара лініі па вырабе харчовай прадукцыі і кухара.

— У працэсе навучання міжшкольнага факультатыву мы даём магчымасць вучням школ не толькі пазнаёміцца з будучай прафесіяй тэарэтычна, але і самім паўдзельнічаць у вырабе розных відаў прадукцыі, развіваць свае творчыя здольнасці, праяўляць фантазію, — расказвае Ала Мікалаеўна Матусевіч, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце. — Нашы педагогі знаёмяць дзяцей з практычным засваеннем прафесіі не толькі ў вучэбных лабараторыях, але і на самой вытворчасці. А вучням школ вельмі падабаецца папрактыкавацца непасрэдна ў цэхах прадпрыемстваў і арганізацый Слуцка, хаця б на самых лёгкіх аперацыях, але разам з гэтым адчуць сваю значнасць у вытворчым працэсе.

Базавыя прадпрыемствы каледжа — заказчыкі кадраў ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат”, КУП “Універмаг “Слуцк”, арганізацыі грамадскага харчавання горада добразычліва сустракаюць школьнікаў, успрымаюць іх патэнцыяльнымі рабочымі кадрамі, якія ў хуткім часе прыйдуць на вытворчасць. А так і атрымліваецца. Пасля заканчэння навучання на міжшкольным факультатыве значная частка выпускнікоў школ паступае ў Слуцкі дзяржаўны каледж, каб атрымаць прафесію, якая захапіла ў час знаёмства з ёй.

Кірунак дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў — найбольш удалы спосаб наблізіць падлеткаў да выбару прафесіі, зрабіць гэты выбар асэнсаваным, матываваным, каб школьнік пры выбары сваёй працоўнай дзейнасці мог скарыстацца не толькі парадай каго-небудзь, не заўсёды аб’ектыўнай, а сам, сваімі рукамі, мог дакрануцца да прафесіі, паспрабаваць сябе ў вытворчым працэсе.

— Вельмі важна яшчэ са школы сарыентаваць вучняў, куды ісці вучыцца, — зазначае Ала Мікалаеўна. — Не навязваць, не прымушаць, а крок за крокам падводзіць да гэтага выбару, каб ён дакладна сфарміраваўся ў падлетка і каб, пачынаючы вучобу, ён ведаў асновы гэтай прафесіі.

З гэтага навучальнага года ў каледжы арганізавана прафесійная падрыхтоўка школьнікаў 10—11 класаў слуцкіх школ. Гандлёвай справе вучыць школьнікаў майстар вытворчага навучання Таццяна Анатольеўна Радзюкевіч, пераможца абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства сярод майстроў вытворчага навучання “Майстар года — 2015”.

— Да нас у групу па прафесіі “Прадавец” прыходзяць вучні слуцкіх школ. У асноўным гэта дзяўчынкі, але ёсць і адзін хлопец, якому цікава гандлёвая справа, — расказвае Таццяна Анатольеўна. — Школьнікі займаюцца ў нас толькі некалькі месяцаў, але адразу відаць, наколькі ім цікава выбраная прафесія. Яны з задавальненнем вывучаюць тэорыю гандлёвай справы, засвойваюць вагавымяральнае і касавае абсталяванне. І амаль што рвуцца на работу ў магазін, каб праверыць свае ўменні непасрэдна пры абслугоўванні пакупнікоў.

Таццяна Анатольеўна працуе ў каледжы больш за 20 гадоў і за гэты час падрыхтавала тысячы прадаўцоў для гандлю Слуцка і іншых гарадоў. Вось і нядаўна для случчан адкрыўся новы магазін, кіраўніцтва якога і ўвесь калектыў сфарміраваны з выпускнікоў установы. Па словах майстра, выпускнікі каледжа прафесійна растуць, будуюць сваю кар’еру, многія ўжо сталі не толькі дырэктарамі магазінаў, а кіраўнікамі іншых падраздзяленняў гандлёвай галіны.

— Калі я ўпершыню прыйшла ў каледж, то мне тут адразу спадабалася, — дзеліцца сваімі пачуццямі школьніца Аксана Няронская. — У каледжы вельмі камфортна, добразычліва, педагогі вельмі сардэчныя, вучыцца вельмі цікава.

Аксана ў вольны час працуе ў гандлёвай кропцы і вельмі задаволена.

— Калі б я не прыйшла ў каледж на прафесійную падрыхтоўку, то, магчыма, яшчэ б не вызначылася з будучай прафесіяй, — паведамляе дзяўчына. — А цяпер я дакладна ведаю, чым заняцца пасля школы. Тым больш што гэтай падрыхтоўкі мне хопіць, каб працаваць самастойна. Я буду імкнуцца атрымаць максімальны 4 разрад. А менавіта такі прысвойваюць у каледжы, калі добра вучышся.

Для падрыхтоўкі школьнікаў па прафесіі слесара-рамонтніка падключаны як сталыя, так і маладыя педагогі. У тандэме вопыту і маладосці працуюць майстар вытворчага навучання Н.В.Кульбіцкая і выкладчык спецдысцыплін М.В.Мяцельская. Іх выхаванцы з радасцю наведваюць прафесійную падрыхтоўку, і, магчыма, у найбліжэйшай будучыні ўчарашнія школьнікі, якія вучыліся ў групах прафесійнай падрыхтоўкі, прыйдуць у каледж удасканальваць свае веды і прафесійныя навыкі.

— Мы пачалі прафесійную падрыхтоўку па дзвюх прафесіях, але гэта толькі пачатак, — расказвае Б.Б.Блахін. — Мяркуючы па зацікаўленасці дзяцей, па актыўным наведванні, мы абавязкова пашырым пералік прафесій для прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў 10—11 класаў. Плануем, што ў гэтым спісе будуць такія прафесіі, як электраманцёр, пекар, цеставод, вырабляльнік марожанага і іншыя.

Каб зацікавіць прафесіяй, варта мець сучаснае абсталяванне. У каледжы створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база па прафесійнай падрыхтоўцы школьнікаў Слуцка. Вучэбныя кабінеты, лабараторыі і майстэрні аснашчаны сучасным абсталяваннем, многія працэсы набліжаны да вытворчых і ўяўляюць сабой міні-вытворчасць. Акрамя таго, школьнікі замацоўваюцца на рабочых месцах прадаўцоў на базавых прадпрыемствах і ў першую чаргу ва ўнівермагу “Слуцк”, а слесараў-рамонтнікаў — на Слуцкім заводзе пад’ёмна-транспартнага абсталявання.

У каледжы працуе рэсурсны цэнтр, аснашчаны найноўшым тэхналагічным абсталяваннем. Плануецца набыць унікальнае сыраробнае вытворчае абсталяванне, дзякуючы якому можна будзе вырабляць сыр з далейшай рэалізацыяй.

Прафесіі перапрацоўчай прамысловасці прадугледжваюць не толькі выкананне спецыялістам сваіх прафесійных абавязкаў пры вырабе прадуктаў, але і даследаванне іх вытворчасці, удасканаленне якасці, каб яны былі найбольш карыснымі для здароўя спажыўцоў.

Даследчая і навуковая работа вядзецца ў каледжы ўжо даўно і даволі эфектыўна. Аб гэтым сведчыць з’яўленне новых відаў хлебапякарнай і малочнай прадукцыі. Напрыклад, хлеб “Навучэнскі”, масла і сыр з разнастайнымі напаўняльнікамі (мёд, арэхі, травы, прыправы) і шэраг іншай прадукцыі сталі вынікам навукова-даследчай работы выхаванцаў каледжа.

Вынікамі даследчай работы можна назваць удзел педагогаў каледжа ў ролі дэгустатараў у ацэнцы якасці прадуктаў на конкурсе “Чэмпіён густу”, а таксама ў тэлевізійнай перадачы “Школа кулінарнага майстэрства”.

Каледж працуе ў цесным кантакце з Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам “Інстытут мяса-малочнай прамысловасці” Нацыянальнай акадэміі навук, дзе разам з вопытнымі вучонымі і даследчыкамі педагогі і навучэнцы прымаюць удзел у даследаванні прадуктаў. Навучэнец каледжа Валерый Піліпенка першую сваю распрацоўку ўжо прадстаўляў на конкурсе навуковых работ і атрымаў дыплом. Цяпер новая тэма: “Вывучэнне ўздзеяння мікраарганізмаў ацыдафільнай закваскі на якасць функцыянальных малочных прадуктаў з павышанай біялагічнай каштоўнасцю”.

Педагогі-даследчыкі Л.У.Абрацінская і Л.А.Марозава лічаць, што вельмі важны практыка-арыентаваны падыход у навучанні, каб малады спецыяліст не толькі ведаў механізм сваёй работы на вытворчасці, а мог аналізаваць склад і якасць прадуктаў, якія вырабляюцца, даваць ацэнку вытворчаму працэсу і ўвогуле павінен мець даследчыя навыкі. Новая даследчая работа прысвечана ўзмацненню лячэбных якасцей кісла-малочных прадуктаў за кошт дабавак, якія служаць для прафілактыкі захворванняў, павышэння імунітэту, асабліва ў зімовы перыяд. Былі распрацаваны 4 такія дабаўкі.

— Пасля заканчэння каледжа я ў хуткім часе буду працаваць тэхнікам-тэхнолагам, таму даследаванне вельмі мне спатрэбіцца. Я планую, што буду ім займацца на вытворчасці, — расказвае Валерый Піліпенка. — Увогуле, малочная прамысловасць — гэта прастора для стварэння новых, больш якасных і карысных прадуктаў. Я мару, што прысвячу гэтаму сваю дзейнасць. А тыя даследчыя веды, якія я набыў у каледжы, спатрэбяцца мне і далей.

Мяркуючы па плённай дзейнасці Слуцкага дзяржаўнага каледжа, можна з упэўненасцю сказаць, што гэтая ўстанова рыхтуе не проста прафесіянала, а ўдумлівага, творчага чалавека, даследчыка з развітым мысленнем і інтэлектам. Менавіта такія кадры чакае сёння высокатэхналагічная вытворчасць нашай краіны.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.