Узнагароды для мужных і адказных

- 12:12Якасць адукацыі

Прызёраў і пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы маладзёжны атрад аховы правапарадку і лепшы штаб МААП узнагародзілі ў зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Урачыстасць стала цэнтральнай падзеяй святочнага мерапрыемства, якое прайшло 6 лютага з нагоды 15-годдзя стварэння першых атрадаў маладзёжнага руху БРСМ.

Мужнасць, адказнасць, Айчына, патрыятызм — менавіта гэтыя словы, што сталі дэвізам руху МААП, аб’ядноўваюць сёння каля 15 тысяч юнакоў і дзяўчат, якія забяспечваюць грамадскі парадак падчас правядзення масавых мерапрыемстваў, папярэджваюць злачынствы і правапарушэнні, дарожна-транспартныя здарэнні, дапамагаюць затрымліваць злачынцаў, ратуюць чалавечыя жыцці.

За 15 гадоў атрады аховы правапарадку зарэкамендавалі сябе як надзейныя партнёры і незаменныя памочнікі міліцыі, пажарных-ратавальнікаў. Мужныя ўчынкі маладых людзей не застаюцца незаўважанымі, краіна павінна ведаць сваіх герояў. Падчас урачыстага мерапрыемства мужныя і адказныя атрымалі заслужаныя ўзнагароды ад прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў.

Ганаровыя госці ў сваім звароце да юнакоў і дзяўчат адзначалі вялікую ролю маладзёжных атрадаў аховы правапарадку ў справе забеспячэння спакою і закону на вуліцах гарадоў і вёсак, выказалі ўпэўненасць, што ўзаемадзеянне неабыякавых маладых людзей з супрацоўнікамі праваахоўных органаў будзе толькі ўзрастаць. Яскравым пацвярджэннем такога супрацоўніцтва з’яўляецца той факт, што ў 2018 годзе 331 удзельнік МААП атрымаў рэкамендацыі для паступлення ў профільныя УВА Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, органаў пагранічнай службы.

Па выніках рэспубліканскага конкурсу лепшым маладзёжным атрадам аховы правапарадку па ўзаемадзеянні з Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь стаў атрад Заводскага раённага камітэта БРСМ Мінска, лепшым атрадам па ўзаемадзеянні з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях — атрад сталічнага Партызанскага раённага камітэта БРСМ. Лепшым камандзірам МААП прызнаны Аляксей Вятошкін з БДУ. У намінацыі “Лепшы тэрытарыяльны аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі па ўзаемадзеянні з МААП” пераможцам стаў аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС, а званне “Лепшы абласны (Мінскі гарадскі) штаб МААП БРСМ” прысуджана Мінскаму абласному штабу маладзёжных атрадаў аховы правапарадку.

Падчас урачыстасці шэраг актывістаў МААП узнагароджаны нагрудным знакам “За адзнаку ў ахове правапарадку”, граматай Цэнтральнага камітэта БРСМ. Сярод іх і вучні 9 класа, якія сваім подзвігам праславіліся на ўсю краіну: навучэнец сярэдняй школы № 1 Лагойска Данііл Мароз (выратаваў дзяўчынку, якая правалілася пад лёд на рэчцы Гайне) і навучэнец сярэдняй школы № 13 Слуцка Данііл Жданко (праявіў адвагу пры выратаванні чалавека з палаючага дома).

Дыпломы атрымалі і прызёры Рэспубліканскага конкурсу на лепшы сацыяльны ролік, накіраваны на прафілактыку распаўсюджання наркаманіі. Пераможцам стаў навучэнец сярэдняй школы № 55 Мінска Іван Наркевіч. Па словах вучня, найлепшы шлях для змагання з распаўсюджваннем наркаманіі — прапаганда спорту. Калі ты выбраў здаровы лад жыцця, то павінен яго прытрымлівацца. Нягледзячы на цяжкасці, не павінен сыходзіць з гэтага шляху, павінен ісці прама. Менавіта пра гэта конкурсная работа Івана, які, дарэчы, актыўна займаецца боксам.

Уганараванні актывістаў МААП прайшлі 6 лютага па ўсёй краіне. Падчас сустрэч удзельнікі руху ў Дзень маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, які быў зацверджаны ў 2012 годзе, прэзентавалі сваю работу, дзяліліся вопытам і атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.