Валанцёры — за бяспеку

- 11:25Сацыяльны ракурс

VII Міжнародная школа Беларускага Чырвонага Крыжа па падрыхтоўцы да надзвычайных сітуацый у партнёрстве з Міністэрствамі ўнутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях прайшла на базе Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі МНС Беларусі ў Барысаўскім раёне.

Удзельнікамі сёлетняй школы сталі валанцёры з 10 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Таджыкістана, Кыргызстана, Ірана, Эстоніі, Балгарыі, Латвіі, Літвы. Да іх далучыліся прадстаўнікі Міжнароднай федэрацыі таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі, Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі і іншых арганізацый.

Тэмай заняткаў у школе стала міграцыя.

— Праблема міграцыі становіцца глабальнай і тычыцца не толькі дзяржаўных органаў і сістэм, — заўважыла генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Мычко. — Галоўная задача — адпрацаваць механізмы ўзаемадзеяння дзяржорганаў, якія курыруюць усе пытанні міграцыі і работу Чырвонага Крыжа.

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў школы была арганізацыя дапамогі вымушаным перасяленцам і мігрантам ва ўмовах сучасных выклікаў. А яшчэ ўдзельнікі VII Міжнароднай школы па падрыхтоўцы да надзвычайных сітуацый правялі 24- гадзінныя палявыя вучэнні ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных. Па легендзе, яны павінны былі справіцца з наплывам вялікай колькасці перасяленцаў. Валанцёры разгарнулі мабільны транзітны лагер, арганізавалі пункты часовага размяшчэння людзей, аказалі першую дапамогу “параненым”, псіхалагічную падтрымку, дапамаглі адшукаць родных.

Акрамя таго, каманды ўдзельнічалі ў аварыйна-выратавальных аперацыях пры транспартных здарэннях, у тушэнні пажараў, пошуках людзей, якія згубіліся ў лесе, эвакуацыі тых, хто трапіў пад завалы. Таксама валанцёры вучыліся працаваць са СМІ ў надзвычайных сітуацыях.

Важным складнікам работы школы быў абмен вопытам і майстар-класы экспертаў з Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа і МНС Беларусі.

— Адна з мэт майго жыцця — зрабіць грамадства больш бяспечным, — адзначыла валанцёр Украінскага Чырвонага крыжа Дар’я Грачышчава. — І такія вучэнні лічу сапраўды важнымі і неабходнымі. Ва Украіне рэгулярна праходзяць нацыянальныя вучэнні па рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі. Цудоўна, што Беларусь дае магчымасць абмяняцца вопытам і палепшыць свае навыкі.

Падрыхтавала Марына ХІДДЖАЗ.