Верыць у цуды

- 11:10Нашы дзеці

Напісаць сцэнарый, падрыхтаваць касцюмы, вывучыць вершы і танцы — гэтыя пераднавагоднія клопаты ў выхаванцаў Панямуньскага дзіцячага дома Гродна завяршыліся цудоўным святам каля ёлкі. Былі тут і казачныя персанажы, і чароўная кніга, і Дзед Мароз са Снягуркай. І, канечне, госці і падарункі.

З падарункамі да дзяцей прыйшлі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Вольга Суворава, прадстаўнікі прад­прыемстваў і арганізацый, якія сяб­руюць з выхаванцамі дзіцячага дома.

— Гэты пераднавагодні час напоўнены мноствам падзей. Адна з іх — Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, — адзначыў старшыня Гро­дзенскага аблвыканкама У.В.Краўцоў. — Сёння хацелася б павіншаваць дзяцей, якім асабліва патрэбны клопат і ўвага, падарыць ім часцінку нашага цяпла, дапамагчы адчуць сябе такімі ж шчаслівымі, як і тыя дзеці, што жывуць у сапраўдных сем’ях. Выхоўваць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія засталіся без бацькоўскай апекі, заўсёды няпроста. Мы пільна сочым за жыццём Панямуньскага дзіцячага дома. Тут працуюць высокакваліфікаваныя, адданыя сваёй справе педагогі, якія з вялікай адказнасцю падыходзяць да дзяцей з такім няпростым лёсам.

У гэтым дзіцячым доме выхоўваецца 48 дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў. Дзеці вучацца ў гарадскіх школах, наведваюць дашкольныя ўстановы, установы дадатковай адукацыі. Як расказала дырэктар Нэлі Стралкоўская, у дзіцячым доме жыве шмат братоў і сясцёр, таму для іх ствараюць такія ўмовы, каб яны былі побач, дапамагалі адно аднаму.

У вобласці засталіся толькі два дзіцячыя дамы — у Гродне і Ваўкавыску. Узяты курс на ўладкаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у дамы сямейнага тыпу. Іх у Гродзенскай вобласці зараз 26. Напярэдадні Новага года яшчэ адзін дом сямейнага тыпу адкрыецца ў абласным цэнтры.

Дзевяцікласніца Кацярына Козел, якая выступіла ў ролі Снягуркі, расказала, што хацела б захаваць веру ў цуды. У гэтым дапамагае і акцыя “Нашы дзеці”. У святочныя дні госці пабы­ваюць у сацыяльна-педагагічных цэнтрах, Гро­дзенскім гарадскім цэнтры медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў, Навагрудскай спецыяльнай школе-інтэрнаце, Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, Васілішкаўскім доме-інтэрнаце, іншых установах. Сотні валанцёраў гэтымі днямі па ўсёй краіне аб’яднаны агульным жаданнем — дапамагчы ўсім дзецям паверыць у цуды.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.