Вольга КАШКУРЭВІЧ: “Творчасць яшчэ ніколі нікому не замінала…”

- 14:43Суразмоўца

Гэтымі днямі ў выставачнай зале НЦМТДіМ неяк нязвычна ціха. І не таму, што дзеці, наведвальнікі гэтай галоўнай установы дадатковай адукацыі краіны, яшчэ не паспелі ўвайсці ў бадзёры рэжым пасля летніх канікул, а таму, што выстава, якая тут сёння экскпануецца, схіляе да ціхай і ўдумлівай гутаркі пра нешта глыбінна роднае, патаемнае, вечнае. У цішыні выставачнай прасторы нібыта застылі ў недзіцячым задуменні цудоўныя вырабы дзіцячых рук — дзівосныя вобразы звяркоў і мудрагелістых раслін, казачных герояў і персанажаў з рэальнага жыцця, увасобленыя ў гліне, лямцы, роспісе па шкле, саломцы, выцінанцы, набіванцы, малюнку, графіцы… Гэта выстава “Родныя рэчы”, прымеркаваная да 50-годдзя ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Крынічка”. Рэчы, якія, хоць яны і рэчы, але жывыя, бо родныя. Зраднёныя з гэтым домам і гэтай выставачнай залай, дзе яны адкрыліся людскім вачам, са студыяй “Крынічка”, дзе яны выспелі і набылі жыццё, з сэрцамі студыйцаў, дзе яны нарадзіліся… А яшчэ з вялікімі сэрцамі педагогаў студыі. І былых (вядомага скульптара Тамары Мацвіенка, якая стаяла ля вытокаў гэтага аб’яднання ў канцы 1960-х, яе спадкаемцаў прафесіянальных мастакоў Ларысы Лось і Марыі Шаўцовай, народных майстроў Веры і Аляксандра Салдатавых, знанага кераміста, сябра Саюза беларускіх мастакоў, выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь Эміліі Фокінай, якая кіравала студыяй каля 30 гадоў; дарэчы, калі вярстаўся нумар, Эмілія Аляксандраўна патэлефанавала ў рэдакцыю, каб перадаць праз газету свае віншаванні студыі з 50-годдзем) і сённяшніх — трох Вольгаў — Вольгі Кашкурэвіч, Вольгі Раманюк і Вольгі Навіцкай…

Наш сённяшні суботні госць — мастак-педагог кіраўнік узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Крынічка” Вольга КАШКУРЭВІЧ.

— Вольга Мікалаеўна, не сакрэт, што ў мастацкіх дзіцячых студыях, якія працуюць ва ўстановах дадатковай адукацыі, асабліва вялікая роля належыць педагогу. Ён для студыйцаў нават больш, чым педагог. Дарадца, сябар, нярэдка нават амаль што родны чалавек, які як бы замяняе для дзіцяці бацькоў… Ці маглі б вы ўспомніць з уласнага дзяцінства такога свайго педагога?

— Я нарадзілася і вырасла ў Барысаве, яшчэ ў дзіцячым садку на пытанне выхавальніцы “Кім ты хочаш быць?” упэўнена адказала, што хачу быць мастаком, чым вельмі ўсіх уразіла. Больш ніхто з дзяцей так не адказаў, а я не разумела: а што дзіўнага ў гэтым маім жаданні? Праўда, са студыямі мне ў дзяцінстве не пашанцавала. Я спрабавала хадзіць нават не ў адну студыю, але нідзе не прыжылася, мне ўсюды як быццам нечага не хапала. Свайго першага сапраўднага педагога, што тычыцца жывапісу, я сустрэла, калі паступіла ў мастацкае вучылішча імя Глебава. Святлана Барысаўна Клепікава стала для мяне знакавым мастаком-педагогам, менавіта яна мне ўпершыню задала пэўныя планкі ў творчасці, адкрыла новыя гарызонты, дапамагла перайсці ад дзіцячых поглядаў на постаць мастака да разумення сябе як мастака. Да знаёмства з ёй было толькі такое, ведаеце, школьнае ўспрыманне: вось я хачу быць мастаком, вось я вывучаю гісторыю мастацтва, там ёсць розныя вялікія імёны і г.д. А яна сцерла для мяне межы паміж абстрактным і недасягальным высокім мастацтвам і мной як асобай, дазволіла наблізіцца да высокага і адначасова ўспрымаць сябе па-іншаму, што вельмі важна для мастака-пачаткоўца.

А потым, ужо калі вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, я пазнаёмілася з вядомым майстрам па тэкстылі Ірынай Васільеўнай Мазюк, якая таксама адыграла ў маім жыцці вельмі вялікую ролю. Яна, тэкстыльшчыца і апантаная фальклорная спявачка, вучыла мяне аўтэнтычным спевам, якія з часам сталі не проста маёй цікавасцю, але і неад’емнай часткай жыцця.

Ну, а трэцяй знакавай асобай на маім шляху быў… не, нават не адзін чалавек, а цэлая кагорта людзей — суполка рэстаўратараў “Вежа” на чале з Уладзімірам Васільевічам Ракіцкім. Мне пашчасціла разам з імі некалькі гадоў запар у летні перыяд працаваць на рэстаўрацыі ў Спаса-Ефрасіннеўскай царкве ў Полацку. Я не рэлігійны чалавек. Мне быў цікавы менавіта сам момант дакранання да мастацтва ХІІ стагоддзя, і гэта было незвычайным адкрыццём: з аднаго боку — велічэзная царква, неабсяжны аб’ём, грандыёзная архітэктура, моц і веліч, а з другога — твая асабістая карпатлівая, ювелірная праца ў якасці рэстаўратара, сантыментр за сантыметрам, кавалачак за кавалачкам, крок за крокам… Гэта было штосьці неверагоднае. Жывапіс, архітэктура, неўміручае мастацтва, прастора, час — усё там сышлося разам.

— Даруйце, магчыма, празмерную цікаўнасць, але ў вас вельмі вядомае прозвішча…

— Ды тут няма ніякага сакрэту. Маё дзявочае прозвішча — Дзядовік, а Кашкурэвіч я па мужу Тодару Кашкурэвічу, сыну нашага выдатнага графіка, народнага мастака Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Арлена Міхайлавіча Кашкурэвіча. Праўда, для яго самога былі зусім не важнымі гэтыя рэгаліі, ён імі ніколі не выхваляўся. Для яго самымі важнымі словамі былі “мастак”, “творца”. І ў гэтым сэнсе ён, безумоўна, быў для мяне таксама вялікім адкрыццём. Ён хадзіў працаваць у майстэрню да апошняга, творчасць, акрамя, безумоўна, сям’і, была для яго сэнсам жыцця. Вядома ж, я ведала яго кніжную графіку з дзіцячых гадоў. Але менавіта як вялікага самаадданага творцу, як выдатнага майстра не толькі кніжнай, але і станковай графікі я адкрыла яго, ужо калі выйшла замуж за Тодара. Арлен Міхайлавіч — гэта адзін з геніяльных мастакоў ХХ стагоддзя для Беларусі, я нават не ведаю, з кім яшчэ яго можна параўнаць. Мы проста часта забываемся, што ён быў найперш выбітным беларускім экспрэсіяністам-філосафам, не менш значным, чым нямецкія экспрэсіяністы. Нават яго “партызанская” серыя прасякнута глыбіннымі філасофскімі развагамі пра чалавечае жыццё, чалавечы лёс, чалавечае наканаванне. А што ўжо казаць пра такія яго серыі, як “Напалм”, Concerto Grosso… Адна з апошніх яго работ — трыпціх “Іаан Папярэднік” — наогул кранула мяне да глыбіні душы! Гэта два абстрактныя творы і адзін нацюрморт з галавой Іаана, перакрытай нейкай тканінай, якая як быццам закрывае яму рот… Проста фантастычны сімвалізм! Я вельмі ўдзячна лёсу за тое, што была асабіста знаёма з Арленам Міхайлавічам, хаця і не вельмі доўга.

— Вольга Мікалаеўна, як вы патрапілі ў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, у студыю “Крынічка”?

— Шчыра кажучы, калі яшчэ студэнткай універсітэта культуры і мастацтваў я патрапіла ў Нацыянальны цэнтр, то не думала, што застануся тут надоўга. Маё ўспрыманне такіх цэнтраў так ці інакш было моцна звязана з асабістымі дзіцячымі комплексамі, з тым, што сама ў дзяцінстве не магла прыжыцца ні ў адной студыі. Тым больш я адчувала, што мне элементарна не хапала вопыту як педагогу. Спачатку я тут вяла гурток “Батлейка” і гурток па народнай вышыўцы. Адначасова выкладала народны строй у этнашколе гурта “Гуда”, працавала ў фальклорным цэнтры ў Ракаве, спявала ў авангард-фальлорным гурце Essa (так называецца рака на Лепельшчыне)… Ды чым я толькі ні займалася! Маё жыццё заўсёды праходзіла адразу як бы некалькімі паралельнымі ці нават непаралельнымі шляхамі. Я часам зайздрошчу людзям, у якіх усё па палічках расстаўлена, якія ўмеюць паставіць мэту і ісці да яе па адной прамой… У іх так усё проста, яны такія класныя! А калі ты ід зеш па жыцці нібы навобмацак, давяраючыся толькі інтуіцыі, калі ты гэтакі неўпарадкаваны чалавек, што праяўляецца не толькі ў тым, як ты складаеш паперы на сваім стале, але яшчэ і ў тым, што жыццё тваё такое… Але ж і ў гэтым можа быць шчасце! А неўзабаве, бліжэй пазнаёміўшыся тут, у цэнтры, са студыяй “Крынічка”, якой на той момант кіравала Эмілія Аляксандраўна Фокіна, з народнай студыяй “Востраў” на чале з Юрыем Аляксеевічам Івановым, я настолькі ўразілася ўсім гэтым рухам, неардынарнасцю падыходаў кіраўнікоў гэтых аб’яднанняў, іх прафесіяналізмам, іх падыходамі да дзяцей! Усё гэта проста неверагодна захапіла, я патрапіла ў студыю “Крынічка”, з галавой акунулася ў студыйныя справы, безумоўна, вучылася многім рэчам і ў Эміліі Аляксандраўны, і ў Юрыя Аляксеевіча — без іх урокаў, без пераймання іх вопыту наўрад ці магла б сёння кіраваць студыяй сама, хоць па-ранейшаму заўсёды ў нечым сумняваюся…

— У чым усё-такі?

— Самае хваравітае пытанне для мяне: калі мы нечаму некага вучым, наколькі мы з усёй сваёй заангажаванасцю, з усімі сваімі стэрэатыпамі дарослых людзей ламаем ці не ламаем праўдзівую сутнасць той асобы маленькага ці юнага чалавека, якая перад намі? Гэтае пытанне, якое ўзыходзіць да доктарскага прынцыпу “не нашкодзь”, упершыню паўстала перада мной яшчэ ў рэстаўрацыі, але тады я ўсё-такі мела справу з нежывым матэрыялам, хоць і бясцэнным. А тут дзеці, жывыя дзеці! Яшчэ адно складанае пытанне — адносна выстаў. Яно не такое простае, як здавалася б. Дзе выстаўляцца, як выстаўляцца, з кім і з чым выстаўляцца? З гадамі я ўсё ж прыйшла да высновы, што само па сабе мастацтва і выставы — рэчы не толькі сумяшчальныя, але і неабходныя адно аднаму. Таму што выстава — гэта не толькі тое, што ты выносіш на суд, але і тое, як ты сябе прамаўляеш. Гэта як наша вопратка. Тое, што мы недзе дома носім, нікога, акрамя нас, не тычыцца. Але тое, у чым выходзім да людзей, гэта ўжо зусім іншае…

— Наколькі мне вядома, вы яшчэ вялікі прыхільнік праектнай дзейнасці.

— Так, я не класічны выкладчык, і гэтага не хаваю ні перад дзецьмі, ні перад іх бацькамі. Мне цяжка з году ў год даваць нейкую адну і тую ж тэму, наогул нешта прадумваць далёка наперад. Ёсць, безумоўна, нейкі прыблізны план, але вось як я сёння, у верасні, магу ведаць, што будзе ў снежні, што прыйдзе-народзіцца ў працэсе, што канкрэтна захочацца рабіць дзецям і мне як педагогу? А з праектамі працаваць цікава. Праекты дазваляюць пераадольваць бар’еры, якія могуць паўставаць паміж педагогам і навучэнцам, вызваляюць спантанную ўнутраную энергію.

— Якія творчыя праекты, здзейсненыя за апошнія гады “Крынічкай”, вы найперш вылучылі б?

— Да праектнай дзейнасці мы прыйшлі паступова, маленькімі крокамі. Першым нашым такім вопытам быў жывапісны праект “Ізмы”, дзе мы паспрабавалі параўнаць выпадковыя дзіцячыя работы з падобнымі да іх творамі вядомых мастакоў. Дзецям спадабалася, і мы з энтузіязмам узяліся за наступны праект “Тузін кітоў”: дзеці стварылі партрэты 12 выбітных дзеячаў, на якіх трымаецца беларуская гісторыя і культура (Вітаўт, Францыск Скарына, Леў Сапега, Кастусь Каліноўскі і інш.). Гэты праект меў вельмі істотны асветніцкі складнік — гістарычных асоб мы малявалі выключна ў вобразах тых эпох, у якія яны жылі. І вось з гэтага моманту ўсё закруцілася ўжо ўсур’ёз. Праекты пайшлі адзін за другім: “Ход канём” (адмысловыя супрэматычныя шахматы, прысвячэнне Казіміру Малевічу), “Францыск Скарына — наш лёс, наша мінулае, наша будучыня” (да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання; у самых розных тэхніках), “уСтрой” (увасабленне нацыянальных беларускіх строяў у іх рэгіянальных варыянтах; роспіс па шкле), “Забабоны” (прысвячэнне беларускай міфалогіі; графіка), “Акцёр тэатра Кабукі” (разам з дзецьмі мы спецыяльна хадзілі ў Нацыянальны мастацкі музей вывучаць традыцыйныя японскія гравюры-дрэварыты) і інш. Ад зін з апошніх нашых праектаў — “ПраПраДзядоў”. Дзеці шукалі цікавыя старыя фотаздымкі з сямейнага архіва, каб паглядзець у вочы сваім продкам, па-новаму адкрыць іх для сябе, убачыць не проста людзей, а чалавечыя вобразы, і стварыць на аснове іх уласныя вобразы ў тэхніцы роспісу па шкле з 3D-эфектам. Наогул, пра гэты самаадукацыйны, самаразвіццёвы момант мы стараемся ніколі не забывацца. А яшчэ прэзентацыі нашых праектаў часта спалучаем з перформансамі, якія вельмі падабаюцца дзецям. Шчыра кажучы, я заўсёды гатова пайсці на самыя розныя творчыя эксперыменты для таго, каб стаць бліжэй да дзяцей. Не для таго, каб даць ім гатовыя адказы на ўсе пытанні, а для таго, каб дапамагчы ім іх адшукаць. А пытанняў у дзяцей заўсёды шмат. Напрыклад, усе хочуць выставіцца на “Каляднай зорцы”. Усе без выключэння! Часам прыходзіць які навучэнец і кажа, маўляў, я хачу гэта і гэта, але не ведаю, як зрабіць. І я вельмі радуюся такому навучэнцу. Кажу яму тады, што мастацтва тым і адрозніваецца, што ты не ведаеш, як яго зрабіць. А калі ты прыйшоў і ведаеш, як гэта зрабіць, значыць, ты ўжо недзе гэта бачыў… Я лічу, што для мастака, дый наогул любога творчага чалавека, няма іншага шляху, чым эксперыменты і пошукі, няхай праз памылкі. Шлях — той і там, дзе ён ходзіць. Няма іншага шляху. Куды ты ідзеш, там і будзе твая сцежка. А мы ж не гадуем тут толькі мастакоў. Многія дзеці прыходзяць займацца ў нас, каб адпачыць пасля матэматычнага класа або ў дадатак да акадэмічных заняткаў у дзіцячай мастацкай школе. Творчасць яшчэ ніколі нікому не замінала. Альберт Эйнштэйн цудоўна граў на скрыпцы, і многія яго сучаснікі не ведалі, што ён навуковец, а ведалі яго як скрыпача…

— Вольга Мікалаеўна, кім вы сябе найперш адчуваеце? Мастаком, педагогам, мастаком-педагогам?

— Творцам. Бо я ўжо казала, што я неўпарадкаваны чалавек. Вельмі лёгка захапляюся тым ці іншым заняткам… То з галавой — у музыку, то ўся аддамся думкам пра чарговы студыйны праект ці якую-небудзь вандроўку з дзецьмі (мы ездзілі ў Балгарыю, Санкт-Пецярбург, пастаянна выходзім на эцюды ў горад, наведваем выставы), то пачну нешта крэмзаць, даруйце, маляваць… І толькі сама па сабе творчасць, якая прысутнічае ва ўсім гэтым, у рэшце рэшт дазваляе ўсё неяк упарадкаваць і дайсці да сэнсу.

— Што для вас радзіма? Канкрэтна і наогул? Барысаў, Мінск? Месца, дзе трэба было нарадзіцца і жыць? Эпоха, у якой жывяце ці хацелі б жыць?

— Мой родны Барысаў, да шкадобы, так і не стаў для мяне па-сапраўднаму родным горадам. А Мінск я вельмі люблю. Мае сябры здзіўляюцца: “Ты ж фалькларыстка! Песні народныя спяваеш, строі народныя шыеш… Што табе гэты Мінск?! Хадзем у вандроўку!” А я люблю горад. Мяне ён не напружвае, нават летам, у самую невыносную спёку, калі няма чым дыхаць і пад нагамі асфальт плавіцца… Іду сабе па праспекце і радуюся. Ці магу зачыніцца ў майстэрні Арлена Міхайлавіча, якая цяпер належыць яго сынам — Тодару і Ігару, і пад бесперапынны шум машын уяўляць сябе ці ў эпосе Рэнесансу, ці ў эпосе барока, ці ў Сярэднявеччы… Гэта да пытання пра радзіму як час.

Калі ж вельмі коратка, то радзіма для мяне — гэта годнае адчуванне самой сябе ў Сусвеце. Па-за часам і па-за прасторай.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.