Вучоны, інжынер­-металург, вальцоўшчык…

- 17:11Суразмоўца, Суразмоўца

Гэта Юрый Марцьянаў — старшы выкладчык Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога, член савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь. 

— Колы ў машыны гумовыя. У гумовых шынах усярэдзіне — металакорд. Корд — гэта сталёвая ліна. Каб зрабіць кола, патрэбен корд добрай якасці — з вызначанымі ўласцівасцямі, — так на пальцах Юрый Марцьянаў тлумачыць мне прадмет сваіх навуковых інтарэсаў. — У нас у Беларусі прыблізна 13% сусветнай вытворчасці металакорду. Гэта значыць, кожная дзявятая тона ў свеце — беларуская. Дарэчы, корд патрэбен заўсёды і ўсюды. І яго якасці трэба пастаянна паляпшаць. Нельга, каб нас канкурэнты абышлі. Вось менавіта паляпшэннем уласцівасцей корду мы і займаемся тут, на кафедры металургіі і тэхналогіі апрацоўкі матэрыялаў пад кіраўніцтвам Юрыя Бабарыкіна.

Распрацоўкі калектыву ўвасабляюцца ў жыццё на беларускім металургічным заводзе ў Жлобіне. Юрый Марцьянаў там нарадзіўся. Яшчэ калі вучыўся ў школе, паспрабаваў займацца навуковай дзейнасцю. Перакананы, што пачынаць трэба рана:

— Важна зацікавіцца. Я цяпер разумею, што першыя работы — гэта былі аглядныя даклады для канферэнцый. Мне даводзілася сядзець за кніжкамі і разбірацца з тэмамі звыш праграмы. Мне гэта дапамагло трапіць у суполку аднадумцаў. Вядома, са школы ўдзельнічаў у алімпіядах па матэматыцы і фізіцы, але толькі на трэцім курсе універсітэта зразумеў кірунак, які мне цікавы. Для мяне самае важнае — творчая самарэалізацыя. Важна схапіць шанс за хвост і трымаць.

Тут Юрый Вадзімавіч шырока ўсміхаецца і напявае песеньку з мультыка “Востраў скарбаў”:

— “Шанс — не получка, не аванс, он выпадает только раз. Фортуна в дверь стучит, а вас дома нет”. Калі дакладна зразумеў, чым хачу займацца, мой шанс быў не здрэйфіць, а прая­віць ініцыятыву, пайсці спы­таць: можна мне навукай займацца? Я адважыўся і спытаў. І вось я тут. Зараз сам усім кажу: шукайце, што вам цікава, і займайцеся гэтым усё жыццё. Бо калі самому цікава, гэта быццам і не работа, а хобі.

Асаблівае стаўленне да металу ў Жлобіне, дзе прайшло дзяцінства Юрыя, заканамернае. Тым больш калі дзед — металург і бацька цяпер працуе на БМЗ. Ю.Марцьянаў згаджаецца, што аўтарытэт сваякоў адыграў ролю ў выбары спецыяльнасці, прытым што балаў для паступлення яму хапала і на іншыя, якія лічацца больш прэстыжнымі.

— Бацька таксама тут, у гомельскім палітэху, вучыўся. Я ішоў на механіка-тэхналагічны факультэт мэтанакіравана. Наогул, пасля школы дакладна ведаў, чаго не хацеў. Не хацеў, каб спецыяльнасць была звязана з электрычнымі сістэмамі, не хацеў станавіцца праграмістам. Хоць я добра гэта ўсё разумеў. Але насамрэч прыйшлося і ў гэтым усім разабрацца. У нас цяпер навука развіваецца на стыку дысцыплін, таму нельга быць чыстым металургам і не разбірацца ў алгарытмізацыі і аўтаматызацыі. І, вядома, шмат звязана з праграмаваннем. Уцягнуўся на медыуме, калі пайшлі спецыяльныя дысцыпліны. Я рады, што сюды трапіў, прытым што лічыцца: да нас паступіць адносна лёгка, а вось вучыцца цяжка.

Сем гадоў назад Юрый скончыў універсітэт і паставіў бацькоў перад фактам: буду навукоўцам. Ніхто і не пярэчыў, бачылі мэтанакіраванасць маладога чалавека. Сам лічыць, што ў навуцы ўжо дзесьці 10 гадоў, бо са студэнцкіх часоў актыўна ўдзельнічаў у навуковых сімпозіумах. Скончыў аспірантуру. На гэты момант у яго ўжо 40 публікацый. Больш за 10 з іх уваходзяць у пералік ВАК Рэспублікі Беларусь. Хапае публікацый і для абароны дысертацыі. Кажа, трэба сабрацца з духам і аформіць усе напрацоўкі ў неабходным рэгламенце.

— Шкадую, што не 28 гадзін у сутках. Не заўсёды паспяваю зрабіць тое, што хочацца. Да таго ж цяпер усе маладыя вучоныя займаюцца не толькі навуковай дзейнасцю, але і грамадскай. Я вось — у савеце маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь. Спачатку разглядаў гэта не як магчымасць, а як дадатковую нагрузку. Цяпер зразумеў, што мне вельмі падабаецца. Кожны з членаў савета маладых вучоных — гэта асоба і прафесіянал у сваёй тэме. Калі мы збіраемся ра­зам, звычайна ў нас ёсць спіс пытанняў для абмеркавання. Мы іх прапрацоўваем і даём рэкамендацыі. Думаю, што нейкія з нашых прапаноў былі прыняты да ўвагі пры абмеркаванні Кодэкса аб адукацыі.

У аўдыторыю, дзе мы гаворым, заглядвае брутальны малады чалавек і пытаецца, дзе будзе наступная пара. Я разумею, што гэта студэнт. Адначасова ўзнікае адчуванне, што па знешнім выглядзе Юрыя Вадзімавіча цяжка адрозніць ад тых, каго ён сёння вучыць. Тым часам за сем гадоў ён асвоіў і выкладае тры дзясяткі спецыяльных дысцыплін: валачыльная вытворчасць, тэхналогія абсталявання, пракатная вытворчасць, камп’ютарнае праектаванне і сістэмы аўтаматызаванага праектавання, матэматычнае мадэляванне… У маладога выкладчыка ўжо ёсць свае вучні:

Вышэйшая адукацыя не толькі веды дае, яна акультурвае чалавека. 

— Так, ёсць у мяне выпускнікі. Яны перыядычна да нас захо­дзяць у госці — ужо як калегі. Хтосьці адразу працягвае вучыцца і паступае ў магістратуру. Бывае, не адразу, а праз час. У кожнай групе трэць студэнтаў, за якіх не сорамна. З пункту гледжання настаўніка адразу ві­даць тых, у каго добры патэн­цыял. Гэта не школа, тут кожны сам сваё шчасце стварае. Сярод маіх былых аднакурснікаў ёсць і тыя, хто працуе не па ўніверсітэцкай спецыяльнасці. Але менавіта ў гэтых сценах яны знайшлі тое, чым ім цяпер цікава займацца. Ва ўніверсітэце знаходзіш тых, хто стане табе сябрам ці бізнес-партнёрам у будучыні. Вышэйшая адукацыя не толькі веды дае, яна акультурвае чалавека. Дзеці, якія да нас прыходзяць на першым курсе, і тыя, каго мы выпус­каем, — зусім розныя людзі. 

Дарэчы, жонку Юрый знайшоў таксама тут, у Гомельскім тэхнічным універсітэце імя П.В.Су­хога, — з Юліяй яны вучыліся ў розных групах на адным патоку. 

— На першым курсе мы пазнаёміліся, завязаліся адносіны, і вось столькі гадоў разам. Добра, калі адразу залатую рыбку ловіш і не адпускаеш яе. Проста я такі ўдачлівы — і работу, і каханне знайшоў тут.

Цяпер іх з Юляй сыну чатыры гады. Ці будзе ён звязаны з металургіяй, малады бацька не загадвае. Кажа, не будзе настойваць, каб дзіця ішло па яго слядах:

— Ён павінен свой шлях выбраць. Што яму будзе падабацца, тое я буду падтрымліваць. Хоць сам наогул не ўяўляю, як гэта — работа не звязана з металам. Дарэчы, у мяне ёсць пасведчанне вальцоўшчыка пятага разраду. На вытворчай практыцы атрымаў, калі два месяцы гайкі круціў у гарачым цэху на БМЗ. Таму калі што — пайду рабочым на завод.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.