Вучым рашаць якасныя задачы па фізіцы

- 14:24Якасць адукацыі

У сваёй педагагічнай дзейнасці настаўніца фізікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Таццяна Сяргееўна Матус кіруецца словамі Ніколы Тэслы: “Няма нічога, што ў большай ступені магло б прыцягнуць увагу чалавека і стаць прадметам вывучэння, чым прырода. Зразумець яе вялікі механізм, адкрыць яе стваральныя сілы і пазнаць законы, якія кіруюць ёй, — найвышэйшая мэта чалавечага розуму”. Пазнаць узаемасувязь законаў прыроды дазваляюць фізічныя задачы.

Якасныя задачы выклікаюць найбольшыя цяжкасці ў вучняў. Рашэнне гэтых задач дапамагае больш глыбокаму і трываламу засваенню фізічных законаў, развіццю лагічнага мыслення, здагадлівасці, ініцыятывы, волі і настойлівасці, набыццю навыкаў самастойнай і аналітычнай работы. Пры рашэнні задач вучні бачаць сувязь атрыманых ведаў з жыццём. Гэта адзін з важных сродкаў паўтарэння, замацавання і праверкі ведаў школьнікаў.

— Галоўная асаблівасць якаснай задачы ў тым, што ў ёй увага вучняў акцэнтуецца на якасным баку фізічных з’яў, уласцівасцей цел, рэчываў і працэсаў, — гаворыць Т.С.Матус. — У якаснай задачы ставіцца пытанне, адказаць на якое вучань павінен сам, сінтэзуючы ўмовы задачы і ўласныя веды па фізіцы. Якасныя задачы рашаюцца шляхам лагічных разумовых разважанняў, якія грунтуюцца на законах фізікі, графічна і эксперыментальна. Матэматычныя дзеянні над фізічнымі формуламі не робяцца, але спасылкі на іх дапускаюцца. У шэрагу раздзелаў курса фізікі ў 7—8 класах, дзе адсутнічаюць матэматычныя формулы, рашэнне якасных задач з’яўляецца адзіным відам практыкаванняў. Пры іх рашэнні трэба імкнуцца да таго, каб аналіз і сінтэз былі непарыўна звязаны паміж сабой. Толькі тады можна гаварыць пра адзіны аналітыка-сінтэтычны метад рашэння фізічных задач.

Абапіраючыся на багаты вопыт, Таццяна Сяргееўна выкарыстоўвае пэўную схему рашэння простай якаснай задачы: знаёмства з яе ўмовай (тэкст, чарцёж, прыбор) — усведамленне ўмовы задачы — складанне плана рашэння задачы — яго ажыццяўленне — праверка адказу. Складаныя якасныя задачы таксама рашаюцца па гэтых этапах, але пры знаёмстве з іх умовамі ўвага звяртаецца на галоўнае пытанне і канчатковую мэту рашэння.

Пры складанні плана рашэння задачы будуецца аналітычны ланцужок разумовых разважанняў, які пачынаецца з пытання задачы і завяршаецца данымі яе ўмовы. Затым складаецца сінтэтычны ланцужок разумовых разважанняў, які пачынаецца з фармулёўкі адпаведных законаў і завяршаецца адказам на пытанне задачы. Адказ можна праверыць, супаставіўшы яго з агульнымі прынцыпамі фізікі.

Пры рашэнні якасных задач выкарыстоўваюцца 3 прыёмы, заснаваныя на аналітыка-сінтэтычным метадзе: эўрыстычны, графічны і эксперыментальны. Т.С.Матус лічыць, што для паспяховага рашэння якасных задач трэба ўмець параўноўваць аб’екты, велічыні і ўмовы, знаходзіць фактары ўплыву (вылучаць істотныя), адрозніваць правільнае ад памылковага. Гэтыя ўменні, лічыць настаўніца, неабходны для рашэння вялікай колькасці розных праблем, прычым не толькі вучэбных. Акрамя таго, гэтыя ўменні добра развіваюць інтэлектуальныя здольнасці.

Спачатку педагог выкарыстоўвае пераважна дзве разнавіднасці задач на параўнанне: параўнаць два значэнні функцыі пры розных значэннях яе аргумента; параўнаць агульнае і асаблівае (адрознае). Напрыклад: “Ёсць дзве лыжкі (драўляная і сталёвая) аднолькавай масы. Аб’ём якой лыжкі большы і чаму?” ці “З наступнага пераліку выпішыце ў адзін слупок фізічныя велічыні, а ў другі — адзінкі фізічных велічынь: даўжыня, секунда, метр, тэмпература, час, кубічны метр, градус, аб’ём”.

Каб падштурхнуць дзяцей да актыўнай мысліцельнай дзейнасці, можна прапанаваць ім з улікам інтарэсаў цікавыя вучэбныя задачы, дзе апісваюцца рэальныя жыццёвыя сітуацыі.

Аналіз вынікаў праверачных работ за апошнія гады паказвае, што найбольш эфектыўна выкарыстоўваць якасныя задачы ў 7—8 класах па тэмах “Будова рэчыва”, “Дыфузія”, “Простыя механізмы”, “Ціск цвёрдых цел”, “Ціск у вадкасцях і газах”, “Атмасферны ціск”, “Электрычныя з’явы” і “Геаметрычная оптыка”. Аналіз удзелу ў прадметнай алімпіядзе паказвае, што адпрацоўка методыкі рашэння якасных задач на ўроках прыводзіць да больш высокіх вынікаў.

Т.С.Матус удзельнічала ў рэалізацыі інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення. У рамках праекта настаўніца складала індывідуальныя адукацыйныя праграмы вучняў.

Таццяна Сяргееўна распрацавала 8 урокаў з выкарыстаннем інтэграванай сістэмы падрыхтоўкі школьнікаў да асваення і развіцця навыкаў у рашэнні задач. Педагог праводзіць адкрытыя ўрокі для калег, удзельнічае ў метадычных мерапрыемствах і семінарах, дзе прэзентуе эфектыўны вопыт работы.

Святлана ШЛОМА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста.