“Вучыць і вучыцца, як скульптар, ляпіць чалавека…”

- 10:16Людзі адукацыі

Валянціна Станіславаўна Шышко — разумніца, прыгажуня, творчая асоба — навучылася ствараць свой свет высокай духоўнасці. Настаўніцу ведаюць і любяць не толькі ў Бокшыцкай сярэдняй школе, дзе яна выкладае беларускую мову і літаратуру, але і многія жыхары Слуцкага раёна.

Мне давялося пазнаёміцца з ёй далёкім зімовым вечарам. Мы, настаўнікі-гуманітарыі Слуцкага раёна, паехалі ў тэатр. Мяне ўразіла высокая светлавалосая настаўніца Ленькаўскай базавай школы, якая ўзяла з сабой некалькі вучняў. Цэлы вечар і ў дарозе, і ў тэатры яна была са сваімі дзецьмі. Штосьці ім расказвала, паказвала. Пасля спектакля вярталіся дадому ў аўтобусе. Цёмнай зімовай марознай ноччу ленькаўская настаўніца выйшла з вучнямі на сваім прыпынку і павяла іх дадому. Высокая прыгажуня ішла вузкай снежнай сцежкай, а дзеткі гужком беглі за сваім педагогам.

Гэтая карціна і цяпер у мяне перад вачыма. Потым я ведала Валянціну Станіславаўну як дырэктара Ленькаўскай базавай школы. Пазней школу закрылі і педагогаў размеркавалі па розных установах. Некалькі гадоў нам давялося працаваць разам у Бокшыцкай сярэдняй школе Слуцкага раёна. Дзе ж, як не ў адным калектыве, лепш за ўсё пазнаеш чалавека! Калі б прыйшлося пісаць кароткую дзелавую характарыстыку Валянціне Станіславаўне, выказалася б так: творчая, прынцыповая, выдатны арганізатар, чалавек тонкай душэўнай арганізацыі.

Яна да ўсяго падыходзіць з душой. Умее маляваць, выразаць выцінанкі. Выдатна працуе з лобзікам. Вельмі хораша шые. Вяжа кручком і пруткамі. Вышывае. А якія прыгожыя вырабы ў тэхніцы канзашы! Вачэй не адарваць!

У такога педагога дзецям ёсць чаму павучыцца. Школьныя імпрэзы, якія рыхтуе Валянціна Станіславаўна, заўсёды адметныя: цікавыя, павучальныя. Яна вучыць дзяцей спяваць, чытаць вершы, ставіць міні-спектаклі, танцаваць, рыхтуе разам з імі рэквізіт і бутафорыю. Вучні гавораць пра яе: “Валянціна Станіславаўна жадае нам дабра!”.

Нядаўна прырода падкінула настаўнікам вялікае выпрабаванне — пандэмію. У апошняй чвэрці мінулага года Валянціне Станіславаўне, як і ўсім,  давялося перабудоўвацца і падладжвацца пад новыя ўмовы. У класах стала менш дзяцей, таму карэкціравала планаванне, шукала аптымальныя формы падачы матэрыялу, трымала сувязь з тымі вучнямі, якія знаходзіліся дома. На сайт школы выкладвала матэрыялы для сама­стойнай працы навучэнцаў. Гэта дадатковая нагрузка для настаўніка. Але яна справілася.

“Больш за ўсё хвалявалася за выпускнікоў, старалася добра падрыхтаваць іх да іспытаў. Праводзіла стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі, факультатывы. Ладзіла кансультацыі. Вучні не падвялі ні на школьных іспытах, ні на цэнтралізаваным тэсціраванні. Вынікі годныя!”

 Як класны кіраўнік Валянціна Станіславаўна сёлета развіталася з дзявятым класам. А ў новым навучальным годзе ўзяла пяцікласнікаў. Адаптуе іх да жыцця на новай ступені агульнай адукацыі.

Настаўніца прымала актыўны ўдзел у стварэнні трох музеяў: “Млын” вёскі Пакрашава, ленькаўскай школы і вёскі Гарадзішча. Усюды ўкладвала душу і сэрца, імкнучыся як мага лепш выканаць сваю работу.

А як творча Валянціна падышла да праекта “Беларуская народная хустка”!  Менавіта дзякуючы яе запалу, вялізная колькасць людзей у інтэрнэце пазнаёмілася з рознымі спосабамі завязвання жаночых хустак.

Як кожная сельская жанчына, Валянціна ўмее рабіць любую хатнюю справу. Пячэ булкі на святы, смачна гатуе, робіць нарыхтоўкі. Водзіць машыну, прычым абслу­гоўвае яе самастойна. Дом і падворак у яе ў парадку. Да таго ж шмат гадоў яна клапоціцца пра сваю маму.

Валянціна Станіславаўна выхавала дзвюх цудоўных дачок. Старэйшая, Кацярына, працуе праграмістам. Люба вывучае мовы ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, хоча стаць настаўніцай. Валянціна навучыла дачок пераадольваць усе нягоды з высока паднятай галавой. Яны, як і мама, прыгажуні і аптымісткі, творчыя і мэтанакіраваныя, самастойныя і ўсебакова развітыя.

У вёсцы Вынішчы, дзе жыве Валянціна Станіславаўна, яна карыстаецца вялікім аўтарытэтам. Некалькі скліканняў запар людзі выбіраюць настаўніцу дэпутатам Покрашаўскага сельскага Савета. Яна рэгулярна арганізоўвае святы для сваіх аднавяскоўцаў, і несумнеўным упрыгажэннем гэтых свят становяцца выступленні Валянціны. 

Яна бард. Складае вершы, піша музыку да іх. Выконвае песні, су­праваджаючы ігрой на гітары.

Я распытала выканаўцу пра яе творчасць. Вось што яна расказала: “Пісаць вершы пачала яшчэ ў дзяцінстве, але сур’ёзна занялася творчасцю ў інстытуце, калі самастойна асвоіла гітару. Першая песня “Мая гарэтніца, пакутніца мая” прысвечана роднай мове. Потым было шмат песень пра Радзіму, каханне, з філасофскім сэнсам. Тэматыка шырокая. Пішу як на рускай, так і на беларускай мове. Галоўная гераіня песень — жанчына, шчаслівая і няшчасная, самотная і закаханая. Актыўна пісаліся песні, калі працавала ў гольчыцкай школе і даводзілася хадзіць пешшу з работы. У дарозе нараджаўся тэкст. Хутка даставала нататнік і запісвала словы”.

Ёсць у Валянціны Шышко і студыйныя запісы. Яна — сябар абласнога народнага клуба сама­дзейных паэтаў і кампазітараў “Жывіца”. Неаднойчы ўдзельнічала ў конкурсах і фэстах бардаўскай песні “Бард-рыбалка”, “Вілейская хваля” і інш.

На Случчыне Валянціну Шышко часта запрашаюць на святочныя канцэрты. Яна нікому не адмаўляе, выступае з задавальненнем. З сэр­ца льецца простая ісціна, якая з першых гукаў захапляе слухачоў, — аповед пра родны край, пра жыццё і каханне. Гэтая жанчына нясе лю­дзям добрую энергію і атрымлівае ўзамен цяпло многіх сэрцаў.

Пажадаем нашай дарогай гераіні жыццёвай стойкасці і новых песень. Такія людзі — душа беларускага народа, яго жыватворная крыніца.

Наталля БАРТОШЫК,
настаўніца гісторыі, кіраўнік музея вёскі Гарадзішча  Слуцкага раёна.
Фота Кацярыны ЕЛІСЕЕВАЙ.