Расія: Вярхоўны Суд зацвердзіў забарону насіць хіджаб і міні-спадніцы ў школах Мардовіі

- 13:48Паралелі

Вярхоўны Суд Расійскай Федэрацыі прызнаў законнай забарону насіць хіджаб у школах Мардовіі, перадае інфармагенцтва Расія сёння.

“Судовая калегія пастанавіла рашэнне Вярхоўнага Суда Мардовіі аб забароне насіць хіджаб у сярэдніх адукацыйных установах пакінуць без змены, а апеляцыйную скаргу з просьбай адмяніць гэтае рашэнне — без задавальнення”, — гаворыцца ў рашэнні Вярхоўнага Суда Расіі.
Пад забарону трапіла і іншая рэлігійная атрыбутыка, а таксама міні-спадніцы, джынсы, дэкальтэ, пірсінг і яркія фарбы для валасоў.
Вярхоўны Суд Мардовіі ў кастрычніку 2014 года забараніў школьніцам рэгіёна насіць на ўроках хіджаб пасля таго, як адна з дзяўчынак на перапынку праглынула шпільку, якой замацоўваецца гэты ўбор. Да гэтага рашэнне аб забароне хіджабаў прыняў урад рэгіёна, але прадстаўнікі мусульманскай абшчыны палічылі яго незаконным і звярнуліся ў суд.
“У Саранску ў школах з маленькіх дзяўчынак зрываюць хусткі, іх выганяюць з лінеек, бацькоў і нават дзяцей прыцягваюць да дысцыплінарнай адказнасці”, — адзначыла адна з аўтараў звароту.
Пры гэтым, па яе словах, размова ідзе аб нашэнні ў школах не хіджабаў, а хустак. “У Татарстане хусткі дазволены, у Чачні яны абавязковыя, і толькі ў Мардовіі іх забаранілі. А гаворка ідзе не пра хіджаб, а пра тоненькія хустачкі”, — падкрэсліла яна.
У сваю чаргу прадстаўнік урада Мардовіі нагадала, што Расія — свецкая дзяржава, а рашэнне аб забароне нашэння хустак звязана з бяспекай дзяцей. Паводле яе слоў, не ўсе школьнікі адэкватна ставяцца да праявы рэлігійнасці сваіх аднагодкаў.
Нашэнне хіджабаў і іншага рэлігійнага адзення ў свецкіх школах Расіі неаднаразова станавілася прадметам вострых спрэчак у грамадстве. З гэтай нагоды прэзідэнт краіны Уладзімір Пуцін заяўляў, што няма нічога добрага ў нашэнні хіджабаў у адукацыйных установах: па яго словах, такой традыцыі ў Расіі, нават у мусульманскіх рэгіёнах, ніколі не было.
Першымі ў Расійскай Федэрацыі забарону на нашэнне хіджабаў у школах выпусцілі ўлады Стаўраполля, іх падтрымаў Вярхоўны Суд Расіі. Міністр адукацыі і навукі Дзмітрый Ліванаў выказваў меркаванне, што дзеці, якія носяць хіджаб, павінны вучыцца ў рэлігійных адукацыйных установах.
Аднак прадстаўнікі мусульманскай абшчыны Мардовіі лічаць, што гэтая забарона парушае права на свабоду веравызнання, замацаваную ў Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі. Заяўнікі сцвярджаюць, што іх дзеці падвяргаюцца дыскрымінацыі ў навучальных установах Саранска.