Выбраць належны кірунак развіцця

- 11:28Планёрка ў рэгіёне

Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці — прыгранічны сельскагаспадарчы раён, што, безумоўна, уплывае на прафесійны выбар і інтарэсы яго навучэнцаў. Сёння больш за палову вучняў старшых класаў раёна ахоплены профільным навучаннем, наведваюць факультатывы. На базе школ працуюць аграрныя класы, арганізавана прафесійнае навучанне. Паміж установамі адукацыі Мсціслаўскага раёна і суседняй Расіі наладжана супрацоўніцтва. Падрабязней пра гэта раскажа начальнік аддзела па адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама Алена Дзмітрыеўна Паштовая.

— У 2019/2020 навучальным годзе на базе 9 устаноў адукацыі адкрыты профільныя класы (групы) з вывучэннем на павышаным узроўні дзесяці прадметаў. Ахоп профільным навучаннем складае 61% сярод навучэнцаў 10—11 класаў і 11,5% сярод навучэнцаў 8—9 класаў, — падзялілася Алена Дзмітрыеўна. — З 2019 года на базе сярэдняй школы № 2, гімназіі Мсціслава, Ходасаўскай сярэдняй школы арганізавана работа міжшкольных факультатываў для навучэнцаў 10—11 класаў па рускай мове, матэматыцы, англійскай мове, фізіцы, грамадазнаўстве. У бягучым навучальным годзе былі адкрыты міжшкольныя факультатывы ў 8—11 класах па хіміі, біялогіі. Для навучэнцаў базавых класаў на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана прафесійнае навучанне. У 8 установах рэалізуюцца адукацыйныя праграмы прафесійнай падрыхтоўкі для 106 навучэнцаў па спецыяльнасцях “Аператар ЭВМ”, “Сталяр”, “Швачка”, “Агароднік”. У гімназіі Мсціслава, Разанцаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе функцыянуюць 2 групы педагагічнай накіраванасці. У 2019 годзе з сямі выпускнікоў педагагічнага класа гімназіі шэсць паступілі ў педагагічныя ВНУ, з іх чатыры — па мэтавым дагаворы.

Мсціслаўскі раён мае сельскагаспадарчую накіраванасць. Арганізацыя работы 4 аграрных класаў (груп), рэалізацыя адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў па спецыяльнасці “Агароднік” даюць магчымасць не толькі пазнаёміць навучэнцаў з прафесіямі сельскагаспадарчага профілю і выву­чыць культуру землекарыстання, але і сарыентаваць іх у выбары будучай прафесіі. У бягучым годзе заключаны дагавор паміж Капачэўскім дзіцячым садам — сярэдняй школай і Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміяй па арганізацыі работы профільных класаў аграрнай накіраванасці і рэалізацыі сумесных праектаў сельскагаспадарчага профілю.

— Раскажыце, калі ласка, аб міжнародным супрацоўніцтве ў сферы адукацыі.

— У снежні 2019 года на базе ўстаноў адукацыі раёна праведзена міжнародная стажыроўка кіруючых і педагагічных работнікаў цэнтра-каледжа прыкладных кваліфікацый Мічурынскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта (Расія) па тэме “Праектаванне развіцця адукацыйных сістэм па вектары міжнароднага супрацоўніцтва”. У рамках гэтай стажыроўкі быў прадстаўлены вопыт работы нашых аграрных класаў (груп). У сваю чаргу, кіраўнікі ўстаноў адукацыі нашага раёна таксама прайшлі стажыроўку па названай тэме на базе Інстытута развіцця адукацыі Арлоўскай вобласці.

Установы адукацыі раёна з’яўляюцца ўдзельнікамі гуманітарнага сельскагаспадарчага галандскага праекта. Яго рэалізацыя дазваляе ўключыць вучняў у даследчую дзейнасць. Юныя даследчыкі вывучаюць тэхналогію вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці па вырошчванні галандскіх элітных гатункаў агародніны ва ўмовах нашай мясцовасці. Энтузіязм, дзей­насць і поспехі ўстаноў адукацыі высока ацэньваюць каардынатары праекта. Педагогі і навучэнцы даказалі сваю паспяховасць у гэтым пытанні і дзеляцца адпаведным вопытам падчас канферэнцый, форумаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Неабходна адзначыць, што ўсе ўстановы адукацыі раёна маюць прысядзібныя ўчасткі, што дазваляе школам забяспечыць сябе цалкам агароднінай, а таксама атрымаць дадатковы прыбытак ад вырашчанай прадукцыі. Атрыманыя сродкі ідуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, стымуляванне навучэнцаў.

— Якая работа праводзіцца па павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў?

— Значная роля адводзіцца метадычнай рабоце з педагогамі. Сёння на ўзроўні раёна створаны тэматычныя творчыя групы педагогаў, якія забяспеч­ваюць практычную дзейнасць па пытаннях арганізацыі адукацыйнага працэсу, метадычнае суправаджэнне інавацыйнай, праектнай дзейнасці, павышэнне і ўдасканаленне прафесійных кампетэнцый педагогаў. Інфармацыйныя тэхналогіі займаюць усё больш трывалае месца ў адукацыйным працэсе. У 2019 годзе створана творчая група настаўнікаў інфарматыкі “Укараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе”. Сёння работа групы дазволіла не толькі забяспечыць метадычнае суправаджэнне працэсу інфарматызацыі ва ўстановах адукацыі, але і стварыць электронны рэсурс, які дазваляе адсоч­ваць паспяховасць кожнага навучэнца, выніко­васць яго ўдзе­лу ў алімпіядах, конкурсах для далейшага вызначэння яго адукацыйнага маршруту. У цяперашні час работа групы накіравана на стварэнне платформы для размяшчэння электронных матэрыялаў з вопыту работы педагогаў: відэаўрокі, відэапрэзентацыі, майстар-класы і інш. Асобны блок работы групы — падрыхтоўка вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання шляхам выкарыстання анлайн-рэсурсаў.

Кожная ўстанова адукацыі раёна сёння працуе над рэалізацыяй пэўных праектаў, ініцыятыў. У бягучым годзе навучэнцы школ распрацавалі міні-праекты і прадставілі ў рамках раённага конкурсу “Вучань года”. Важная роля ў метадычным суправаджэнні праектнай дзейнасці педагогаў і навучэнцаў адво­дзіцца творчай групе “Праектная дзейнасць у адукацыйным працэсе”, якая выступае сувязным звяном у рабоце раённых метадаб’яднанняў, што дазволіла стварыць банк даных адукацыйных праектаў, арганізаваць сеткавае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі з цьютарамі па праектнай дзейнасці з выкарыстаннем воблачных сэрвісаў Google. Педагогі творчай групы прыступілі да стварэння інфармацыйнай старонкі ў інтэрнэце для размяшчэння адукацыйных праектаў педагогаў і навучэнцаў.

Сёння інавацыйная дзейнасць рэалізуецца на базе 6 устаноў адукацыі раёна. У 2019 годзе ўпершыню была створана творчая група педагагічных работнікаў “Эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць у адукацыйным працэсе”. Работа гэтай групы дазваляе аказваць метадычную і кансультацыйную дапамогу ўстановам адукацыі па рэалізацыі праектаў, правесці апрабацыю дыдактычных сродкаў наватарскага тыпу па напрамках дзейнасці. Акрамя гэтага, творчая група з’яўляецца своеасаблівым раённым рэсурсным цэнтрам, які сумесна з установамі адукацыі забяспечвае распрацоўку метадычных рэкамендацый па ўкараненні практык работы, рэалізаваных інавацыйных праектаў, удзельнічае ў распрацоўцы новых інавацыйных і эксперыментальных праектаў.

Актуальнай з’яўляецца і дзейнасць творчай групы педагагічных работнікаў “Адукацыя для ўстойлівага развіцця ў Мсціслаўскім раёне”. Дзесяць устаноў адукацыі сталі членамі асацыя­цыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”. Гэта адыграла сваю ролю ў выбары прыярытэтаў у стратэгіі развіцця ўсяго Мсціслаўскага раёна.

Надзея ЦЕРАХАВА.