Выхаванне з улікам гендарных адрозненняў

- 12:20Спецыяльная адукацыя

У ЦКРНіР Навагрудскага раёна вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі работы па гендарнай сацыялізацыі дзяцей з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі. Работа педагогаў цэнтра па гэтай тэме была адзначана дыпломам ІІІ ступені на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі” і прыняла ўдзел у рэспубліканскім этапе.

Задачы, якія вырашаюцца ў цэнтры ў напрамку гендарнай сацыялізацыі дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця (ЦМПР) ва ўмовах цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі:
* Фарміраванне ўстойлівых якасцей адаптыўных паводзін у дзяцей з ЦМПР для засваення сацыяльнага вопыту, сацыяльных установак і каштоўнасных арыентацый.
* Канструяванне праз развіццё валанцёрскага руху сацыяльнай мадэлі ўзаемадзеяння дзіцяці з ЦМПР з суполкай равеснікаў і зніжэнне ўплыву фактару стэрэатыпа адносін да дзіцяці з абмежаванымі магчымасцямі.
* Нейтралізацыя ўплыву мікрасацыяльных умоў сям’і на гендарную ідэнтычнасць: адмаўленне гендарных адрозненняў, дэфармацыя абмежаванай сексуальнасці.
* Развіццё цікавасці ў педагогаў да планавання адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем дыферэнцыраванага падыходу па палавой і сацыяльнай прымеце.
Работу мы арганізоўваем па наступных тэматычных модулях: “Я — грамадзянін”, “Дзяўчынкі і хлопчыкі”, “Мая сям’я” і г.д. Да кожнага з іх мы склалі апорныя матрыцы і распрацавалі прыкладнае тэматычнае планаванне. Змястоўная структура модуляў прадстаўлена блокамі, напрыклад, “Чалавек сярод людзей”, “Я і мае равеснікі”, “Развіццё ўяўленняў пра навакольны свет і пра сябе”.
На занятках мы выкарыстоўваем традыцыйныя і нетрадыцыйныя падыходы. Напрыклад, прыводзім дзяцей у тыя ці іншыя гендарныя сітуацыі. Педагогі ўзбагацілі групы тым гульнявым абсталяваннем, якое дазваляе трансліраваць набыты гендарны вопыт, абнавілі змест метадычнага матэрыялу, нагляднага, раздатачнага, дэманстрацыйнага. У прадметна-развіццёвым асяроддзі цэнтра створаны куткі хобі, здольнасцей аб знешнім выглядзе, выраблены разам з дзецьмі атрыбуты да сюжэтна-ролевых гульняў “Салон прыгажосці”, “Хуткая дапамога”, “Мая сям’я”, “Атэлье”, выстава фотарэпартажаў “Мой бацька”, “Мама”, “Мае сябры”, “Пра нашых дзяўчынак”, “Сямейныя святы”, “Экскурсія” і г.д.
Праблема гендарнага развіцця дзіцяці з ЦМПР даволі актуальная для бацькоў. Яны гатовы перадаць неабходныя веды, растлумачыць і расказаць яму пра ўзаемаадносіны полаў, навучыць эфектыўна ўзаемадзейнічаць з соцыумам (паводзіны, культура зносін), сфарміраваць гэтыя ўменні і навыкі ў дзіцяці з улікам яго новай прыналежнасці. Разам з тым узнікае праблема асаблівасцей псіхафізічнага развіцця дзіцяці, якое патрабуе спецыяльных падыходаў і метадаў.
На падрыхтоўчым этапе праводзілася анкетаванне бацькоў, мэта якога — выяўленне ўзроўню бацькоўскіх ведаў па праблеме гендарнага выхавання, вызначэнне актуальнасці пытання палавога выхавання дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю, ступень зацікаўленасці гэтай тэмай у найбліжэйшага акружэння дзіцяці. У выніку анкетавання было выяўлена, што ў сям’і дамінуе “феміннае” выхаванне — у большай ступені выхаваннем дзіцяці займаецца мама — 75%; мама і тата — 25%. Дзіця праяўляе большую прыхільнасць да маці — 65%; да бацькі — 10%; да абодвух бацькоў — 25%.
Большасць бацькоў лічаць, што ў дашкольным узросце яшчэ рана абмяркоўваць з дзіцем паводзінскія, знешнія, анатамічныя адрозненні хлопчыкаў і дзяўчынак (90%), і не ведаюць, як гэта рабіць; 10% чытаюць навукова-папулярную літаратуру, асвятляюць пытанні адрознення хлопчыкаў і дзяўчынак, полаўзроставае выхаванне.
У той жа час сярод бацькоў вызначылася група, якая лічыць вельмі важным працэс гендарнай сацыялізацыі дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю менавіта на этапе дашкольнага ўзросту. Бацькі заклапочаны праблемамі, звязанымі з індывідуальнымі псіхафізічнымі асаблівасцямі развіцця дзяцей. Са 100% апытаных бацькоў гэтай групы колькасць тых, для каго пол дзіцяці пры нараджэнні не меў значэння, па даных анкетавання, складае 35%.
Змест работы з бацькамі рэалізоўваўся з дапамогай методыкі педагагічных сітуацый. Пад педагагічнымі сітуацыямі мы разумелі сукупнасць умоў і акалічнасцей, якія патрабуюць ад бацькі прыняцця правільнага рашэння, у аснове якога ляжаць узаемаадносіны разумення, даверу, цеплыні паміж бацькам і дзіцем (дзяўчынкай/хлопчыкам) у працэсе ўзаемадзеяння. Былі падабраны педагагічныя сітуацыі, якія прадугледжвалі вырашэнне праблемных жыццёвых пытанняў ва ўзаемадзеянні хлопчыкаў і дзяўчынак. Актыўнымі метадамі работы былі наступныя: метад параўнання, метад мадэлявання жыццёва значнай сітуацыі, метад праблемных сітуацый з элементамі ацэнкі.
Мы выкарыстоўваем наступныя найбольш эфектыўныя формы работы з бацькамі, якія ажыццяўляюцца ў рамках работы клуба “Зносіны”: трэнінгавыя заняткі, гутаркі, кансультацыі, лекцыі, праблемныя круглыя сталы, абмен думкамі і інш. У працэсе работы з бацькамі па пытаннях гендарнай сацыялізацыі дзяцей з ЦМПР праводзіліся серыя бацькоўскіх сходаў “Гендарнае выхаванне дзіцяці ў працэсе навучання прыёмам асабістай гігіены”, кансультацыя на тэмы “Арганізацыя гендарнага выхавання ў сям’і дзяцей рознага полу”, “Метады выхавання, якія спрыяюць развіццю адэкватных сацыяльных паводзін”, семінар-трэнінг на тэму “Размова пра сексуальнасць дзіцяці з інтэлектуальнай недастатковасцю”, семінар “Полаўзроставае развіццё дзіцяці з інтэлектуальнай недастатковасцю”, быў арганізаваны бацькоўскі куток на тэмы “Хлопчыкі і дзяўчынкі”, “Пошта пытанняў і адказаў” і г.д.
Разам з тым работа па гендарнай сацыялізацыі немагчымая і без узаемадзеяння дзяцей з ЦМПР з іншымі дзецьмі, таму актуальнай з’яўляецца і работа па развіцці валанцёрскага руху. Анкетаванне, якое праводзілася сярод дзяцей старэйшага школьнага ўзросту, студэнтаў аграрнага каледжа дазволіла выявіць, што дзеці, якія нармальна развіваюцца, маюць агульнае ўяўленне пра валанцёрскую дзейнасць, не разумеюць яе каштоўнасці і значнасці ў вырашэнні сацыяльных праблем грамадства ў адносінах да інвалідаў. У апытаных у большасці выпадкаў адсутнічала жаданне і гатоўнасць бескарысліва і бязвыплатна дапамагаць людзям, якія маюць у гэтым патрэбу. Акрамя таго, апытаныя не бачаць каштоўнасці жыцця інваліда і не могуць вызначыць станоўчыя характарыстыкі ў развіцці дзіцяці: “Такое дзіця застанецца такім на ўсё жыццё”, “А навошта?” і інш. Веды дзяцей, якія нармальна развіваюцца, пра дзяцей-інвалідаў недакладныя і павярхоўныя, не адлюстроўваюць сапраўднага становішча. Такія якасці характару, як эмпатыя, талерантнасць, рэфлексіўнасць, развіты слаба. Дыягностыка гэтых якасцей паказала, што большасць апытаных мелі нізкі ўзровень іх развіцця.
Памочнікамі ў гэтай рабоце сталі гурткоўцы дадатковай адукацыі Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа.
Дыскусіі, круглыя сталы, трэнінгі, “метад кейсаў”, сацыяльнае праектаванне, удзел у валанцёрскіх акцыях, падрыхтоўцы і правядзенні сумесных мерапрыемстваў для навучэнцаў Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Навагрудскага раёна — ўсё гэта дало магчымасць набыць каштоўны вопыт зносін, праяўляць талерантнасць у рэальных жыццёвых сітуацыях. Змяненне характару зместу і арганізацыі сацыяльнага ўзаемадзеяння дазволіла дзецям, якія нармальна развіваюцца, актыўна ўключыцца ў валанцёрскую дзейнасць.

Алена ГАЎРЫШ,
дырэктар ЦКРНіР Навагрудскага раёна.