Вынікі высокай матывацыі і прафесіяналізму

- 13:06Планёрка ў рэгіёне

Чым ганарацца настаўнікі Чавускага раёна Магілёўскай вобласці, якіх вынікаў у працы яны дасягнулі, як заахвочваюць сваіх вучняў на ўдзел у інтэлектуальных спаборніцтвах, расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Чавускага райвыканкама Магілёўскай вобласці Мікалай Уладзіміравіч ВАРАНЦОЎ.

— Якія ў раёне праводзяцца мерапрыемствы па павышэнні якасці адукацыі?
— Вызначальны фактар паспяховасці працэсу навучання — гэта, безумоўна, педагагічнае майстэрства настаўніка, а таксама матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне ўстаноў адукацыі, выкарыстанне адукацыйных тэхналогій.
Сёння ў раёне працуюць 465 педагогаў, якія маюць дастаткова высокі кваліфікацыйны ўзровень. За мінулы год 130 работнікаў атрымалі сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій. Многія педагогі маюць свае рубрыкі на школьных сайтах, якія пастаянна папаўняюцца і абнаўляюцца, дзе кожны навучэнец можа ўдакладніць дамашняе заданне, атрымаць заданне для самастойнай работы па падрыхтоўцы да ЦТ, алімпіяд, атрымаць кансультацыю.
Выкарыстанне камп’ютарнай тэхнікі, інтэрнэт-рэсурсаў ва ўстановах адукацыі стала нормай. У мінулым годзе на аснашчэнне ўстаноў адукацыі камп’ютарнай і мультымедыйнай тэхнікай, праграмнымі сродкамі навучання, тэхналагічным абсталяваннем, дыдактычным развіццёвым матэрыялам, спартыўным абсталяваннем і інвентаром, абсталяваннем для кабінета фізікі і для лінгафонных кабінетаў было затрачана 737 605,2 тысячы рублёў.

— Якія ўмовы садзейнічаюць павышэнню прафесіяналізму настаўнікаў?
— Найважнейшы сродак павышэння педагагічнага майстэрства настаўнікаў — метадычная дзейнасць. На сёння яна прадстаўлена 43 метадычнымі фарміраваннямі, у тым ліку і міжраённым метадычным аб’яднаннем кіраўнікоў устаноў адукацыі сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Слаўгарадскага райвыканкама. Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва дазваляе ажыццявіць абмен вопытам работы ў розных аспектах адукацыйнага працэсу, методыкамі і тэхналогіямі навучання.
У раёне склалася выразная сістэма бесперапыннай прафесійнай адукацыі педагагічных кадраў. Штогод настаўнікі раёна праходзяць у поўным аб’ёме курсавую перападрыхтоўку, актыўна выступаюць на семінарах, канферэнцыях, удзельнічаюць у конкурсах, фестывалях, анлайн-канферэнцыях. Так, у абласным фестывалі эфектыўнага педагагічнага вопыту прынялі ўдзел Л.М.Пунінская, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ваўкавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, з дакладам “Далучэнне дзяцей дашкольнага ўзросту да беларускай нацыянальнай культуры ва ўмовах малакамплектнага дзіцячага сада” і С.В.Зюзькевіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Чавус, з дакладам “Удасканаленне адукацыйнага працэсу на аснове ўкаранення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”; на абласной навукова-практычнай канферэнцыі з тэмай “Актуальныя праблемы і тэндэнцыі метадычнай работы ў адукацыі” выступіла А.А.Рагуева, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Радамльскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 2 Чавус А.Р.Пынікаў стаў фіналістам абласнога фестывалю “Павышэнне эфектыўнасці педагагічнай дзейнасці праз выкарыстанне аўтарскіх інфармацыйных рэсурсаў”.
Калектыў сярэдняй школы № 2 Чавус працуе над рэалізацыяй інавацыйнага праекта Міністэрства адукацыі “Укараненне мадэлі арганізацыі навучання як вучэбнага даследавання навучэнцаў (прадметы прыродазнаўчанавуковага цыкла)”.

— Якіх поспехаў дасягнулі настаўнікі раёна ў рабоце па выяўленні і развіцці адораных дзяцей?
— Выніковасць навучання непасрэдна звязана з якасцю навучання. У раёне не толькі склалася сістэма работы па выяўленні і развіцці здольнасцей навучэнцаў, але яна і ўдасканальваецца, і развіваецца. Дасягнуты пазітыўныя вынікі. Мы ганарымся поспехамі нашых навучэнцаў на трэцім і заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, фізіцы, працоўным навучанні і біялогіі. На працягу двух гадоў навучэнцы з’яўляліся прызёрамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Навучэнец сярэдняй школы № 2 Чавус Максім Шкрэдаў стаў пераможцам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. У яго поспеху вялікая заслуга настаўніцы роднай мовы Л.У.Кузьміной.
Ва ўстановах адукацыі арганізаваны і функцыянуюць навуковыя таварыствы “Эўрыка” сярод вучняў 3—11 класаў, накіраваныя на фарміраванне даследчых кампетэнцый і творчых здольнасцей дзяцей.
Традыцыйным стаў штогадовы ўдзел навучэнцаў усіх узроставых катэгорый у школьных і раённых канферэнцыях даследчых работ. У гэтым годзе прайшла чарговая, ужо 16, раённая канферэнцыя. Колькасць удзельнікаў і прадстаўленых работ не змяншаецца, а павялічваецца з кожным годам.
Штогод нашы юныя даследчыкі становяцца прызёрамі абласнога конкурсу даследчых работ, удзельнічаюць у рэспубліканскай канферэнцыі. У ХІХ Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару будуць удзельнічаць 4 работы.
Сёлета ўпершыню ў раёне прайшоў конкурс даследчых работ сярод выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі “Я — даследчык”. Жадаючых паўдзельнічаць у конкурсе было шмат. Работа пераможцы раённага конкурсу была прадстаўлена ў абласным конкурсе і адзначана дыпломам.
Гэта вынікі высокай матывацыі навучэнцаў, узроўню іх падрыхтоўкі, прафесіяналізму педагогаў.

Святлана КІРСАНАВА.