Высокая мода — за інклюзію

- 11:38Сацыяльны ракурс

Падчас Беларускага тыдня моды (Belarus Fashion Week) прайшла прэзентацыя калекцыі адзення “Новыя магчымасці” сезона “Вясна—лета — 2019”. Гэты праект рэалізаваны Беларускай палатай моды сумесна з Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. На працягу некалькіх месяцаў людзі з інваліднасцю былі задзейнічаны ва ўсіх этапах стварэння новых вобразаў, у тым ліку займаліся пашывам моднага адзення. У гэтым ім дапамагалі маладыя беларускія дызайнеры. Вынікі іх сумеснай карпатлівай працы ацаніла паважаная публіка.

Фота да матэрыяла: Высокая мода — за інклюзію.Праект “Новыя магчымасці” не пра інваліднасць, а пра людзей, якія ствараюць моду. Галоўнае, што для гэтага трэба, — спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі фантазій, здольнасцей, уменняў. “Новыя магчымасці” — частка маштабнага праекта “Мастацтва — за інклюзію людзей з інваліднасцю”, які фінансава падтрымлівае Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID). Яшчэ не было прэцэдэнту, каб людзі з інваліднасцю ў Беларусі ўдзельнічалі ў такім мерапрыемстве. Аднак дзве розныя, здавалася б, несумяшчальныя, сферы перасекліся — і з’явілася калекцыя моднага адзення. Праектам ужо зацікавіліся журналісты з Лондана, якія даслалі запыт аб магчымым супрацоўніцтве.

У калекцыі выкарыстана шмат лёну, а таксама тонкай шэрсці, арганзы, бавоўны. Былі прадстаўлены льняныя камбінезоны, сарафаны, упрыгожаныя вязкай, ільняныя топы і штаны, шорты, спадніцы, белыя сукенкі і блузы, расшытыя пацеркамі і камянямі, а таксама касцюмы з тонкай шэрсці. Сардэчная цеплыня калекцыі ў тым, што пры яе стварэнні выкарыстоўвалася ручная работа: у першую чаргу вышыўка, вязанне, дэкарыраванне камянямі і пацеркамі. Упрыгожылі адзенне і выявы рэдкіх насякомых і кветак Беларусі, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Прадстаўлены, у прыватнасці, выявы матылькоў: бражнік празерпіна, мядзведзіца геба, пурпуровая стужачніца (начны матылёк), галубянка алькон (дзённы матылёк), а таксама дзедка рагаты (від разнакрылых стракоз), чмель, кізільнік чарнаплодны (невялікі кустарнік), ятрышнік шлеманосны (шматгадовая травяністая расліна). Ручны дэкор падобны да мастацтва, у якім уся прыгажосць і непаўторнасць чалавечай фантазіі.

У праекце прынялі ўдзел 9 дзяўчат з БелАДДІіМІ, з іх шэс ць дэкаратараў і тры ілюстратары — Ангеліна Янцэвіч, Ева Пуціла, Марыя Шчапаноўская, якія стваралі прынты-ілюстрацыі насякомых і раслін. Сярод дызайнераў-дэкаратараў — Юлія Лісецкая (Мінск), якая другі год працуе на ўнітарным прадпрыемстве “Арт ІДЭЯ” ГА “БелАДДІіМІ”. Яна пераважна займалася вышыўкай насякомых і раслін. Ганна Ганісеўская (Стоўбцы) вязала кручком элементы для некалькіх убораў, у прыватнасці, ажурныя манжэты і аблямоўку для белай сукенкі. Дзяўчына захапляецца вязаннем яшчэ са школы і можа выконваць складаныя ўзоры. Акрамя таго, вырабляе ўпрыгажэнні і сувеніры, якія выстаўляе на кірмашах і фестывалях. Над калекцыяй працавалі таксама дэкаратары Юлія Жаркевіч і Святлана Пятроўская з Мінска, Таццяна Сасім і Таццяна Галубовіч з Жодзіна.

Дызайнеры калекцыі “Новыя магчымасці” — член Беларускай палаты моды Настасся Ярмак разам з крэатыўнай групай дызайнераў. Ідэйны натхняльнік калекцыі — старшыня Беларускай палаты моды кіраўнік Belarus Fashion Week Яніна Ганчарова.

Удзельнікі праекта “Новыя магчымасці” спадзяюцца, што ў іх атрымаецца прадаць калекцыю моднага адзення, а таксама працаўладкаваць некалькі чалавек з інваліднасцю (дызайнераў-дэкаратараў) на адкрытым рынку працы. Магчыма, праектам зацікавяцца прадпрыемствы лёгкай прамысловасці і яе ўдасца тыражаваць. Зараз кожны жадаючы можа набыць той вобраз з калекцыі “Новыя магчымасці” “Вясна—лета — 2019”, які спадабаўся, а таксама атрымаць кансультацыю дызайнера. Звяртацца неабходна да дызайнера калекцыі Настассі Ярмак, а таксама да Наталлі Губар, піяр-менеджара БелАДДІіМІ.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.