Вывучаем англійскую мову з дапамогай вершаў, песень, казак, прыказак…

- 15:03Адукацыйныя праекты

— Сучасная методыка выкладання замежнай мовы вылучае ў якасці галоўнай мэты навучанне школьнікаў зносінам на ёй, што патрабуе ад настаўніка добрага валодання тэхналогіяй навучання замежнай камунікацыі, — гаворыць настаўніца англійскай мовы Вольга Аляксееўна Ланкуць з сярэдняй школы № 2 Ляхавіч. — Як вядома, у педагогіцы ёсць некалькі мадэлей навучання: пасіўная (вучні слухаюць і глядзяць), актыўная (вучні працуюць самастойна, выконваюць творчыя заданні) і інтэрактыўная (вучні актыўна ўзаемадзейнічаюць адно з адным). Сутнасць інтэрактыўнага навучання заключаецца ў тым, што пры ім амаль усе дзеці далучаны да працэсу пазнання, выключаецца дамінаванне настаўніка ці пэўнай ідэі, прычым усё адбываецца ў атмасферы добразычлівасці і ўзаемнай падтрымкі. Гэта дазваляе не толькі атрымліваць новыя веды, але і развіваць пазнавальную дзейнасць, эфектыўныя формы супрацоўніцтва. Падчас дыялогавага навучання (а менавіта гэта і прадугледжвае інтэрактыўнае навучанне) школьнікі вучацца крытычна мысліць, вырашаць складаныя праблемы на аснове аналізу абставін і адпаведнай інфармацыі, узважваць альтэрнатыўныя меркаванні, прымаць прадуманыя рашэнні, удзельнічаць у дыскусіях, наладжваць зносіны з іншымі людзьмі.

Тэхналогія інтэрактыўнага навучання — гэта сістэма спосабаў арганізацыі ўзаемадзеяння педагога і вучняў у форме вучэбных гульняў, што гарантуе эфектыўныя пазнавальныя зносіны, у выніку якіх ствараюцца ўмовы для сітуацыі поспеху ў вучэбнай дзейнасці і ўзаемаабагачэння матывацыйнай, інтэлектуальнай, эмацыянальнай і іншых сфер. У сваёй рабоце В.А.Ланкуць выкарыстоўвае розныя мадэлі навучання, але перавагу аддае актыўнай і інтэрактыўнай.

— Сёння існуе шмат розных методык і спосабаў выкладання замежнай мовы, — расказвае Вольга Аляксееўна. — Адным з самых эфектыўных і цікавых спосабаў вывучэння англійскай мовы з’яўляецца выкарыстанне песеннага і паэтычнага матэрыялу, а таксама казак, прымавак і прыказак. Некаторыя вучэбныя дапаможнікі цалкам базіруюцца на паэтычных тэкстах (аўтэнтычных ці спецыяльна напісаных). Мэтазгоднасць іх прымянення неаспрэчная. Па-першае, вершы і рыфмоўкі вельмі падабаюцца дзецям. А калі навучанне падмацавана станоўчымі эмоцыямі, то матэрыял засвойваецца лепш. Па-другое, аўтэнтычны ці фальклорны матэрыял дапамагае спасцігаць мову ў кантэксце культур. Па-трэцяе, паэтычныя тэксты і рыфмоўкі — выдатны сродак для адпрацоўкі рытму, інтанацыі іншамоўнага маўлення і ўдасканалення вымаўлення. І апошняе: пры рабоце з вершамі і рыфмоўкамі вырашаецца праблема шматразовага паўтарэння выказванняў па адной мадэлі ці ўспрымання аднаго і таго ж слова. У выніку шматразовае ўзнаўленне песні ці верша не ўспрымаецца як штучнае.

Па словах В.А.Ланкуць, педагогі часта не звяртаюць увагі на вершы і рыфмоўкі на ўроках англійскай мовы, а калі і выкарыстоўваюць, то пераважна традыцыйныя творы, што не зусім цікава вучням. Бывае, уся работа абмяжоўваецца толькі праслухоўваннем і завучваннем вершаў, з-за чаго дзеці даволі часта нават не разумеюць іх сэнсу. Грэбаваць вершамі і рыфмоўкамі, на думку педагога, нельга, бо яны істотна павышаюць эфектыўнасць вывучэння моўнага матэрыялу. Акрамя таго, любоў да паэзіі павінна прывівацца дзецям з ранняга ўзросту і суправаджаць іх усё жыццё.

— Звычайна ў дзяцей няўстойлівая ўвага, таму абавязкова прадугледжваю на занятках такія віды работ, якія знімаюць напружанне, пераключаюць увагу, выклікаюць станоўчы эмацыянальны настрой, — адзначае Вольга Аляксееўна. — Развучванне вершаў і рыфмовак адпавядае ўзроставым і псіхалагічным асаблівасцям дзяцей. Дзякуючы рыфме ў вусным маўленні лёгка актывізуюцца лексіка-граматычныя структуры. Дзеці без цяжкасцей засвойваюць рыфмоўкі і з задавальненнем успамінаюць іх, калі неабходна падказка. Пры гэтым выкарыстоўваюцца дапаможныя сродкі: малюнкі, міміка, жэсты, рухі, інтанацыя і кароткія дыялогі.

Вершы добра стымулююць вучняў да маналагічных і дыялагічных выказванняў, з’яўляюцца асновай для развіцця маўленча-мысліцельнай дзейнасці школьнікаў, дапамагаюць развіваць падрыхтаванае і непадрыхтаванае маўленне. Завучванне невялікіх па аб’ёме вершаў і рыфмовак не патрабуе ад вучняў асаблівых намаганняў.

— Галоўнае — зрабіць так, каб навучанне ператварылася з манатоннага механічнага ўзнаўлення матэрыялу ў творчы пошук, — заўважае настаўніца. — У значнай ступені гэтаму садзейнічае работа над паэтычнымі творамі, якія не толькі развіваюць дзяцей, але і абагачаюць іх духоўны свет, прывіваюць чуласць да мастацкага слова, радуюць і здзіўляюць музычнасцю і яркасцю мовы, вучаць бачыць прыгажосць прыроды. Паэзія дае імпульс творчаму ўяўленню школьнікаў, бо валодае вялікім патэнцыялам эма-цыянальнага ўздзеяння. Чытанне вершаў, іх дэкламацыя і пераклад робяць урокі замежнай мовы больш змястоўнымі і матывацыйна накіраванымі, павышаюць цікавасць да вывучэння прадмета.

Падыходы да работы над вершамі на занятках могуць быць рознымі — у залежнасці ад задач настаўніка і ўзросту вучняў. Вершы — адзін з найбольш эфектыўных відаў фанетычнай зарадкі. На іх матэрыяле з дапамогай тэхнічных сродкаў можна адпрацоўваць асобныя гукі, інтанацыю, націск. Так, рыфмоўка “Be tidy” дазваляе папрацаваць над гукамі [aI], [I], [o:]:

Learn your lessons

As well as you can.

Be tidy like Nick,

Not dirty like Dan.

— У старшых класах работа над вершамі набывае іншы характар, — гаворыць В.А.Ланкуць. — Гэта ўжо работа не столькі над фанетыкай, колькі над зместам. Вялікая ўвага пры гэтым удзяляецца мастацкім сродкам мовы і стылю паэтычных твораў. Яркім прыкладам з’яўляецца верш “My Heart’s in the Highlands”, для чытання якога быў арганізаваны конкурс чытальнікаў з ліку васьмікласнікаў. Паколькі спаборніцтва карысталася вялікім інтарэсам, вырашыла правесці конкурс чытальнікаў з удзелам вучняў іншых класаў. Акрамя таго, абвясціла конкурс на лепшы пераклад гэтага верша і ўласны верш на англійскай мове.

Па словах В.А.Ланкуць, вершы і рыфмоўкі можна паспяхова выкарыстоўваць на этапе прэзентацыі новай граматычнай з’явы (у якасці ілюстрацыйнага матэрыялу для фармулёўкі правіла яе ўжывання), фарміравання рэцэптыўных навыкаў (пазнаванне пэўнай граматычнай формы ў іншым кантэксце) і прадукцыйных навыкаў гаварэння (дзякуючы практыкаванням на падстаноўку, трансфармацыю, пашырэнне структур і камбінаванне новага граматычнага матэрыялу з раней вывучаным і засвоеным) як крыніцу для арганізацыі маўленчай зарадкі, а таксама ў якасці рэлаксацыі (для зняцця напружання ці стомленасці ў сярэдзіне ўрока) і дадатковага матэрыялу (за некалькі хвілін да заканчэння ўрока).

— Пры рабоце над вершам важна ўдасканальваць навыкі правільнага вымаўлення і бегласці маўлення, — адзначае В.А.Ланкуць. — Даволі часта фарміраванне слоўнага запасу суправаджаецца неахайнасцю ў артыкуляцыі англійскіх гукаў. Гэта найбольш уласціва старшакласнікам. Вучні не вельмі любяць паўтараць ізаляваныя гукі і словы, але з задавальненнем робяць гэта, калі ім прапанаваць невялікія вершы і рыфмоўкі.

Вольга Аляксееўна імкнецца выкарыстоўваць на занятках сучасныя песні. Так, пры вывучэнні канструкцыі to be used to ў 7 класе настаўніца прапаноўвае праслухаць песню аўстралійскага спевака Gotye Somebody “That I Used To Know!”. Паколькі песня з’яўляецца даволі папулярнай, заняткі праходзяць на ўра. Важна, што пасля іх вучняў прыцягвае ўжо не толькі музыка, але і сэнсавы змест твора. Дзеці пачынаюць самастойна шукаць песні з рознымі граматычнымі з’явамі. Акрамя песень, акунуцца ў моўнае асяроддзе і бліжэй пазнаць культуру іншых краін вельмі добра дапамагаюць фрагменты фільмаў.

— Даволі часта першае знаёмства з граматыкай англійскай мовы выклікае ў вучняў расчараванне і сум, — расказвае В.А.Ланкуць. — Бывае, што дзіця, якое з радасцю асвойвала лексіку, фанетычны матэрыял і асновы размоўных навыкаў, страчвае матывацыю да працягу вывучэння мовы, сутыкнуўшыся з неабходнасцю неаднаразовага паўтарэння граматычнага матэрыялу, карпатлівай трэніроўкі граматычных навыкаў і, што самае цяжкае для 8—10-гадовых дзяцей, выслухоўвання сухіх тлумачэнняў педагога. На дапамогу прыходзяць моўныя гульні (лексічныя, граматычныя і фанетычныя), якія дазваляюць зрабіць навучанне цікавым. Гэта магутны стымул для авалодання замежнай мовай. Атмасфера захопленасці, радасці і адчування пасільнасці заданняў добра ўплывае на вынікі навучання. Моўны матэрыял засвойваецца лягчэй, у выніку чаго ўзнікае пачуццё задаволенасці.

Па словах В.А.Ланкуць, гульні набліжаюць маўленчую дзейнасць да натуральных норм, дапамагаюць развіваць навыкі зносін і эфектыўна адпрацоўваць моўны праграмны матэрыял, а таксама забяспечваюць практычную накіраванасць навучання. Пры выкарыстанні гульняў на ўроках паляпшаецца дысцыпліна, у вучняў з’яўляецца зацікаўленасць, павышаецца іх актыўнасць, бо гульні ўносяць элементы саперніцтва і спаборніцтва. Акрамя таго, яны фарміруюць самастойнасць, ініцыятыўнасць і пачуццё калектывізму.

— Для многіх школьнікаў вучэбная гульня з’яўляецца найперш забавай, а не трэніроўкай, — заўважае Вольга Аляксееўна. — Але любая гульня — гэта перш за ўсё практыкаванне, таму заўсёды імкнуся дакладна і выразна ўявіць, якую вучэбную мэту нясе пэўная гульня. Разам з тым падчас гульні імкнуся смяяцца і радавацца разам з вучнямі, падкрэсліваючы, што мяне цікавіць гульнявы сэнс практыкавання, а не вучэбны, бо калі раскрыць дзецям першапачатковую мэту, то гульня ператворыцца ў звычайнае практыкаванне.

Даволі часта В.А.Ланкуць звяртаецца да фанетычнай гульні “Чую — не чую”, накіраванай на фарміраванне навыкаў фанематычнага слыху. Падчас яе вучні дзеляцца на дзве каманды. Педагог агучвае словы. Калі яна называе слова, дзе ёсць доўгі галосны, дзеці падымаюць левую руку. Калі ў названым слове ёсць таксама зычныя гукі, усе падымаюць абедзве рукі. Настаўніца запісвае памылкі гульцоў на дошцы. Выйграе каманда, якая зрабіла менш за ўсё памылак.

Лексічная гульня “Пяць слоў” накіравана на замацаванне лексікі па пэўнай тэме. Пакуль прадстаўнік адной каманды лічыць да пяці, прадстаўнік другой павінен назваць пяць слоў па дадзенай тэме. Удзельнік, які не справіўся з заданнем, выбывае з гульні.

Мэта гульні “Дэтэктар хлусні” заключаецца ў трэніроўцы сэнсавага ўспрымання іншамоўнага маўлення на слых. Адзін гулец ад кожнай каманды пакідае клас. Астатнія ўдзельнікі рыхтуюць ім пытанні і, калі яны вяртаюцца, задаюць іх. Дазваляецца толькі адзін раз сказаць няпраўду. Група павінна вызначыць, што з’яўляецца няпраўдай.

— Выкарыстанне гульнявых тэхналогій — неад’емная частка маёй педагагічнай дзейнасці, бо з дапамогай іх можна развіваць памяць, увагу і лагічнае мысленне вучняў, — гаворыць В.А.Ланкуць. — Але самае галоўнае, што гульні выклікаюць у дзяцей цікавасць, а значыць, яны хутчэй засвойваюць граматычны матэрыял, павялічваюць слоўны запас, вучацца правільна выказваць думкі на замежнай мове.

Яшчэ адным эфектыўным прыёмам вывучэння замежнай мовы Вольга Аляксееўна лічыць выкарыстанне казак.

— Усе практыкаванні, якія выкарыстоўваюцца на ўроках для адпрацоўкі лексічнага, фанетычнага і граматычнага матэрыялу, павінны мець маўленчую накіраванасць, — тлумачыць В.А.Ланкуць. — Але адна з цяжкасцей навучання заключаецца ў абмежаванасці маўленчых сітуацый з-за невялікага моўнага запасу дзяцей. Акрамя таго, пры адпрацоўцы лексічных адзінак і граматычных структур прысутнічаюць манатонныя шматразовыя паўтарэнні. Пазбегнуць гэтых цяжкасцей дапамагаюць казкі (фанетычныя, лексічныя і граматычныя). Дзеці ўспрымаюць іх як гульню, сэнс якой заключаецца не толькі ў развіцці творчых здольнасцей, але і ў адпрацоўцы моўных навыкаў і ўменняў. Пры арганізацыі такой работы важна не толькі даць штуршок да творчасці і абудзіць уяўленне, але і ўмела накіраваць яго ў неабходнае рэчышча, каб нястрымная фантазія дзяцей не адводзіла іх ад прадмета вывучэння.

Каб казкі спадабаліся вучням, настаўніца не чытае іх, а расказвае. Спачатку яна рыхтуе план апавядання з галоўнымі момантамі, затым расказвае яго ці запісвае на дыктафон, абавязкова выкарыстоўвае пры расказванні міміку і жэсты, падтрымлівае кантакт са слухачамі з дапамогай вачэй.

— У 3—5 класах вельмі часта выкарыстоўваю граматычныя казкі, бо ў гэты час дзеці пачынаюць вывучаць часавыя формы дзеясловаў, — гаворыць В.А.Ланкуць. — Выкарыстанне казак і комплексу практыкаванняў да іх дапамагае паспяхова вырашаць мноства адукацыйных праблем на ўроках англійскай мовы. Даволі эфектыўнымі з’яўляюцца таксама прымаўкі і прыказкі, да якіх звяртаюся ў старшых класах у якасці маўленчай зарадкі. Выкарыстанне прымавак і прыказак дапамагае вучням выказваць асабістыя меркаванні па пэўнай тэме і рабіць маўленне больш разнастайным з дапамогай уводных канструкцый.

Не абыходзіць увагай Вольга Аляксееўна і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Выкарыстанне мультымедыйных праграм асабліва актуальнае пры вывучэнні лексікі. Шырокія магчымасці для ўдасканалення камунікацыйных навыкаў адкрывае інтэрнэт-сэрвіс Skype. Так, на адным з урокаў у 5 класе вучні размаўлялі па ім з носьбітам англійскай мовы на тэму “Канікулы”. Настаўніца лічыць гэты сэрвіс добрым матыватарам у вывучэнні замежнай мовы.

— Выкарыстанне гульняў, песень, вершаў, рыфмовак, ІКТ і інтэрнэту ў вывучэнні англійскай мовы дазваляе зрабіць вучняў актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, павысіць іх матывацыю, зацікавіць прадметам. Сучаснаму педагогу цяжка не згубіцца ў шматлікіх прыёмах і сродках навучання, вылучыць з іх найбольш цікавыя і эфектыўныя. Нетрадыцыйныя формы правядзення ўрокаў развіваюць творчую самастойнасць дзяцей, вучаць працаваць іх з рознымі крыніцамі ведаў, але злоўжываць такімі формамі работы нельга, бо тады яны стануць традыцыйнымі, што прывядзе да зніжэння цікавасці школьнікаў да прадмета, — падагульняе В.А.Ланкуць.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.