Я акцябронак і гэтым ганаруся!

- 15:17Нам пішуць

У Круцілавіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, што на Дзятлаўшчыне Гродзенскай вобласці, дзейнічаюць першасныя арганізацыі БРПА, БРСМ, працуюць органы самакіравання. Самыя малодшыя з піянераў — акцябраты. Усім вядома, што акцябраты дружныя, вясёлыя, актыўныя. Такая ж крэатыўная і ініцыятыўная Алеся Адамчык, вучаніца 3 класа. Яна мае поспехі ў вучобе, дапамагае ў класе астатнім, таму што адказная за вучэбны сектар. У пазаўрочны час наведвае аб’яднанні па інтарэсах “Харэаграфічнае”, “Бісерапляценне”. Алеся — пастаянны ўдзельнік канцэртных праграм, займаецца ў вакальнай групе пры сельскім Доме культуры.

Алеся — бясспрэчны лідар акцябрацкага атрада “Праменьчык”. Нягледзячы на такі юны ўзрост, ідэйнасці і актыўнасці дзяўчынкі можна толькі пазайздросціць. Не стаў выключэннем і раённы конкурс “Супер Акцябронак — 2017”, які прайшоў на Дзятлаўшчыне. Навучэнцы ўзялі ў ім актыўны ўдзел, вельмі стараліся, і старанні не засталіся незаўважаныя. Алеся разам з групай падтрымкі творча прадставіла візітоўку, у якой расказала пра сябе, свае захапленні і планы на будучыню.

Лідарскія якасці дапамагаюць Алесі заваёўваць прызавыя месцы. І гэтым разам яна зноў даказала, што па праве можа называцца лідарам. Вынікам конкурсу сталі 1-е месца ў намінацыі “Самапрэзентацыя” і 3-е — у намінацыі “Мы — грамадзяне краіны Акцябрат!”

І гэта толькі частка дасягненняў, якія ў свае 9 гадоў мае Алеся. Перамога ў конкурсе дала стымул для рэалізацыі іншых творчых задум і ідэй дзяўчынкі, а для астатніх навучэнцаў гэта добры прыклад для новых пачынанняў.

Настасся ЖЫДКО,
Ірына ВЕРАМЕЙКА,
педагогі-арганізатары
Круцілавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна.