Дзіця – гэта той жывы «матэрыял», на аснове якога можна сфарміраваць новы тып удзельніка дарожнага руху, у аснове якога ляжыць дысцыпліна і адказнасць. Таму мерапрыемствы па прапагандзе правілаў бяспечных паводзін на дарогах і вуліцах, якія праводзяцца з малодшымі школьнікамі ў Гарбацэвіцкай сярэдняй школе, – гэта праца на перспектыву. Чым раней мы навучым дзяцей культуры паводзін на дарогах і вуліцах, тым менш будзе непрыемных здарэнняў на праезнай частцы.
8 кастрычніка для вучняў пачатковай школы была праведзена гульнёвая праграма «Я, ідучы па вуліцы», у працэсе якой удасканальваліся веды дзяцей аб правілах дарожнага руху. Прапанаваныя дзецям конкурсы, гульні, віктарына спрыялі выхаванню культуры паводзін на дарозе і пачуцця самазахавання.
Мерапрыемства пачалося з пазнавальнай віктарыны «Зялёны знак». Дзеці з задавальненнем адказвалі на пытанні, разважалі аб правілах дарожнага руху. Гульні «Дазваляецца – забараняецца», «Тры агеньчыкі святлафора» паказалі дзецям, што закон вуліц і дарог – строгі. Ён не даруе, калі пешаход ідзе па вуліцы, як яму ўздумаецца, не выконваючы правілаў. Але гэты закон у той жа час і вельмі добры: ён захоўвае людзей ад страшнага няшчасця, беражэ іх жыццё. І толькі выдатнае веданне правілаў дарожнага руху дазваляе нам упэўнена адчуваць сябе на вуліцах і дарогах.
Пры правядзенні гульнявых трэнінгаў «Правілы для пешаходаў», «Па дарозе ў школу» малодшыя школьнікі практыкаваліся ў пошуку правільных спосабаў вырашэння праблемных сітуацый на дарозе, вучыліся чытаць дарожныя знакі. З відавочнай цікавасцю дзеці ўдзельнічалі ў конкурсах «Эстафета кіроўцаў», «Збяры знакі».
І ўсё ж асноўны спосаб фарміравання ў дзяцей навыкаў паводзін на вуліцах і дарогах – назіранне, перайманне паводзін дарослых і, перш за ўсё, бацькоў. Чаму ж дарослыя, перш за ўсё бацькі, павінны навучыць сваіх дзяцей? Пераходзіць вуліцу пад прамым вуглом там, дзе і калі гэта дазволена, назіраючы за рухам транспарту. Ісці па вуліцы крокам, а не бегчы, не спяшацца там, дзе можа пагражаць небяспека. Саступаць дарогу транспарту, не перабягаць вуліцу перад машынай. Разумець небяспеку гульняў і свавольстваў на дарозе, мець правільнае ўяўленне аб гераізме, адвазе, мужнасці. Карыстаючыся грамадскім транспартам, быць вельмі уважлівым ў зоне яго прыпынкаў.
Наталля ШЫПІНА,
настаўніца пачатковых класаў
Гарбацэвіцкай сярэдняй школы Бабруйскага раёна.