Як зрабіць цікавымі класныя гадзіны і наладзіць добрыя зносіны з бацькамі вучняў, расказала Таццяна Грэбень

- 13:30Классный классный, Образование

“Калі бацькі вучняў падтрымліваюць сваіх дзяцей у любым добрым пачынанні, то і класнаму кіраўніку лягчэй”. Як да гэтага прыйсці, ведае Таццяна Грэбень, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага. Дарэчы, класнае кіраўніцтва стала тэмай яе даследчай работы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Навучыцца галоўнаму

— Таццяна Канстанцінаўна, у чым быў для вас прыкладам ваш класны кіраўнік?

— Так склалася, што ў мяне было тры класныя кіраўнікі. Першы — у 5 класе, Тамара Іванаўна Гваздзіцкая, разам з якой я потым пачынала сваю працоўную дзей­насць у Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага ў 1999 го­дзе. У той час, акрамя настаўніцкіх гадзін, я выконвала яшчэ абавязкі педагога-арганізатара, і Тамара Іванаўна шмат дапамагала мне ў плане пад­рыхтоўкі пазакласных мерапрыемстваў. Цяпер яна на пенсіі, але мы ўвесь час з ёй на сувязі, раімся па рабочых пытаннях: яна таксама выкладала беларускую мову і літаратуру.

Свайго другога класнага кі­раўніка я не вельмі добра памятаю. Звалі яе Тамара Васільеўна. А вось з трэцім класным кіраў­ніком Евай Іванаўнай Фіцнэр цяпер, на жаль, ужо нябожчыцай, мы таксама працавалі разам у гімназіі. Яна была маім класным кіраўніком у 10—11 класах і выкладала хімію. І гэты прадмет мне вельмі падабаўся ў школе…

Можна сказаць, ад кожнага класнага кіраўніка я ўзяла ўсяго патроху. А самае галоўнае, яны навучылі мяне быць аўтарытэтам у вачах дзяцей, з меркаваннем якіх немагчыма не лічыцца.

— Ці багаты ў вас вопыт класнага кіраўніцтва?

— Выпуск 2023 года — мой першы клас, у якім я была класным кіраўніком з 5 па 11 клас. Раней я была класнай то паўгода, то год у розных класах у іншай школе.

— Чаму вырашылі правесці даследчую работу па тэме класнага кіраўніцтва? Да якіх высноў прыйшлі?

— Захацелася прааналіза­ваць сваю работу за гэтыя гады, зра­біць высновы: што было правільна, а што трэба падкарэкціраваць у сваёй дзейнасці. Работа так і называецца — “Абагульненне вопыту па тэме “Эфектыўныя формы і метады работы класнага кіраўніка па фарміраванні класнага калектыву навучэнцаў”. Шчыра скажу: калі пачала пісаць, захапілася. Правяла шмат апытанняў з удзелам вучняў, бацькоў. У выніку стала відавочна, наколькі вялікае значэнне мае цеснае супрацоўніцтва з бацькамі гімназістаў. Калі яны зацікаў­лены ў выхаваўчым працэсе і з’яўляюцца аднадумцамі наву­чэнцаў і настаўнікаў, атрымлі­ваецца сфарміраваць дружны класны калектыў і паспяхова праводзіць усе пазакласныя мерапрыемствы. Менавіта дзякуючы дапамозе і падтрымцы баць­коў, мой 11 клас заваяваў на XXIII агульнагімназічным тур­злёце кубак пераможцы сярод 9—11 класаў.

Быць адной сям’ёй

— Многія настаўнікі адзначаюць: наладзіць добрыя зносіны з бацькамі вучняў зусім няпроста. Як вам гэта ўдавалася? 

— Спачатку, у 5 класе, у гэтым мне дапамагала Наталля Анатольеўна Стральчэня, першая настаўніца маіх дзяцей. Да яе заўсёды можна было прыйсці па параду, разлічваць на яе дапамогу і падтрымку. Дарэчы, у гэтым навучальным годзе яна стала дырэктарам гімназіі.

Ні для каго не сакрэт, што бацькі жадаюць сваім дзецям толькі лепшага. Таму трэба імкнуцца стаць для іх добрым дарадцам. Матываваць і заахвочваць да актыўнасці можна проста словам, парадай наконт таго, як і што будзе для дзіцяці больш карысным, цікавым. І пры гэтым не забываць улічваць яго меркаванні, пытацца, чаго яно само жадае.

Калі клас дружны, то і бацькі паміж сабой здружваюцца. Мне як класнаму кіраўніку проста заставалася бачыць у бацьках вучняў сваіх сяброў, аднадумцаў і быць з імі ўвесь час на сувязі: сустракацца асабіста, тэлефанаваць, перапісвацца ў месенджарах, адпраўляць інфармацыю ў бацькоўскі чат класа.

— На ваш погляд, якія асабістыя якасці неабходны класнаму кіраўніку?

— Лічу важнымі дабрыню, сумленнасць, шчырасць, пачуццё гумару, аптымізм, справядлі­васць, стрэсаўстойлівасць, крэатыўнасць, павагу да вучняў і іх бацькоў. І, канечне, любоў да сваёй працы.

Не абысціся без навыкаў кі­раўніка: трэба ўмець плана­ваць рабочы час, арганізоўваць мера­прыемствы, аналізаваць сваю дзейнасць, матыва­ваць дзяцей і бацькоў. Для чаго? Каб быць доб­рым класным кіраўніком, сябрам для дзяцей, класнай мамай, якая ўсё разруліць.

— Якія якасці вы ў сабе развілі за час класнага кіраў­ніцтва?

Усе вышэйназваныя. Некаторыя, такія як стрэсаўстойлі­васць, аптымізм, магчыма, сфарміраваны яшчэ не ў поўнай меры. Над імі трэба яшчэ папрацаваць. (Усміхаецца.)

Толькі разам!

— На вашу думку, што дапамагае наладзіць мікраклімат у класе?

— Перш за ўсё сумесныя справы, мерапрыемствы, акцыі, турзлёты, выезды на аздараўленне і г.д. І паспяховасць пры гэтым залежыць не толькі ад класнага кіраўніка, а ў асноўным ад бацькоў. Калі мамы і таты бу­дуць падтрымліваць сваіх дзяцей у любым добрым пачынанні, то і класнаму будзе лягчэй. І тады ўсё магчыма ў любым класе. Менавіта таму ў нашай гімназіі супрацоўніцтва з бацькамі прадугле­джана выхаваўчай праграмай і займае значную частку часу.

— Якія мерапрыемствы вы маеце на ўвазе?

— Іх у нас вельмі шмат. Многія з іх сталі традыцыйнымі: гімназічны КВЗ, штогадовы тур­злёт у канцы навучальнага года, конкурсныя праграмы на Новы год, штогадовыя інсцэніроўкі на 9 Мая, кірмашы салідарнасці, конкурсы “Агародніна і садавіна на любы густ”, “Лячэбны фітабар”, штогадовая вечарына ці літаратурная гасцёўня “Памяці У.І.Нядзведскага прысвячаецца”. Гэта і розныя акцыі: “Здай макулатуру — захавай дрэва”, “Чысціня і ўтульнасць”, “Чысты двор”, “Самы навагодні клас”, з 5 па 9 клас мы даглядалі магілу А.А.Алешака, які загінуў пры размініраванні горада Мікашэвічы ў 1944 годзе.

Дзе мы толькі ні былі за гэтыя 7 гадоў: Лідскі, Нясвіжскі і Мірскі замкі, шклозавод “Нёман” і музей шкла, Навагрудскі замак, фабрыка “Камунарка”, музей Вялікай Айчыннай вайны, завод і музей “Кока-Кола”, музей чытанкі і экалагічны музей, якія знаходзяцца ў сярэдняй школе № 1 Мікашэвіч, Кобрынскі гістарычны музей і музей імя А.В.Суворава, Лунінецкі раённы краязнаўчы музей, музей РУВП “Граніт”, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску…

— Сярод такой вялікай колькасці акцый якія вам найбольш падабаюцца?

— Я вылучыла б конкурс інсцэніраванай песні да Дня Перамогі. Мы заўсёды адказна да яго рыхтаваліся: абавязкова прадумвалі касцюмы, дэкарацыі, доўга выбіралі песню ваеннай тэматыкі, манціравалі відэа, ставілі танец. Дапамагала тое, што ў класе былі дзяўчынкі, якія вельмі добра спяваюць. Можа, і нясціпла, але пахвалюся: штогод мы атрымлівалі дыплом І ступені ў гэтым гімназічным конкурсе ў сваёй узроставай групе. Толькі адзін раз у нас быў дыплом ІІ ступені.

Таксама адзначу “Кірмаш са­лідарнасці”, які праходзіць у гімназіі напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў. Навучэнцы прыносяць у гімназію тое, што можна прадаць. Часцей за ўсё гэта выпечка, розныя стравы, цукеркі. Але могуць быць і цацкі, вырабы, створаныя сваімі рукамі, кветкі і многае іншае. Выручаныя ад продажу грошы пералічваюцца на рахунак Міка­шэвіцкай пярвічнай арганізацыі беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Гімназісты з задавальненнем далучаюцца да дабрачыннасці. І гэта вельмі прыемна.

— Прамым абавязкам класнага кіраўніка з’яўляецца арганізацыя класных гадзін. Як зрабіць іх цікавымі?

— Мае класныя гадзіны заўсёды маюць выхаваўчыя мэты. І кожны раз я імкнуся праводзіць іх у розных формах: дыскусія, тэматычная лекцыя, трэнінг… Самае галоўнае — сур’ёзная падрыхтоўка і адказны падыход, а не проста імкненне заняць дзяцей на пэўны час. Дзеці гэта адчуваюць адразу.

— З якімі яшчэ абавязкамі даводзіцца спраўляцца класнаму кіраўніку?

— Усіх не пералічыць, таму і атрымліваецца ненарміраваны рабочы дзень. (Усміхаецца.) Толькі прачнулася — пачынаюць сыпацца паведамленні ў месенджарах: нехта не зможа прыйсці сёння на ўрокі, нехта захварэў… Падчас перапынкаў абмяркоўваем падрыхтоўку да таго ці іншага мерапрыемства. Ды і пытанні з паводзінамі, парушэннем дысцыпліны ўзнікаюць у любым класе. Пасля ўрокаў далучаюся да рэпетыцый, падрыхтоўкі да канцэртаў, КВЗ, сустрэч і г.д.

— Чаму не шкадавалі свайго часу і сіл на дзяцей?

— Таму што ставілася да вучняў класа, як да сваіх уласных дзяцей. Мае родныя дзеці вучыліся і вучацца ў гімназіі. Дачка Ірына скончыла гімназію ў 2022 годзе. Цяпер яна студэнтка 2 курса БДУІР. Сын Мікіта — вучань 9 класа.

— Ці плануеце яшчэ браць класнае кіраўніцтва?

— Так, у наступным годзе планую ўзяць 5 клас.

Слова вучням

Вось такое кранальнае пісьмо напісалі выпускнікі свайму класнаму кіраўніку.

Паважаная Таццяна Канстанцінаўна! Плячо ў плячо, пад вашым чулым кіраўніцтвам мы правучыліся доўгія, шчаслівыя, незабыўныя і поўныя новых адкрыццяў 7 гадоў школьнага жыцця. За гэты час на нашым шляху да ведаў было шмат перашкод, і вы заўсёды дапамагалі нам пераадольваць іх, заўсёды працягвалі руку дапамогі. Вы заўсёды былі гатовы заступіцца за нас і ўзяць усю адказнасць на сябе, вучылі нас не здавацца і не спыняцца на дасягнутым. З вамі заўсёды можна было пагаварыць, а вы ў сваю чаргу заўсёды гатовы былі выслухаць нас і даць параду.

Дзякуй вам за тое, што заўсёды вырашалі арганізацыйныя пытанні і гатовы былі дзеля нас перанесці КВЗ разоў пяць. Вы верылі ў кожнага з нас: кагосьці ў патрэбны момант падтрымлівалі пахвалой, а кагосьці практычна сілай прымушалі працаваць. Калі вас не было ў гімназіі, вы гатовы былі прыбегчы, калі гэта было неабходна. Знаходзілі самы разнастайны рэквізіт для нашых выступленняў.

Мы з задавальненнем ха­дзілі на вашы мерапрыемствы па суботах, бо яны заўсёды былі суперцікавымі і кожны раз новымі, насычанымі цяплом і любоўю.

Толькі зараз мы, стоячы на парозе дарослага жыцця, ра­зумеем, што ўсё, што вы рабілі, было дзеля нашай будучыні. Пакінуўшы сцены школы, мы заўсёды будзем памятаць урокі жыцця, якія вы нам далі. Вы заўсёды былі і застанецеся для нас прыкладам таго, як трэба працаваць, а потым і з карысцю адпачываць. Памятаеце нашы турзлёты, песні пад гітару?

А конкурсныя праграмы, якія вы рабілі для нас на Новы год, каб мы не сумавалі? Інсцэніроўкі на 9 Мая і кірмаш салідарнасці? Гэты спіс можна працягваць вельмі доўга. Мы ўсё гэта памятаем і будзем памятаць доўгія гады.

Дзякуй вам вялікі за тое, што выхавалі нас дастойнымі людзь­мі і далі нам пуцёўку ў жыццё. Мы вас не падвядзём! Абяцаем! Мы жадаем вам доб­рых вучняў і яшчэ дзясяткі гадоў працоўнага жыцця на карысць новым пакаленням.

Марына ЖДАНАВА