Якасць забяспечваюць агульныя мэты

- 11:30Планёрка ў рэгіёне

Савецкі раён Гомеля вядомы не столькі колькасцю навучальных устаноў, колькі высокай якасцю навучання. Сёння начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Савецкага раёна Гомеля Алена КАВАЛЁВА расстаўляе акцэнты ў адукацыйна-выхаваўчай прасторы свайго раёна.

— Алена Георгіеўна, давайце пачнём з падвядзення вынікаў мінулага навучальнага года.

— На тэрыторыі Савецкага раёна Гомеля функцыянуюць 80 устаноў адукацыі, сярод якіх 38 дзіцячых садкоў, 16 сярэдніх школ і 5 гімназій, кадэцкае вучылішча і ліцэй, цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, 5 устаноў дадатковай адукацыі, 13 вучэбных устаноў прафесійнай і вышэйшай адукацыі, 7 вучэбна-спартыўных устаноў.

Варта адзначыць высокі прафесійны ўзровень нашых педагагічных кадраў і пастаяннае імкненне калектываў да яго павышэння. Так, сёння ў раёне паспяхова працуюць 6 настаўнікаў-метадыстаў, за мінулы год на 5% павялічылася колькасць настаўнікаў, якія маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Гонар нашага раёна — гімназія № 51, якая ў гэтым годзе прызнана лепшай установай агульнай сярэдняй адукацыі на рэспубліканскім узроўні.

У бягучым годзе 11 вучняў сталі пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 8 чалавек — дыпламантамі Рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ. Гэты год стаў для нас і годам абсалютнай перамогі на Рэспубліканскай алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання мы штогод займаем 1-е месца сярод раёнаў горада. У гэтым годзе ведаем пра 5 стабальных вынікаў нашых выпускнікоў.

У 2017 годзе Савецкі раён заняў 1-е месца па выніках абласной спартакіяды па месцы жыхарства сярод дзяцей, падлеткаў і дарослага насельніцтва “Спорт для ўсіх”.

— Раскажыце, як ідзе набор у 1-я класы гімназій.

— Пачатку прыёму дакументаў у 1-я класы папярэднічала вялікая інфармацыйная работа з бацькоўскай грамадскасцю. На стэндах і сайтах гімназій, школ, аддзела адукацыі, у СМІ загадзя была размешчана ўся неабходная інфармацыя, у тым ліку аб замацаванні дамоў за ўстановамі. Сетка першых класаў фарміруецца з улікам максімальнага задавальнення патрэб насельніцтва і наяўнасці адпаведных умоў. На 1 верасня ў гімназіях раёна плануецца адкрыць 20 першых класаў (гэта на 2 класы больш, чым у мінулым годзе).

— Як ідуць справы з профільным навучаннем, з актуальнай дапрофільнай падрыхтоўкай?

— На тэрыторыі раёна функцыянуюць 5 гімназій. На сёння профільным навучаннем ахоплены кожны другі навучэнец 9—11 класаў. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца фізіка-матэматычны і хіміка-біялагічны профілі. Штогод аналіз вынікаў гэтых вучняў паказвае іх паспяховасць, канкурэнтаздольнасць у інтэлектуальных спаборніцтвах, пры паступленні ва УВА. Безумоўна, эфектыўнасць профільнага навучання залежыць ад арганізацыі прафарыентацыйнай работы і дбайнай дапрофільнай падрыхтоўкі. Разумеючы гэта, калектывы школ максімальна нацэлены на задавальненне адукацыйных запытаў вучняў і іх бацькоў. Мы актыўна працуем з вышэйшай школай, установамі прафесійнай і дадатковай адукацыі.

— Як развіваеце інфарматызацыю ва ўстановах адукацыі? Ці працуе ў вас праект “Электронная школа”?

— Адштурхоўваемся ад існуючай вучэбна-матэрыяльнай базы і магчымасці яе развіцця. Сёння ўсе ўстановы адукацыі раёна забяспечаны камп’ютарнай тэхнікай. Безумоўна, яна патрабуе пастаяннага абнаўлення. У рамках фінансавых магчымасцей вырашэнне гэтага пытання ў прыярытэце. Таксама ўсе ўстановы маюць свае сайты, якія пастаянна папаўняюцца актуальнай інфармацыяй. Ёсць неабходныя для арганізацыі адукацыйнага працэсу праграмныя прадукты. Вельмі важна вучыць карыстацца сучаснымі камп’ютарнымі тэхналогіямі не толькі вучняў, але і педагогаў. Педагогі і кіраўнікі пастаянна павышаюць кваліфікацыю на базе абласнога ІРА, АПА.

Паняцце “электронная школа” вельмі шырокае. І масавы пераход на новыя тэхналогіі хутка не ажыццявіць. Тут аказвае ўплыў і чалавечы фактар, і матэрыяльны складнік. Установы адукацыі ў рознай ступені выкарыстоўваюць платформы Schools.by, “Знай.бай”. Зрэшты, сёння фактычна кожная школа з’яўляецца часткай “электроннай”, бо выкарыстоўвае ў адукацыйным працэсе новую тэхніку, праграмы, працуе з вялікай колькасцю матэрыялаў праз інтэрнэт, актыўна выкарыстоўваюцца воблачныя тэхналогіі.

— Што цікавага ва ўстановах раёна арганізавана на летніх канікулах?

— Арганізавана работа аздараўленчых лагераў дзённага знаходжання. З улікам тэматычнай скіраванасці (грамадзянска-патрыятычнай, турыстычнай, прафарыентацыйнай, краязнаўчай, эстэтычнай і інш.) праграмамі лагераў прадугледжаны ўдзел у рабоце з дзецьмі прадстаўнікоў міжведамасных структур. Апошнія гады вельмі запатрабаваны міжшкольныя лагеры, а таксама летнікі працы і адпачынку. На базе ўстаноў адукацыі плануецца аздаравіць больш за 2 тысячы дзяцей.

Новым праектам у раёне стала арганізацыя кругласутачнага ваенна-патрыятычнага лагера “Арсенал” на базе вайсковай часці № 5525, у якім курс маладога байца пройдуць 40 падлеткаў ад 14 да 17 гадоў. За час працы лагера юнакі паспеюць азнаёміцца з армейскім побытам, даведацца пра гісторыю часці, навучацца дысцыпліне і адказным мужчынскім паводзінам. Асаблівае месца ў распарадку дня адведзена фізічнай падрыхтоўцы.

У вячэрні час для дзяцей і іх бацькоў у кожным мікрараёне ў дварах адкрыты пляцоўкі для дзіцячага і сямейнага адпачынку, дзе ўстаноўлена стацыянарнае гульнявое і спартыўнае абсталяванне, а ўстановамі адукацыі штодня прапаноўваюцца забаўляльныя праграмы і рухавыя гульні.

— Што больш за ўсё непакоіць начальніка аддзела адукацыі?

— Хвалюе многае. Напрыклад, крокавая даступнасць устаноў дашкольнай адукацыі (на тэрыторыі раёна актыўна будуецца вялікі мікрараён). За апошнія 5 гадоў адкрыта 30 груп, а гэта практычна тры паўнавартасныя дзіцячыя садкі. На базе пакоя школьніка адкрыта студыя дзіцячага развіцця “Гулівер” для дзяцей, якія не наведваюць установы дашкольнай адукацыі, ад 1,5 да 7 гадоў.

Хвалюе пытанне павышэння якасці адукацыі і канкурэнтаздольнасці выпускнікоў. Разумею, што галоўнае ў гэтым — адпаведнасць прафесіянальнага ўзроўню педагогаў, вучэбна-матэрыяльнай базы школ запытам соцыуму. І тут важна не спазніцца, а апярэдзіць падзеі. Не можа не хваляваць і агульнае зрушэнне ў грамадстве сістэмы сямейных каштоўнасцей, маральных арыенціраў. Усё гэта адбіваецца на падрастаючым пакаленні. У гэтай сувязі яшчэ больш узрастае роля педагогаў не толькі ў выхаванні дзяцей, але і ў фарміраванні грамадства ў цэлым.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.