Якой быць інфарматыцы ў школе?

- 13:36Якасць адукацыі

У нашым дынамічна зменлівым свеце патокі інфармацыі катастрафічна растуць, развіццё тэхналогій ідзе сямімільнымі крокамі. Тое, што падавалася неверагодным яшчэ 5—10 гадоў назад, сёння стала штодзённасцю. Мае рацыю Льюіс Кэрал, які пісаў, што “трэба бегчы з усіх ног, каб толькі заставацца на месцы, а каб кудысьці трапіць, трэба бегчы як мінімум удвая хутчэй”.

Не павінна заставацца ў баку ад працэсаў лічбавай трансфармацыі і сістэма адукацыі, у тым ліку і школьная інфарматыка. У рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” адбыўся круглы стол на тэму “Якой быць інфарматыцы ў школе?” з удзелам кіраўніцтва Парка высокіх тэхналогій, навукоўцаў, аўтараў падручнікаў, настаўнікаў-практыкаў.

Будучыню краіны сёння многія звяз­ваюць з развіццём IT. А поспех у гэтай сферы напрамую залежыць ад таго, як школа развівае здольнасці будучых Джобсаў, Гейтсаў, Цукербергаў…  Вывучэнне інфарматыкі ў нас пачынаецца з 6 класа. І асноўная прычына праблем, звязаных з выкладаннем гэтага прадмета, заключаецца ў вельмі хуткім тэмпе абнаўлення інфармацыі ў гэтай галіне. Састарваюцца не толькі друкаваныя падручнікі, але і камп’ютарныя праграмы, па якіх вучацца дзеці, а таксама веды і методыка выкладання настаўнікаў.

Сусветны вопыт дэманструе розныя падыходы да выкладання інфарматыкі. У Англіі, напрыклад, карыстацца камп’ютарам і iPad дзеці пачынаюць яшчэ з пачатковай школы, часам нават з дзіцячага садка. Малыя вучацца валодаць мышкай і асвойваюць лёгкія праграмы. У сярэдняй школе навучэнцаў вучаць таму, што ў жыцці яны змогуць прымяніць і выкарыстоўваць. Напрыклад, вывучаюць праграму “КОДУ”, у якой праграмуюць і ствараюць свае камп’ютарныя гульні. Таксама на ўроках інфарматыкі дзяцей вучаць, як рэгістравацца анлайн, як адкрыць рахунак у банку, у межах навучання школьнікі распрацоўваюць свой паўнавартасны бізнес-праект.

У якім класе стартуе вывучэнне прадмета інфарматыкі ў Польшчы, у многім залежыць ад навучальнай установы. У сярэднім з 4 класа вучні пачынаюць вывучэнне праграм Pаint і Word. У 5 класе няма інфарматыкі. У 6 класе прыступаюць да Excel і PowerPoint. А праз два гады перапынку пачынаецца праграмаванне, дзяцей таксама знаёмяць з небяспекамі ў інтэрнэце.

У асобных штатах Аўстраліі навучанне дзяцей праграмаванню пачынаецца з 3 класа. У 7 класе вучні прыступаюць да вывучэння моў праграмавання, у 9—10 класах — засвойваюць аб’ектнаарыентаванае праграмаванне.

У Расіі ў некаторых школах за кошт рэгіянальнага кампанента ўрокі інфарматыкі пачынаюцца з 1 класа. На іх малодшых школьнікаў знаёмяць з асновамі логікі і алгарытмаў. У старшых класах школьнікаў вучаць мовам праграмавання (праўда, у пераважнай большасці выпадкаў Паскалю і Бэйсіку). А ў Эстоніі, напрыклад, інфарматыкі, як прадмета, увогуле няма, яна інтэгравана ва ўсе вучэбныя прадметы.

— Пра тое, што наша вучэбная праграма адстае ад сучаснага жыцця, можна пачуць і ад дзяцей, і ад бацькоў, і нават ад педагогаў. Ці згодны вы з такім меркаваннем? Ці не позна школьнікі пачынаюць вывучаць інфарматыку? Для чаго яна павінна быць у школе?

Аляксандр Марцінкевіч, намеснік дырэктара па маркетынгу і развіцці Парка высокіх тэхналогій:

— Сёння ІТ-галіна — гэта ўжо не толькі праграмісты. Калі ўзяць адну з паспяховых кампаній “Свет танкаў”, то ў іх колькасць праграмістаў складае толькі каля 20%. Сёння ІТ-галіна — гэта і дызайнеры, і бізнес-аналітыкі, і людзі, якія ведаюць замежную мову і мо­гуць прыгожа зрабіць рэкламу пэўнаму прадукту, і інш. Таму нам неабходна разглядаць не пытанне, каго вучыць, а як вучыць: што такое інфарматыка і для чаго яна павінна быць у школе. Наш вопыт рэалізацыі шэрага праектаў, апошні з якіх — “Праграмаванне — другая пісьменнасць”, сведчыць пра тое, што ёсць некаторыя праблемы з інфарматыкай, з самім падыходам, канцэпцыяй выкладання гэтага прадмета. Мы зрабілі апытанне, у якім педагогі (67% — настаўнікі інфарматыкі сярэдняй школы, 77% — педагогі, якія маюць стаж работы больш за 10 гадоў, 80% — настаўнікі, якія ма­юць першую і вышэйшую катэгорыю, і 67% — настаўнікі, якія выкладаюць інфарматыку больш за 10 гадоў) адназначна сказалі, што дзеючая праграма патрабуе перагляду існуючых падыходаў. Мы паднялі канцэпцыю школьнай інфарматыкі, якую напісаў А.Яршоў, Г.Звенігародскі і Ю.Первін і ў якой пададзена асноўная сутнасць прадмета: інфарматыка — гэта не прадмет, які павінен вучыць карыстальнікаў, а прадмет, які фарміруе ў навучэнцаў спецыяльнае мысленне. Гэты стыль мыслення не фарміруе ні матэматыка, ні фізіка.

Уся навука гаворыць пра тое, што асновы алгарытмічнага мыслення закладваюцца ў малодшай школе. У 6 класе гэта рабіць ужо позна. У кожным узросце свае асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Зараз мы робім вопытную праграму “Інфарматыка без разеткі”, якая прадугледжвае навучанне дашкольнікаў без камп’ютараў у дзіцячых садках. На жаль, у нас у краіне няма спецыялістаў у гэтай галіне. Мы лічым, што асновы фарміравання алгарытмічнага мыслення павінны пачынацца з пачатковай школы, у якой вучыць малодшых школьнікаў не мовам праграмавання, а менавіта логіцы, мысленню. Той вопыт, які мы бачым апошнія тры гады, дастаткова станоўчы. Сёлета ў нас з 2300 педагогаў, якія прайшлі анлайн-навучанне ў ПВТ, кожны дзясяты — гэта настаўнік пачатковых класаў.

Анжаліка Лапо, загадчык кафедры інфарматыкі Ліцэя БДУ, аўтар вучэбных дапаможнікаў па інфарматыцы:

— Праблема ў тым, што ў настаўнікаў пачатковых класаў дастаткова нізкі ўзровень валодання матэматыкай. Логіка — гэта матэматычная навука, і  настаўнік, які выкладае, павінен разумець яе не на тым узроўні, на якім ён вучыць дзіця, а на ўзроўні вышэйшай матэматыкі.

Аляксандр Марцінкевіч:

— Я катэгарычна не згодны, што настаўнікі пачатковых класаў, выхавальнікі не могуць выкладаць логіку. Сярод настаўнікаў інфарматыкі мы правялі апытанне наконт падрыхтаванасці дзяцей дашкольнага ўзросту да школы. Усё, што было звязана з простай логікай, ацэньвалася на выдатна, і толькі 9 з 35 спецыфічных тэм, звязаных з інфарматыкай, западалі. Мы зараз падключылі навукоўцаў да напісання методыкі, якая дазволіць педагогам-дашкольнікам і настаўнікам пачатковай школы без камп’ютараў рыхтаваць малышоў, рабіць прапедэўтыку. Плануецца, што пэўныя паняцці яны будуць вывучаць на ўзроўні гульні.

Інга Ціханавецкая, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 111 Мінска:

— Сёння ў нас назіраецца разрыў паміж дашкольнай установай і сярэдняй школай, пачатковая школа нібыта выпадае. Не заўсёды вучэбны курс матэматыкі ў пачатковых класах дае магчымасць развіцця агульналагічных уменняў школьнікаў. Каб не было гэтага разрыву пры пераходзе ў 5 клас, я выступала б за інфарматыку з 2 класа. Як будзе называцца гэты курс — “Інфарматыка”, “Логіка” — гэта іншае пытанне, аднак самае галоўнае — гэта вучыць дзяцей лагічна мысліць, развіваць алгарытмічнае мысленне. Гэта будзе добрай прапедэўтыкай для ўрокаў інфарматыкі ў старшых класах. Узнікае адразу пытанне: а чаму б не весці іх факультатыўна? Адказ просты: факультатывы прадугледжваюць заняткі з невялікай групай дзяцей (да 10 чалавек), дзяцей высокаматываваных.

Я і зараз практыкую элементы папяровай інфарматыкі, якія накіраваны на тое, каб развіваць у навучэнцаў лагічныя прыёмы разумовых дзеянняў, такіх як параўнанне, абагульненне, сінтэз, аналіз, класіфікацыя. Падбіраючы заданні для малых, варта памятаць, што пачатковец аперыруе канкрэтнымі вобразамі, а не агульнымі паняццямі.

Асноўнай вядучай дзейнасцю малодшага школьніка з’яўляецца гульня. Праз гульню дзіця пазнае свет. А таму заданні, звязаныя з інфарматыкай, не заўсёды прадстаўляюцца ў відавочным выглядзе. Сюды я адношу любімыя дзецьмі графічныя дыктоўкі (маляванне па клетачках), шыфроўкі, практыкаванні “запраграмуй робата”, “правер, які код правільны” і г.д.

Думаю, у праграме для пачаткоўцаў варта выдзеліць мінімум тэм на знаёмства з карыстальніцкімі ўменнямі (уменнямі набору тэксту ў Word, работы з прэзентацыямі і г.д). Выкладанне курса, магчыма, прадугледзець у фармаце праектнай дзейнасці, якая будзе ахопліваць тэмы для прапедэўтычнай работы. Вучэбная праграма павінна мець канцэнтрычны прынцып вывучэння тэм, задавальняць патрэбы сучасных дзяцей і сацыяльны заказ грамадства.

Алена Качанава, настаўніца інфарматыкі гімназіі № 2 Магілёва:

— Я не супраць увядзення інфарматыкі з 2 ці 3 класа, аднак гэта будзе патрабаваць адпаведнай падрыхтоўкі педагогаў. У пачатковай школе можна было б выкарыстоўваць лагічныя задачы, гульні, схемы, сшыткі на друкаванай аснове. Толькі выкладаць прадмет павінен педагог, які ведае і разумее, да чаго далей весці дзіця. Калі гэта пэўная гульня ў пачатковай школе, то ў 5 класе мы вернемся да яе на больш высокім узроўні. Думаю, калі мы будзем удавацца ў матэматычную логіку, тады па-іншаму яе трэба выкладаць у 7 класе.

У практыцы работы неаднаразова сутыкалася з тым, калі добрых дзяцей даводзілася перавучваць. А калі-нікалі прасцей навучыць наноў, чым перавучыць.

Гэта павінен быць спецыфічны курс, а не факультатыўны. Факультатыўныя заняткі не абавязковыя, яны разнявольваюць дзяцей. Мы вельмі многа з дзецьмі гуляем, а ёсць рэчы, якія неабходна вывучваць: табліца множання, квадратныя карані і г.д. Паміж гульнёй і работай павінен быць знойдзены кампраміс.

Уладзімір Котаў, загадчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі ФПМІ БДУ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, аўтар вучэбных дапаможнікаў:

— Я згодны, што перавучваць дрэнна. Часта вучань думае, што калі ён піша на Scratch, то праграмуе, аднак ён памыляецца. А пасля педагогу  навучыць яго праграмаванню дастаткова праблематычна. Наша мэта — зняць усе штучныя бар’еры, а не ставіць іх.

— Апытанне вучняў 7—9 класаў наконт таго, што яны хацелі б вывучаць на ўроках інфарматыкі, паказала, што школьнікі жадалі б асвойваць Windows, іOS, устанаўліваць аперацыйную сістэму; ствараць і вывучаць камп’ютарныя гульні; маляваць на занятках (вэб-дызайн); вывучаць сацыяльныя сеткі, інтэрнэт; працаваць у музычных рэдактарах; апрацоўваць відэа, вывучаць графіку, анімацыю; ствараць спецэфекты, як у фільмах, і г.д. Якім павінен быць змест інфарматыкі ў школе? Чаму неабходна вучыць школьнікаў — карыстальніцкім навыкам або праграмаванню?

Вольга Счасновіч, настаўніца інфарматыкі Варатынскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна, настаўнік-метадыст, член клуба “Крыштальны журавель”:

— Зараз мы працуем па новай вучэбнай праграме, якая дзейнічае трэці год. Навучэнцы 8 класа асвойваюць яе першымі. Праграма прадугледжвае некалькі мэт: і развіццё алгарытмічнага мыслення, і фарміраванне карыстальніцкіх навыкаў. Станоўчыя бакі новай праграмы: накіраванасць на развіццё лагічнага і алгарытмічнага мыслення, тэхналагічны падыход, кампетэнтнасны падыход. Сярод мінусаў — праграма 6—8 класаў вельмі насычаная, на кожным уроку вывучаецца новая тэма. Няма часу на адпрацоўку, асабліва пры вывучэнні тэм па алгарытмізацыі, не хапае ўрокаў на замацаванне.

Аляксандр Марцінкевіч:

— Я не разумею, навошта дзяцей ву­чыць карыстальніцкім навыкам. Мы ж не вучым школьнікаў карыстацца мабільнымі тэлефонамі. Калі чалавеку цікава, ён сам гэта ўсё вывучыць. Трэба простыя навыкі вынесці на факультатывы, а ў якасці прадмета пакінуць менавіта праграмаванне, тое, што закладзена ў паняцці сутнасці інфарматыкі, і прыбраць адтуль тэкставыя і графічны рэдактары, прэзентацыі.

Анжаліка Лапо:

— Тады давайце з пачатковай школы прыбяром пропісі, уменне пісаць ручкай, вуснае лічэнне — гэта па сутнасці тыя ж самыя рэчы. У нас няма іншага прадмета, акрамя інфарматыкі, на якім гэтаму можна было б вучыць. Інфарматыка — навука аб спосабах і метадах апрацоўкі інфармацыі. Тэкставы, графічны рэдактары — гэта спосабы. Міністэрства адукацыі дае нам 1 гадзіну на тыдзень і ставіць мэту: дзіця, скончыўшы школу, павінна ўмець карыстацца камп’ютарам. Гэта тое, што яму спатрэбіцца ў жыцці.

Аляксандр Марцінкевіч:

— Я супраць таго, каб у межах інфарматыкі вучылі карыстальнікаў. Магчыма, гэта можна рабіць на іншых вучэбных прадметах, напрыклад, на біялогіі навучыць школьнікаў рабіць прэзентацыю.

Алена Качанава:

— У сувязі з гэтым узнікае шэраг праблем. У некаторых школах два кабінеты інфарматыкі, у такіх умовах настаўнікі-прадметнікі не змо­гуць навучыць дзяцей рабоце з Word, складанню прэзентацый. Акрамя таго, карыстальніцкія навыкі нават у педагогаў, на жаль, не сфарміраваны.

Аляксандр Марцінкевіч:

— У вучэбнай праграме 8 класа на вывучэнне тэхналогіі апрацоўкі аўдыя- і відэаінфармацыі адводзіцца 5 гадзін, на асновы анімацыі — 8, на тэхналогію апрацоўкі тэкставых дакументаў  — 8. З 35 гадзін інфарматыкі 21 гадзіна вылучаецца на падрыхтоўку карыстальнікаў і толькі 13 гадзін — на праграмаванне. За гэты час мы хочам сфарміраваць алгарытмічнае мысленне? Аналіз выкладання інфарматыкі ў 11 краінах свету (Італія, ЗША, Новая Зеландыя, Індыя, Германія, Карэя) паказаў, што ў іх упор робіцца на вылічальнае мысленне, якое накіравана на вырашэнне праблемы.

Анжаліка Лапо:

— Адкуль яно з’явіцца ў навучэнца? Мы будзем фарміраваць у вучня аперацыйнае мысленне, якое ён зможа прымяніць у пра­грамаванні. А як ён будзе праграмаваць, калі ў яго няма навыкаў набору тэксту, няма паняцця фармаціравання, ён не ведае, што такое абзац, што такое сімвал і г.д.?

Алена Качанава:

— У тых межах, у якіх знаходзіцца інфарматыка ў сучаснай школе, цяжка нешта прынцыпова мяняць у праграме. А змены просяцца — хацелася б як мінімум мець 2 гадзіны на тыдзень, вылучыць профіль (тады можна было б больш дадаць праграмавання і адпрацаваць асноўныя карыстальніцкія навыкі).

Вольга Счасновіч:

—  Настаўнікі інфарматыкі маюць патрэбу ў магчымасці выбару. Было б добра мець 2 альтэрнатыўныя праграмы: адну — з ухілам на развіццё алгарытмічнага мыслення, другую — з большым тэхналагічным складнікам, заснаваным на выкарыстанні сучасных камп’ютарных тэхналогій, уменні працаваць з прыкладным праграмным забеспячэннем. У залежнасці ад класа педагог мог бы ажыццяўляць выбар праграмы.

Анжаліка Лапо:

— Штогод на працягу дзесяці гадоў у сваіх навучэнцаў праводжу кантрольны зрэз: на першай пары прапаноўваю ліцэістам спіс тэарэтычных пытанняў і 10 задач алгарытмічнага плана. 30% ад паступіўшых у ліцэй у стане прыкладна з паловай задач па алгарытмізацыі справіцца. З адной гадзінай на тыдзень выправіць сітуацыю вельмі складана.

Для таго каб штосьці памяняць, мы павінны спусціць інфарматыку ніжэй, у пачатковую школу, дзе ў вучняў будуць фарміравацца пэўныя першасныя навыкі. Але гэта будзе патрабаваць павелічэння колькасці камп’ютарных кабінетаў у школах.

Мы не прымацуем на наш менталітэт ні фінскую адукацыю, ні амерыканскую. Калі ўводзілася дванаццацігадовае навучанне, у 11—12 класах планавалася інфарматыка, якая складалася з 2 частак. Была інварыянтная частка — для ўсіх профіляў аднолькавая (прадугледжваліся базавыя рэчы тэарэтычнага характару), была варыятыўная частка, якая залежала ад профілю навучання (філалагічны профіль — сістэма вёрсткі, графічныя рэдактары; фізіка-матэматычны — праграмаванне; хіміка-біялагічны — мадэляванне, рэдактары хімічных формул.) Эксперыментальна гэтая праграма была адпрацавана. Літва і далей пайшла па гэтым шляху, а мы — не. Калі глядзець на суседзяў, то мы можам штосьці запазычыць ва Украіны, Расіі, магчыма, Літвы, Казахстана.

Аляксандр Марцінкевіч:

— Думаю, карысным было б арганізаваць сустрэчу са спецыялістамі з Расіі, Казахстана, Украіны, Азербайджана, Фінляндыі, Сінгапура і пазнаёміцца з іх вопытам і падыходамі да выкладання інфарматыкі.

— Праграмаванне патрэбна ў сярэдняй школе ўсім вучням?

Анжаліка Лапо:

— Пачатковае праграмаванне патрэбна ўсім адназначна. Гэта логіка, гэта бачанне некаторых пытанняў і інш. Хімія, якая вывучаецца ў школе, таксама не патрэбна ўсім школьнікам на ўзроўні хімічных вытворчасцей. Вучні павінны разумець, што ёсць рэчывы арганічныя і неарганічныя, кіслоты і шчолачы і г.д. Так і на інфарматыцы азы праграмнага кіравання абавязкова павінны быць.

— А якая мова праграмавання павінна вывучацца ў школе?

Анжаліка Лапо:

—  Мова праграмавання ўвогуле не мае ніякага значэння. Для пачатковага навучання нядрэнны і Pascal. У ім нельга зрабіць тое, чаго зрабіць нельга. Акрамя таго, дзеці да 8 класа мысляць вобразамі і ўсе алгарытмічныя канструкцыі яны пачынаюць разумець, калі малююць. Таму, напрыклад, С++ нельга выкарыстоўваць.

У маскоўскіх калег вучні вывучаюць мову праграмавання Piton у 7—9 класах. У гэтай мовы ёсць добры выканальнік “Чарапаха”, які абнаўляецца. Некаторыя рэчы ў Piton робяцца намнога прасцей, чым у Pascal, таму, думаю, і ў нас мова праграмавання Piton магла б пайсці.

Аляксандр Марцінкевіч:

— У выніку праведзенага намі апытання большасць настаўнікаў лічыць, што ў школьную праграму па інфарматыцы для 2—4 класаў мэтазгодна ўключыць мову праграмавання Scratch, у 5—8 класах працягваць навучанне на Pascal, паралельна прапанаваўшы матываваным вучням вывучэнне Сі++ або Piton падчас факультатыўных заняткаў. У 9—11 класах вывучэнне пра­грамавання павінна праходзіць на павышаным узроў­ні для матываваных навучэнцаў, а таксама для вучняў, якія ажыццяўляюць навучанне ў фізіка-матэматычных класах (С++або Piton).

Анжаліка Лапо:

— Мая дачка, калі ёй было паўтара года, вывучыла ўсе літары на кубіках, але ў склады яны не складаліся да 5 гадоў. Калі яна забылася пра кубікі, пачала чытаць па складах. Scratch — тыя ж самыя кубікі. Яны дазваляюць навучыцца штосьці пазнаваць, але навучыцца пісаць праграмы не даюць. Я не бачу пераходу ад Scratch да ўласна праграмавання ў сярэдняй школе.

Ірына Васільева, намеснік дырэктара адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій:

— Калі мы пісалі праграму факультатыўных заняткаў па Scratch з 2 па 4 клас, то не прэтэндавалі ўвогуле на праграмаванне. Наша праграма называлася “Творчая дзейнасць”. Пытанняў, звязаных з праграмаваннем, там няма. Школьнікі вучаць вершы, рашаюць задачы, складаюць творчыя заданні. У асяроддзі Scratch яны рыхтуюць творчыя праекты.

— Ці дапамагаюць гаджэты ў фарміраванні лагічнага мыслення, алгарытмічных навыкаў школьнікаў?

Алена Качанава:

— Выкарыстанне гаджэтаў патрэбна ў ме­ру! Ёсць урокі, на якіх без іх прымянення складана растлумачыць нейкія тэмы (але іх мала), а ў асноўным на ўроках інфарматыкі дастаткова тых тэхнічных сродкаў, якія ёсць у кабінеце.

Інга Ціханавецкая:

— Выкарыстанне гаджэтаў у адукацыйных мэтах дапамагае дзіцяці зразумець, што планшэт ці смартфон — гэта вучэбны інструмент. Падабраныя настаўнікам заданні, вучэбныя актыўнасці ў сетцы навучэнцы могуць выка­наць на сваім планшэце. Гэта проста паскарае працэс падачы (выдачы) заданняў. У маіх вучняў з 1 класа ўстаноўлены дадатак “Учу.ру”. Дзеці з вялікім энтузіязмам удзельнічаюць ва ўсіх актыўнасцях на гэтай платформе. Улетку 2018 года дастаткова паспяхова прынялі ўдзел у маштабнай алімпіядзе па матэматыцы, якая аб’яднала больш за 5 млн дзяцей. Шасцёра навучэнцаў удастоены дыпломаў пераможцы.

Да вучэбнай інтэлектуальнай актыўнасці ў сетцы, дзе навучэнцы выкарыстоўваюць свае планшэты, адношу і ўдзел у масавых вучэбных конкурсах “Снейл” (Расія). Дыстанцыйны вучэбны конкурс — магчымасць вучыць і вучыцца па-новаму.

Я са сваімі навучэнцамі з’яўляюся ўдзельнікам праекта “Твой курс: ІТ для моладзі” пры падтрымцы карпарацыі Microsoft. Штогод наш клуб па праграмаванні “Код-клас “Лямпачка” далучаецца да сусветнай акцыі “Гадзіна кода”. У мінулым годзе мы атрымалі за ўдзел у гэтай акцыі каштоўныя падарункі.

У маіх навучэнцаў на планшэтах устаноўлены дадатак Scratch Jonior. Ненадакучліва навучэнцы набываюць алгарытмічныя навыкі, рэалізуючы міні-праекты на сваіх гаджэтах. Асабліва падабаецца дзецям ствараць тэматычныя праекты, напрыклад, для ўрокаў літаратурнага чытання або анімацыі для курса “Чалавек і свет”.

— Ці задавальняюць педагогаў-практыкаў дзеючыя вучэбныя дапаможнікі па інфарматыцы? У якім выглядзе яны сёння патрэбны?

Алена Качанава:

— Новыя вучэбныя дапаможнікі (6—8 класы) па інфарматыцы — сучасныя, змястоўныя, добра структураваныя і аформленыя, утрымліваюць спасылкі для спампоўвання праграм, электронных дадаткаў, электроннага варыянта вучэбнага дапаможніка, змяшчаюць спасылкі на заданні, пры выкананні якіх можа быць выкарыстана інфармацыя з Нацыянальнага адукацыйнага партала. Заданні ў вучэбным дапаможніку, па вялікім рахунку, носяць практыка-арыентаваны характар.

Недахоп — матэрыял вучэбных дапаможнікаў у некаторых параграфах складаны і занадта аб’ёмны для вывучэння на адным уроку.

Уладзімір Котаў:

— У 10—11 класах нам удалося аддзяліць тэорыю ад практыкі. У дапаможніку на друкаванай аснове будуць размешчаны тэарэтычныя асновы інфарматыкі, алгарытмізацыя, праграмаванне, а ўсе інфармацыйныя тэхналогіі бу­дуць у электронным выглядзе, каб праз некаторы час была магчымасць іх памяняць. Дарэчы, мы катэгарычна супраць толькі электроннага падручніка. Вучань павінен умець працаваць з друкаванай вучэбнай літаратурай.

Анжаліка Лапо:

— Як і ў класічным падручніку, кожны параграф дапаможніка для 8 класа мае тэарэтычную і практычную частку. Праўда, у нашым тэорыя і практыка ідуць не паслядоўна, а паралельна. Гэтым прыёмам мы пастараліся палепшыць успрыманне матэрыялу. Усе практычныя прыклады вынеслі на каляровыя палосы, бо дзеці па-рознаму ўспрымаюць інфармацыю: камусьці трэба пачытаць дасканала, а камусьці дастаткова толькі прабегчы вачыма і не шукаць матэрыял па ўсім тэксце. Да таго ж дзеці прывыклі зараз успрымаць інфармацыю з экрана. Часам ад педагогаў даводзіцца чуць, што наш падручнік немагчыма чытаць, а яго сапраўды немагчыма чытаць як мастацкую літаратуру, з ім трэба працаваць: з адной часткай — на ўроку, з другой — дома, з трэцяй — за камп’ютарам. Таму мы імкнуліся зрабіць вучэбны дапаможнік адэкватным часу.

Уладзімір Котаў:

— Я не хачу, каб усе навучэнцы сталі пра­грамістамі, але многія важныя моманты, якія спатрэбяцца ім, мы павінны былі адлюстраваць. Нас могуць упікнуць, што прапаноўваем вучням састарэлыя рэчы (напрыклад, Flash), але наша пазіцыя такая — усе прадукты павінны быць бясплатнымі, каб не патрабавалі ліцэнзіі, не цягнулі ніякіх лішніх праблем. Мы павінны вучыць дзяцей правільна думаць, даць у іх рукі пэўныя інструменты і механізмы. Калі чалавек ведае, як секчы дрэва, але не ведае, якімі інст­рументамі, то ў яго нічога не атрымаецца.

— Якая падрыхтоўка ў галіне ІТ неабходна сёння педагогам? У чым настаўнікі адчуваюць патрэбу?

Ірына Васільева:

— Мы вучым педагогаў тым тэхналогіям, якія адпавядаюць запытам бацькоў, бо заказчык адукацыйных паслуг, калі гаварыць аб дзіцячым сегменце, — гэта бацькі. Каб настаўнік інфарматыкі пайшоў выкладаць у школе робататэхніку, яго неабходна вучыць. Калі мы адчуваем патрэбу ў такіх спецыялістах, то мы іх запрашаем і вучым. А ёсць актыўнасці, якія мы праводзім на бясплатнай  аснове: у адукацыйны цэнтр ПВТ мы запрашаем педагогаў школ, якія прыязджаюць пабыць на нашых занятках, паглядзець, выступіць у ролі вучняў.

Алена Качанава:

— Сёння настаўнікам не хапае метадычнай літаратуры, у нас няма кантрольна-вымяральных матэрыялаў ні па адной з тэм у 6—11 класах. Нават кантрольныя работы складае сам настаўнік. Калі мы даём настаўніку адносную свабоду ў выбары праграмнага забеспячэння, асяроддзя праграмавання для выкладання розных тэм, то неабходны тэматычныя сама­стойныя і кантрольныя  работы, каб прыкладна на адным узроўні правяраць веды навучэнцаў.

Інфарматыка — галіна, якая хутка развіваецца, і ў настаўніка проста фізічна не хапае часу для самаадукацыі. Калі кожны раз уво­дзіць вывучэнне новых прыкладных праграм (а гэта прыйдзецца рабіць), то настаўнік павінен пра гэта ведаць загадзя, а не напярэдадні.

Інга Ціханавецкая:

— Галоўнае для настаўніка — гэта ўсведамленне патрэбы ў самаадукацыі, гэта разуменне таго, што неабходна ўдасканальвацца і не спыняцца на дасягнутым, жаданне мяняцца. А магчымасцей цяпер вельмі многа. Папулярнасць набірае такая форма самаадукацыі, як удзел у сеткавых педагагічных суполках. Актыўныя настаўнікі аб’ядноўваюцца ў настаўніцкія суполкі, вучаць і вучацца самі.

Пляцоўкай для сеткавых педагагічных суполак часцей за ўсё выступаюць сацыяльныя сеткі. У прыватнасці, крыніцай удасканалення прафесійнага майстэрства і кампетэнцый стала для нас сацыяльная сетка Facebook.

Каштоўнай крыніцай для ўдасканалення прафесійнага майстэрства з’яўляюцца самаарганізаваныя суполкі (групы) педагогаў. Цікавае супрацоўніцтва з педагогамі ў групе “Змешанае навучанне” (https://goo.gl/Nqbwo6) —  рускамоўная група для настаўнікаў, метадыстаў, распрацоўшчыкаў дадаткаў для змешанага навучання. У групе публікуюцца матэрыялы, конкурсныя відэа, звязаныя з укараненнем у практыку тэхналогіі змешанага навучання.

Плённай стала супрацоўніцтва з эстонскімі калегамі ў суполцы “Гаджэт, які заўсёды з табой” (https://goo.gl/EyB4yw). Гэтая суполка сабрала аднадумцаў, якія актыўна выкары­стоўваюць у сваёй практыцы лічбавыя інструменты.

А калі вас хвалююць праблемы адукацыйнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, то можна стаць удзельнікам суполкі настаўнікаў Беларусі (http://goo.gl/66czMd). Пляцоўка для камунікацый і абмену вопытам, абмеркавання адкрытых пытанняў, пошуку і стварэння альтэрнатыў.

Не трэба настаўніку сядзець і чакаць, калі прыйдзе тэрмін чарговых курсаў павышэння кваліфікацыі. Лічбавізацыя нашага грамад­ства, лічбавая трансфармацыя ператварылі сацыяльныя сеткі ў адзін з папулярных рэсурсаў самаадукацыі.

Вольга Счасновіч:

— Я бываю на розных мерапрыемствах, дзе выступаюць прадстаўнікі IT-кампаній і вядучых кампаній Беларусі (у тым ліку ўдзельнічала ў IT-вакацыях разам з навучэнцамі вясной 2018 года).

Сёння навучэнцам неабходна не толькі і не столькі ўмець праграмаваць, колькі ўмець гаварыць на замежнай мове, ажыццяўляць свабодны пошук неабходнай інфармацыі, праяўляць творчасць, умець вучыцца ўсё жыццё, умець працаваць у камандзе, прэзентаваць сябе. Неабходны таксама нацэленасць на вынік, жыццёвая энергія, эмацыянальны інтэлект, запаленыя вочы. Гэтаму трэба вучыць. І навучыць зможа, на мой погляд, настаўнік, які сам умее гэта рабіць, сам валодае гэтымі якасцямі.

* * *

Якой быць школьнай інфарматыцы? Сучаснай, актуальнай, цікавай, практыка-арыентаванай, карыснай для навучэнцаў, каб веды і навыкі, набытыя на ўроках, былі запатрабаванымі ў будучыні. Відавочна, каб зрабіць прадмет такім, неабходна вырашыць шэраг праблем, звязаных з далейшым аснашчэннем устаноў адукацыі камп’ютарнай тэхнікай, з забеспячэннем іх высакаскорасным інтэрнэтам, з павышэннем кваліфікацыі педагогаў, з пераглядам вучэбнага плана і г.д. І рабіць гэта трэба не адкладваючы, аб’яднаўшы намаганні ўсіх зацікаўленых, каб не застацца на задворках лічбавай трансфармацыі.

Паважаныя чытачы, свае думкі і меркаванні наконт таго, як можна ўдасканаліць інфарматыку ў школе, дасылайце ў рэдакцыю. Запрашаем да дыскусіі і чакаем вашых лістоў!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.