Японію складана зразумець, яе трэба проста прыняць

- 14:22Паралелі

“Японія сустрэла мяне халодна-шэрым ззяннем небаскробаў, бляскам неонавай рэкламы, шумам ажыўленых вуліц, багаццем рэстаранаў і магазінаў. Тут, у загадкавай краіне Усходу, я пражыў тры гады. Тут я даведаўся, як дзіўна спалучаюцца паміж сабой неспалучальныя, на першы погляд, рэчы: сучасныя тэхналогіі і старажытная культура, урбаністычны глянец і сціплыя будні звычайнага “маленькага” чалавека, дэмакратычная свабода і жыццё, падпарадкаванае строгім правілам і нормам…”

Ігар Фаняеў пакінуў Беларусь, будучы аспірантам ГДУ імя Францыска Скарыны, а праз тры гады вярнуўся сюды доктарам філасофіі ў галіне фізікі. Прэстыжную навуковую ступень ён атрымаў, скончыўшы аспірантуру Універсітэта Шызуока ў Японіі.

Прыехаўшы ўсяго на два тыдні ў Гомель, Ігар завяршыў сваё навучанне ў аспірантуры ГДУ, дзе яго чакаў навуковы кіраўнік — доктар фізіка-матэматычных навук прафесар Ігар Валянцінавіч Семчанка, а пасля адправіўся на першае ў кар’еры месца працы — ва Універсітэт Кіёта.

Пра тое, якой убачыў Японію просты хлопец з беларускай глыбінкі — горада Лоева, — наша размова.

— Ігар, якое першае ўражанне зрабіла на цябе Японія?

— Яна літаральна ашаламіла мяне сваёй экзотыкай, багаццем і загадкавасцю. Некалькі месяцаў я знаходзіўся ў эйфарыі, імкнучыся не выпусціць нічога з тых даброт прыроды і цывілізацыі, якімі з лішкам валодае Японія.

Гіганцкія мегаполісы, навамодныя гаджэты, ультрасучасныя аўтамабілі і хуткасныя цягнікі, старажытныя будысцкія храмы, беражліва захаваныя традыцыі чайнай цырымоніі, непаўторная нацыянальная кухня, прыгажосць прыроды — горы, акіян, чарадзейства сакуры… Пагадзіцеся, ёсць ад чаго прыйсці ў захапленне!

Мяне ўразілі японскія гарады з іх вельмі арганізаваным, упарадкаваным і размераным жыццём. Людзі жывуць там паводле строгіх правіл. Прайшло нямала часу, перш чым я звыкся з гэтым укладам.

— Ці складана было адаптавацца, не ведаючы японскай мовы?

— Лягчэй, чым я думаў. Японцы, за рэдкім выключэннем, не валодаюць англійскай мовай, аднак ва ўніверсітэце са мной вучылася англамоўная моладзь з розных краін, былі сярод іх і ўкраінцы, і беларусы. Даволі хутка ў нас склаліся сяброўскія адносіны, а з часам і мой навуковы кіраўнік прафесар Вігантас Мізейкіс пачаў размаўляць па-англійску. Дарэчы, у магазінах, рэстаранах, на вуліцах горада цалкам можна абысціся без ведання японскай мовы — усюды ўказальнікі, наглядныя таблічкі, ды і інтэрнэт не раз выратоўваў.

— Як быў уладкаваны твой побыт у Японіі?

— У Хамамацу — горадзе, дзе знаходзіцца Універсітэт Шызуока, я арандаваў невялікі пакойчык у інтэрнаце. Жыллё, вядома, не ўражвала камфортам: плошча ўсяго 8 кв.м., маленечкі санвузел, ванна — ледзь змесцішся седзячы, сціплы куток для гатавання ежы — з парога адразу да стала! Сцены ў японскіх кватэрах тонкія, вокны не ўцепленыя, цэнтральнага ацяплення не прадугледжана. Узімку грэўся з дапамогай кандыцыянера, але ўсё роўна пра такое цяпло, як дома, у Беларусі, не ішла гаворка.

За гэты пакойчык у стылі мінімалізму я плаціў штомесяц 140 еўра і пры гэтым быў вельмі задаволены — кошт для арэнды ў Японіі смяхотны! Мае знаёмыя арандавалі жыллё коштам 500 еўра ў месяц. Пры гэтым яно мала чым адрознівалася ад майго: японскія кватэры падобныя на кампактныя скрынкі з кардону, сканструяваныя па прынцыпе максімальнай эканоміі месца. Маленькія, халодныя, няўтульныя.

— У чым асаблівасці навучання ў японскай аспірантуры? Ці складана атрымаць дыплом доктара?

— Сістэма навучання ў японскім універсітэце будуецца на аснове крэдыт-гадзін. У нас не было стандартнага раскладу заняткаў, кожны аспірант меў права выбіраць любыя прадметы з прадастаўленага пераліку. Галоўнае правіла — абавязкова набраць мінімальную колькасць крэдыт-гадзін. Прапускаць заняткі не прынята, за прагуламі пільна сочаць і могуць адлічыць нават выдатніка.

Пасля паўтарагадовага навучання я шчыльна заняўся напісаннем дысертацыі. У маім распараджэнні быў невялікі кабінет, разлічаны на некалькіх аспірантаў, а таксама навуковая лабараторыя з сучасным абсталяваннем. У сценах універсітэта я праводзіў шмат часу, але строгага графіка наведвання не было. Справіўся з заданнем за пару гадзін — ты вольны і маеш магчымасць планаваць асабісты час.

Што да атрымання дыплома доктара, гэты працэс прасцейшы, чым у Беларусі. Чарнавы варыянт дысертацыі ацэньвае група з пяці навукоўцаў, пасля дапрацоўкі — папярэдняя абарона, дзе ў атэстацыйнай камісіі тыя ж самыя людзі. Ну, і, нарэшце, фінальная адкрытая абарона дысертацыі, якая пры паспяховым выніку ўзводзіць аспіранта ў ранг доктара філасофіі ў галіне фізікі (у Беларусі гэтая навуковая ступень супастаўная з кандыдатам фізіка-матэматычных навук). А далей — пошук першага месца працы.

— Ігар, ці ёсць у Японіі праблема з працаўладкаваннем маладых спецыялістаў?

— Хіба што праблема вызначыцца ў найшырэйшым спектры варыянтаў: ад вытворчасці канцылярыі да выпуску сучасных робатаў. Малады спецыяліст мае магчымасць выбраць ідэальны для сябе варыянт з дзесяткаў прапанаваных, і гэта, скажу я вам, зусім не проста.

Уладкоўваючыся на работу, японцы, як правіла, звязваюць з ёй усё сваё жыццё. Звальняцца і пераходзіць на службу ў іншае месца не прынята, як і рабіць імклівую кар’еру за кошт асабістай ініцыятыўнасці і дзелавой хваткі. Японец узнімаецца па службовай лесвіцы вельмі павольна, прычым яго чыны і заробак, які ў сярэднім складае 2500—3000 еўра, залежаць не толькі ад прафесійных навыкаў, але і ад узросту, сямейнага становішча, асобасных якасцей.

— Калі ініцыятыва і крэатыўнасць не галоўнае, чаго ж тады чакаюць работадаўцы ад сваіх супрацоўнікаў?

— Адданасці кампаніі, сціпласці, адказнасці, скрупулёзнага выканання заданняў. На рабоце не вітаюцца спрэчкі з кіраўніцтвам, размовы з калегамі на асабістыя тэмы, увесь свой працоўны час трэба прысвячаць выключна рабоце. Папулярная прымаўка “Скончыў работу — гуляй у ахвоту” для японцаў — нешта з разраду фантастыкі. Іх заробак не залежыць ад колькасці і якасці работы, аплата ідзе за адпрацаваныя гадзіны. Таму большасць японцаў бяруць звышурочныя і заседжваюцца ў офісе да позняга вечара.

— Атрымліваецца, яны практычна жывуць на рабоце?

— Менавіта так. Прыходзяць туды загадзя і сыходзяць зацемна. Некаторыя служачыя ўвогуле застаюцца нанач у офісе, там прадугледжана і кушэтка для сну, і душавая, і кандыцыянер. Да таго ж японцы часта спяць удзень на працоўным месцы. Не раз назіраў сітуацыю, калі да заснуўшага аспіранта прыходзіў навуковы кіраўнік. І што, вы думаеце, рабіў прафесар, убачыўшы соннага юнака? Ціхенька адыходзіў, каб не патрывожыць сон стомленага працаголіка.

— Ігар, чула, што ў Японіі любяць не толькі шмат працаваць, але і добра пад’есці. Што скажаш наконт нацыянальнай кухні?

— Калі я толькі прыехаў у Японію, у мяне проста вочы разбягаліся, калі бачыў велізарную колькасць страў нацыянальнай кухні. Ежа ўсюды: на рэкламных стэндах у горадзе, у вітрынах магазінаў, яна прадмет шматлікіх тэлевізійных праграм, любімая тэма для абмеркавання, нават зазірнуўшы ў аптэку, вы заўсёды знойдзеце, чым перакусіць.

Японцы — сапраўдныя гурманы. Яны не толькі смачна гатуюць, але і ўмела сервіруюць стравы, ператвараючы звычайны абед у кулінарны рытуал. Пры гэтым японскія рэстараны не прымаюць чаявых ад наведвальнікаў, успрымаюць іх як абразу.

Мне спадабаліся харчэўні, у якіх кліенты гатуюць самі для сябе, хоць кошт і тут немалы. У сярэднім абед абыдзецца вам у 30 еўра. Больш танна можна паесці ў кавярні або сталоўцы, а самы выгадны варыянт — купіць гатовую фасаваную ежу ў кругласутачным магазіне “камбіні”, які з улікам вячэрняй скідкі каштуе ўсяго ў 1—2 еўра.

У любым выпадку якасць прадуктаў будзе на вышыні, проста пальчыкі абліжаш, бо японцы — цудоўныя кулінары.

— Якія яшчэ рысы характару і асаблівасці жыцця японцаў табе імпануюць?

— Напрыклад, пашана і павага да навакольных людзей: на вуліцы, у метро і іншых грамадскіх месцах я ні разу не бачыў неарганізаванага шумнага натоўпу, не чуў гучнага звону мабільнага тэлефона, не сустракаў чалавека, які паліць у недарэчным месцы. Японцы спагадлівыя і гатовы прыйсці на дапамогу. Калі з няшчасным выглядам азірацца сярод вуліцы з картай у руцэ, цябе абавязкова заўважаць, падкажуць, а калі патрабуецца, за руку правядуць па ўсім квартале.

Мне вельмі спадабалася захапленне японцаў веласіпедамі. На двух колах перамяшчаюцца практычна ўсе слаі насельніцтва: моладзь, модніцы з дарагімі сумачкамі, састарэлыя людзі, служачыя кампаній у дзелавых касцюмах і нават начальнікі з партфелямі. Мой навуковы кіраўнік — салідны паважаны прафесар, часта прыязджаў ва ўніверсітэт на веласіпедзе. Гэты транспарт выбраў для сябе і я: ездзіў на ім ва ўніверсітэт, перамяшчаўся па горадзе, падарожнічаў да акіяна.

І, вядома, хацелася б адзначыць незвычайную чысціню на вуліцах. Напачатку спрабаваў знайсці хаця б адну сметніцу, але аказалася, што іх проста няма! Усё смецце японцы нясуць дадому, там старанна сартуюць па пакетах і аддаюць на ўтылізацыю. Змешваць адходы рознага тыпу забараняецца, хутчэй за ўсё іх вернуць для перасартавання. Смецце японцы разглядаюць у якасці другаснай сыравіны і перапрацоўваюць усё, што толькі магчыма.

— Ігар, ты звязваеш сваё далейшае жыццё з Японіяй?

— Найбліжэйшыя паўгода буду працаваць навуковым супрацоўнікам ва Універсітэце Кіёта, а што далей — пакажа час. Сваю будучыню звязваю, перш за ўсё, з навукай. Дзе атрымаецца рэалізаваць сябе па-максімуме — у Беларусі, Японіі ці іншай краіне — там і паспрабую зрабіць кар’еру.

Што да Японіі, думаю, без ведання мовы, усіх тонкасцей усходняга менталітэту, шматлікіх норм і правіл Краіна ўзыходзячага сонца так і застанецца чужой для еўрапейцаў. Яе складана зразумець, яе трэба проста прыняць.

Святлана ХАЗЕЙ.
Здымкі з архіва Ігара ФАНЯЕВА.