Ёй праца ў радасць

- 10:54Людзі адукацыі

Навучыць дзяцей быць шчаслівымі і паспяховымі можа толькі шчаслівы і паспяховы чалавек. Сумны, незадаволены жыццём педагог не зможа матываваць вучняў на атрыманне ведаў. У гэтым пераканана настаўніца пачатковых класаў Капачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна Алена Мікалаеўна Клеянкова.

Педагогіку ў якасці прафесіі Алена Мікалаеўна выбрала без якіх-небудзь роздумаў і пошукаў. З самых ранніх гадоў дакладна вырашыла: будзе настаўнікам. Галоўную ролю ў гэтым імкненні адыграла невычэрпная любоў да дзяцей.

— Кажуць, што настаўнікам нельга стаць, ім трэба нарадзіцца. Мне здаецца, гэтыя словы пра мяне. Я вельмі люблю дзяцей. Люблю іх непрадказальнасць, дапытлі­васць, даверлівасць, шчырасць, таму настаўніцкі шлях выбрала свядома. Сёння ўжо не ўяўляю свайго жыцця без школы, без любімых вучняў, — адзначыла А.М.Клеянкова.

Даўнюю мару Алена Мікалаеўна ажыццяўляла ў МДУ імя А.А.Куляшова. Студэнцкія гады сталі для яе яркім і незабыўным часам. Наогул, вучоба ва ўніверсітэце істотна паўплывала на яе лёс.

— Падчас вучобы я не толькі набыла жаданую прафесію. Ва ўніверсітэце сустрэла будучага мужа. Ён таксама настаўнік, у Капачоўскім навучальна-педагагічным комплексе выкладае фізіку. З ім мы ўжо амаль тры дзесяцігоддзі ідзём побач і ў працы, і па жыцці, — расказала А.М.Клеянкова.

Сёння за плячыма Алены Мікалаеўны 26 гадоў педагагічнай дзейнасці, 70 маленькіх выпуск­нікоў. За гэты час выпрацавана ўласная методыка навучання, якая грунтуецца не толькі на прывіцці дзецям першасных ведаў, уменняў вучыцца самастойна, але і на ўсебаковым духоўна-маральным выхаванні. Да кожнага малыша ў яе індывідуальны падыход, які прыво­дзіць іх да максімальнай паспяховасці па ўсіх напрамках.

— Дзеці павінны ісці ў школу з радасцю. Дасягнуць гэтага проста: любы ўрок неабходна зрабіць для вучняў адкрыццём. Заняткі будуць паспяховымі, эфектыўнымі тады, калі яны будуць пабудаваны так, каб вучні ў працэсе навучання не толькі авалодвалі ведамі і ўменнямі. Тое, што адбываецца на ўроку, павінна быць для іх цікавым і значным. Для гэтага на кожных занятках трэба ствараць сітуацыю поспеху і творчую атмасферу, — лічыць А.М.Клеянкова.

У гэтай неардынарнай настаўніцы няма аднолькавых уро­каў. Усе яны нестандартныя, займальныя. На занятках яна актыўна выкарыстоўвае мультымедыйныя камп’ютарныя і здароўезберагальныя тэхналогіі, іншыя формы і метады навучання, а яшчэ гарманічна сумяшчае ў выкладанні дабрыню і патрабавальнасць у адносінах да дзяцей.

— Даволі часта будую ўрокі па адукацыйнай мадэлі “Крок за крокам”, калі работа арганізоўваецца ў цэнтрах навучання. Шматгадовы вопыт работы паказаў: яе выкарыстанне на занятках аб’ядноўвае ўсё тое, што падабаецца дзецям і важна для настаўніка. Адным з асноўных прынцыпаў гэтай адукацыйнай мадэлі з’яўляецца ажыццяўленне трайнога супрацоўніцтва “настаўнік — вучні — бацькі”, таму на заняткі запрашаю мам і татаў. Падчас навучання ў цэнтрах яны становяцца мне надзейнымі памочнікамі, а сваім дзецям — настаўнікамі, — расказала А.М.Клеянкова.

Нягледзячы на багаты вопыт работы, Алена Мікалаеўна ніколі не спыняецца ў прафесійным развіцці. Яна пастаянна ўдзельнічае ў конкурсах прафесійнага майстэрства, навучальных семінарах і фестывалях, актыўна займаецца інавацыйнай дзейнасцю.

— Добры настаўнік — гэта асоба, якая знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку і імкнецца быць лідарам усюды. Ён спалучае ў сабе любоў да справы і да дзяцей, умее не толькі вучыць, але і вучыцца, у тым ліку ў сваіх вучняў. Я імкнуся адпавядаць гэтым характарыстыкам, таму нястомна ўдасканальваю прафесійнае майстэрства, — расказала А.М.Клеянкова.

Творчасць і захопле­насць працай Алены Мікалаеўны цэ­няць вучні і іх бацькі, кіраўніцт­ва навучальнай установы.

— Яна майстар сваёй справы. Знаходзіцца ў пастаянным прафесійным самаўдасканаленні, што павышае якасць адукацыйнага працэсу. А яшчэ яна ўзаемадзейнічае з бацькамі, што таксама станоўча ўплывае на паспяховасць вучняў, — заўважыла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Т.М.Жылянкова.

Вучні Алены Мікалаеўны ужо могуць пахваліцца першымі дасягненнямі. Яны штогод удзельнічаюць у даследчых канферэнцыях, творчых і інтэлектуальных конкурсах, дзе становяцца ўладальнікамі прызавых дыпломаў.

А.М.Клеянкова з’яўляецца настаўнікам-метадыстам, пераможцам шматлікіх прафесійных спаборніцтваў, узнагаро­джана граматай Міністэрства адукацыі. Аднак не гэта для яе асноўнае ў працы.

— Для мяне галоўнае педагагічнае дасягненне — гэта паспяховасць маіх вучняў. Я і надалей буду імкнуцца працаваць так, каб дзецям вучоба прыносіла не толькі веды, але і задавальненне ад працэсу вучэння, — запэўніла настаўніца.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва А.М.КЛЕЯНКОВАЙ.