Ёсць заказ на рабочы клас

- 12:51Суразмоўца

Такую выснову можна зрабіць, аналізуючы стан спраў на рынку працы нашай краіны. Попыт на рабочыя прафесіі расце з кожным годам, але вакансіі на многія з іх доўгі час не запаўняюцца. Відаць, інтарэсы дзяржавы ў фарміраванні працоўных рэсурсаў для эканомікі пакуль не зусім супадаюць з інтарэсамі моладзі, якая не спяшаецца пайсці ў рабочы клас. Міністэрства адукацыі, рэгіянальныя органы кіравання, непасрэдна навучальныя ўстановы планамерна імкнуцца выправіць гэтую сітуацыю. На гэта скіравана і сёлетняя прыёмная кампанія, якая стартавала 15 чэрвеня. Якія асаблівасці характэрны для ўступнай кампаніі гэтага года, ці адбудуцца змены ў аб’ёмах і структуры прыёму, якія новыя прафесіі будуць уведзены, адказвае кансультант упраўлення прафесійнай адукацыі галіновага міністэрства Таццяна Рыгораўна АРЦЕМ’ЕВА.

— Таццяна Рыгораўна, безумоўна, перш-наперш цікавіць пытанне, ці плануецца захаваць аб’ёмы прыёму навучэнцаў ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
— У гэтым годзе прыём будзе ажыццяўляцца 185 установамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі амаль па 300 прафесіях. Акрамя таго, прыём для навучання па рабочых прафесіях будзе ажыццяўляць 31 установа адукацыі іншых узроўняў, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. З улікам патрэб арганізацый галін эканомікі, дэмаграфічнай сітуацыі і вынікаў працаўладкавання выпускнікоў плануецца захаваць аб’ёмы прыёму для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі практычна на ўзроўні мінулага года і прыняць 34,8 тысячы чалавек, што складзе 100,8 працэнта, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 34,4 тысячы чалавек (100,5 працэнта). Для атрымання адукацыі на дзённай форме плануецца залічыць 32,3 тысячы чалавек (100,9 працэнта да факта мінулага года), у тым ліку на аснове агульнай базавай адукацыі — 20 тысяч чалавек, на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — 11,5 тысячы чалавек, на аснове спецыяльнай адукацыі — 0,8 тысячы чалавек. Акрамя таго, прадугледжаны прыём 1,1 тысячы чалавек па завочнай і 1,4 тысячы чалавек па вячэрняй форме навучання.
Пры гэтым прадугледжваецца скарачэнне прыёму адносна мінулага года па наступных профілях: “Мастацтва і дызайн” на — 25%, “Камунікацыі. Права. Эканоміка. Кіраванне” — на 16,3% , “Тэхніка і тэхналогіі” — на 5,9. У той жа час будзе павялічаны прыём па профілях: “Грамадскае харчаванне. Бытавое абслугоўванне” — на 7,6%, “Архітэктура і будаўніцтва” — на 9,2%, “Сельская і лясная гаспадарка. Садова-паркавае будаўніцтва” — на 26,6%. У цэлым у структуры прыёму плануецца захаваць тэндэнцыі мінулага года, якія прадугледжваюць, што спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі складуць амаль 80%.
У бягучым годзе адкрыта падрыхтоўка па запатрабаваных прафесіях рабочых у трох установах сярэдняй спецыяльнай адукацыі, падпарадкаваных Міністэрству адукацыі. Так, у прыватнасці, адкрыты прафесіі: машыніст горных выемачных машын, электраслесар (слесар) дзяжурны і па рамонце абсталявання — у Салігорскім горна-хімічным каледжы, электраманцёр ахоўна-пажарнай сігналізацыі — у Віцебскім політэхнічным каледжы, слесар па рамонце дарожна-будаўнічых машын і трактароў, машыніст катка самаходнага — у Гомельскім дарожна-будаўнічым каледжы імя Ленінскага камсамола Беларусі.
У апошнія тры гады з улікам запатрабаванняў рэгіянальных рынкаў працы адкрыта падрыхтоўка па новых кваліфікацыях, па якіх раней яна не ажыццяўлялася. Гэта аператар часальнага абсталявання, аператар аўтаматызаванага раскройнага комплексу, аператар аўтаматызаванага насцілачнага комплексу, вытворца марожанага, аператар механізаваных і аўтаматызаваных складоў, агент па арганізацыі абслугоўвання аўтамабільных перавозак.

— Ці захаваюцца ўмовы прыёму для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, або да абітурыентаў падрыхтаваны новыя выпрабаванні?
— Умовы прыёму для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі застаюцца нязменнымі.
Прафесійна-тэхнічную адукацыю можна атрымаць на аснове агульнай базавай, агульнай сярэдняй або спецыяльнай адукацыі ў дзённай, вячэрняй або завочнай форме. Пры гэтым для атрымання прафтэхадукацыі ў завочнай форме прымаюцца асобы, якія маюць агульную базавую або агульную сярэднюю адукацыю і кваліфікацыю рабочага, але якія не маюць дакумента аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Прыём дакументаў для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ажыццяўляецца ў дзённай форме атрымання адукацыі з 15 чэрвеня па 20 жніўня.
Калі да канца тэрміну прыёму дакументаў колькасць пададзеных заяў на асобныя прафесіі меншая, чым запланаваная колькасць месцаў для прыёму, установа адукацыі па ўзгадненні з заснавальнікам можа прадоўжыць тэрмін прыёму дакументаў і залічэння ў склад навучэнцаў да поўнага ўкамплектавання груп, але не пазней як да 15 верасня бягучага года.
Прыём дакументаў для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў вячэрняй форме ажыццяўляецца з 15 чэрвеня па 20 жніўня, а па спецыяльнасцях профілю “Сельская гаспадарка” — з 1 кастрычніка па 20 лістапада.
Для атрымання прафесіі ў завочнай форме прыём будзе праходзіць з 1 па 10 кастрычніка.
Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія вырашылі паступаць у нашы ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі на платнай аснове, змогуць падаць заявы для прыёму з 15 чэрвеня па 10 верасня.
Залічэнне паступаючых ва ўстановы прафтэхадукацыі ажыццяўляецца на падставе іх заяў (пры адсутнасці конкурсу) альбо па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыi цi атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі, або пасведчання аб спецыяльнай адукацыі. І толькі для асобных спецыяльнасцей профіляў адукацыі “Мастацтва і дызайн” і “Архітэктура і будаўніцтва” з мэтай выяўлення творчых здольнасцей прадугледжаны ўступныя выпрабаванні, вынікі якіх улічваюцца пры залічэнні.

— Якімі будуць тэрміны правядзення ўступных іспытаў для абітурыентаў і залічэння ў лік навучэнцаў?
— Для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў дзённай форме першы паток пройдзе з 5 па 12 ліпеня, другі паток — з 21 па 24 жніўня, залічэнне ў склад навучэнцаў — па 25 жніўня;
у вячэрняй форме атрымання адукацыi — з 21 па 24 жніўня, залічэнне ў склад навучэнцаў — па 25 жніўня, па прафесіях напрамку “Сельская гаспадарка” — з 21 па 24 лістапада, залічэнне ў склад навучэнцаў — па 25 лістапада.
Для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў завочнай форме залічэнне ў склад навучэнцаў будзе ажыццяўляцца з 11 па 13 кастрычніка.
Падрабязную інфармацыю аб паступленні ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі наша моладзь можа атрымаць з Даведніка для паступаючых ва ўстановы адукацыі, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у 2015 годзе (выдавецтва “Вышэйшая школа”), а таксама на сайце Міністэрства адукацыі, сайтах навучальных устаноў.

— Таццяна Рыгораўна, пры існуючым дэфіцыце выпускнікоў школ сёння, бадай, як ніколі сярод школьнікаў патрэбна прафарыентацыйная работа.
— Сапраўды так. Але зазначу, што прафарыентацыя была патрэбна ва ўсе часы. Толькі з кожным годам яна ўсё больш, можна сказаць, вытанчаная, патрабуе новых эфектыўных форм, якія б найбольш дзейсна маглі паўплываць на прафесійны выбар моладзі. Выбраць прафесію няпроста, бо яна часцей за ўсё выбіраецца чалавекам на ўсё жыццё. Яшчэ цяжэй гэта зрабіць падлетку, які толькі-толькі ступае на самастойны шлях. Як зрабіць гэты выбар правільным? Каб прафесія стала гарантам поспеху для кожнага маладога чалавека, сістэме адукацыі неабходна актыўна і мэтанакіравана працаваць, у тым ліку ў прафарыентацыйным кірунку.
Сёння ўстановамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі ажыццяўляецца планамерная работа па прафесійнай арыентацыі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі на працягу ўсяго навучальнага года з выкарыстаннем разнастайных форм яе правядзення. Ва ўсіх рэгіёнах краіны праводзяцца дні адкрытых дзвярэй, экскурсіі, выступленні агітбрыгад, конкурсы, майстар-класы, круглыя сталы, анлайн-канферэнцыі, сустрэчы ў школах з выпускнікамі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, прадстаўнікамі базавых арганізацый, выставы-кірмашы, фестывалі мастацкай і тэхнічнай творчасці, злёты вынаходнікаў і рацыяналізатараў, конкурсы прафесійнага майстэрства. Напрыклад, на Брэстчыне праводзіцца конкурс прафарыентацыйнай работы пад дэвізам “Ёсць заказ на рабочы клас”, парад прафесій “Будучыню выбіраем сёння”. На Гомельшчыне традыцыйным стала правядзенне “Кірмашоў прафесій”, куды запрашаюцца не толькі выпускнікі школ, але і педагогі, бацькі. Усе ўдзельнікі кірмашу атрымліваюць неабходную інфармацыю пра тыя ці іншыя прафесіі, а прадстаўляюць іх самі навучэнцы прафтэхустаноў, якія расказваюць пра прэстыж выбранай прафесіі, пра тое, якія патрэбны веды і ўменні для яе засваення. Гэта дапамагае выпускнікам школ зрабіць усвядомлены выбар свайго далейшага працоўнага шляху з улікам здольнасцей і схільнасцей.
Разам з тым неабходны больш актыўны і значны ўдзел арганізацый — заказчыкаў кадраў, органаў кіравання галіновымі структурнымі падраздзяленнямі аблвыканкамаў, райвыканкамаў у інфармацыйнай і прафарыентацыйнай рабоце, накіраванай на павышэнне прэстыжу рабочых прафесій. Работы толькі ўстаноў прафтэхадукацыі і органаў кіравання адукацыяй па гэтых напрамках відавочна недастаткова, паколькі прывабнасць прафесіі ў першую чаргу вызначаецца прэстыжнасцю працоўнага месца (наяўнасцю добрых умоў працы, дастойнага ўзроўню заработнай платы, сацыяльнага пакета і г.д.).
Напэўна, самай значнай падзеяй у павышэнні статусу прафесійнай адукацыі, прэстыжу рабочых прафесій, прыцягненні моладзі ў вытворчы сектар эканомікі, укараненні ў адукацыйны працэс інавацыйных тэхналогій і высокатэхналагічнага абсталявання стала ўступленне нашай краіны ў WorldSkills International, што дазволіць вывесці нашу прафесійную адукацыю на новы ўзровень.
Конкурс WorldSkills — гэта спаборніцтвы па прафесійным майстэрстве для маладых людзей ва ўзросце ад 16 да 22 гадоў, своеасаблівыя алімпійскія гульні для маладых рабочых і спецыялістаў. Конкурс праводзіцца кожныя два гады ў міжнародным фармаце на працягу больш як 60 гадоў.
Першы чэмпіянат WorldSkills Belarus-2014 прайшоў у Мінску ў маі 2014 года. Тады за званне лепшага па 20 прафесійных кампетэнцыях змагаліся больш за 150 маладых людзей, якія вучацца ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, а таксама якія працуюць на прадпрыемствах нашай краіны. Па выніках правядзення чэмпіянату была сфарміравана рэспубліканская каманда WorldSkills Belarus, якая будзе прадстаўляць Беларусь на міжнародным чэмпіянаце прафмайстэрства WSI, які пройдзе 11—16 жніўня гэтага года ў Сан-Паўлу, у Бразіліі.
У склад зборнай Беларусі ўвайшлі 22 канкурсанты — навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнты УВА, маладыя работнікі прадпрыемстваў (ААТ “МТЗ”, “Пеленг”, “Інтэграл”, ТАА “Атлант-М”, “ЦытронФорм”, УП “Брэсттурыст”).
Да гэтага руху далучаны ўсе рэгіёны і ў склад нацыянальнай сборнай, якая выступала ў Казані, а потым паедзе ў Бразілію, шмат прадстаўнікоў рэгіянальных навучальных устаноў.
Добрай школай для адточвання прафесійнага майстэрства перад сусветным чэмпіянатам WorldSkills Competition (Сан-Паўлу, Бразілія) стаў удзел беларускай каманды ў конкурсе WorldSkills СНД-2015 у Казані. Будучыя прафесіяналы спаборнічалі за званне лепшага ў сваёй прафесіі па 17 конкурсных кампетэнцыях. Каманда Беларусі заваявала адзін залаты і 16 сярэбраных медалёў у чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WorldSkills СНД+, які праходзіў сёлета 19—23 мая ў Казані (Татарстан, Расійская Федэрацыя).

— Скажыце, а як у рэгіёнах падрыхтаваліся да прыёмнай кампаніі?
— Калі гаварыць наконт правядзення прыёмнай кампаніі ў абласцях, то нашы рэгіёны падрыхтаваліся да яе з поўнай адказнасцю. Асновай для фарміравання плана прыёму з’яўляюцца заяўкі галіновых камітэтаў, упраўленняў аблвыканкамаў (Мінгарвыканкама), дагаворы паміж навучальнымі ўстановамі і арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, вынікі працаўладкавання выпускнікоў папярэдняга года, маніторынгу прафесійных намераў выпускнікоў.
Усе вобласці дакладна сочаць за пераменамі, якія адбываюцца на рынку працы, вывучаюць попыт моладзі на тыя ці іншыя прафесіі і з улікам усіх гэтых патрабаванняў фарміруюць пералік прафесій, якія патрэбны рэгіёну. Прыходзіцца адкрываць новыя і закрываць незапатрабаваныя спецыяльнасці. Так, напрыклад, у 2015 годзе ў магілёўскім рэгіёне ўстановы прафесійнай адукацыі прапануюць абітурыентам падрыхтоўку па 74 рабочых спецыяльнасцях, якая пацверджана дамоўленасцямі з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Пералік прафесій у гэтым годзе папоўнены спецыяльнасцю “Мантажнік знешніх трубаправодаў” у Асіповіцкім прафесійна-тэхнічным каледжы, а для тых, хто паступае на аснове спецыяльнай адукацыі, у Магілёўскім эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы адкрыта спецыяльнасць “Кветкавод”. У гэтым годзе ў Магілёўскім політэхнічным і Бабруйскім механіка-тэхналагічным каледжах упершыню будзе адкрыта падрыхтоўка рабочых кадраў для машынабудавання. У Брэсцкай вобласці ў 23 прафесійна-тэхнічных установах і 4 сярэдніх спецыяльных установах адукацыі вобласці, падпарадкаваных упраўленню адукацыі аблвыканкама, прапануецца вельмі шырокі выбар рабочых прафесій. Большасць з іх інтэграваныя, а гэта значыць, што яны ўключаюць у сябе дзве і больш кваліфікацый. Гэта значна павялічвае канкурэнтаздольнасць выпускнікоў на рынку працы.
Прыём на новы навучальны год у вобласці будзе ажыццяўляцца па больш чым дзевяноста спецыяльнасцях, у тым ліку па напрамках сельскай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва, тэхнікі і тэхналогій, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання і інш.
За апошнія тры гады ў вобласці адкрыта падрыхтоўка па 24 новых прафесіях, у тым ліку апаратчык хімічнай чысткі, пячнік, рыхтоўшчык кузаваў, пекар, вытворца дэкаратыўных элементаў мэблі, майстар па манікюры, памочнік машыніста, слесар па рамонце цягніка, пакаёўка, слесар па зборцы металаканструкцый, кранаўшчык.
У цэлым на Брэстчыне плануецца прыняць 2764 чалавекі на аснове агульнай базавай адукацыі, 2370 чалавек — на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, 66 — на аснове спецыяльнай адукацыі, 300 — па завочнай форме навучання.
Прыблізна такія ж лічбы прыёму плануецца выканаць і ў гомельскім рэгіёне. Запланавана прыняць 5627 навучэнцаў, з якіх на аснове агульнай базавай адукацыі — 3255 чалавек. Кантрольныя лічбы прыёму (дзённая форма атрымання адукацыі) на 88,3% забяспечаны дамовамі і заяўкамі арганізацый — заказчыкаў кадраў.
У сувязі з незапатрабаванасцю на рынку працы ў шэрагу прафтэхустаноў Гомельскай вобласці будзе закрыта падрыхтоўка па 32 кваліфікацыях.
З улікам патрэб сацыяльна-эканамічнага комплексу ў працоўных рэсурсах вобласці плануецца ўвесці сёлета падрыхтоўку па новых 16 кваліфікацыях, у тым ліку “электрамеханік па рамонце і абслугоўванні вылічальнай тэхнікі”, “слесар-зборшчык бытавой тэхнікі”, “электрамеханік па ліфтах”, “раскройшчык”, “аператар лініі ў вытворчасці харчовай прадукцыі”, “апаратчык пастэрызацыі”, “сырароб”.
Як бачна, сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі нашай краіны гатова да прыёму новых навучэнцаў. У нашай дзяржавы ёсць заказ на рабочы клас. Мы павінны яго выканаць і, безумоўна, з дапамогай моладзі, якая зробіць свой выбар у бок рабочай прафесіі.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.