Юбілей вядомага беларускага вучонага

- 12:01Людзі адукацыі

Сёння 70-гадовы юбілей адзначае вядомы беларускі гісторык, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь (2001—2003), доктар гістарычных навук, прафесар, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, дырэктар Інстытута бізнесу БДУ Пётр Іванавіч БРЫГАДЗІН.

Нарадзіўся Пётр Іванавіч 24 жніўня 1949 года ў Моладаве Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1971 годзе скончыў гістарычны факультэт БДУ. Вучыўся ў аспірантуры БДУ, у 1978 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю “Камсамол Беларусі — актыўны памочнік партыі ў культурным будаўніцтве (1966—1970 гг.)”. У 1995 годзе абараніў доктарскую дысертацыю “Эсэры ў Беларусі (канец XIX ст. — люты 1917 г.)”. Працаваў загадчыкам кафедры гісторыі Беларусі, першым прарэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Выбіраўся ў склад Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Быў членам Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, прэзідыума НАН Беларусі, ВАК Рэспублікі Беларусь.

Пётр Іванавіч Брыгадзін з’яўляецца аўтарам больш за 90 навуковых прац па гісторыі, тэорыі кіравання, сацыялогіі, у тым ліку 10 манаграфій, 12 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Сярод навуковых інтарэсаў беларускага вучонага — палітычная гісторыя Беларусі новага і найноўшага часу. П.І.Брыгадзін падрыхтаваў за сваё навуковае жыццё 4 доктары і 7 кандыдатаў навук.

Дзяржава высока ацаніла працу Пятра Іванавіча. Ён узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць” (1980), Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (1998), Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2001).

Горача віншуем паважанага Пятра Іванавіча Брыга­дзіна са знамянальнай датай і зычым яму моцнага здароўя, прафесійных поспехаў, міру і цяпла ў сям’і, святочнага настрою. Няхай побач з вамі, шаноўны Пётр Іванавіч, будуць самыя адданыя сябры і калегі! Няхай родныя і блізкія людзі дораць вам сваю шчырую любоў і адданасць! З юбілеем!

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.