З апорай на вучняў

- 11:30Людзі адукацыі

Ганну Іванаўну Дабрынеўскую ведаю даўно. Яна сталы аўтар нашай газеты, чалавек, які заўсёды натхняе. Нягледзячы на паважаны ўзрост (у лютым ёй споўнілася 80), Ганна Іванаўна вельмі сучасны чалавек і нястомны педагог-наватар. Яшчэ мне падабаецца стваральная энергетыка гэтай жанчыны. Яна ўвесь час дзеліцца новымі ідэямі, імкнецца дапамагчы і ўдасканаліць кожнага, хто трапляецца на яе шляху. Мяркую, са мной пагодзяцца вельмі многія настаўнікі, якім пашчасціла працаваць з Ганнай Іванаўнай. Наша з ёй размова адбылася з нагоды юбілею (прыміце нашы шчырыя віншаванні, паважаная Ганна Іванаўна!), але замест інтэрв’ю атрымаліся невялікія замалёўкі з апісаннем жыццёвых сітуацый з вялікім педагагічным зместам. Г.І.Дабрынеўская і педагогіка непадзельныя. Педагогіка зрабіла яе жыццё, а яна прыйшла да сваёй педагогікі, у якой пераплятаецца навука і жыццёвая мудрасць.

Свой прафесійны шлях Ганна Іванаўна пачала ў нялёгкія пасляваенныя гады. Яна з адзнакай скончыла Рэчыцкае педагагічнае вучылішча, затым — Гомельскі педагагічны інстытут. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, працавала настаўніцай фізікі, завучам, дырэктарам школы. Педагагічная гімназія, якую яна ўзначальвала, атрымала вядомасць не толькі ў Беларусі, але і за межамі краіны. Ва ўстанове былі адкрыты першыя педагагічныя класы, больш за палову выпускнікоў якіх нязменна паступала на педагагічныя спецыяльнасці ВНУ. Вопыт работы такіх класаў стаў асабліва каштоўным у сучасных умовах.

Ганна Іванаўна вучыла і маленькіх дзяцей, і старшакласнікаў, маладых настаўнікаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі. Колькасць яе вучняў налічвае сотні. За сваю працу педагог удастоена шматлікіх узнагарод, з’яўляецца членам-карэспандэнтам Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі, заслужаным работнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь, аўтарам дзясяткаў публікацый — артыкулаў, рэкамендацый, а таксама сямі кніг. Але самай дарагой сваёй узнагародай і дасягненнем яна лічыць любоў і ўдзячнасць вучняў. На працягу ўсяго жыцця яна не парывае сувязі з імі.

Каля двух дзесяцігоддзяў жыццё Ганны Іванаўны звязана з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі. Як яе супрацоўнік яна шырока вядома ў педагагічнай грамадскасці і навуковых колах, актыўна ўзаемадзейнічае з навукоўцамі, творча, з вялікай самааддачай кіруе інавацыйнай дзейнасцю шэрага педагагічных калектываў краіны. Асабліва вядомыя сярод іх праекты па ўкараненні мультыпрофільнага навучання, мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі, мадэлі павышэння псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў і інш.

“Ганна Іванаўна — сапраўдны прыроджаны педагог. Яе жыццё — прыклад шчаслівага служэння свайму прызначэнню. З’яўляючыся мэтанакіраваным і мудрым чалавекам, прафесіяналам сваёй справы, яна здольна захапіць і натхніць усіх, хто працуе побач з ёй. Больш за 60 гадоў Г.І.Дабрынеўская працуе ў сферы адукацыі. Гэта ўнікальны стаж, унікальная лінія росту, якая па-ранейшаму імкнецца ўгору”, — адзначыла прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі старшыня Беларускага педагагічнага таварыства Галіна Іванаўна Нікалаенка. Ганна Іванаўна сваё педагагічнае даўгалецце тлумачыць супрацоўніцтвам з беларускімі настаўнікамі, якія настойліва ўкараняюць інавацыі дзеля лепшай будучыні не толькі дзяцей, але і ўсёй краіны.

Школа на ўсё жыццё

У першы клас я трапіла выпадкова. Бачу, дзеці ідуць некуды, ну і я за імі. Засоўваю галаву ў клас, а настаўніца пытаецца: “Чаго табе, дзяўчынка?” “А можна, я пагляджу, што тут робяць?” — адказваю. Так я трапіла ў школу на ўсё жыццё. Вельмі добрая была настаўніца, шкадавала нас, але двойкі ставіла, бо мы пісалі сажай і буракамі. Паперы не было. Аднойчы бабуля дала мне дзясятак яек і кажа: “Ідзі ў Хойнікі (а да іх 7 кіламетраў), прадай яйкі і купі сабе сшыткі. Я пайшла, расклала яйкі, праходзіў нейкі мужык і ботам як растопча іх усе! Ні яек, ні сшыткаў. Было, канечне, вельмі крыўдна.
У выніку мы з братам атрымалі вышэйшую адукацыю і сталі добрымі спецыялістамі. І ўсё гэта дзякуючы самаадданасці нашай маці Браніславы Антонаўны.

Правільная

Калі я вучылася ў Гомелі, дзяўчаты гаварылі мне: “Правільная ты наша”. Гэта была нібыта мянушка. Але я іншы раз рабіла вельмі няправільныя рэчы. Пра нешта цяпер шкадую, за штосьці хацела б папрасіць прабачэння. Напрыклад, у 5 класе мы баставалі супраць вывучэння нямецкай мовы. Мы ж былі пасляваеннымі дзецьмі, якія паспелі ўбачыць і адчуць жахі вайны. І вось прыходзім у школу, а тут — нямецкая мова. Неяк прыйшла праверка з раёна і пачала задаваць пытанні на нямецкай, але ўсе маталі галовамі ў адказ. Пасля я часта ўспамінала тую сваю школьную настаўніцу нямецкай мовы Ніну Макараўну. Шкадавала яе і саромелася ад успамінаў таго пратэсту.

Жыццё складаецца з розных сітуацый выбару

Цяпер мы дзяцей вучым выбіраць. Нас жа гэтаму ніхто не вучыў, а жыццё ўвесь час ставіць перад выбарам. У мяне формула выбару іншая, зусім не такая, пра якую расказваю цяпер дзецям: хачу — магу — трэба. У мяне ж спачатку трэба, пасля — магу, а ўжо затым — хачу. Усё наадварот атрымліваецца. Была ў мяне ў жыцці, напрыклад, такая сітуацыя выбару: пасля заканчэння інстытута мне прапаноўвалі застацца ў аспірантуры, прычым вельмі настойліва, але я вырашыла, што спачатку трэба папрацаваць у школе.

Ці такая гісторыя: у мяне ў дыпломе толькі адна “чацвёрка” — па чарчэнні (дзякуючы аднакурсніку). І мой выкладчык мне гаварыў: “Твая работа выканана на выдатна, але выбірай: калі “пяцёрку” пастаўлю табе, то твайму памочніку — “чатыры”, або наадварот — табе “чацвёрку”, а яму “пяць”. Канечне, я выбрала другі варыянт.

Пасля ўзнікла іншая сітуацыя выбару. За гады работы ў школах у мяне назапасілася вялікая колькасць матэрыялу, з якога можна было зрабіць дзве доктарскія дысертацыі. Прынамсі, кандыдацкую можна было напісаць у самыя кароткія тэрміны. Я адмовілася, бо не магла пакінуць школьны працэс. Тады мне здавалася: сыду са школы — усё спыніцца. Лічыла, што, калі застануся ў школе, прынясу больш карысці, чым калі пайду пісаць дысертацыю, якая прынясе карысць толькі мне.

Цяпер у дзяцей магчымасцей намнога больш, у іх больш выбару, прасторы для яго. Сучасная школа накіравана найперш на сацыялізацыю дзіцяці. Але, нягледзячы на высокатэхналагічны час, настаўнікам неабходна захоўваць традыцыі адданасці дзецям, павагі да працы. А бацькі павінны выхоўваць сваім прыкладам.

Дзеці нас выхоўваюць і дапамагаюць

Ёсць такія вучні, пра якіх Г.І.Нікалаенка гаворыць: “Ён працягнуў вам руку дапамогі ў патрэбны момант”. Неяк мы з дзецьмі паехалі ў Швецыю. Частку дарогі неабходна было пераадолець на пароме, дзе я разгубілася. Вучні разбегліся, а я сяджу і не ведаю, што рабіць. Тут падыходзіць адзін з іх, Дзяніс, і гаворыць, каб я не хвалявалася, бо зараз ён усіх збярэ. У такіх незапланаваных сітуацыях вучні раскрываюць свае чалавечыя якасці, іншы раз вельмі нечакана.

Быў у мяне яшчэ вучань Павел (пасля ён працаваў у Міністэрстве абороны Расіі), які таксама мне дапамог. Я прыйшла працаваць у новы клас, дзе ніхто не хацеў адказваць. Дагэтуль у іх быў малады настаўнік, у якога вучні больш забаўляліся, чым вучыліся. Праходзіць ад зін, другі, трэці ўрок. Зноў ніхто не хоча адказваць. Я разгубілася. Што рабіць? Мой прыём не спрацоўвае! Я ж усё патлумачыла, некалькі разоў паўтарыла. Разарваў замкнутае кола хлопец з апошняй парты, які пачаў адказваць на некалькіх уроках запар. Бачылі б вы вочы яго аднакласнікаў!

Ці яшчэ прыклад. Некаторы час мы з мужам жылі і працавалі ў Львове (прыехалі туды па накіраванні мужа). Я ўладкавалася на работу ў школу, дзе мне сказалі, што буду выкладаць фізіку ў 10 класе. Заходжу і ледзь не губляю прытомнасць: у класе — 32 лётчыкі ў мундзірах! Яны мелі дыпломы лётнага вучылішча, а атэстата аб заканчэнні сярэдняй школы ў іх не было. Хлопцы дасканала ведалі тэхніку, я ж магла апеляваць толькі тэорыяй, але яны аказаліся вельмі далікатнымі вучнямі.

Дарэчы, мне вельмі пашчасціла з мужам. Ён мяне ніколі не папракаў работай, нават дапамагаў. Зрабіў тры кабінеты фізікі (у розных школах), дзе ўсё свяцілася, бегала і функцыянавала.

Натхнялі і патрабавалі

Мне хочацца расказаць не толькі пра тых педагогаў, з якімі працавала, але і пра тых, якія мне дапамаглі выжыць, стаць настаўнікам, натхнялі, патрабавалі. Мне пашчасціла вучыцца ў выдатных педагогаў.

“Яны могуць не ведаць, — гаварыла мне некалі мой класны кіраўнік Браніслава Сямёнаўна Ліўшыц. — А ты павінна”. Дарэчы, калі я вучылася на 1 курсе ў педвучылішчы, то аслепла ад голаду. Выхадзіла тады мяне менавіта класная. Настаўніцкая спагадлівасць узвышае прафесію педагога.

Вельмі многае я ўзяла ад члена-карэспандэнта Расійскай акадэміі адукацыі, сапраўднага члена Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі, заслужанага дзеяча навукі Расійскай Федэрацыі, доктара педагагічных навук, прафесара Таццяны Іванаўны Шамавай. Дзякуючы ёй я стала членам Усесаюзнага савета па павышэнні кваліфікацыі педагогаў. Яна ініцыіравала праект па дэмакратызацыі кіравання школай, які мы рэалізоўвалі ў сваёй 61-й школе Мінска. Яна нечым падобна на Галіну Іванаўну Нікалаенка. І Таццяна Іванаўна, і Галіна Іванаўна вельмі чулыя суразмоўніцы, здольныя весці канструктыўную гутарку. Іх крытыка таксама мае вялікае значэнне, бо накіроўвае ў патрэбнае рэчышча.

На педагагічную творчасць натхняла, дапамагала і падтрымлівала ў ёй доктар педагагічных навук прафесар Клара Усеваладаўна Гаўрылавец.

Хачу сказаць, што дасягненні нашай 61-й школы (а пасля гімназіі) былі б немагчымы без маіх унікальных калег — настаўнікаў, адданых дзецям і сваёй справе. Асаблівы ўклад у развіццё педагагічнай гімназіі ўнеслі выкладчыкі БДПУ імя М.Танка. Без іх падтрымкі было б вельмі цяжка.

Пра свавольствы

Калі прыйшла працаваць у школу, то ў некаторай ступені была хуліганкай. Напрыклад, мела партыйную вымову за прынцыповыя адносіны да працоўнага парадку, пасля — з-за яўрэяў, з якімі ўсё жыццё сябрую. Ад зін з нашых педагогаў, які збіраўся ад’язджаць у Амерыку ці Ізраіль, у вольны час прыходзіў у настаўніцкую байкі расказваць. Аднойчы, калі пачала весці ўрок, пачула, што з настаўніцкай увесь час даносілася “хі-хі-хі”, “ха-ха-ха”. Прыйшла і сказала калегам, каб ішлі на свае ўрокі. Пасля даведалася пра скаргу: маўляў, дрэнна стаўлюся да яўрэяў! А падчас вайны мы з мамай дапамагалі яўрэям. Калі вайна толькі пачалася, яны хаваліся ў лесе. Мама рабіла лялькі, унутры якіх быў хлеб, агурок, а я іх пакідала пад кустамі.

Каб бачыць іх вочы

Калі была дырэктарам сярэдняй школы № 61 Мінска, высветліла для сябе, што самым лепшым сродкам, каб хутка супакоіцца пасля стрэсу і прыйсці ў норму, з’яўляецца наведванне ўрока ў пачатковай школе. Дамаўлялася з настаўніцай, прыходзіла ў клас, садзілася так, каб бачыць вочы дзяцей, і праз 15—20 хвілін супакойвалася і магла працягваць працаваць. Другім такім месцам была бібліятэка, якая ў Мінску займала лідзіруючыя пазіцыі.

А нагрузка была каласальная! У прыватнасці, да нас у школу прыязджала больш за 100 дэлегацый у год, і я ганаруся, што на адным мерапрыемстве ў нас было 12 членаў Акадэміі педагагагічных навук СССР. Гэта было ў канцы 80-х гадоў ХХ стагоддзя, і ўжо тады, дарэчы, ішла гаворка пра тое, што дзеці развіваюцца вельмі хутка, што трэба думаць пра заўтрашні дзень, каб школьная адукацыя заставалася актуальнай.

Яшчэ я кожны дзень раніцай сустракала дзяцей і бацькоў. Зноў-такі, каб бачыць іх вочы. Яны былі ўсе розныя: засмучаныя, хмурыя, вясёлыя, спакойныя. Але бачыць іх, сказаць ім добрае слова было задавальненнем. Для педагога няма большай асалоды, чым бачыць, як сталеюць яго вучні, як яны мяняюцца, разумнеюць, становяцца дарослымі, сур’ёзнымі і прыгожымі людзьмі.

Былі і цяжкія дзеці, якія стаялі на ўліку ў міліцыі. З імі, канечне, было вельмі няпроста, але я на іх ніколі не сварылася. Мы заўсёды размаўлялі. Напрыклад: “Дзіма, чаму ты начуеш у падвале? У цябе ж ёсць кватэра, мама хвалюецца”. А ён мне: “А вы разумееце, што мне ў падвале лепш, чым дома!” Я ў адказ: “Разумею”. Хаця, шчыра кажучы, не зусім тады разумела. Потым гэты Дзіма, калі стаў дарослым, прыходзіў да мяне ў школу, каб паказаць сябе самавітым, паспяховым мужчынам. Сустракаю неяк былога вучня Сашу, які ў школе быў вельмі шкадлівым, і ён саромеецца за свае школьныя свавольствы. З гордасцю расказвае пра сваіх траіх дзяцей.

Самая душэўная работа ў школе — класнае кіраўніцтва

Некаторы час я працавала ў школе № 1 Мурама ў Расіі. Гэта было вельмі даўно, але тыя мае вучні дагэтуль падтрымліваюць са мной сувязь, што паказвае на галоўны вынік працы настаўніка: кім і якім стаў яго вучань у жыцці праз шмат гадоў. Адзін пісаў: “Я ў вас быў самым цяжкім, але цяпер стаў чалавекам. Працую ў пецярбургскай міліцыі”. Пасля ён, дарэчы, уладкаваўся настаўнікам абслуговай працы ў школу. А якія мы рабілі класныя гадзіны! Мае вучні іх помняць і зараз, бо тое наша супрацоўніцтва давала ім адчуванне ўвагі і цяпла. Калі мы згубілі сувязь, яны шукалі мяне праз перадачу “Чакай мяне”.

Мне заўсёды дапамагала апора на дзяцей. Мая былая вучаніца Вераніка (цяпер жыве ў Турцыі) пісала: “Больш за ўсё здзіўляе, як многа вы нам давяралі”. Мы ў гімназіі практыкавалі рознаўзроставае сяброўства вучняў. Старэйшыя апекавалі малодшых. У нас не было, як цяпер гавораць, булінгу. Некаторыя бацькі спецыяльна прасілі прыняць іх дзяцей у нашу школу, бо ведалі, што мы працуем з кожным вучнем, сочым за развіццём кожнага.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.