З перакананасцю ў асабістай адказнасці

- 11:30Планёрка ў рэгіёне, Рознае

Усе работы па падрыхтоўцы да новага навучальнага года павінны быць накіраваны на стварэнне бяспечных умоў знаходжання дзяцей ва ўстановах адукацыі. Гэтым прынцыпам кіруюцца і ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Разам з тым у прыярытэце і арганізацыя адпачынку дзяцей. Пра бягучыя справы ў сістэме адукацыі раёна расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Пружанскага райвыканкама Ірына Анатольеўна КАЗАРЭЗ. — Ірына Анатольеўна, пачнём, напэўна, з самага актуальнага: як ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года?

— Працуем. На правядзенне капітальных і бягучых рамонтаў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы будзе выдаткавана больш за 4 млрд рублёў, у тым ліку 900 млн рублёў з пазабюджэтных крыніц.

У цяперашні час вядзецца капітальны рамонт даху ў сярэдняй школе № 3 Пружан, замена аконных і дзвярных блокаў у сацыяльна-педагагічным цэнтры, рамонт санвузлоў у пружанскай сярэдняй школе № 5. Сіламі гаспадарчай групы аддзела арганізаваны работы па рамонце дахаў, пакрыцця падлогі, па забеспячэнні гарачай праточнай вадой санвузлоў устаноў адукацыі. Касметычны рамонт ва ўстановах праводзіцца сіламі працоўных калектываў пры падтрымцы бацькоўскай грамадскасці.

Працягваецца работа па абсталяванні ўстаноў адукацыі сістэмамі пажарнай аўтаматыкі. Планава вядуцца работы па падрыхтоўцы ўстаноў да ацяпляльнага сезона. Да пачатку новага навучальнага года папоўніцца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў: набыты 35 адзінак тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання, спартыўны інвентар, у дзвюх установах будуць заменены камп’ютарныя класы. Падтрымку ў падрыхтоўцы да новага навучальнага года аказваюць раённы выканаўчы камітэт і базавыя прадпрыемствы.

— А як справы з адпачынкам і аздараўленнем школьнікаў у вашым раёне?

— Плануецца, што за лета аздараўленне пройдуць 1805 дзяцей. Да пачатку аздараўленчай кампаніі — 2016 былі падрыхтаваны тры лагеры з кругласутачным знаходжаннем — “Дубок”, “Попелева” і “Юны турыст”, у якіх на працягу 5 змен адпачнуць 830 дзяцей. Традыцыйна сумесна з пагранічнай заставай № 1 “Хвойнікі” ў ліпені арганізаваны профільны лагер ваенна-патрыятычнай накіраванасці для 20 падлеткаў 14 —16 гадоў.

Магчымасць адпачыць і зарабіць выкарысталі 104 падлеткі ў 10 лагерах працы і адпачынку. У 18 прышкольных лагерах у чэрвені адпачылі 760 школьнікаў. У рамках рэспубліканскай акцыі “Лета на карысць” вучні мелі магчымасць не толькі весела правесці час з сябрамі, але і наведаць творчыя і спартыўныя мерапрыемствы. У рамках акцыі “Ведай свой край — выхавай сябе” арганізоўваюцца паходы і экскурсіі як па родным краі, так і за яго межамі.

На базе ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі працуюць 116 аб’яднанняў па інтарэсах і спартыўных секцый. Усімі формамі занятасці і аздараўлення плануецца ахапіць навучэнцаў, якія стаяць на ўліку ў ІСН, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. На працягу першых дзвюх змен ужо аздаравілася 50% дзяцей названых катэгорый.

— Хочацца спытаць і пра самыя знакавыя падзеі 2015/2016 навучальнага года ў сістэме адукацыі Пружанскага раёна.

— Мінулы год для сістэмы адукацыі Пружанскага раёна быў насычаны цікавымі падзеямі. Наш раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі прыняў удзел у міжнароднай канферэнцыі настаўнікаў-дэфектолагаў, якая праходзіла ў Брэсце. Інтэграваны фестываль “Дзяцінства без межаў”, які праводзіўся трэці раз, набыў статус міжраённага.

Пэўныя поспехі дасягнуты ў навучанні школьнікаў. Навучэнцы Загорскага дзіцячага сада — базавай школы Аліна Асійчук і сярэдняй школы № 3 Пружан Аляксандр Ерашэў занялі трэцяе месца на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ па гісторыі і нямецкай мове. На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды школьнікі Пружаншчыны заваявалі 11 дыпломаў, каманда навучэнцаў сярэдняй школы № 3 Пружан і Мураўскай сярэдняй школы сталі пераможцамі Абласной краязнаўчай алімпіяды.

Упершыню ў раёне праводзіўся конкурс даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык”, на абласным конкурсе работы дашкольнікаў ясляў-садоў №№ 3 і 9 Пружан былі ўзнагароджаны дыпломамі II і III ступені адпаведна. І гэта далёка не ўвесь спіс нашых узнагарод і перамог. Штогод таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць грашовыя прэміі, а іх бацькі — падзяку за выхаванне дзяцей ад старшыні райвыканкама М.М.Крэйдзіча. У мінулым навучальным годзе 86 вучняў былі запрошаны на раённую цырымонію ўзнагароджання “Таленты” за перамогі ў рэспубліканскіх і абласных конкурсах.

— Наколькі балючым для вас з’яўляецца пытанне аптымізацыі сеткі ўстаноў?

— Дэмаграфічная сітуацыя ў раёне ў апошнія гады характарызуецца зніжэннем колькасці сельскіх жыхароў, у тым ліку і дзіцячага насельніцтва, таму вядзецца пастаянная работа па аптымізацыі адукацыйнай сеткі. Для захавання даступнасці дашкольнай адукацыі ў сельскай мясцовасці была выбрана тактыка стварэння вучэбна-педагагічных комплексаў. На сённяшні дзень з 29 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі 15 з’яўляюцца вучэбна-педагагічнымі комплексамі. А да пачатку 2016/2017 навучальнага года будзе закрыта адна ўстанова дашкольнай адукацыі, адзін вучэбна-педагагічны комплекс будзе рэарганізаваны ў дзіцячы сад. На цяперашні момант вырашана пытанне з арганізацыяй падвозу навучэнцаў з устаноў, якія закрываюцца, вядзецца працаўладкаванне работнікаў.

— Ірына Анатольеўна, яшчэ адно актуальнае пытанне — арганізацыя профільнай адукацыі. Што ўжо зроблена, а што ў вас у планах?

— У 2015/2016 навучальным годзе ў 8 установах агульнай сярэдняй адукацыі для 119 дзесяцікласнікаў (32%) былі арганізаваны пр фільныя класы. У асноўным навучэнцы выбралі фізіка-матэматычны і філалагічны напрамкі або мультыпрофільнае навучанне — матэматыку і адну з дзяржаўных моў. Былі задаволены ўсе запыты вучняў і іх бацькоў па вывучэнні прадметаў на павышаным узроўні.

На сённяшні дзень большасць будучых 10-класнікаў вызначыліся з выбарам профільнай адукацыі. Радуе той факт, што ў надыходзячым навучальным годзе павялічылася колькасць устаноў (да 12), у якіх навучэнцы выбіраюць профільную адукацыю. Гэта сведчыць пра правільна выбудаваную сістэму прафарыентацыйнай работы педагагічных калектываў з выпускнікамі 9 класаў і іх бацькамі на працягу мінулага навучальнага года. Таксама ў будучым навучальным годзе плануецца адкрыць два педагагічныя класы на базе гарадской і сельскай школ. Цікавасць у выпускнікоў 2016 года да педагагічнай прафесіі расце. Напрыклад, на 4 мэтавыя месцы ў педагагічныя ВНУ выдадзена 16 мэтавых накіраванняў. Конкурс падчас уступнай кампаніі будзе нават паміж мэтавікамі.

— І апошняе: ці вызначаны ўжо кірункі развіцця на будучы навучальны год?

— У новым навучальным годзе трэба актыўна ўкараняць новыя формы адукацыйных паслуг для дашкольнікаў, забяспечваць даступнасць высокапрафесійнай спецыяльнай адукацыі, асабліва ў сельскай мясцовасці. У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі ў цэнтры ўвагі будзе профільнае навучанне і прафарыентацыйная работа. Важна павышаць кваліфікацыйны ўзровень педагогаў і вучэбна-матэрыяльную базу ўстаноў, працаваць на вынік.

Неабходна актыўна ўзаемадзейнічаць з сем’ямі і ўсімі зацікаўленымі структурамі ў пытаннях фарміравання культуры бяспечнай жыццядзейнасці, прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў, сацыяльнага сіроцтва, арганізацыі карыснай занятасці навучэнцаў. Перакананасць кожнага педагога ў асабістай адказнасці за дасягненне выніку стане асноўнай падтрымкай у вырашэнні адукацыйных задач, пастаўленых грамадствам.

— Дзякуй за размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.