З песняй па жыцці

- 10:57Людзі адукацыі

Родныя юнай Жанны Люнтавай, дзелячыся жыццёвым вопытам, заўсёды раілі ёй выбраць прафесію кухара — маўляў, прафесія на ўсе часы, з якой ніколі не застанешся галодным. Аднак яна гэтых слоў не чула і спяшалася на заняткі ў музыкальнай школе або на рэпетыцыю чарговага мерапрыемства. І звязала сваё прафесійнае жыццё з творчасцю. Працуе педагогам-арганізатарам у Магілёўскім дзяржаўным ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга прафесiйным агралесатэхнічным каледжы імя К.П.Арлоўскага. Працаваць ва ўстанове Жанна Аляксандраўна пачала 1 красавіка. Гэтая дата асацыіруецца з жартамі і пазітывам. Менавіта так — з жартамі і пазітывам — яна і працуе тут ужо 20 гадоў.

Ж.А.Люнтава.

Калі душа спявае

Жаданне займацца тым, што акрыляе і натхняе, перамагло, і Жанна Аляксандраўна вырашыла паступаць у Магілёўскае вучылі­шча культуры. І вось яна ўжо на ўступным экзамене на тэатральнае аддзяленне. Дэкламуе вершы, паказвае мініяцюру і яе про­сяць заспяваць. Пачынае выконваць “Салаўя” А.А.Аляб’ева. Пры гэтым экзаменатары пераглянуліся і запыталі ў дзяўчыны, дзе яна навучылася так спяваць. Абітурыентка шчыра адказала, што часта чула раманс па радыё, вось і вывучыла на слых. “Дык вам трэба спяваць!” — рэзюмавалі эксперты. І яна да сённяшняга часу спявае сама і вучыць гэтаму іншых. Скончыла вучылішча па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне” і адправілася па размеркаванні ў Бабруйск, дзе стала кіраўніком калектыву “Бабруйскія музыкі” і дзіцячага ансамбля гарманістаў.

— Мяне сустрэў дырэктар Дома культуры Ісаак Барысавіч Вальфсон, вопытны і паважаны кіраўнік, і сказаў: “Не думай, што твая вучоба скончылася. Вучыцца ты толькі пачынаеш”. Так і адбылося. У “Бабруйскіх музыках” я працавала са сталымі людзьмі. Я дзялілася з імі сакрэтамі вакальнага май­стэрства, а яны са мной — жыццёвай мудрасцю. Тады я зразумела, што вучыцца ў сваіх жа вучняў — гэта добра і нават карысна. І дзякуючы маім цяперашнім выхаванцам — навучэнцам каледжа, я таксама даведваюся і засвойваю новае, — расказвае аб пачатку прафесійнага шляху Жанна Аляксандраўна. 

А праз тры гады яна ўжо была на парозе СПТВ № 1, якое потым стала агралесатэхнічным каледжам, дзе пачала працаваць кіраўніком гурткоў.

Часу на прывыканне і ўцягванне ў работу ў маладога спецыяліста не было. Як мы ўжо ведаем, Жанна Аляксандраўна прыйшла працаваць 1 красавіка, а ўжо на 12 красавіка быў запланаваны абласны конкурс мастацкай самадзейнасці, на якім установа павінна была прадставіць свае нумары. За кароткі тэрмін быў сабраны хор — каля 60 чалавек, прычым большасць з іх — навучэнцы, якія паспелі вызначыцца не самымі добрымі паводзінамі і правапарушэннямі. Знайшліся і салісты. Работа кіпела да глыбокай ночы, і ў выніку на конкурснай сцэне была прадстаўлена праграма з 10 годных нумароў. Асабліва, канечне, уражваў хор, якому за такі кароткі тэрмін удалося дасягнуць вельмі добрага ўзроўню. Пасля такога ба­дзёрага пачатку было не страшна брацца за любую справу.

Праз пару гадоў Жанна Аляксандраўна стала культарганізатарам установы. Былі заснаваны два калектывы, якія паспяхова дзейнічаюць і сёння. Хор інжынерна-педагагічных супрацоўнікаў і навучэнцаў з’явіўся ў 2001 годзе.  

— Такая сумесная работа вельмі дысцыплінуе навучэнцаў. Калі яны бачаць, што побач іх настаўнікі, паважаныя людзі, то пачынаюць больш адказна ставіцца да работы ў хоры, — расказвае Жанна Аляксандраўна. — Апошніх некалькі гадоў хор стабільна мае поспехі на “АРТ-вакацыях” і займае прызавыя месцы на рэспубліканскім этапе фестывалю. Наш калектыў — хор народнай песні. Аднак мы не проста спяваем. Абавязкова дадаём у выступленне элементы тэатралізацыі, танцаў, каб атрымлівалася цікава і дынамічна.

Каб выступленні былі больш яркімі, Жанна Аляксандраўна рашаецца на эксперыменты. Напрыклад, выступленні хору дапаўняе брэйк-дансам, ладзіць светлавое шоу. Аднак педагог-арганізатар адзначае, што эксперымент павінен быць толькі высокай якасці.

Вакальная група “Тутэйшыя”.

Другі калектыў — вакальная група “Тутэйшыя”. Гэта 7 чалавек, якія не проста спяваюць разам, яны сталі амаль роднымі. Аб’яднаны агульным захапленнем выкладчык фізікі і два выкладчыкі спецдысцыплін, майстар вытворчага навучання, супрацоўнік аддзела кадраў, загадчык аддзялення. Яны спяваюць фальклор, прычым выключна акапэльна.

Дарэчы, педагог-арганізатар прызнаецца ў шчырай любові да фальклору. З задавальненнем працуе з гэтым матэрыялам, стварае ўласныя аранжыроўкі. У вольны час Жанна Аляксандраўна шукае і збірае фальклорны матэрыял роднай мясцовасці.

— Я добра памятаю, як бабуля спявала мне ў дзяцінстве народныя песні. І яны назаўсёды засталіся са мной, — адзначае мая суразмоўніца. 

Жанна Аляксандраўна пераканана, што можна навучыць спяваць любога, калі чалавек умее гаварыць і сапраўды хоча вучыцца.

 — Памятаю, падыходзіць да мяне неяк першакурснік і кажа: “Вы тут загадчыца культуры? Тады менавіта вы мне і патрэбны!” Юнак расказаў, што заўсёды марыў навучыцца спяваць, а ў яго не атрымлівалася. Нават, здаралася, што з урокаў спеваў выганялі. І мы пачалі з ім працаваць,  — дзеліцца ўспамінамі педагог-арганізатар. — Гэта быў Артур Якушаў. Ён не толькі навучыўся спя­ваць, але і ў выніку стаў пераможцам мноства вакальных конкурсаў, заснаваў гурт “Бруклін”, скончыў вучылішча культуры, сёння сам з’яўляецца педагогам і музычным кіраўніком.

 І такіх прыкладаў — калі былі заўважаны і расквітнелі таленты яе выхаванцаў — многа. Калі ў педагога спявае душа, гэты гук падхопліваюць і тыя, хто навокал.

Героі побач

Работа педагога-арганізатара — гэта не толькі музычныя выступленні, гэта цэлая сістэма работы. І моцны падмурак для гэтага ў агралесатэхнічным каледжы — па­мяць пра гераічнае мінулае роднага краю. Каледж знаходзіцца на месцы, дзе адбываліся важныя гістарычныя падзеі, — у  вёсцы Буйнічы пад Магілёвам. Тут праходзіў Дняпроўскі рубеж, на Буйніцкім полі адбываліся жорсткія баі. А непасрэдна на тэрыторыі цяперашняга каледжа размяшчалася магутнае нямецкае ўмацаванне, агнявыя пункты. Летам 1944 года чырвонаармейцы пад камандаваннем лейтэнанта Мяльнова пад няспынным кулямётным агнём падручнымі сродкамі фарсіравалі Днепр і знішчылі на беразе агнявыя пункты праціўніка, забяспечыўшы пераправу праз раку ўсяго батальёна. Безумоўна, такая гістарычная спадчына проста павінна была знайсці адлюстраванне ў выхаванні навучэнцаў каледжа. На гэтым месцы рукамі навучэнцаў і выкладчыкаў каледжа створаны музей пад адкрытым небам. Штогод тут ладзіцца рэканструкцыя подзвіга чырвонаармейцаў пад кіраўніцтвам лейтэнанта Мяльнова.

Акрамя таго, некалькі гадоў назад навучэнцы пад кіраўніцтвам Жанны Аляксандраўны пачалі здымаць відэафільмы па матывах тых падзей.

Рэканструкцыя ваенных падзей.

 — Спачатку мы проста запісвалі на відэа нашу рэканструкцыю. А потым сталі ства­раць спецыяльныя сцэнарыі і здымаць, па сутнасці, мастацкія фільмы. Аснова, канечне, гістарычная падзея, аднак мы дадаём маналогі і дыялогі, прадумваем, як узаемадзейнічаюць героі, як паказаць іх эмоцыі. Кожны раз атрымліваецца новая кінастужка. 28 чэрвеня, у дзень, калі быў здзейснены подзвіг Мяльновым і яго таварышамі, мы паказваем наш фільм на вялікім экране навучэнцам і супрацоўнікам каледжа. Ні разу яшчэ паказ не праходзіў без слёз на вачах гледачоў.

Атрымаўся маштабны і вельмі эмацыя­нальны праект, для якога прыйшлося засвойваць новыя навыкі. Напрыклад, Жанна Аляксандраўна сама займаецца відэамантажом. Навучэнцы вучацца аператарскаму майстэрству. Спачатку ў ролі аператара выступаў выкладчык інфарматыкі. Потым да гэтай справы з задавальненнем далучыліся навучэнцы. Яны хутка зразумелі, што гэта не так проста, як здаецца на першы погляд, і дасканала рыхтуюцца да здымак: прадумваюць, што павінна быць у кадры, з якіх месцаў лепш здымаць. Вялікая работа праводзіцца і з акцёрамі, каб іх ігра была пераканаўчай. З радасцю і адказнасцю навучэнцы згаджаюцца на галоўныя ролі. А вось знайсці акцёраў на ролі нямецкіх салдат заўсёды няпроста.

Гісторыя каледжа пераплялася з гісторыяй жыцця некалькіх выбітных асоб. Гэта Андрэй Мельнікаў, якому прысвоена званне Героя Савецкага Саюза за подзвіг у Афганістане;  Кірыл Арлоўскі, герой вайны і працы, кіраўнік калгаса “Рассвет”, чыё імя носіць каледж;  Канстанцін Сіманаў, які прысвяціў свой знакаміты твор “Жывыя і мёртвыя” тым, хто змагаўся на Буйніцкім полі. Гісторыя жыцця гэтых людзей таксама паўплывала на змест выхаваўчай работы. Мерапрыемствы, звязаныя з памяццю аб гэтых людзях, становяцца больш змястоўнымі і па-асобаму ўздзей­нічаюць на навучэнцаў, заўважае педагог-арганізатар.

Кожны, хто працуе ва ўстанове адукацыі, ведае, як многа мерапрыемстваў рознага кшталту праводзіцца на працягу года. Не выключэнне і агралесатэхнічны каледж. Праводзіць усе іх на высокім узроўні няпро­ста, аднак магчыма і неабходна, лічыць гераіня гэтага артыкула.

— Я ўпэўнена, што кожнае мерапрыемства мае значэнне. Няважна, праводзіш ты яго для жыхароў аднаго паверха інтэрната або для ўсёй краіны — калі ўзяўся за справу, рабі яе добра, — расказвае аб сваім стаўленні да справы Ж.А.Люнтава.  — Тым больш што справа гэта вельмі важная. Выхаваўчая работа, усе нашы мерапрыемствы ла­дзяцца не толькі для таго, каб арганізаваць вольны час або навучыць дзяцей спяваць, танца­ваць. У першую чаргу — каб выха­ваць добрага чалавека. Гэта вельмі складаная і адказная задача. 

Чалавек, які імчыцца

Жанна Аляксандраўна падабаецца навучэнцам сваім пазітывам, гумарам, жыццярадаснасцю. Акрамя таго, яна ўмее да кожнага знайсці падыход. Яна не бывае абыякавай і недасягальнай для дзяцей. Каб умацаваць у выхаванцаў веру ў сябе і свае сілы, педагог-арганізатар для кожнага знаходзіць добрае слова і шмат хваліць дзяцей. Таксама шчыра цікавіцца іх захапленнямі, марамі, планамі. І заўсёды знаходзіць нітачку, за якую можна пацягнуць, каб чалавек абудзіўся і пачаў дзейнічаць. 

 — Вельмі важна дапамагчы падлетку паверыць у сябе. Пераканаць, што ў яго ўсё можа атрымацца, варта толькі прыкладаць намаганні. А яшчэ трэба стаць для яго апорай, паказаць, што ён атрымае тваю падтрымку нават у выпадку памылкі ці няўдачы, — дзеліцца меркаваннем спецыяліст.

І для кожнага можна знайсці творчую справу па душы і па сілах. Можна спяваць, танцаваць, спрабаваць сябе на сцэне, быць вядучым. Дарэчы, у справе канферансу выхаванцы Жанны Аляксандраўны таксама маюць поспехі. Мікіта Мурачоў, Аксана Саракула і Лізавета Старалаўнікава станавіліся пераможцамі фестывалю “АРТ-вакацыі”  ў намінацыі “Канферанс”. Педагог-арганізатар выпрацавала сваю сістэму работы ў гэтым напрамку.

— Самая вялікая асалода для мяне як для педагога — бачыць той момант, калі ў навучэнцаў усё атрымліваецца, калі яны самі бачаць вынікі сваёй працы, усведамляюць, як выраслі, колькі ўсяго дасягнулі. У гэтым крыніца сіл для далейшай работы, — прызнаецца Жанна Аляксандраўна.

Педагог-арганізатар — гэта чалавек, які заўсёды некуды імчыцца: на канцэрт, рэпетыцыю, конкурс. Пры гэтым у яго ў галаве пракручваецца тысяча спраў: трэба напісаць сцэнарый, размеркаваць ролі, знайсці касцюмы, падрыхтаваць рэквізіт і прадумаць яшчэ мільяр­д дробязей. Ды і розныя паперы ніхто не адмяняў. Многім работа ў такім тэмпе здаецца складанай, практычна немагчымай. Аднак Жанна Аляксандраўна прызнаецца, што займаецца любімай справай, таму не заўважае ніякіх цяжкасцей і перашкод.

— Адзіная праблема для мяне — гэта тое, што ў сутках толькі 24 гадзіны і ў іх немагчыма ўмясціць усё, што б хацелася. А ў астатнім, шчыра кажучы, ніякіх цяжкасцей у рабоце няма. У мяне ёсць цудоўныя ўмовы — касцюмы, інструменты, памяшканні для рэпетыцый і выступленняў, у каледжы нават створана свая невялічкая студыя гуказапісу. У мяне ёсць неверагодныя калегі, заўсёды гатовыя падтрымаць і прыйсці на дапамогу. У нашым калектыве ёсць разуменне, што чым бы мы ні займаліся — падрыхтоўкай да канцэрта ці да конкурсу прафесійнага майстэрства — мы ўсе робім адзіную вялікую справу. І, нарэшце, у мяне ёсць цудоўныя, шчырыя, таленавітыя навучэнцы.

Дар’я РЭВА.
Фота з уласнага архіва Ж.А.Люнтавай.