Захапіць тым, што ўмееш сам

- 10:17Людзі адукацыі

Творчая, абаяльная, мэтанакіраваная… Такой ведаюць педагога дадатковай адукацыі Яну Сяргееўну Карпуковіч з Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці, дзе яна арганізавала чатыры аб’яднанні па інтарэсах: “Эказнайка”, “Юны мастак”, “Зрабі сам” і “У фокусе”, якія з вялікім задавальненнем наведваюць дзеці ва ўзросце ад 4 да 14 гадоў.

Нарадзілася Яна Сяргееўна ў Лунінцы. З дзяцінства вельмі любіла маляваць і прысвячала гэтаму занятку ўвесь вольны час. Малявала проста для сябе, атрымліваючы вялікае задавальненне і ад працэсу, і ад выніку. “Паглыблена занялася маляваннем у 13 гадоў, калі пайшла ў дзіцячую школу мастацтваў, — расказвае Я.С.Карпуковіч. — На кожных занятках даведвалася ўсё больш новага і цікавага. Дзякуючы атрыманым ведам мяняліся погляды на выяўленчае мастацтва. Актыўна ў­дзельнічала ў творчых конкурсах, дзе заваёўвала прызавыя месцы. Шматлікія поспехі ў любімай дзейнасці дапамаг­лі вызначыцца з будучай прафесіяй. Пасля школы паступіла ў Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, дзе атрымала спецыяльнасць дызайнера. Да Ганцавіч, новага для мяне горада, і новага калектыву прывыкла даволі хутка. Дзякуючы дапамозе і падтрымцы вопытных калег і адміністрацыі лёгка спраўляюся з усімі цяжкасцямі, хаця асаблівых праблем у педагагічнай дзейнасці і не ў­знікае. Вельмі спатрэбіліся навыкі, атрыманыя ў кале­джы на практыцы, — ужо тады я хутка знаходзіла з дзецьмі агульную мову”.

Педагог умее зацікавіць выхаванцаў любога ўзросту. А па-іншаму і быць не можа, бо яна з імі, як кажуць, на адной хвалі: разумее, падтрымлівае, вучыць выпраўляць памылкі, не навязваючы свайго меркавання, стварае творчую і даверлівую атмасферу. Кожныя заняткі ў Яны Сяргееўны цікавыя і пазнавальныя, бо яна ўдала спалучае розныя віды дзейнасці: дзеці не толькі малююць, але і ствараюць вырабы з паперы і кардону, займаюцца аплікацыяй. Педагог можа захапіць і навучыць таму, што ўмее сама. Невыпадкова ў яе аб’яднанні прыходзіць усё больш захопленых дзяцей, якія з нецярпеннем чакаюць любімыя заняткі.

“У аб’яднанні “Эказнайка” займаюцца дашкольнікі, — расказвае Я.С.Карпуковіч. — Яны даведваюцца на занятках пра навакольны свет і тое, як берагчы прыроду. Для лепшага засваення матэрыялу праводжу заняткі ў форме гульні, казкі, падарожжа. Выкарыстоўваю шмат нагляднага матэрыялу, што развівае ў малышоў лагічнае і вобразнае мысленне, уяўленне. Вельмі важна своечасова падтрымаць дзіця, зразумець яго”.

Вучні 2—3 класаў, якія захапляюцца маляваннем, наведваюць аб’яднанне па інтарэсах “Юны мастак”, адкрытае на базе Люсінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Якуба Коласа Ганцавіцкага раёна. На занятках дзеці асвойваюць азы малявання. За некалькі месяцаў юныя мастакі ўжо навучыліся працавац­ь з колерам і могуць перадаць настрой з дапамогай малюнка. Лепшыя іх работы нават у­дзельнічаюць у конкурсах.

У аб’яднанні “Зрабі сам”, дзе таксама займаюцца малодшыя школьнікі, педагог удзяляе вялікую ўвагу дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Дзеці ствараюць вырабы з паперы ў розных тэхніках: арыгамі, аплікацыя і інш. Аб’яднанне “У фокусе” наведваюць вучні 6—9 класаў, якія цікавяцца фота­справай, вядуць блогі ў сацыяльных сетках і мараць стаць мадэлямі. Аб’яднанне такога профілю з’явілася невыпадкова. У дзяцінстве будучы педагог любіла ладзіць фотасесіі з сяброўкамі і марыла стварыц­ь уласную фотастудыю. Гэта нядзіўна: тата Яны Сяргееўны — прафесійны фатограф. Дзяўчынкай яна часта прыхо­дзіла да яго ў фотастудыю.

“Менавіта тата адыграў вялікую ролю ў маім творчым развіцці, — лічыць Я.С.Карпуковіч. — Ён заўсёды падштурхоўваў мяне да заняткаў мастацтвам: фотасправай, выяўленчай творчасцю, дызайнам… Калі з’явілася магчымасць ажыццявіць сваю мару і заняцца фотасправай, скарыстала яе без ваганняў”. Так у цэнтры з’явілася фотааб’яднанне, на занятках якога дзеці набываюць базавыя веды пра фотаздымку, ствараюць і рэдагуюць фота, вучацца падбіраць правільны ракурс, здымаюць і манціруюць відэа. Педагог з радасцю падтрымлівае ідэі выхаванцаў і праводзіць тэматычныя фотасесіі. “Ладзім міні-фотасесіі, якія патрабуюць асаблівай падрыхтоўкі, — расказвае Яна Сяргееўна. — Для якаснага кадра дастаткова аднаго рэквізіту: лістка, мыльнай бурбалкі, рознакаляровага святла лямпы… А вось для сур’ёзнай фотасесіі патрабуюцца і час, і крэатыў, і, галоўнае, жаданне дзяцей. Усё пачынаецца з эскіза вобраза, стварэння фотазоны з неабходным рэквізітам. Калі ўсё гатова, праводзім фотасесію. Дарэчы, азнаёміцца з творчасцю юных фатографаў можна на старонцы ў Instagram “3fokus3”.

Педагог прызнаецца, што зрабіць якасны фотаздымак і падабраць правільны ракурс даволі складана. Але пры жаданні ўсяму можна навучыцца. Фотасправа даецца лягчэй тым, у каго ёсць мастацкія навыкі ці мастацкі густ. Без базавых ведаў пра святло, ракурс, фон і план нават прафесійны фотаапарат будзе бескарысны. У вольны час Яна Сяргееўна заўсёды знаходзіць хвілінку для ўласнай творчасці: малюе карціны ў розных жанрах і тэхніках, захапляецца кастамізацыяй адзення (пераўтварэннем пэўнай рэчы пад канкрэтнага чалавека).

Агата ФІЛІПОВІЧ,
выхаванка аб’яднання па інтарэсах “Юны рэпарцёр” Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.