Заслугоўвае давер

- 10:46Суразмоўца

Другога дырэктара школы з такім прафесійным лёсам, як у Людмілы Лявонцьеўны Цупа, я не ведаю: каб чалавека без адзінага дня работы настаўнікам адразу прызначылі кіраўніком навучальнай установы і ён са сваімі абавязкамі справіўся выдатна. Менавіта таму яе педагагічны і кіраўнічы стаж аднолькавы — амаль 20 гадоў. Церабяжоўская школа стала для Людмілы Лявонцьеўны і выпрабаваннем, і месцам рэалізацыі ідэй і задум, і справай усяго жыцця.

— Як атрымалася, што вам, учарашняй студэнтцы, адразу давяраюць школу, калектыў дзяцей і настаўнікаў?
— Калі ў 1996 годзе пасля заканчэння БДУ і атрымання дыплома я прыехала ў Столінскі раён, то работы па маёй спецыяльнасці там не аказалася, хоць меркавалася, што яна будзе. Амаль кожны дзень я хадзіла ў аддзел адукацыі з просьбай знайсці для мяне месца настаўніка ў любой школе, а ў адказ толькі і чула: “На жаль, прапанаваць нічога не можам”. І вось 3 верасня 1996 года загадчыца аддзела адукацыі кажа: “Ёсць вакансія дырэктара базавай школы — Церабяжоўскай, пойдзеце працаваць?” Для мяне гэтая прапанова была поўнай нечаканасцю: я — малады спецыяліст, а мне прапануюць узначаліць калектыў. Упэўнена, што сёння я над такой прапановай доўга думала б, а на той час так хацела працаваць, што адразу згадзілася і нават не спытала, дзе гэтая вясковая школа знаходзіцца. Загадчыца тады яшчэ заўважыла: ідзі і працуй, а праз месяц, калі што не заладзіцца, прынясеш заяву па ўласным жаданні на звальненне, тады будзем шукаць для цябе новае месца працы.

— Як вы зразумелі, што зможаце кіраваць калектывам?
— Першы месяц я прыглядалася да калектыву, знаёмілася са спецыфікай работы настаўніка і кіраўніка. Ацэньвала, ці хопіць у мяне сіл, здольнасцей, старанняў, магчымасцей для таго, каб кіраваць калектывам педагогаў і дзяцей. Затым захацелася зрабіць нешта такое, каб мая школа мела свой твар, пэўны статус, каб яна была вядомай. І я пачала спрабаваць, шукаць. Інавацыі праводзіла паступова. Разумела, што калі нешта рэзка мяняць, то калектыў можа за мной не пайсці. Найперш стаяла задача сфарміраваць каманду, якая будзе падтрымліваць мае ідэі, тады разам можна дасягнуць пэўных вынікаў.
Не магу сказаць, што было лёгка, вельмі складана. Я яшчэ не зусім разумела, як працаваць настаўнікам, а неабходна было ўжо асвойваць іншыя абавязкі. Можа, жыццё мяне такой выхавала ці я сама сябе такой зрабіла, але калі мне людзі даверыліся, то я павінна выканаць усё найлепшым чынам.
За 19 гадоў я зрабіла шмат у гэтай школе, няхай яно гучыць i не сціпла. У 2008 годзе базавая школа была пераўтворана ў сярэднюю. Сюды я іду з душой. Гэта мая школа.

— Вопыт прыходзіць з гадамі, першы час вам было неабходна адчуць, што вы маеце лідарскія здольнасці, што вас людзі слухаюць і выконваюць вашы даручэнні…
— Ніколі не была прыхільніцай аўтарытарнага стылю кіравання. Заўсёды разумела, што працую з адукаванымі людзьмі, якія маюць вышэйшую адукацыю, таму могуць выканаць любое даручэнне. Кіраўнік павінен бачыць і разумець, хто з падначаленых на што здольны і ад каго і што можна патрабаваць. Для сябе паставіла задачу разгледзець у кожным педагогу яго патэнцыял. Кіраваць — значыў прыводзіць сваіх падначаленых да поспеху.

— Як даведацца, які настаўнік на што здольны, які ў яго прафесійны рэзерв?
— Заўсёды ацэньваю магчымасці дзяцей. Мяне ў свой час захапіла ідэя адаптыўнай школы, дзе кожнае дзіця магло стаць паспяховым. Той, у каго ёсць патэнцыял, — стаць пераможцам алімпіяды, а хто займаецца па спецыяльнай праграме — максімальна развіць свае здольнасці і атрымаць рабочую прафесію. Калі бачу, што ў класе ёсць дзеці, здольныя дасягнуць самых высокіх вынікаў, то для настаўніка можна ставіць задачу: вучні павінны ўдзельнічаць у алімпіядным руху ці займацца навукова-даследчай дзейнасцю. Калі ты маеш зносіны з педагогамі, то ведаеш, хто якія тэхналогіі выкарыстоўвае, хто якія мэты перад сабой ставіць, тады лягчэй падказаць, як у гэтым класе можна выйсці на больш высокую якасць адукацыі.
Сёння ў школе працуе 21 педагог. Я пазнаёмілася з сістэмай работы кожнага, але тым не менш людзі ўвесь час развіваюцца, працуюць над сабой. Многія нашы настаўнікі ўзначальваюць раённыя, міжшкольныя метадычныя аб’яднанні, творчыя групы раёна.

— Як вы лічыце, калі педагогі ведаюць, што замены ім няма, што ў школу не спяшаецца на работу моладзь, то могуць сабе дазволіць працаваць дрэнна?
— Працаваць без аддачы сёння немагчыма. Няхай мы настаўнікі сельскай школы, але і перад намі стаіць задача па забеспячэнні такой якасці адукацыі, каб нашы дзеці змаглі паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Настаўнікі адказваюць за якасць ведаў сваіх вучняў. Яны цэняць свае рабочыя месцы і тую заработную плату, якая ёсць.

— 20 гадоў назад, калі вы прыйшлі працаваць у школу, тут займалася 200 дзяцей, у гэтым годзе іх ужо 96. Назіраецца тэндэнцыя да скарачэння. Праз некалькі гадоў можа быць такое становішча, што ваша навучальная ўстанова будзе закрыта?
— Мы вядзём улік дзяцей ад нараджэння да 18 гадоў. І на найбліжэйшую будучыню ў нас будзе як мінімум 100 вучняў. Магчыма, нас чакае зноў рэарганізацыя ў базавую школу. Наша вёска знаходзіцца блізка ад Століна — 8 кіламетраў, а там будуецца жыллё, маладыя сем’і пераязджаюць туды. Вядома, гэта абіваецца і на колькасці дзяцей у нашай школе.

Разумею эканамічную немэтазгоднасць маленькіх навучальных устаноў, але школы са ста вучнямі маюць права на жыццё. Можа, мы для некага і маленькія, а для аднавяскоўцаў існаванне школы — гэта іх перспектыва, будучыня. Я вельмі хацела б, каб сельскія школы жылі. Можа, у горадзе і больш магчымасцей, але мы таксама можам многае.

— Як вы лічыце, сельская школа можа паўплываць на тое, каб пасля атрымання адукацыі моладзь вярталася ў родныя мясціны?
— Многія бацькі імкнуцца даць сваім дзецям вышэйшую адукацыю, якая не звязана з працай на зямлі. Яны матывуюць сваіх нашчадкаў на жыццё ў горадзе. Канечне, мы працуем над тым, каб нашы выпускнікі вярталіся маладымі спецыялістамі ў родную вёску. Мы выхоўваем у вучняў любоў да роднай зямлі, да працы на ёй. У нас наладжана добрая работа па вывучэнні малой радзімы і мясцовых славутасцей. Сваю задачу бачым у тым, каб паказаць, што і ў нас можна добра жыць і гадаваць дзяцей. У сучасных аграгарадках, дарэчы, умовы жыцця не горшыя, чым у горадзе, таму ніхто і не хоча адтуль з’язджаць. Галоўнае — каб у людзей была работа, якая б забяспечвала дабрабыт у сям’і.

— Такое блізкае суседства з дзяржаўнай мяжой — усяго 1 кіламетр да Украіны — неяк уплывае на вучэбна-выхаваўчую работу вашай установы?
— Многія гады ў нас працаваў гурток “Юныя сябры пагранічнікаў”. Вайскоўцы пункта пропуску “Верхні Церабяжоў” кожны тыдзень бываюць у школе. Яны прыходзяць з фільмамі, прэзентацыямі, апавяданнямі, а калі-нікалі і са службовымі сабакамі. Мы праводзім шмат сумесных мерапрыемстваў — як спартыўных, так і забаўляльных. Калі пагранічнікі выязджаюць на экскурсіі, то і нас запрашаюць. Для іх важна прадухіліць злачыннасць на мяжы, і яны знаходзяць у нас саюзнікаў па гэтым пытанні. Многія нашы выпускнікі пасля службы ў арміі ідуць працаваць па кантракце на наш пункт пропуску.

— Калі ў раёне арганізоўваюцца семінары, майстар-класы, канферэнцыі, то па якой тэме яны праводзяцца ў вас?
— З 2000 года мы ўдзельнічалі ў міжнароднай праграме па чарнобыльскай тэме. У 2006 годзе нашы дзеці выязджалі ва Украіну, у Францыю па абмене вопыту. У нас было шмат зроблена па радыеэкалагічнай бяспецы, праведзены сур’ёзныя праекты па захаванні памяці пра трагедыю ў Чарнобылі. На той момант мы ладзілі шмат семінараў па гэтай тэматыцы, у тым ліку і міжнародных.
Наш калектыў удзельнічае ў многіх раённых і абласных мерапрыемствах. Па выніках работы за 2006 і 2013 гады школа заносілася на раённую Дошку гонару як лепшая ўстанова адукацыі Столінскага раёна. У 2011 годзе па выніках паступлення выпускнікоў у ВНУ мы сталі другімі ў раёне пасля гімназіі. Два гады запар наша вучаніца Дар’я Ракала станавілася пераможцай Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Зараз дзяўчынка знаходзіцца ў Брэсце на зборах па падрыхтоўцы да заключнага этапу алімпіяды. У мінулым годзе нашу школу скончыла Аліна Гарцуева, якая стала пераможцай Рэспубліканскага пеўчага конкурсу “Мая мара”. Былі ў нас дзяўчынкі, якія прафесійна займаліся баскетболам і ў складзе каманды Брэсцкай вобласці перамагалі на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Хай гэта адзінкавыя зоркі, але калі мы іх разгледзелі, то абавязкова дапаможам запаліцца.

— Сёлета спаўняецца 30 гадоў з дня трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Да гэтай тэмы вы таксама падрыхтавалі мерапрыемствы?
— У нас створаны альбом “Страчаныя вёскі”, у якім мы расказваем пра выселеныя вёскі. Мы знайшлі перасяленцаў з тых вёсак, запісалі іх успаміны. Гэта ўнікальны альбом, ён — гісторыя краіны і трагедыя простых людзей. Яшчэ адзін наш праект больш практычны, дзе мы разглядаем, як можна жыць на забруджанай тэрыторыі бяспечна.
У 2007 годзе ў Брагіне Гомельскай вобласці адкрыўся музей Чарнобыля, многія нашы матэрыялы ўвайшлі ў экспазіцыю музея.
Адна з выхаваўчых задач гэтага года — фарміраванне экалагічнай культуры навучэнцаў.

— Якія праблемы перажывае ваша школа ў цяперашні момант?
— Зараз у нас у 9 класе займаецца 5 вучняў. Я думаю пра тое, ці захаваецца ў наступным годзе 10 клас. Праблема напаўняльнасці класаў — самая сур’ёзная для нас, на яе вырашэнне я як кіраўнік не магу ніяк паўплываць. Тым не менш для мяне важна захаваць клас і даць магчымасць дзецям, якія вучацца ў маёй школе, атрымаць сярэднюю адукацыю.

Мы выхоўваем у вучняў любоў да роднай зямлі, да працы на ёй. У нас наладжана добрая работа па вывучэнні малой радзімы і мясцовых славутасцей. Сваю задачу бачым у тым, каб паказаць, што і ў нас можна добра жыць і гадаваць дзяцей. У сучасных аграгарадках, дарэчы, умовы жыцця не горшыя, чым у горадзе, таму ніхто і не хоча адтуль з’язджаць. Галоўнае — каб у людзей была работа, якая б забяспечвала дабрабыт у сям’і.

— Людміла Лявонцьеўна, калі б вы не былі кіраўніком сельскай школы, а, напрыклад, узначальвалі раён, можа, інакш бы бачылі сітуацыю з рэарганізацыяй маленькіх школ? Не толькі эканамічна выгадна закрываць нерэнтабельныя навучальныя ўстановы, закупляць аўтобусы і адвозіць дзяцей на навучанне ў вялікія ўстановы, але і добра для саміх вучняў, бо ў сучасных вялікіх школах у іх будзе больш магчымасцей для развіцця…
— Зразумела, што сучасная эканомія — гэта не адключэнне лямпачкі, выгадней дзяцей і педагогаў пасадзіць у аўтобус і адвезці ў суседнія школы. У мяне сур’ёзная канкурэнцыя: за пяць кіламетраў — пасёлак Рэчыца, дзе дзве вялікія школы па 500 дзяцей. Там маглі б займацца і нашы вучні.
Маё меркаванне такое: калі з вёскі сыдуць школы, то, напэўна, і сяло сябе вычарпае. І палітыку па замацаванні моладзі на сяле нам не рэалізаваць, калі там не будуць працаваць дзіцячыя сады і школы.
Разумею эканамічную немэтазгоднасць маленькіх навучальных устаноў, але школы са ста вучнямі маюць права на жыццё. Можа, мы для некага і маленькія, але не для аднавяскоўцаў. Існаванне школы — гэта іх перспектыва, будучыня. Я вельмі хацела б, каб сельскія школы жылі. Можа, у горадзе і больш магчымасцей, але мы таксама можам многае. Калі наша вучаніца Дар’я Ракала перамагла на рэспубліканскай алімпіядзе, яе запрашалі на вучобу ў Ліцэй БДУ, але дзяўчына падумала і сказала, што калі ёсць жаданне, то можна і ў нашай школе атрымаць выдатную адукацыю. Гэта самая найлепшая ацэнка педагагічнай работы.

Святлана КІРСАНАВА.