Здароўе: сумесны план, сумесныя дзеянні

- 11:27Якасць адукацыі

“Разам — да здароўя нацыі” — план такога сумеснага праекта БДПУ імя Максіма Танка і РНПЦ “Кардыялогія” падпісалі нядаўна рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Аляксандр Іванавіч Жук і дырэктар навукова-практычнага цэнтра Аляксандр Генадзьевіч Мрочак. Галоўная мэта праекта — прафілактыка сардэчна-сасудзістых захворванняў, прапаганда здаровага ладу жыцця сярод выхаванцаў дзіцячых садоў, школьнікаў, студэнтаў, педагогаў.

— Работа вельмі актуальная, — гаворыць А.Г.Мрочак, — бо сёння беларусы ў асноўным паміраюць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў. У структуры смяротнасці, ў 55, 56, 57 працэнтах у залежнасці ад рэгіёна прычынай смерці з’яўляюцца хваробы сістэмы кровазвароту або сардэчна-сасудзістыя захворванні. Анкалогія складае 13—18%.

Вось і вырашылі ўрачы, спецыялісты Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра, і студэнты, а таксама выкладчыкі педуніверсітэта працаваць на прафілактыку разам.

— Гэта агульнаўніверсітэцкі праект, — заўважае А.І.Жук. — Але перш за ўсё мы бачым тут магчымасці для работы факультэтаў дашкольнай адукацыі, пачатковай адукацыі, бо якраз на гэтых ступенях навучання фарміруюцца навыкі здаровага ладу жыцця і культуры здароўя. А таксама гэта факультэт прыродазнаўства, дзе вучацца будучыя выкладчыкі хіміі і біялогіі, якія добра ведаюць многія працэсы, пра якія нам раскажуць медыкі, і перададуць гэтыя веды даступна і папулярна.

Што тычыцца падрыхтоўкі валанцёраў, то ўніверсітэт спадзяецца на кадравы рэсурс цэнтра “Кардыялогія”. Спецыялісты дапамогуць распрацаваць адукацыйныя праграмы для студэнтаў-валанцёраў, каб гэта было і па-медыцынску дасведчана, і зразумела кожнаму дзіцяці.

А працаваць студэнты пачынаюць ужо ў час летніх канікул у 11мінскіх школах у рамках традыцыйнага валанцёрскага праекта БДПУ “Дзеці сталіцы”, які прадугледжвае арганізацыю карэкцыйнай і культурна-забаўляльнай праграмы для дзяцей. Таксама запланаваны Рэспубліканскі конкурс для школьнікаў на лепшы слоган, плакат, сацыяльную рэкламу, верш пра здаровы лад жыцця, рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя па фарміраванні здароўезберагальных паводзін сучаснай моладзі.

Спецыялісты РНПЦ “Кардыялогія” правядуць лекцыі для студэнтаў БДПУ, семінары для выхавальнікаў і настаўнікаў, выязныя кансультацыі кардыёлагаў для работнікаў універсітэта ў Сусветны дзень сэрца (29 верасня), запланаваны выданне інфармацыйных і метадычных матэрыялаў, шматлікія сустрэчы з дзецьмі не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах, дзе да праекта далучацца рэгіянальныя ўніверсітэты і г.д. А ў цэлым адукацыйна-аздараўленчы праект “Разам — да здароўя нацыі” будзе выконвацца ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016—2020 гады.

Адна з удзельніц новага праекта — студэнтка трэцяга курса педуніверсітэта Дар’я Данільчык — расказвае, што ўжо ўдзельнічала ў праекце БДПУ “Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра”, было цікава і карысна. Цяпер яна стала валанцёрам праекта “Разам — да здароўя нацыі” цалкам асэнсавана, бо ўпэўнена, што якасць нашага жыцця напрамую залежыць ад стану здароўя.

Дарэчы, студэнты і выкладчыкі БДПУ самі імкнуцца весці здаровы лад жыцця — і сабе на карысць, і таму, што асабісты прыклад настаўніка — часта лепшы стымул да прафілактыкі для іх вучняў. Так, многія выкладчыкі і студэнты ўніверсітэта на чале з рэктарам удзельнічаюць у Мінскім паўмарафоне, тут вядзецца актыўная антытутынёвая прапаганда. Карацей, у аснове здароўя — прафілактыка, лічаць у БДПУ.

— Мы дасягнулі вялікіх вышынь у кардыялогіі, але лячэнне складаных выпадкаў каштуе вельмі дорага, вялікіх грошай патрабуе і падрыхтоўка спецыялістаў, і абсталяванне, — дадае Аляксандр Генадзьевіч Мрочак. — А чалавек павінен быць здаровым. Людзей немаладых ужо не перавыхаваеш, але калі мы выхаваем дзяцей, то яны будуць фарміраваць новае грамадства ў краіне — актыўнае, жыццярадаснае, без шкодных звычак.

Разуменне таго, што за здароўе павінен адказваць доктар, як заўважыў А.Г.Мрочак, адыходзіць на другі план. За здароўе адказвае перш за ўсё чалавек. У тым, што тычыцца прафілактыкі, несумненна.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.