Жыць, каб ствараць

- 9:00Людзі адукацыі

Калі б у свой час аднакласнікам Аляксандра Яўгенавіча Кудраўцава сказалі, што ён калісьці стане ўдзельнікам такога прадстаўнічага рэспубліканскага мерапрыемства, як Усебеларускі народны сход, яны зусім не здзівіліся б. Ужо тады, у школьныя гады, равеснікі бачылі ў мэтанакіраваным, энергічным, эрудзіраваным і цікаўным юнаку, які вельмі захапляўся фізікай і астраноміяй, быў арбітрам у розных падлеткавых спрэчках і ўмеў уладзіць любы канфлікт, свайго лідара.

Сёння А.Я.Кудраўцаў узначальвае сярэднюю школу № 2 Кобрына і з’яўляецца намеснікам старшыні раённага Савета дэпутатаў. Гэта вопытны, ініцыятыўны і нераўнадушны кіраўнік з выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, якога паважаюць педагогі і баць­кі вучняў.

Яго працоўны графік распісаны літаральна па хвілінах. І гэта нядзіўна. Асноўную работу Аляксандр Яўгенавіч сумяшчае з грамадскай. Ён прадстаўляе не толькі школу, але і выбарчую акругу, ад якой атрымаў дэпутацкі мандат. А гэта да многага абавязвае.

Да сваіх службовых і дэпутацкіх абавязкаў А.Я.Кудраўцаў падыходзіць надзвычай адказна. Ён аператыўна вырашае ўсе пытанні, якія ўзнікаюць падчас адукацыйнага працэсу, бо ведае, што ў большасці выпадкаў чалавека трэба проста ўважліва выслухаць, даць кампетэнтную параду.

Аляксандр Яўгенавіч не спыняецца на дасягнутым. Ён лічыць, што без пастаяннага самаразвіцця нельга рухацца наперад. Сёння дырэктар школы асвойвае курс дзяржаўнага кіравання сацыяльнай сферай у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Да А.Я.Кудраўцава ахвотна звяртаюцца яго выбаршчыкі па розных надзённых пытаннях. Сумеснымі намаганнямі яны заўсёды дасягаюць станоўчых вынікаў. Своечасовы пакос травы, добраўпарадкаванне горада, паляпшэнне стану камунікацый і якасці вады — народны выбраннік не супакоіцца, пакуль не задаволіць усе просьбы людзей. А тое, што яго хвалюе, ён гатовы абмеркаваць на VI Усебеларускім народным сходзе.

— Як вядома, на разгляд удзельнікаў народнага веча будуць вынесены не толькі асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021—2025 гады, але і напрамкі далейшага грамадска-палітычнага жыцця краіны, — гаворыць Аляксандр Яўгенавіч. — Больш за ўсё мяне як дырэктара школы цікавяць шляхі ўдасканалення айчыннай сістэмы адукацыі: распрацоўка вучэбных праграм, рэфармаванне выпускных і ўступных экзаменаў… Неабходна такім чынам расставіць адукацыйныя прыярытэты, каб са сцен сярэдняй і вышэйшай школы выходзіла моладзь, якая ўмее жыць сваім розумам, хутка арыентавацца ў зменлівых умовах, дзей­нічаць не па шаблоне.

Мы жывём у сацыяльна арыентаванай дзяржаве, задача якой — стварыць умовы для дастойнага жыцця і самарэалізацыі народа. Агульнымі намаганнямі трэба знайсці механізмы, якія дазволяць прадпрыемствам працаваць з большым прыбыткам, што забяспечыць дабрабыт людзей, асабліва сацыяльна ўразлівых слаёў.

А.Я.Кудраўцаву хацелася б, каб у краіне з’яўлялася больш прадпрыемстваў сярэдняга бізнесу і розных форм уласнасці, якія сталі б цэнтрамі эканамічнага росту ў рэгіёнах і новымі крыніцамі падтрымкі сацыяльнай сферы.

Жанна ЕЛІЗАРАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Кобрына.
Фота аўтара.