Жыццё, развіццё, узыходжанне

- 10:18Людзі адукацыі

Алена Маруцько — адна з самых яркіх прадстаўніц сучаснай віцебскай педагагічнай школы. Толькі за пяць гадоў педагог падрыхтавала 22 пераможцы трэцяга і 8 — заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды, аднаго пераможца міжнароднай алімпіяды па фізіцы і 20 пераможцаў Маскоўскай алімпіяды школьнікаў па фізіцы. Яе выпускнікі нязменна дэманструюць высокія вынікі падчас цэнтралізаванага тэсціравання і паспяхова паступаюць на профільныя спецыяльнасці прэстыжных УВА.

Навучэнцы гімназіі № 7 Першамайскага раёна Віцебска, дзе працуе Алена Аляксандраўна (з гэтага года — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце), называюць фізіку ў ліку самых цікавых і перспектыўных у плане далейшай прафесійнай самарэалізацыі прадметаў. Для іх, як і для любімай настаўніцы, жыццё — пастаяннае развіццё, настойлівая праца, узыходжанне да новых вяршынь. — Калі настаўнік хоча быць паспяховым, ён увесь час павінен самаўдасканальвацца, развіваць сваё прафесійнае майстэрства, — лічыць Алена Маруцько. — Наш поспех складваецца з поспехаў нашых вучняў. Убачыць адоранага навучэнца, зацікавіць яго вывучэннем фізікі, даказаць яму, што ён можа і хоча вучыцца, напэўна, самае складанае. Перамогі на алімпіядах і конкурсах, высокія балы на цэнтралізаваным тэсціраванні — не шчаслівы латарэйны білет, а вынік пастаяннай сумеснай работы дзіцяці, настаўніка, бацькоў. Менавіта настаўнік павінен быць генератарам развіцця інтарэсаў навучэнца і яго інтэлектуальнага патэнцыялу, абавязкова мець высокі ўзровень культуры, валодаць творчымі здольнасцямі, фантазіяй.
Цікавасць да фізікі фарміруецца з 6 класа удзелам у конкурсах і алімпіядах, розных інтэлектуальных спаборніцтвах, такіх як фізічныя турніры, вучоба і адпачынак у летнім профільным лагеры на базе гімназіі, раённыя алімпіяды юных фізікаў, зборы ў рамках супрацоўніцтва з маскоўскім цэнтрам работы з адоранымі дзецьмі (праводзяцца 4 разы на год), лабараторыя эфектных доследаў. Гаворачы аб рабоце з адоранымі навучэнцамі, Алена Аляксандраўна заўсёды падкрэслівае: яна патрабуе прадуманасці і сістэматычнасці. Асноўнымі падыходамі пры падрыхтоўцы юных фізікаў-алімпіяднікаў з’яўляюцца падрабязнае дадатковае вывучэнне тэм школьнага курса, рашэнне як мага большай колькасці алімпіядных заданняў, вывучэнне розных метадаў рашэння задач. Мэтанакіраваная паглыбленая падрыхтоўка вучняў па фізіцы ажыццяўляецца на спецыялізаваных факультатыўных занятках. Работа факультатыву заснавана на пастаянным назіранні за навучэнцамі, якія прыходзяць да настаўніцы ў 8 класе і паступова развіваюцца. Фактычна кожны школьнік вучыцца па сваёй індывідуальнай праграме. Дзеці наведваюць лекцыі, семінары і, вядома ж, практыкумы. Падчас заняткаў амаль штодня выконваюць лабараторныя і практычныя работы, выпрацоўваюць навыкі работы з абсталяваннем, рыхтуюцца да эксперыментальнага тура фізічных алімпіяд, развіваюць навыкі эксперыментатара-даследчыка. Дамашняе заданне здаюць вусна Алене Аляксандраўне або яе памочнікам-старшакласнікам, студэнтам — пераможцам і прызёрам алімпіяд па фізіцы, што, безумоўна, дапамагае школьнікам навучыцца выказваць свае думкі, даказваць свой пункт гледжання, адстойваць уласныя погляды.
— Моладзь, яе будучыня, будучыня дзяржавы — у нашых руках. Сапраўды велізарныя гонар і адказнасць, але ў той жа час ніводная прафесія не дае такога пазітыву і натхнення, як прафесія педагога, — адзначае Алена Маруцько. — Для мяне яна само жыццё. Калі ёсць матываваныя на вынік навучэнцы, мы з імі будзем займацца, колькі спатрэбіцца. І неістотна нават, у рамках адведзеных на вывучэнне прадмета гадзін гэта адбываецца ці ў мой асабісты час, я проста працую і атрымліваю ад гэтага задавальненне.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.