Жыццё ў пошуку

- 15:16Людзі адукацыі

У рэспубліканскіх конкурсах работ і праектаў даследчага характару, алімпіядзе па вучэбных прадметах навучэнцы Падсвільскага ясляў-сада — сярэдняй школы Глыбоцкага раёна на роўных спаборнічаюць з прадстаўнікамі буйных гарадоў і абласных цэнтраў, прычым нярэдка выходзяць пераможцамі. Дырэктар установы адукацыі Людміла Сауліч упэўнена: разам з правільна выбранай стратэгіяй развіцця, сістэмнай работай калектыву, зацікаўленасцю кожнага вучня і настаўніка ключавым складнікам поспеху заўсёды з’яўляецца асабісты прыклад. У Падсвіллі малодшыя школьнікі вучацца ў сваіх старэйшых таварышаў, а галоўнае — у педагогаў. Трэць з якіх, дарэчы, уключаючы дырэктара, захапляюцца і грунтоўна займаюцца краязнаўствам і даследчай дзейнасцю.

— Кажуць, перамога залежыць ад таго, як зоркі складуцца, — гэта таксама праўда, — разважае наша гераіня. — Аснова асноў — узровень падрыхтоўкі, талент настаўніка і вучня. Асобна я вылучыла б псіхалагічны аспект, праводзячы паралель са спортам: часта вырашальнымі становяцца мэтанакіраванасць, старанне, воля да перамогі. І, безумоўна, працоўная дысцыпліна як настаўніка, так і вучня, гатоўнасць да карпатлівых штодзённых, у тым ліку самастойных, заняткаў. Калі яна прысутнічае толькі з боку педагога, на вялікі жаль, нічога не атрымаецца. Патэнцыял нашых школьных настаўнікаў добра ведаю і бачу, як хто працуе. Тым, хто сапраўды адданы сваёй справе, нацэлены на вынік, стараюся стварыць усе ўмовы для паспяховай самарэалізацыі і развіцця, матывую, падтрымліваю. Некалі я перайшла на дырэктарскую пасаду, маючы вопыт значных перамог. Гэта асаблівае, ні з чым не параўнальнае пачуццё — яно само па сабе вельмі моцная матывацыя да наступных здзяйсненняў. Хто яго зведаў, імкнецца ісці далей. Перамогі акрыляюць і запальваюць новыя зоркі. Мая задача, каб такіх зорак у школе было многа. Што тычыцца даследчай работы, то хацелася б, каб яна ў нас была наладжана на найвышэйшым узроўні, цяперашні ацэньваю як вышэйшы за сярэдні. Значыць, ёсць перспектывы, да чаго імкнуцца.

Людміла Сауліч прыйшла ў Падсвільскую школу па размеркаванні ў 1987 годзе пасля заканчэння педвучылішча ў Полацку. Працавала старшай піянерважатай, потым — настаўніцай гісторыі, на той час яна ўжо вучылася завочна ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.М.Горкага. Другую спецыяльнасць на ўзроўні вышэйшай школы, (“Са­цыяльная педагогіка”), атрымала па выніках перападрыхтоўкі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі; на дырэктарскай паса­дзе — са снежня 2016 года. Па словах начальніка аддзела па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама Таццяны Гаўрылавай, гэта кіраўнік, які паслядоўна і дасведчана выбудоўвае работу калектыву, стымулюе творчую ініцыятыву работнікаў, эфектыўна падбірае і размяркоўвае кадры (вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 98 працэнтаў настаўнікаў). Патрабавальная да сябе і іншых, прынцыповая і добразычлівая, Людміла Іванаўна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у педагогаў, навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў, грамадскасці. Дзякуючы дзелавым якасцям дырэктара, на­дзейнымі партнёрамі школы сталі бацькоўскі камітэт і шэфскія прадпрыемствы, пашырылася сфера пазабюджэтнай дзейнасці ўстановы адукацыі. На працягу трох гадоў яна ўваходзіць у склад лепшых у раёне.

Падсвільская школа вельмі багатая сваёй гісторыяй, традыцыямі, здабыткамі пошукавай і даследчай работы. На працягу некалькіх гадоў установа адукацыі ўтрымлівае 1-е месца ў аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні сярод арганізацый і прадпрыемстваў гарадскога пасёлка. З мінулага навучальнага года яна выступае рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай праекта “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў на аснове стварэння і рэалізацыі турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў”.

— Актуальнасць інавацыйнага праекта, які мы цяпер рэалізуем, абумоўлена шэрагам прычын, а найперш наяўнасцю ў нас школьнага краязнаўчага музея, асноўная экспазіцыя якога прысвечана жыццёваму і творчаму шляху Язэпа Драздовіча — беларускага жывапісца, графіка, скульптара, пісьменніка, фалькларыста, этнографа і археолага, — адзначае кіраўнік калектыву. — Месцы нараджэння і пахавання вядомага дзеяча знаходзяцца ў мікрараёне ўстановы адукацыі. Вывучэнне краязнаўчага матэрыялу дазваляе павысіць матывацыю да вывучэння малой радзімы, узровень агульнай культуры школьнікаў, пашырыць іх кругагляд. Уключэнне прыёмаў і метадаў даследчай, праектнай дзейнасці ў адукацыйны працэс станоўча ўплывае на фарміраванне грамадзянскіх якасцей, актыўнай жыццёвай пазіцыі навучэнцаў. Медыяпадарожжы мы бачым важнай формай грамадзянскага і патрыятычнага выхавання, таму што яны даюць магчымасць асвоіць духоўную спадчыну папярэдніх пакаленняў, усвядоміць свае нацыянальныя карані, што з’яўляюцца гістарычнай асновай культуры і крыніцай мастацкіх традыцый.

  У інавацыйным праекце школьнікі, падарожнічаючы, вывучаюць родны край, вядуць работу па ахове прыроды, помнікаў гісторыі культуры, даследуюць традыцыі і звычаі малой радзімы і іх сувязь з жыццём чалавека. Усё гэта дазваляе не толькі павысіць узровень ведаў аб гістарычнай спадчыне, але і прыцягнуць цікавасць мясцовага насельніцтва, турыстычных груп да вывучэння і папулярызацыі культуры, гісторыі, гістарычных і прыродных аб’ектаў рэгіёна. Станоўчую дынаміку ў валоданні асновамі праектна-даследчай дзейнасці і прадметнымі кампетэнцыямі, звязанымі з тэматыкай праекта, пацвердзіў рост актыўнасці ўдзелу школы ў конкурсах, у тым ліку работ даследчага характару адпаведнага напрамку, а таксама іх выніковасць. Сярод дасягненняў навучэнцаў за мінулы навучальны год — 5 дыпломаў рэспубліканскага конкурсу творчых, літаратурных і даследчых работ “Святло Праваслаўя”, 2-е месца на раённым конкурсе фотаздымкаў “У аб’ектыве — родны край”, 3-е месца на абласным і дыплом лаўрэата на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу даследчых работ “Славутыя людзі зямлі беларускай”, 1-е месца на раённым і 3-е — на абласным этапах конкурсу даследчых работ “Скарбонка краязнаўчых адкрыццяў”, 1-е месца на раённым конкурсе “12 крокаў да Перамогі” і конкурсе літаратурных работ “Зямля пад белымі крыламі”.

— Гісторыя краіны, пасёлка складаецца з біяграфій і лёсаў асобных грамадзян, — працягвае Людміла Сауліч. — У рамках дзейнасці школьнага клуба “Сцяжынкамі памяці” вывучаюцца не толькі ваенныя старонкі гісторыі, але і жыццё выдатных людзей, якія ўславілі Падсвільскі край сваімі адкрыццямі і дасягненнямі ў галіне навукі, мастацтва. Духоўнасць — гэта прыгажосць унутранага свету чалавека. Неад’емная і асноватворная частка духоўнасці — маральнасць, пэўны стан развіцця ўнутранага свету чалавека, яго розуму, характару, свядомасці, сумлення, душы, што характарызуе ўзровень яго чалавечнасці, адносін да іншых лю­дзей, прыроды, свету. Дзеці павінны ведаць звычаі, традыцыі, гісторыю, культуру сваіх продкаў. З гэтай мэтай арганізаваны клуб медыяпадарожнікаў “Вытокі”.

Сапраўды глабальны характар у свеце набываюць праблемы навакольнага асяроддзя. Ва ўмовах сучаснай экалагічнай сітуацыі асабліва востра стаіць пытанне выхавання экалагічнай культуры і маральнай пазіцыі навучэнцаў у дачыненні да прыроднага асяроддзя, развіццё ў іх навыкаў практычнай і даследчай дзейнасці па вывучэнні і ахове навакольнага асяроддзя, выхаванне экалагічнай культуры. На гэта накіравана работа нашага клуба “Юны эколаг”.

У рамках рэалізацыі праекта за першы год былі распрацаваны 4 турыстычна-краязнаўчыя праекты: “Пуцявінамі Язэпа Драздовіча па Глыбоччыне”, “Шлях мужнасці і славы”, “Загадкавы свет возера Алаізберг”, “З чаго пачынаецца Ра­дзіма…”. Дэманстрацыя і трансляцыя вопыту ажыццяўлялася шляхам правядзення і ўдзелу ў навукова-метадычных мерапрыемствах установы адукацыі, раёна, вобласці і краіны, а таксама з дапамогай размяшчэння распрацаваных матэрыялаў на школьным сайце. Напрыклад, для педагогаў раёна праведзены метадычны мост “Фарміраванне даследчых кампетэнцый навучэнцаў з дапамогай краязнаўчай дзейнасці, дзейнасці музея ўстановы адукацыі” і кансультацыі па стварэнні і выкарыстанні ў адукацыйным працэсе турыстычна-краязнаўчых медыяпадарожжаў.

Вучні Людмілы Сауліч — пераможцы раённых, абласных, заключных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве. Сама яна пастаянны ўдзельнік міжнародных, рэспубліканскіх, абласных педагагічных і навукова-даследчых канферэнцый, форумаў. Людміла Іванаўна ўзнагароджана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.