Жыве любімай справай

- 10:41Людзі адукацыі

Даволі часта можна пачуць, што працаваць настаўніцай ці выхавальніцай сёння непрэстыжна. А вось Наталля Васільеўна Лемяшэўская цалкам задаволена сваім прафесійным лёсам, звязаным 25 гадоў з педагогікай і адной установай адукацыі — яслямі-садам № 5 Івацэвіч.

— У дзіцячыя гады вельмі любіла забаўляцца з малышамі і гуляць у школу, — прызнаецца Наталля Васільеўна. — На ўрокі заўсёды хадзіла з вялікім задавальненнем. Да сённяшняга часу з асаблівай цеплынёй успамінаю першую настаўніцу Галіну Міхайлаўну Дагель, якая, дзякуючы свайму характару і прафесійнаму майстэрству, умела захапіць цікавай і карыснай дзейнасцю ўсіх дзяцей. Мне вельмі пашанцавала са школьнымі педагогамі, пра якіх засталіся толькі добрыя ўспаміны. Але на прафесійны выбар паўплывалі не толькі любоў да дзяцей, пэўныя схільнасці і прыклад настаўнікаў. Значную ролю адыгралі і родныя, сярод якіх шмат педагогаў.

Пасля заканчэння Пінскага педагагічнага вучылішча імя А.С.Пушкіна Наталля Васільеўна прыйшла працаваць у яслі-сад № 5 Івацэвіч. Маладая выхавальніца адразу аднеслася да работы з вялікім энтузіязмам і цікавасцю. Любімая справа заўсёды прыносіць задавальненне. Важна, што энтузіязм і цікавасць з цягам часу не згаслі. Праз некалькі гадоў Н.В.Лемяшэўская скончыла факультэт дашкольнага выхавання БрДУ імя А.С.Пушкіна.

— У прафесійным станаўленні вельмі дапамаглі былыя кіраўнікі ясляў-сада Марыя Канстанцінаўна Дашэвіч і Раіса Мікалаеўна Баранава, а таксама сённяшні намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Людміла Георгіеўна Кук, — гаворыць Наталля Васільеўна. — Іх чалавечая падтрымка пераканалі ў правільнасці прафесійнага выбару і скіравалі да самаўдасканалення і творчага пошуку. У рабоце больш за ўсё падабаецца дапамагаць дзецям сталець і развівацца, выхоўваць важныя душэўныя якасці. Радуе, што многія колішнія выхаванцы не забываюць мяне, часта прыходзяць у госці, цікавяцца маім жыццём, расказваюць пра сябе. Гэта вельмі акрыляе як педагога.

Загадчыца ясляў-сада Н.В.Шалюціна не шкадуе цёплых слоў у адрас вопытнай выхавальніцы: “Наталлю Васільеўну вылучаюць высокі прафесіяналізм, эрудзіраванасць і кампетэнтнасць. Да кожных заняткаў педагог падыходзіць творча. Выхавальніца літаральна жыве любімай справай, пастаянна шукае новыя цікавыя формы работы з дзецьмі і іх бацькамі. У рабоце выкарыстоўвае асобасна арыентаваны падыход, які дапамагае выбудоўваць з выхаванцамі даверлівыя, шчырыя і паважлівыя адносіны. Гэта надзвычай мэтанакіраваны, адказны, працавіты, самадысцыплінаваны і артыстычны педагог, якога любяць і цэняць калегі і бацькі”.

На працягу некалькіх гадоў Н. В. Лемяшэўская ўдзельнічала ў эксперыментальнай рабоце, прысвечанай апрабацыі мадэлі педагагічнага суправаджэння гульнявой дзейнасці дашкольнікаў. Педагог распрацоўвае і актыўна прымяняе сучасныя варыянты сюжэтна-ролевых гульняў (“Супермаркет”, “Служба ратавання”, “Салон прыгажосці” і інш.), якія фарміруюць у дзяцей першасныя сацыяльныя ролі і навыкі.

Шмат увагі Наталля Васільеўна ўдзяляе экалагічнаму выхаванню. У свой час яна абагульніла вопыт работы па экалагічнай адукацыі дашкольнікаў праз арганізацыю пазнання свету расліннай прыроды. Пад кіраўніцтвам педагога дзеці вырошчваюць кветкі, садавіну і агародніну ў групавым памяшканні і на тэрыторыі ясляў-сада. Гэта добра развівае працоўныя навыкі. Вучаць любіць і берагчы прыроду дапамагаюць шматлікія экскурсіі.

Выхавальніца ладзіць мерапрыемствы экалагічнага напрамку з актыўным удзелам бацькоў (“Баль кветак”, “Музей кветак”), арганізоўвае тэматычныя сустрэчы кветкаводаў сярод педагогаў і бацькоў, праводзіць майстар-класы і адкрытыя заняткі па экалагічным выхаванні для калег з іншых устаноў адукацыі.

У цэнтры павышанай увагі педагога — фарміраванне навыкаў бяспечных паводзін у дашкольнікаў. Н.В.Лемяшэўская — лаўрэат раённага фестывалю “Бяспечнае дзяцінства” ў намінацыях “Вуснамі дзіцяці” і “Работа з бацькамі”.

Працоўная дзейнасць Наталлі Васільеўны адзначана граматай раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму і Ганаровай граматай абласнога ўпраўлення адукацыі. Высокія прафесійныя здольнасці дапамаглі педагогу стаць фіналістам Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2017”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.