Знайсці сябе ў шматграннасці

- 11:04Людзі адукацыі

Вучань настаўніка фізкультуры гімназіі № 1 Іўя Юрыя Умрэйкі ў мінулым навучальным годзе стаў абсалютным чэмпіёнам Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі. Іх дуэт стаў паспяховым дзякуючы агульнай зацікаўленасці прадметам. Як праходзіла падрыхтоўка, якіх прынцыпаў Юрый Барысавіч трымаецца на ўроках, як адкрыць у сабе цікавасць да фізкультуры — пра гэта ніжэй.

Выбар адзіны

Усё свядомае жыццё педагога звязана са спортам. Разам з братам яны займаліся лёгкай атлетыкай. Ужо ў 5 класе Юрый Умрэй­ка пачаў ездзіць на спаборніцтвы. На раёне выступаў годна, але на астатніх узроўнях асаблівых поспехаў не дасягнуў. Расказвае пра гэта без шкадавання, бо часу прай­шло шмат ды і ў выніку гэта прывяло яго на цяперашняе месца. Акрамя трэніровак, прысвячаў час і спартыўным гульням. Зімой — хакею, летам — футболу.

— Іншага выбару, акрамя як ісці вучыцца на трэнера, у мяне не было. Настаўнік фізкультуры захапіў мяне гэтай справай, таму і вырашыў пайсці ў гэтым кірунку. Па-іншаму сябе не ўяўляў, — дзеліцца Юрый Барыса­­віч. — Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным інс­тытуце фізічнай культуры (зараз БДУФК). Я сам з Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці, але пасля вучобы па размеркаванні трапіў у Іўе. Тут сустрэў дзяўчыну, якая стала маёй жонкай, і застаўся.

Першым месцам працы стала ДЮСШ Іўеўскага раёна. Туды Юрый Умрэйка прыйшоў у 1985 годзе. Тыя часы прыгадвае з радасцю, бо трэнерства лічыць працэсам творчым і захапляльным. Настаўніку фізкультуры трэба працаваць згодна з планам, а вось трэнеру даецца большая свабода.

“У СССР быў добры слоган: “Спарт­сменамі не нараджаюцца, спартсменамі становяцца”. А я лічу, што, напэўна, спартсменам трэба нарадзіцца, мець пэўныя задаткі, а потым ім стаць”.

Нейкі час Юрый Барысавіч працаваў дырэктарам ДЮСШ, выхавальнікам і інструктарам па фізкультуры дзіцячага сада № 197 сельскагаспадарчай вытворчасці Гродзен­скай вобласці, кіраўніком аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Іўеўскага райвыканкама. У 2008 годзе прыйшоў у гімназію № 1 Іўя. Але аднаго месца для такой шматграннай асобы было мала. Зараз ён яшчэ працуе трэнерам-сумяшчальнікам па лёгкай атлетыцы і педагогам дадатковай адукацыі ў Іўеўскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Як трэнер Юрый Барысавіч у асноўным займаецца скачкамі ў вышыню. Гэты від цікавіць дзяцей. Напэўна, захапляе працэс прызямлення, тым больш што робіш гэта на вялікі паралонавы куб. У аб’яднанні па інтарэсах “Спартыўныя гульні” выхаванцы займаюцца баскетболам і валейболам. Кідаюць мяч у карзіну да Новага года і перакідваюць праз сетку ў астатні час. Графік у Юрыя Умрэй­кі насычаны. Ён даўно прывык адпачываць толькі ў нядзелю.

Адпачываць за новым заняткам

У гімназіі Юрый Барысавіч выкладае фізкультуру ў 1—11 класах. Больш за ўсё яму падабаецца працаваць з пачатковымі класамі, калі дзеці яшчэ як чысты аркуш, на якім можна намаляваць што заўгодна. Каб прывабіць да свайго прадмета, настаўнік расказвае вучням, якую карысць прынясе канкрэтнае практыкаванне, якія мышцы пры выкананні будуць задзейнічаны. Дзіця павінна не проста займацца, а разумець, для чаго яно гэта робіць.

— Зацікавіць вучня — гэта вялікая справа. Некаторых дзяцей і ўгаворваць не трэба, ім падабаецца сам працэс. Некаторым падабаюцца іншыя прадметы. Самае галоўнае — жаданне. Часам дзеці здольныя да спорту, але неяк не складваецца, не хочуць займацца. Тых, у кім я бачу патэнцыял, спрабую пераканаць, што можна паспяваць займацца і спортам, і іншымі рэчамі, калі нармальна арганізаваць дзень або тыдзень, — упэўнены настаўнік.

“У кагосьці хобі — паляванне, у кагосьці — рыбалка, а ў мяне — работа”.

Галава лепш за ўсё адпачывае пры змене дзейнасці — гэта спрабуе данесці сваім вучням Юрый Умрэйка. Пазаймаўся матэматыкай — пагуляй у баскетбол, валейбол, футбол. Там не трэба думаць, трэба са­чыць за мячом, што дапамагае адцягнуць думкі.

— Розніца паміж дзецьмі, з якімі я займаўся ў пачатку кар’еры і зараз, ёсць. Зараз многія маюць спецыяльную групу пад­рыхтоўкі. Напэўна, уплывае маларухомы лад жыцця. Шмат хто хоча сабе гіраскутар, электра­самакат, а яны ніяк фізічна не развіваюць.

Каб дзеці больш займаліся фізкультурай, трэба гаварыць пра яе карысць, праводзіць дні здароўя. Вельмі важную ролю адыгрываюць бацькі. Я часам праводжу сацыялагічныя апытанні ў пачатковых класах. Пытаюся ў дзяцей: у каго ёсць дома машына? Рукі падымаюць амаль усе. У каго ёсць тэлевізар? Падымаюць усе. У каго ёсць мабільны тэлефон, камп’ютар? Падымаюць усе. А ў каго ёсць мяч? Падыме руку чалавек восем. Скакалкі, абруча няма ў многіх, з веласіпедамі лепш — амаль ва ўсіх яны ёсць. Пытаюся, як часта выходзяць з дзецьмі на стадыён. Ну, адзін раз на тыдзень. Ёсць і тыя, хто больш, але іх меншасць. Усе гэтыя пытанні я задаваў і бацькам на бацькоўскіх сходах.

Абсалютная перамога

Патэнцыял у Антоніі Седзянеўскім Юрый Барысавіч заўважыў не адразу. Ён пачаў весці фізкультуру ў хлопца ў 2 класе, але толькі ў 5-м зразумеў, што ён здольны. Антоній удзель­нічаў у алімпіядзе па фізічнай культуры і здароўі двойчы. Калі быў у 10 класе, узяў дыплом ІІ ступені. У 11 класе пастараўся і стаў пераможцам.

— У ім усё сышлося: добрыя разумовыя здольнасці і фізічная падрыхтоўка. Ён адзіны зразумеў маю пазіцыю, што лепш за ўсё разумова аднаўляцца, калі займаешся фізкультурай. Антоній — добры вучань, а я — добры настаўнік, таму мы сышліся, — лічыць Юрый Умрэйка.

Падрыхтоўка была сур’ёзная. Займаліся не толькі на ўроках, але і пасля, з некаторымі сустракаліся нават летам. Антоній разумеў, што тры трэніроўкі на тыдзень неабходныя толькі для падтрымання формы, а каб дасягнуць большага, трэба больш і аддаваць. Часам атрымлівалася, што настаўнік і вучань сустракаліся два разы на тыдзень. Юрый Барысавіч на абласны этап алімпіяды вазіў 5 дзяцей. У выніку — два дыпломы ІІ ступені, адзін ІІІ ступені і перамога. Антоній працягнуў рыхтавацца да рэспубліканскага этапу.

Як выпрацаваць у сабе звычку займацца фізкультурай? Памя­таць, што змена дзейнасці дапамагае аднавіцца. Таму пасля складанага вучэбнага ці працоўнага дня трэніроўка толькі пале­пшыць стан. Асабліва калі пройдзе на свежым паветры.

З чаго складалася алімпіяда? Тэарэтычны тур, вызначэнне ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі і комплекс гульняў. Тэарэтычны тур уключаў пытанні з гісторыі спорту, тэорыі і методыкі фізічнай культуры, анатоміі, фізіялогіі і інш. Каб вызначыць узровень, трэба было здаць чаўночны бег, скокнуць у даўжыню з месца і падцягнуцца. У комплекс гульняў уваходзіць баскетбол, валейбол, футбол і гандбол. На абласным этапе да гэтага яшчэ дадавалася плаванне і нахіл уперад, на рэспубліканскім іх прыбралі па прычыне эпідэмічнай сітуацыі. Каб стаць пераможцам, павінна быць спалучэнне рухальнай адоранасці, фізічных якасцей і разумовых здольнасцей.

— Мы рыхтаваліся да ўсяго на месцы, толькі плаваць ездзілі ў Ліду. Тут дапамог аддзел адукацыі: прадаставіў транспарт. Летам плавалі на возеры, хадзілі ў невялікі басейн у дзіцячым садзе. Галоўнае, асяроддзе — вада, а якая глыбіня — гэта справа іншая. Часам “плавалі” ў спартыўнай зале. Я валодаю методыкай сухога плавання, — расказвае настаўнік.

Каб падрыхтоўка дзяцей па тэорыі была цікавейшай, Юрый Барысавіч прыдумаў свой спосаб. Ён складае пытанні ў выглядзе тэстаў з варыянтамі адказаў. Так яго вучням прасцей запамінаць інфармацыю. Факты шукае ў артыкулах, фільмах, кнігах. Настаўнік пастаянна носіць у кішэні нататнік з ручкай. Прыйшло нешта ў галаву — запісвае. Пасля можна гэта развіць у новую методыку або пытанне. Нататнік побач з Юрыем Барысавічам і ноччу. Прыклады прасвятлення ў сне мы ведаем, таму лепш заўсёды мець пад рукой штосьці для за­пісу.

На рэспубліканскім этапе алімпіяды Анто­ній у тэарэтычным туры стаў пераможцам. Прызавыя месцы адрозніваліся толькі на бал. Вучань Юрыя Барысавіча набраў 35 балаў з 50, у другога месца было 34 балы, у трэцяга — 33.

Далей было вызначэнне ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі. У чаўночным бегу лепшы вынік Антонія — 8,19 секунды. У даўжыню ён скокнуў на 2,86 метра, падцягнуўся 17 разоў. Апошняе крыху расчаравала, бо хлопец разлічваў на большае.

У комплексе гульняў гімназіст зноў стаў лепшым.

Нягледзячы на тое што перамога — добры задатак для навучання ва ўніверсітэце фізічнай культуры, Антоній выбраў БДУІР. Зараз вучыцца на спецыяльнасці “Штучны інтэ­лект”. Юрый Барысавіч працягвае рыхтаваць дзяцей для ўдзелу ў алімпіядзе. Пра перамогу гаварыць пакуль рана, але з такой разнапланавай і незвычайнай падрыхтоўкай можна спадзявацца на высокія вынікі.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Ю.Б.Умрэйкі.