Зрабіць адукацыйную прастору аптымальнай

- 11:00Планёрка ў рэгіёне

“Школьнікі Глыбоцкага раёна на працягу многіх гадоў з поспехам выступаюць на абласных і заключных этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Раён уваходзіць у тройку лепшых у вобласці па выніках, атрыманых абітурыентамі на ЦТ: у 2017 годзе сярэдні бал выпускнікоў Глыбоччыны па большасці прадметаў быў вышэйшым за сярэдні абласны і рэспубліканскі паказчыкі”, — адзначыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Вячаславаўна Гаўрылава.

— У 2018 годзе глыбоцкія школьнікі атрымалі 14 дыпломаў на абласным і 2 дыпломы на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды: дыплом ІІІ ступені па беларускай мове і літаратуры ў Наталлі Салодкай з Глыбоцкай раённай гімназіі і дыплом ІІІ ступені па гісторыі ў Дар’і Хоміч з сярэдняй школы № 3 Глыбокага, — заўважыла Таццяна Вячаславаўна. — Вучаніца 11 класа Празорацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Валерыя Багданава прывезла сёлета з Усерасійскай алімпіяды, якая праводзіцца Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэтам прамысловых тэхналогій і дызайну, дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Тэхнічны малюнак і дэкаратыўная кампазіцыя”. Па выніках спаборніцтва ёй прадастаўлена права пазаконкурснага залічэння ў 5 вышэйшых навучальных устаноў Расіі.

У 2017 годзе на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў па прадмеце “Грамадазнаўства” навучэнка Азярэцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Дар’я Слуцкая атрымала дыплом III ступені. Дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны вучні Суклінскага дзіцячага сада — базавай школы Дзмітрый Піліпёнак і Ілья Грыдзюшка, якія занялі 3-е месца на заключным этапе Рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў устаноў адукацыі.

У 2017 годзе тэатру дзіцячай моды “Аліса” Цэнтра дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна (кіраўнік А.А.Шпакава) прысвоена званне “ўзорны”. Нядаўна гэты калектыў на Рэспубліканскім фестывалі сучаснай хрысціянскай культуры “Дабравест”, які праходзіў у Мінску, быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені ў адкрытым конкурсе-свяце “Радасць мая”. Выхаванцы аб’яднання па інтарэсах “Дзівосныя шахматы” раённага Цэнтра дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам В.Р.Сінькевіча заўсёды ў ліку пераможцаў першынства Віцебскай вобласці. На XVI Міжнародным шахматным турніры “Орша- 2018” Хрысціна Чычэрава заняла 3-е месца.

— Як у раёне выяўляюцца інтэлектуальна здольныя дзеці, як падтрымліваеце іх развіццё і захапленні?

— Пачынаючы з дашкольнага ўзросту нашы педагогі фарміруюць у выхаванцаў цікавасць да пазнання новага, вучаць іх праводзіць самыя простыя даследаванні. Традыцыйна ў красавіку ў раёне праходзіць фестываль даследчай творчасці дашкольнікаў “Я — даследчык”. Гэтая дзейнасць навучэнцаў развіваецца падчас школьных і раённай канферэнцый “Крок у будучыню”.

На факультатыўных занятках педагогі матывуюць дзяцей да далейшага развіцця іх інтэлектуальных здольнасцей. У школах на працягу навучальнага года праводзяцца алімпіяды па вучэбных прадметах. Для вучняў 3—9 класаў арганізоўваюцца раённыя алімпіяды. Навучэнцы 8—11 класаў прымаюць удзел у першым і другім этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Кніга настаўніцы Пліскага дзіцячага сада — сярэдняй школы А.С.Зубко “Беларуская мова і літаратура. Заняткі па падрыхтоўцы да алімпіяд з вучнямі 5—6 класаў” выдавецтва “Аверсэв” актыўна выкарыстоўваецца яе калегамі з усёй краіны. Творчая група педагогаў раёна распрацавала электронны зборнік матэрыялаў алімпіядных заданняў школьнага этапу па матэматыцы і фізіцы для навучэнцаў 9—11 класаў, а таксама матэрыялы для школьнага і раённага этапаў алімпіяд для навучэнцаў 3—8 класаў.

Нашы школьнікі ўдзельнічаюць у інтэлектуальных гульнях, раённым фестывалі міжкультурных камунікацый, конкурсе крэатыўнасці “Адысея розуму” і г.д. Штогод на базе раённай гімназіі дзейнічае лагер па падрыхтоўцы навучэнцаў да абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Для падрыхтоўкі да трэцяга і заключнага этапаў алімпіяд запрашаюцца педагогі-трэнеры з устаноў адукацыі раёна. Летам у спалучэнні з адпачынкам арганізуецца профільнае навучанне ў аздараўленчых лагерах “Юныя лінгвісты”, “Юны айцішнік” і інш. Старшакласнікам жа, зацікаўленым у паступленні ў вышэйшыя ваенныя навучальныя ўстановы, прапануюць наведаць Цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі Глыбоцкага раёна, дзе навучэнцы ў поўным аб’ёме могуць асвоіць вучэбны прадмет “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка”. Спецыялісты цэнтра неаднаразова дзяліліся сваім вопытам работы з калегамі з Віцебскай, Мінскай і Гомельскай абласцей.

— Якія цікавыя праекты рэалізуюцца ва ўстановах адукацыі раёна?

— Пачынаючы з 1995 года мы вядзём эксперыментальную дзейнасць па дыферэнцыяцыі адукацыйнага працэсу і ўдасканальваем яго якасць. Ва ўстановах адукацыі нашага раёна зараз рэалізуюцца наступныя рэспубліканскія эксперыментальныя праекты: “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры навучэнцаў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі” (раённая гімназія), “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў ва ўмовах профільнага навучання” (сярэдняя школа № 2 Глыбокага), “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў з дапамогай адзінага адукацыйнага асяроддзя ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі” (Празорацкі дзіцячы сад — сярэдняя школа).

Мэтанакіравана рэалізуюцца праекты аб вывучэнні прыроды роднага краю, яго клімату, экалогіі. У 2017 годзе ў сярэдняй школе № 1 райцэнтра адкрыта метэапляцоўка. У сакавіку 2018 года ў сярэдняй школе № 3 створаны кабінет экалогіі, на фінансаванне якога пайшлі сродкі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, атрыманыя за перамогу ў Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкавання машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”.

— Ці праводзіцца аптымізацыя ўстаноў адукацыі раёна? Калі так, ці ёсць станоўчыя бакі ў гэтым працэсе?

— Колькасць навучэнцаў у раёне зараз складае 5037 чалавек, агульную сярэднюю адукацыю атрымліваюць 3754 школьнікі, спецыяльную — 21, дашкольную — 1262. У мінулым годзе ў Глыбокім быў адкрыты новы дзіцячы сад на 200 месцаў, што дало магчымасць забяспечыць патрэбы ўсіх дашкольнікаў.

У апошнія гады колькасць навучэнцаў зменшылася нязначна, аднак адбываецца актыўная міграцыя сельскага насельніцтва ў горад, што патрабуе аптымізацыі. З 1 верасня 2017 года былі ліквідаваны 5 дзяржаўных устаноў адукацыі, рэарганізаваны 4. Да найбліжэйшых устаноў адукацыі падвозіцца 751 навучэнец. У бягучым годзе аптымізацыя працягнецца. Але гэта будуць адны з апошніх мер, якія дазволяць зрабіць адукацыйную прастору раёна больш аптымальнай. У найбліжэйшыя гады, мяркую, не будзе кардынальных мер у дадзеным кірунку.

Станоўчым бокам аптымізацыі ўстаноў адукацыі можна лічыць эканомію сродкаў. У 2017 годзе адукацыйная сфера Глыбоцкага раёна сэканоміла 481 792 рублі. За кошт гэтых сродкаў набыты 2 аўтобусы, 4 лінгафонныя кабінеты, 1 камп’ютарны клас, 60 камп’ютараў, 5 ноўтбукаў, 4 праектары, абсталяванне для больш якаснай арганізацыі харчавання школьнікаў, спартыўны інвентар і інш. Увогуле, работа па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы ў адукацыйных установах вырашаецца сістэмна. Выконваюцца ўсе дзяржаўныя сацыяльныя стандарты. Забяспечанасць камп’ютарамі дастатковая:1 камп’ютар на 9 навучэнцаў. У апошнія два гады ва ўсіх установах адукацыі горада абсталяваны новыя кабінеты фізікі, а таксама кабінет хіміі ў раённай гімназіі.

Надзея ЦЕРАХАВА.