Звязаныя адной ніткай

- 15:37Сацыяльны ракурс

На жаль, у апошні час многія забыліся, што менавіта сям’і адводзіцца ключавая роля ў выхаванні і сацыялізацыі дзіцяці як асобы. Тым не менш у Беларусі налічваецца больш за 28 700 сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. З іх 15,2% выхоўваюцца ў інтэрнатных установах. Па статыстыцы, дзяцей-сірот, у прыватнасці хлопчыкаў, якім больш чым 10 гадоў, усынаўляюць вельмі рэдка. Але менавіта з гэтага ўзросту дзеці больш за ўсё маюць патрэбу не ў цукерках і падарунках, а ў тым, каб ім удзялялі ўвагу, каб побач знаходзіўся такі чалавек, які зможа стаць сябрам, настаўнікам.

Для таго каб дапамагчы падлеткам прыстасавацца да рэчаіснасці, падрыхтаваць іх да дарослага жыцця, былі заснаваны праект “Ніткі сяброўства”, які рэалізоўвае праграму настаўніцтва для дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў.

Сёння пра асноўныя кірункі дзейнасці праграмы расказвае дырэктар установы па сацыяльнай адаптацыі дзяцей-сірот Арцём ГАЛАВІЙ.

— Арцём, настаўніцтва — гэта абсалютна новая для Беларусі форма валанцёрства. Што паспрыяла яе рэалізацыі?

— Так, для Беларусі наш праект з’яўляецца абсалютна новым. “Ніткі сяброўства” дапамагаюць знайсці настаўніка для дзяцей-сірот падлеткавага, а таксама юнацкага -ўзросту з мэтай іх паспяховай падрыхтоўкі да самастойнага жыцця. Калі мне было 4 гады, нашу сям’ю пакінуў бацька. А праз 7 гадоў не стала самага дарагога чалавека — мамы. Мы з малодшым братам засталіся сіротамі. Толькі дзякуючы бабулі і дзядулю не трапілі ў дзіцячы дом. Адначасова з гэтым у маім жыцці з’явіўся чалавек, якому я вельмі ўдзячны і якога лічу сваім настаўнікам. Цётка Вера і зараз дапамагае. Тое, наколькі ўдала і правільна яна пабудавала настаўніцкія адносіны з хлопчыкам, які застаўся без апекі бацькоў, павінна быць прыкладам для многіх з нас. Я вельмі ўдзячны лёсу за тое, што пазнаёміўся з гэтым чалавекам. І нават зараз, выказваючы цётцы Веры словы падзякі за ўсё, што яна зрабіла, бачу ў адказ здзіўлены погляд. Ёй здаецца, што мне няма за што казаць ёй дзякуй. Але гэта не так. Толькі дзякуючы яе неабыякавасці да таго, што адбудзецца са мной, сёння я жыву і ведаю, чаго хачу дасягнуць.

Успамінаю сябе падлеткам. Застаючыся сам-насам, я шмат пра што думаў. Я ўпэўнены, што ва ўсіх дзяцей, якія выхоўваюцца ў інтэрнатах, таксама шмат незразумелых думак. Тыя, хто расце ў сям’і, заўсёды могуць прыйсці за парадай да бацькоў, а дзеці, якія выхоўваюцца ў дзіцячым доме, такой магчымасці не маюць. Ім даводзіцца ў любой сітуацыі прымаць рашэнні самастойна. І часцей за ўсё яны няправільныя. Увогуле, важна не толькі тое, як ты вырашаеш праблемы, але і хто дапамагае ў гэтым.

Праз некаторы час я з валанцёрамі паехаў у дзіцячы дом. Паглядзеўшы на дзяцей, вырашыў, што хачу дапамагаць ім. Неаднаразова даводзілася чуць, што пасля дзіцячага дома выхаванцам вельмі цяжка знайсці сваё месца ў соцыуме. І гэта з-за таго, што ў іх няма падтрымкі, таму кожнаму з іх побач неабходна мець такога чалавека-настаўніка, якім для мяне калісьці стала цётка Вера.

Для таго каб можна было прапанаваць сваю дапамогу тым, каму яна насамрэч неабходна, я пачаў вывучаць вопыт замежных арганізацый. Так пазнаёміўся з праграмай настаўніцтва “Адна надзея”, якая дзейнічае ва Украіне. Мне спадабалася, як арганізавана іх работа. Было вырашана пераняць вопыт кіеўскіх калег і пачаць дапамагаць дзецям не матэрыяльна, а духоўна. Так амаль тры гады назад з’явіліся “Ніткі сяброўства”. Згодна з праграмай, прыязджаць у дзіцячы дом патрэбна было не да ўсіх, а да канкрэтных дзяцей. Каб выбраць тых, каму патрэбен настаўнік, мы вывучалі асабістыя справы дзяцей, разглядалі іх жыццёвыя сітуацыі, размаўлялі са сваімі будучымі падапечнымі.

— Як праходзіць адбор у настаўнікі? Ці часта імі становяцца сямейныя пары?

— Падрыхтаваць настаўнікаў — гэта вельмі адказная работа. Але ніякіх асаблівых патрабаванняў, акрамя жадання дапамагаць і любіць дзяцей, у нас няма. Так, ёсць сярод настаўнікаў і тыя, хто мае свае сем’і, але гэта таксама не з’яўляецца абавязковым патрабаваннем. Вядома, калі ў сям’і нехта быў бы супраць такой дапамогі незнаёмым дзецям, то людзі гэтым не займаліся б. Падтрымка сям’і вельмі важная ў нашай справе. Што тычыцца падрыхтоўкі настаўнікаў, то спачатку мы запрашаем жадаючых на звычайную інфармацыйную размову, падчас якой расказваем пра ўсе асаблівасці і тонкасці работы, якая чакае. Важна, каб будучы настаўнік мог знайсці ў сваім графіку 2 гадзіны ў тыдзень, якія будзе прысвячаць свайму новаму дзіцяці. Гэта спачатку здаецца, што 2 гадзіны — дробязь, а насамрэч не ва ўсіх атрымліваецца знайсці 120 хвілін, каб правесці іх з падапечным. І менавіта на гэтым этапе, яшчэ не ўключыўшыся ў работу, людзі яе пакідаюць. Некаторыя, прыйшоўшы некалькі разоў на сустрэчу ў дзіцячы дом, не знаходзяць паразумення з дзецьмі і таксама сыходзяць. Застаюцца толькі неабыякавыя, тыя, каму не ўсё роўна, як складзецца далейшае жыццё дзяцей, якія засталіся сіротамі.

Не менш важным этапам падрыхтоўкі будучых настаўнікаў з’яўляецца размова з псіхолагам, падчас якой бачна, наколькі гатовы чалавек і ці атрымаецца ў яго знайсці агульную мову з тым, хто пакрыўджаны на ўвесь свет за тое, што ў яго няма сапраўднай сям’і. Паверце, вельмі важна быць падрыхтаваным да кантакту з дзіцем, у якога за плячыма цяжкая жыццёвая гісторыя. Дарэчы, перш чым дазволіць настаўнікам пайсці ў дзіцячы дом, мы анкетуем і саміх дзяцей, збіраем пра іх максімальна поўную інфармацыю, абмяркоўваем найбольш важныя моманты з кіраўніцтвам дзіцячага дома. Важна, каб дзіця і дарослы знаходзіліся на адной хвалі. Менавіта гэта з’яўляецца першым крокам да паспяховага ўзаемадзеяння. Такім чынам, сёння мы працуем па трох кірунках: дапамога ў вучобе, прафесійная арыентацыя і сацыялізацыя. Мы не толькі аказваем маральную падтрымку дзіцяці, але і імкнёмся дапамагчы зразумець, кім хоча стаць наш падапечны. Увогуле, калі сутыкаешся з рэальнасцю, разумееш, што дзяцей, якія растуць у інтэрнаце, шмат чаму трэба навучыць, у тым ліку і банальным рэчам. Усе яны безабаронныя перад рэальнасцю. Калі б яны раслі ў сям’і, усё магло б быць інакш. А тут, у дзіцячым доме, кожны павінен разлічваць сам на сябе. Мы верым, што наша дзейнасць з’яўляецца правільнай і своечасовай. І калі ёсць людзі ці арганізацыі, якія хочуць развіваць настаўніцтва ў рэгіёнах, мы будзем рады падзяліцца сваім вопытам.

— Колькі часу можа спатрэбіцца для таго, каб дзіця дазволіла ўпусціць у сваё жыццё незнаёмага чалавека? Ці не выглядае з’ява настаўніцтва дакучлівай?

— Напачатку варта засяродзіць увагу на тым, што, згодна са статыстыкай, у Беларусі ў асноўным усынаўляюць маленькіх дзяцей да 5-гадовага ўзросту. А тыя, якім больш за 11, амаль ніколі не трапляюць у новыя сем’і. Лічыцца, што прасцей узяць маленькае дзіця, чым падлетка са сваімі поглядамі на жыццё. Менавіта таму мы працуем з дзецьмі і падлеткамі ад 11 да 18 гадоў.

Калі гаварыць пра нашы настаўніцкія сустрэчы, то спачатку мы сустракаемся з выхаванцамі менавіта ў дзіцячым доме. Усё ж такі дзіцяці там камфортна, яно будзе адчуваць сябе тут пад абаронай. Ужо пасля, калі дыялог можна лічыць наладжаным, сустракацца можна і на нейтральнай тэрыторыі. Акрамя таго, і дзецям, і настаўніку патрэбны час, каб прывыкнуць адно да аднаго. Увогуле, працэс прыціркі ва ўсіх адбываецца па-рознаму. Мой першы вопыт не такі пазітыўны, як хацелася б. Тады я толькі пачынаў займацца настаўніцтвам і быў упэўнены, што ў мяне ўсё атрымаецца. Хаця мяне і папярэджвалі, што не ўсе дзеці аднолькава ідуць на кантакт. Але кожнаму падлетку-сіраце патрэбны настаўнік, сябар. Мой першы вопыт асабістых зносін з падлеткам з дзіцячага дома паказаў, што, каб стаць настаўнікам для такога дзіцяці, трэба быць гатовым да гэтага. Так, мы сустракаліся, я часта прыязджаў, але абыякавасць, з якой хлопец ставіўся да ўсяго, чым я хацеў дапамагчы, заводзіла ў тупік. Вельмі шкада, што ўсё так атрымалася. Магчыма, каб не мая залішняя ўпэўненасць у сваіх сілах, усё было б няхай і не ідэальна, але лепш, чым аказалася. Тым не менш і такі вопыт таксама неабходны. Пасля гэтага з іншымі дзецьмі я выпрацаваў іншы алгарытм дзеянняў і паводзін.

Ёсць у нас яшчэ адна цікавая гісторыя. Аднаму з настаўнікаў спатрэбіўся цэлы год, каб яго падапечны пачаў усміхацца па-сапраўднаму, як смяюцца дзеці, і перастаў ігнараваць дарослага. Так, бываюць такія людзі, якія не ведаюць, навошта прыходзяць у нашу структуру, і пасля некалькіх такіх “пустых” сустрэч яны пакідаюць праект. А гэты настаўнік ведаў, для чаго прыйшоў у дзіцячы дом. Ён неабыякавы. І для яго было важна змяніць лёс хлопчыка. Толькі ўявіце, якой павінна быць сіла волі і ў аднаго — таго, хто маўчаў на працягу года, і ў другога, які прыкладваў шмат намаганняў, каб толькі на яго звярнулі ўвагу і пачалося супрацоўніцтва. Зараз паміж гэтым настаўнікам (у яго, дарэчы, свая сям’я, дзеці) і яго падапечным цудоўныя адносіны, яны разумеюць адно аднаго і часта праводзяць разам выхадныя, таму што ім дазволілі падпісаць спецыяльны дакумент, згодна з якім выхаванцам можна пакідаць дзіцячы дом пад наглядам настаўніка.

— Арцём, ваш праект “Каманда мары” можна лічыць унікальным. Як вам удалося далучыць да настаўніцтва прадстаўнікоў дзяржаўных ведамстваў?

— Праект “Каманда мары” быў задуманы яшчэ два гады назад. Да нас заўсёды прыходзіць шмат жанчын, якія цікавяцца дзейнасцю “Нітак сяброўства” і спрабуюць свае сілы ў настаўніцтве. Зразумела, часцей за ўсё жанчыны бяруць патранат над дзяўчынкамі. А вось хлопчыкі заўсёды заставаліся ўбаку. Я доўга думаў, як тут дапамагчы. Хацелася, каб і ў іх з’явіліся сапраўдныя настаўнікі-мужчыны. А што яднае хлопчыкаў? Безумоўна, спорт. І самы папулярны, канечне, футбол. Далучыцца да праекта выказалі жаданне 40 хлопцаў з дзіцячых дамоў Мінска. За два з паловай месяцы да нас у “Каманду мары” прыйшло больш за 300 мужчын з розных сфер. Былі прадстаўнікі Следчага камітэта, МУС, Міністэрства гандлю. Вельмі прыемна, што праект падтрымаў і віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Максім Рыжанкоў (зараз першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), а таксама акцёр, рэжысёр і мнагадзетны бацька Павел Харланчук. Увогуле, неабыякавых вельмі многа.

— На пачатку сакавіка “Ніткі сяброўства” запусцілі яшчэ адзін маштабны праект — “Дружная кухня”. Раскажы, якая ідэя гэтай ініцыятывы і хто яе падтрымаў.

— Праект “Дружная кухня” таксама разлічаны на тое, каб зблізіць настаўнікаў і іх падапечных. Перш за ўсё планавалася, што праект будзе цікавы менавіта дзяўчынкам, якія знаходзяцца на выхаванні ў дзіцячых дамах, і жанчынам. Тут усё зразумела: мужчынам — футбол, дзяўчатам — кухня. Але і хлопчыкі з цікавасцю далучыліся да ініцыятывы.

Удзельнікамі першай “кухні” сталі выхаванцы дапаможнай школы-інтэрната № 7 Мінска. Безумоўна, было вельмі хвалююча, таму што раней такога вопыту ў нас не было. Але ўсё ідзе вельмі добра. Увогуле, мы плануем на працягу трох месяцаў правесці на “Дружнай кухні”

10 сустрэч, удзельнікамі якіх будуць дзеці з асаблівасцямі развіцця. У рамках праграмы запланавана правядзенне гульняў, майстар-класаў па гатаванні пiцы, а таксама больш простай, але таксама смачнай ежы. Дарэчы, вучыць дзяцей гатаваць ежу шэф-повар аднаго з рэстаранаў Мінска. Першыя заняткі “Дружнай кухні”, якія прайшлі тыдзень назад, усім вельмі спадабаліся і яшчэ больш зблізілі настаўнікаў і дзяцей.

— Арцём, у цябе 5 дзяцей, адно з якіх прыёмнае і з даволі няпростай гісторыяй. Як ты лічыш, ці варта расказваць усыноўленым дзецям праўду аб іх мінулым?

— Так, у мяне пяцёра дзяцей: Ангеліна, Меланія, Цімафей, Іаанна і Крыстафер. Калі ў нас падрасталі дзве дачкі, мы вырашылі, што хочам усынавіць хлопчыка. Пасля таго як былі пройдзены ўсе субяседаванні, размовы з псіхолагам, мы паехалі ў Нацыянальны цэнтр усынаўлення. Нам выдалі шмат папак з асабістымі справамі дзяцей. Паверце, ні адно дзіця, якое знаходзіцца ў інтэрнаце, не з’яўляецца абсалютна здаровым. Менавіта гэта і з’яўляецца адной з прычын таго, што многіх так ніхто і не ўсынаўляе: знешне дзіця прыгожае, здаецца, усё — будзеш усынаўляць, а калі адкрываеш асабістую справу, адразу разумееш, колькі можа быць у яго праблем са здароўем. Цімафей (мы самі так назвалі сына) нам адразу спадабаўся. У яго былі пухлыя шчочкі, і апрануты ён быў у ружовае адзенне. Толькі зірнуўшы на здымак, я зразумеў, што хачу яго забраць у сям’ю. А пасля мы пачалі чытаць дакументы. Хлопчык быў інфіцыраваны гепатытам С. Мы ведалі, што гэта вельмі страшна, шмат думалі і перажывалі, але забралі хлопчыка. Нават у судзе нас запыталі, ці разумеем, што робім. Здарыцца можа ўсё што заўгодна, і тады хварэць будзе ўся сям’я, усе нашы дзеці. Мы забралі Ціму. Аналізы здавалі пастаянна, штомесяц. І дыягназ пацвярджаўся. Але мы верылі, што зможам перамагчы хваробу. У адзін з дзён, зайшоўшы да ўрача, мы пачулі, што сын абсалютна здаровы. Аналізы паказвалі, што ў дзіцяці ўсё добра. У той момант не было на свеце людзей больш шчаслівых, чым мы з жонкай. Зараз я рыхтую сына да школы: яму летам спаўняецца 6 гадоў. Што тычыцца мінулага, то я не асуджаю тую жанчыну, якая нарадзіла Цімафея. Дзякуй богу, ён застаўся жывы, не быў выкінуты на вуліцу. Кожны з нас, на жаль, здзяйсняе памылкі. І калі сын захоча ведаць сваю гісторыю, я яму ўсё раскажу.

Гутарыла Наталля ДУБІК.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва Арцёма ГАЛАВІЯ.