“Зялёнае рэха” пушчы….

- 12:25Нам пішуць

Ва ўсім свеце 2 лютага адзначаюць Міжнародны дзень водна-балотных угоддзяў — свята балот, азёр, рэк, рачулак і рачных разліваў. У бягучым годзе Нацыянальны парк “Белавежская пушча” сумесна з грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” арганізавалі і правялі тыдзень водна-балотных угоддзяў, які ўключаў шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку і заняткі.

Адкрыццё тыдня адбылося 29 студзеня ў эколага-асветніцкім цэнтры Нацыянальнага парка“Белавежская пушча”. Навучэнцы Камянюкскай сярэдняй школы Камянецкага раёна наведалі адкрытую лекцыю на тэму “Водна-балотныя ўгоддзі Беларусі і Белавежскай пушчы, іх месца і роля ў захаванні біялагічнай разнастайнасці”. Спікерамі выступілі Наталля Карліёнава, арнітолаг, кандыдат біялагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук, і Павел Пінчук, арнітолаг, дырэктар Беларускага цэнтра кальцавання птушак і Тураўскай станцыі кальцавання.

Не засталася ўбаку і школа. 30 студзеня тут адбыліся два адукацыйныя экалагічныя майстар-класы для школьнікаў. Супрацоўнікі Цэнтра экалагічных рашэнняўВольга Астаповіч і Марыя Сума разам з вучнямі 7—9 класаў адправіліся ў віртуальнае падарожжа па смеццевых плямах у Сусветным акіяне, абмеркавалі праблемы родных вадаёмаў нацыянальнага парку падчас інтэрактыўных заняткаў“Чыстая вада пачынаецца з цябе!”. Школьнікі правялі кабінетную экспедыцыю “Чаму празрыстасць вады — не гарантыя яе чысціні”: разгледзелі “нябачны”, але вельмі небяспечны мікрапластык у мікраскоп. У ходзе абмеркавання тэмы “Што я магу зрабіць, каб балоты не “задыхаліся” ад смецця”ў навучэнцамі ўзнікалашмат пытанняў, адказына якія шукалісумесна, мадэлюючы экалагічна бяспечныя паводзіны.

Вучні 9—11 класаў наведалі майстар-клас Кацярыны Арчаковай па пашыве экалагічных сумак ад адукацыйнага праекта “ТорбаШоу”. Кожны ўдзельнік стварыў уласную экалагічную сумку з вясёлымі экапрынтамі для паходаў у краму. Удзельнікі майстар-класа прыйшлі да высновы, што выкарыстанне шматразовых сумак — гэта “зялёная” звычка, якая дазволіць знізіць колькасць смецця на нашай планеце.
Спадзяёмся, што мерапрыемствы, праведзеныя са школьнікамі, стануць іх важнымі жыццёвымі ўрокамі.

Віктар АНДРУШКЕВІЧ,
настаўнік геаграфіі.
Фота Мікалай Валынец.