Палёт з “Крыштальным жураўлём”

- 10:20Навіны рэгіёнаў

Лепшыя настаўнікі краіны, фіналісты і лаўрэаты конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” — члены клуба “Крыштальны журавель” сустрэліся з педагогамі Воранаўскага раёна. Тут адбыўся рэспубліканскі семінар-акцыя “Настаўнік года” — адукацыі Воранаўскага раёна”.

Восень — прыгожая і рамантычная пара года. Людзі атрымліваюць асалоду ад рознакаляровых пейзажаў, з сумам праводзяць жураўлёў, якія адлятаюць у вырай. У прыродзе пануе супакаенне… А педагогі і вучні Воранаўскай сярэдняй школы гэтай восенню ў прадчуванні свята актыўна рыхтаваліся да прылёту жураўлёў, ды не простых — “крыштальных”! На чале гэтай ганаровай дэлегацыі былі начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ірына Багачова і начальнік цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій акадэміі Іван Фёдараў. Мэта семінара — павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі, садзейнічанне прафесійным зносінам, распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту. У рабоце семінара прынялі ўдзел больш за 150 педагогаў раёна, кіраўнікі школ, аддзела адукацыі, спорту і турызму Воранаўскага райвыканкама. Знаёмства пачалося з прадстаўлення ўдзельнікаў семінара. Нязменныя кіраўнікі клуба “Крыштальны журавель” Іван Віктаравіч Фёдараў і Ірына Віктараўна Багачова расказалі аб конкурсным руху, аб дзейнасці клуба, аб тым, што прывяло лепшых педагогаў Беларусі ў наш край.
“Мы прыехалі не толькі для таго, каб паказаць, як працуем самі, але і павучыцца ў вас, бо мы ў сваёй штодзённай дзейнасці таксама задумваемся: сучасны ўрок — які ён? І шукаем адказ на гэтае пытанне. Таму семінар “Настаўнік года” — адукацыі Воранаўскага раёна” накіраваны на ўзаемнае духоўнае ўзбагачэнне, на сумесны творчы пошук у вырашэнні актуальных праблем педагогікі”, — сказала І.В.Багачова.
На памяць аб сустрэчы Ірына Віктараўна ўручыла намесніку начальніка аддзела адукацыі Веры Сяргееўне Матусевіч кнігу “Крыштальны журавель” распроствае крылы”, у якой сабраны ўсе ўрокі фіналістаў Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. А каманда клуба атрымала кнігу “Воранаўшчына запрашае” і памятныя сувеніры, што будуць нагадваць пра найпрыгажэйшыя мясціны нашага краю, якія гасцям паказалі падчас экскурсіі. Далей настаўнікі расказалі аб тым, што прыцягнула іх у прафесію, якім быў шлях да педагагічнага алімпу, разам выканалі гімн клуба.
Пасля гэтага члены творчай каманды разышліся па школьных кабінетах. Кожнаму з удзельнікаў трэба было прадэманстраваць сваё майстэрства на ўроку ў незнаёмым класе. Для некаторых настаўнікаў гэта сур’ёзнае выпрабаванне, але толькі не для “жураўлёў”! Упэўнена і захоплена яны дапамагалі нашым школьнікам адкрываць новыя гарызонты. Настаўнік матэматыкі Браслаўскай гімназіі Дзмітрый Генадзьевіч Мацкевіч з першых хвілін урока ўвёў навучэнцаў 11 класа ў свет перыядычных дробаў і даказаў усім, што матэматыка — гэта зусім не сумная навука, тут ёсць месца і творчасці, і фантазіі.
Пяцікласнікі разам з настаўніцай рускай мовы і літаратуры гімназіі № 51 Гомеля Вольгай Аляксандраўнай Кісловай з захапленнем вучыліся вызначаць якас ць маўлення. Настаўніцы біялогіі сярэдняй школы № 3 Крычава Алене Уладзіміраўне Цілюпа дастаткова было некалькіх хвілін, каб устанавіць кантакт з 10 класам, і тэма “Вугляводы” так захапіла навучэнцаў, што ўрок прайшоў на адным дыханні. На ўроку беларускай мовы намесніка дырэктара гімназіі Шчучына Алены Васільеўны Пасюта шасцікласнікі дэманстравалі веды аб назоўніках, адначасова віртуальна падарожнічалі па гістарычных мясцінах Шчучына і сваёй малой радзімы. Асаблівая атмасфера панавала на ўроку англійскай мовы ў 9 класе. Намеснік дырэктара сярэдняй школы Дамачава Брэсцкага раёна Яўген Анатольевіч Грыгор’еў разважаў са школьнікамі пра сям’ю будучыні.
На ўроку грамадазнаўства ў 9 класе настаўніца сярэдняй школы № 15 Магілёва Галіна Васільеўна Дудко, арганізаваўшы работу ў групах, ператварыла клас у маленькі тэатр, а дзяцей — у акцёраў. Дзевяцікласнікі вызначалі плюсы і мінусы розных тыпаў тэмпераменту. Настаўніца хіміі і біялогіі Лугаваслабадской сярэдняй школы Мінскага раёна Алена Яўгенаўна Гарбар разам з васьмікласнікамі даследавала састаў, будову і ўласцівасці соляў. Вучні не проста слухалі педагога, а працавалі разам, замацоўваючы базавыя веды і паглыбляючы іх. А ўрок фізкультуры пад адкрытым небам, які праводзіў Максім Мікалаевіч Мікуліч, настаўнік Ясенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці, і сямікласнікам, і калегам надаў бадзёрасці і пазітыву. Пасля члены клуба “Крыштальны журавель” далі майстар-класы для калег са школ Воранаўшчыны, з задавальненнем дзяліліся сваімі напрацоўкамі, метадамі і прыёмамі работы, якія дазваляюць дасягнуць высокіх вынікаў.
Завяршаў работу семінар “Сучасны ўрок — гэта …”. Прызнаныя педагогі пакінулі калегам з Воранаўшчыны свае метадычныя распрацоўкі і запэўнілі, што сакрэт іх майстэрства вельмі просты і даступны: вучыць і вучыцца самім, не спыняцца на дасягнутым.
Дзякуй вам, “жураўлі”! Прылятайце да нас яшчэ!

Вольга ТРОСКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Воранаўскай сярэдняй школы.