13 паверхаў за 13 месяцаў

Менавіта з такой хуткасцю ішло будаўніцтва значнага аб’екта. І вось да новага навучальнага года студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы атрымалі доўгачаканы падарунак — інтэрнат на 1030 месцаў.

Гэта пяты агульны дом для іншагародніх студэнтаў­-купалаўцаў, і цяпер больш за тры тысячы студэнтаў ГрДУ забяспечаны месцамі ў інтэрнатах. 

Будаўніцтва пачалося вясной 2019 года і павінна было завяршыцца ў канцы гэтага года. Рашэнне аб узвя­дзенні інтэрната было прынята па выніках візіту ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў кастрычніку 2018 года. Але дзякуючы намаганням супрацоўнікаў “Гроднапрамбуда”, аб’ект быў здадзены ў эксплуатацыю напярэдадні новага навучальнага года. Актыўна дапамагалі на будоўлі і студэнты-­будатрадаўцы. Узвядзенне інтэрната стала агульнаўніверсітэцкай справай, ход работ адлюстроўваўся на спецыяльным банеры сайта ўніверсітэта.

— Гэтай важнай падзеі мы ўсе чакалі з асаблівым нецярпеннем, захоўвалі на фотаздымках літаральна кожны момант. І вельмі прыемна, што ўзвядзенне інтэрната, дзякуючы нашым будаўнікам, паскорылася, — адзначыла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.

На першым паверсе інтэрната размешчаны памяшканні гаспадарчых службаў і адміністрацыі, медыцынскі блок, буфет на 40 месцаў, гасцінічны нумар для родных жыхароў інтэрната, якія могуць тут спыніцца падчас візіту, такія ж нумары ёсць і на іншых паверхах, а таксама блок для студэнтаў з абмежаванымі магчымасцямі, памяшканні з пральнымі машынамі-­аўтаматамі. Тут размесцяцца аптэчны кіёск і кіёск “БелДруку”.

На іншых паверхах — па 14 жылых блокаў, у кожным з якіх па тры пакоі на два чалавекі, кухня, ванна, туалет. На кожным паверсе — памяшканні для самападрыхтоўкі, гуртковай работы, кабінеты метадыстаў.

У двары інтэрната абсталяваны спартыўныя пляцоўкі для валейбола, міні­-футбола, стрытбола. Ад кіраўніцтва ўніверсітэта студэнты атрымалі ў падарунак спартыўныя трэнажоры, якія размясцілі ў холах на паверхах, ёсць яны і на вуліцы. Гледачы могуць размяшчацца на трыбунах, якія разлічаны на 75 месцаў.

У адным з пакояў знаёмімся са студэнткамі 2 курса юрыдычнага факультэта Элітай Танаян і Ганнай Пянькоўскай. Дзяўчаты вельмі задаволены ўмовамі. На першым курсе жылі ў інтэрнаце калідорнага тыпу, там была адна кухня на паверх. А тут, як у трохпакаёвай кватэры, — тры пакоі ў блоку і ўсе выгоды.

— Мы падчас вучобы на першым курсе жылі ў адным пакоі, таму вельмі задаволены, што і зараз улічылі наша жаданне жыць разам, — гаворыць Ганна. — Мы са Жлобіна, а пазнаёміліся ва ўніверсітэце. У новым інтэрнаце пабывалі нашы бацькі і таксама за нас вельмі парадаваліся. Умовы тут цудоўныя.

А размяркоўвалі месцы ў новым інтэрнаце самі студэнты: па рашэнні студсавета месцы атрымалі студэнты на падставе рэйтынга, дзе ўлічваюцца паспяхо­ваць, удзел у навуковым, грамадскім і спартыўным жыцці ўніверсітэта.

Радасць наваселля са студэнтамі падзялілі ганаровыя госці — старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Руды, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык. Сімвалічны ключ ад новага інтэрната студэнты атрымалі ад генеральнага дырэктара ААТ “Гроднапрамбуд” заслужанага будаўніка Рэспублікі Беларусь Абдулвагаба Вагабава, а прадстаўнікі працоўнага калектыву будаўнікоў — падарункі ад студэнтаў.

Сяргей Валянцінавіч Руды падкрэсліў, што ў краіне ўдзяляецца вялікая ўвага не толькі ўмовам навучання, але і ўмовам жыцця студэнтаў. Таму на наступныя чатыры гады запланавана будаўніцтва яшчэ чатырох інтэрнатаў для розных навучальных устаноў краіны.

Новы інтэрнат знаходзіцца ў зручным месцы — побач прыпынкі гарадскога транспарту, вялікі гандлёвы цэнтр. Два гады назад недалёка ад гэтага месца была закладзена ліпавая алея выпускнікоў універсітэта, якую сённяшнія студэнты ба­чаць з вокнаў свайго новага дома.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.