Докшыцкая настаўніца беларускай мовы і літаратуры падрыхтавала двух пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды

- 14:10Образование

Зацікавіць вучня роднай мовай — значыць прывіць яму незгасальную любоў да роднай зямлі. Менавіта так атрымліваецца ў настаўніцы сярэдняй школы № 1 Докшыц Віцебскай вобласці Марыны Казлоўскай, якая падрыхтавала за сваё педагагічнае жыццё трох удзельнікаў і двух пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Марына Вінальеўна Казлоўская — настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Віцебшчына, чароўная і непаўторная, шчодра надзяліла яе любоўю да роднай мовы, прагай да ведаў і талентам ву­чыць дзяцей. Нарадзілася Марына Вінальеўна на Пастаўшчыне, потым баць­кі пераехалі на Глыбоччыну, дзе яна скончыла сярэднюю школу № 1 Глыбокага.

“Падчас вучобы я з класам удзельнічала ў пілотным праекце па паглыбленым вывучэнні беларускай мовы і літаратуры, — успамінае настаўніца. — Магчыма, гэта адыграла пэўную ролю ў выбары прафесіі, бо, акрамя мяне, выбралі родную мову справай жыцця яшчэ дзве мае аднакласніцы. Старшакласніцай я прымала ўдзел у абласной алімпіядзе па беларускай мове, увайшла ў дзясятку наймацнейшых і нават стала гераіняй публікацыі “Малайчына, Марына” ў раённай газеце. (Смяецца.) Выбар прафесіі ў мяне быў свядомым. Акрамя гэтага, я вельмі любіла сваіх настаў­ніц па беларускай і рускай мовах — Рэгіну Паўлаўну Радзько і Людмілу Міка­лаеўну Пінчук”.

Марына Казлоўская скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава. Пачынала настаўніцкі шлях у сельскіх школах свайго рэгіёна. На жаль, спачатку для яе не было месца настаўніка роднай мовы, таму давялося працаваць педагогам-арганізатарам, настаўніцай пачатковых класаў. У рэшце рэшт Марына Вінальеўна трапіла ў Ломашаўскую школу Глыбоцкага раёна і пачала там працаваць намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце і настаўніцай рускай мовы і літаратуры.

“Ніяк не магла сустрэцца са сваёй беларускай мовай аж 7 гадоў, — жартуе Марына Вінальеўна. — Потым, пераехаўшы з сям’ёй у Докшыцы, уладкавалася на работу ў сярэднюю школу № 1, дзе працую і цяпер, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Пачынаць было складана, бо пачынала я не так, як усе, — з 5-х класаў. Я пачынала працаваць з двух 11-х класаў. Класы былі моцныя, і дырэктар школы мяне адразу папярэдзіў: “Трэба будзе падчытаць”. І сапраўды, мне трапіліся разумныя дзеці, давялося шмат рыхтавацца, каб выкладаць у іх. Тыя педагогі, якія працавалі ў нашай школе, — настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, дырэктар школы, якія наведвалі мае ўрокі, дапамагалі мне, і я расла ў прафесійным плане”.

Першым поспехам Марыны Казлоўскай стаў дзесяцікласнік Уладзіслаў Труханаў, які на абласным этапе алімпіяды заваяваў дыплом ІІ ступені і ўдзельнічаў у заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

Трэба гаварыць сваім выхаванцам, што сваіх жаданняў не трэба саромецца — пасля яны ператвараюцца ў мэту, спараджаюць стымул. Калі алімпіяднік дакладна размеркаваў уласныя прыярытэты, зразумеў, якой ён бачыць сваю будучыню, можна гаварыць пра матывацыю і пра той стрыжань, які завецца “воля да перамогі”.

“Наступным поспехам стала Вікторыя Чарнуха, — працягвае педагог. — Я пачала выкладаць у яе класе, і дзяўчынка вельмі зацікавілася роднай мовай. Шчыра кажучы, Віка, прыйшоўшы ў нашу школу, амаль не размаўляла па-беларус­ку. Дзяўчынка пераехала да нас з Мінска, вучылася спачатку ў вясковай Прудніцкай школе, а потым, калі школу рэарганізавалі, усе вучні пачалі наведваць нашу школу. Віка настолькі захапілася і зацікавілася мовай, яна так старалася і рыхтавалася, што мы з ёй паспяхова прайшлі ўсе прыступкі, дайшлі да заключнага этапу рэс­публіканскай алімпіяды і заваявалі дыплом І ступені. Вось якая малайчына!”

У 2020 годзе з-за пандэміі каранавіруса рэс­публіканская алімпіяда праводзілася толькі ў 11-х класах, таму дзесяцікласніца Вікторыя Чарнуха ў ёй не ўдзельнічала. Пасля ў алімпіядны рух па беларускай мове і літаратуры ўключылася дачка Марыны Вінальеўны — Марыя Казлоўская. Да 9 класа Марыя паглыблена займалася хіміяй і біялогіяй, бо хацела паступаць у медыцынскі ўніверсітэт.

“Дзевяцікласніцай дачка паспрабавала ўдзель­нічаць у алімпія­дзе па роднай мове і на раённым этапе заваявала дыплом ІІІ ступені, — расказвае Марына Казлоўская. — І так ёй стала крыўдна, што дзве вучаніцы з Сітцаўскай сярэдняй школы апярэ­дзілі яе. Дачка схамянулася: “Як так? Мову чула з маленства, чытала беларускія творы, бачыла маміну працу — і толькі трэцяя?”

На наступны год на раённым этапе Марыя ўжо была першай, на заключным — заваявала дыплом ІІІ ступені. У 11 класе Марыі Казлоўскай ужо не было куды дзявацца — трэба было рухацца далей у алімпіядным руху. І яна змагла — заваявала першы дыплом на рэспубліцы.

“Калі падлічыць усе мае поспехі, то на абласным этапе алімпіяды мае навучэнцы заваявалі 13 дып­ломаў, на заключ­ным этапе — 3 дыпломы, — гаворыць Марына Вінальеўна. — Зразумела, я задаволена гэтым, аднак хачу падкрэсліць, што галоўныя ў гэтым поспеху — зацікаўленыя, разумныя дзеці. Іх трэба знайсці. Зараз у мяне вельмі харошыя дзеці, іх шмат, ёсць з кім працаваць. Адно — у дзяцей мала часу. Хтосьці з іх выбірае іншыя кірункі для больш паглыбленага вывучэння. Я іх разумею, калі яны выбіраюць медыцынскія ці юрыдычныя спецыяльнасці. Ганаруся тым, што Віка Чарнуха цяпер вучыцца на філфаку БДУ, як і мая Маша. Дачка, дарэчы, выбрала сабе для вывучэння ўсходнюю філалогію, вывучае кітайскую мову, аналізуе пераклады кітайскіх вершаў на беларускую мову і наадварот. Ёй вельмі падабаецца, нягледзячы на тое, што кітайская мова цяжкая ў вывучэнні”.

Пацэліць у сотню

— Як вам удаецца зацікавіць сучасных дзяцей роднай мовай? — пытаюся ў настаўніцы.

— Важна, каб любоў да беларускай мовы ішла з сям’і. Калі гаварыць пра Уладзіслава Труханава, то яму з дзяцінства чыталі беларускія кнігі — “Новую зямлю”, “Сымона-музыку”, “Міколку-паравоза”, “Палескіх рабінзонаў”. Мой колішні вучань размаўляе толькі па-беларуску. Віка Чарнуха зацікавілася мовай, калі трапіла ў мой клас. Значыць, трэба быць уважлівымі да дзяцей, бо любоў да мовы можа і затухнуць, калі яе не ўхваляць. Марыя Казлоўская расла ў беларускамоўным асяроддзі. Зараз я выкладаю ў некалькіх класах і бачу, як шмат у мяне зацікаўленых вучняў, працаўнікоў. Шукаю да кожнага з іх падыход: камусьці з іх хочацца поспеху, камусьці, наадварот, важна папрацаваць. Лічу сваім дасягненнем і той факт, што ў нашай школе выпускнікі, як правіла, выбіраюць беларускую мову для здачы экзамену. Напрыклад, у мінулым годзе ў маім класе было 28 выпускнікоў, 23 з іх здавалі пры паступленні беларускую мову.

З дзецьмі на ўроках выконваем алімпіядныя заданні, выкарыстоўваем і спалучаем для вывучэння мовы ўсе метады і навінкі: ад простага чытання да прагляду фільмаў, правядзення віктарын, складання крыжаванак на беларускай мове.

— Бачна, што вы вельмі сістэмны чалавек. Скажыце, калі ласка, а чаму вы вучыцеся ў сваіх вучняў?

— Шмат чаму. Напрыклад, дзеці мяне навучылі, як запамі­наць стылі і тыпы мовы. Так, у слове “тып” тры літары, таму і саміх тыпаў тры — апісанне, апавяданне і разважанне, а ў слове “стыль” пяць літар, і стыляў таксама пяць. Во якія дзеці! Яшчэ прыклад. Пры падрыхтоўцы да алімпіяды мы рыхтуемся па напрамках: мова, літаратура, юбіляры-пісьмен­нікі, даты і г.д. Я так працую з дзецьмі не першы год, і аднойчы мая вучаніца Люба Савулава на наступны дзень пасля падрыхтоўкі да алімпіяды прыносіць мне таб­ліцу, дзе на кожны дзень пазначана, што трэба зрабіць з кожнага з напрамкаў. Вельмі зручна! Тут ад дзяцей больш навучышся, чым сам зразумееш. І я гэты метад Любы цяпер выкарыстоўваю, працую з дзецьмі па распрацаванай ёй табліцы.

Таксама вучуся ў дзяцей узаемаадносінам. Наогул, люблю вучыцца ў дзяцей. Зараз яны зусім іншыя, больш прасунутыя ў сучасных тэхналогіях. Можна сказаць, што ў нас сапраўднае супрацоў­ніцтва.

— Якія вышыні яшчэ думаеце пакарыць?

— Пакуль што ў мяне, як я ні стараюся, не было вучняў-стабальнікаў. Было 96, 98 балаў, а хочацца пацэліць у сотню.

Шчыра кажучы, да вышынь я ніколі не імкнулася. Я проста люб­лю сваю работу, люблю дзяцей і тое, чаго мы з дзецьмі разам дасягнулі. Хачу, каб мае вучні яшчэ раз трапілі на заключны этап рэс­публіканскай алімпіяды. Будзем старацца. Я ім заўсёды кажу: галоўнае, каб спраўдзіліся вашы мары, каб не было крыўдна, што штосьці не зрабілі.

Адкуль бяруцца поспехі?

Марына Вінальеўна Казлоўская адказвае на гэтае пытанне па-свойму:

— Па-першае, настаўніку трэба любіць і ведаць прадмет выкладання, пастаянна самому ўдасканальвацца, вучыцца, не спыняцца ў развіцці, пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ўлічваць сучасныя педагагічныя патрабаванні, выкарыстоўваць перадавыя тэхналогіі.

Па-другое, настаўніку роднай мовы і літаратуры неабходна зацікавіць вучняў сваім прадметам, пака­заць значнасць, асаблівае месца і ролю беларускай мовы ў грамадстве. На сваіх уроках важна імкнуцца выхоўваць у навучэнцаў павагу да нацыяльных традыцый, культуры, мовы, творча падыходзіць да планавання і правядзення ўрокаў, выкарыстоўваць такія формы і метады, якія дазваляюць вучням рэалізаваць сябе.

Акрамя таго, пры гэтым пажадана мець пачуццё гумару і крышачку скептыцыз­му. Мой творчы прынцып адпавядае поглядам малавядомага амерыканскага паэта Дугласа Мэлака: “Калі ты не можаш быць шырокай дарогай, будзь вузенькай сцяжынкай. Калі ты не можаш быць сонцам, будзь зоркай на небе. Толькі знайдзі сваю справу і старайся быць самым лепшым”. Калі вы знойдзеце вучняў-зорачак, будзьце гатовы працаваць з імі ня­спынна і нястомна, пастаянна шукаць новую інфармацыю, сачыць за змяненнямі ў алім­піядным руху, выконваць заданні самай высокай складанасці, не мець вольнага часу — і вынік будзе абавязкова.

Наталля КАСТЭНКА